жу́дасць, ‑і, ж.
Трывожнае пачуццё страху, прадчуванне бяды, небяспекі; жах. Таццяна была рада кожнаму пражытаму дню і з жудасцю сустракала кожны новы, не ўяўляючы, як яна перажыве яго. Шамякін. Калі сабака.. ні з таго, ні з сяго пачынае выць, нейкая жудасць нападзе на чалавека. Бядуля. // Тое, што выклікае страх; трагічная з’ява, жахлівае здарэнне. — Заігралі па спінах сялянскіх панскія бізуны. Я акамянела ад гэтай жудасці. Бядуля. Ні сцюжы дальняга Якуцка, Ні холад лютае зімы, Ні жудасць катаргі нялюдскай, Ні жахі царскае турмы Ягонай сілы не зламалі... Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мядо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.
2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.
3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
•••
Мядовы месяц гл. месяц.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набе́г, ‑у, м.
1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.
2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наперако́р,
1. прысл. Не так, як жадалі, хацелі, чакалі; насуперак. Зрабіць наперакор. □ Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор. Броўка.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперакор» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з’явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што‑н. адбываецца. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жадання бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. Шамякін. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахвалі́цца, ‑хвалюся, ‑хвалішся, ‑хваліцца; зак.
1. Нагаварыць аб сабе многа добрага; пахваліцца ўволю. Узялі абавязацельствы, расшумеліся, нахваліліся. А як было, так і ёсць. Вось сёння, напрыклад. Нечага недагледзеў.. [Косця], не прадумаў — і сарвалі графік. Шыцік.
2. (звычайна з адмоўем «не» і дзеясловам «магчы»). Пахваліць каго‑, што‑н. удосталь, многа. Добрая рэч гэты Дом селяніна.. Пахваліцца не мог Сцёпка гэтым домам, бо дзе ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе? Колас. Уцехай і радасцю ўдавы была адзіная дачка, Раіса, якой маці не магла пахваліцца перад людзьмі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Навесці зброю на цэль; прыцэліцца. Я аблакаціўся на камень, каб быў упор, спакойна нацэліўся і стрэліў. Шамякін. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Стары.. падняў галаву, нацэліўся позіркам на мае рукі. Ракітны. Дастаў мой спадарожнік фотаапарат з чамаданчыка, нацэліўся на.. домікі, а пасля ўздыхнуў, безнадзейна махнуўшы рукою. Бялевіч.
2. перан. Падрыхтавацца, сабрацца што‑н. зрабіць. Запрыкмеціўшы, што я ўпотай пачаў збіраць свае рэчы, дзядзька Харытон паклікаў мяне ў канюшню, пасадзіў на парозе, памаўчаў і запытаўся: — У дарогу, значыцца, нацэліўся? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашча́дак, ‑дка, м.
1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.
2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.
3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неглыбо́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае вялікай глыбіні; мелкі. Рака тут неглыбокая і яе няцяжка будзе пераплыць. Сабаленка. Снег усюды ляжаў роўны, неглыбокі. Сачанка. Рана была неглыбокая, але ўжо забруджаная. Шамякін. // Які знаходзіцца на нязначнай глыбіні, недалёка ад паверхні. Руды неглыбокага залягання.
2. перан. Які не вызначаецца глыбінёй; негрунтоўны. Неглыбокія веды. // Павярхоўны, несур’ёзны (пра чалавека). Спадарожнікамі аказаліся неглыбокія людзі, якія на ўлонні прыроды ні разу не загаварылі аб прыродзе. «ЛіМ».
3. Нямоцны (аб пачуццях, стане і пад.). Сон быў неглыбокі. □ Дыханне неглыбокае, перарывістае, — сказаў.. Роб. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нездаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які недамагае, хварэе на што‑н.; хворы. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі. Адамчык. — Паедзем сёння, — стаяла на сваім Надзейка. — Дома нас чакаюць, дый Сымонка нездароў. Гурскі. // Які сведчыць аб нездароўі. Лялькевіч выпіў, з’еў гарачай бульбы, і бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі. Шамякін.
2. Шкодны для здароўя. Нездаровы клімат. □ Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Караткевіч.
3. перан. Шкодны ў грамадскіх і маральных адносінах. Нездаровыя настроі. Нездаровая крытыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́пера, ‑ы, ж.
1. Музычна-драматычны твор, у якім выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра. Оперы С. Манюшкі. Оперы П. І. Чайкоўскага. Оперы Ю. Семянякі. // Такі твор, пастаўлены на сцэне. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Шамякін.
2. Тэатр, дзе выконваюць такія творы. Пайсці ў оперу. □ У канцы.. інфармацыі паведамлялася, што сёння ў тэатры Оперы ў гонар гасцей адбудзецца ўрачысты канцэрт. Самуйлёнак. // Оперная трупа. Міланская опера.
•••
З другой (не з той) оперы (жарт. або іран.) — аб тым, што не мае дачынення да справы або размовы.
[Іт. opera.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)