ЛІТО́ЎСКАЯ ТАРЫ́БА,

прадстаўнічы орган літ. народа і краёвай улады ў Літве ў 1917—20. Выбрана на літ. канферэнцыі (18—23.9.1917, Вільня) у складзе 20 чал. (старшыня А.​Сметана); з 11.7.1918 наз. Літоўская дзяржаўная тарыба. Ставіла за мэту адраджэнне ў этнагр. межах самастойнай Літ. дзяржавы, скліканне ў Вільні Устаноўчага сейма. 11.12.1917 абвясціла Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнай Літ. дзяржавы, 16.2.1918 — Дэкларацыю незалежнасці Літвы, 2.11.1918 прыняла часовую канстытуцыю Літвы. 27.11.1918 у склад Л.т. былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР) і ўтворана мін-ва бел. спраў, 4.4.1919 кааптавана 2 прадстаўнікі Бел. рады Гродзеншчыны. Пасля ўвядзення пасады прэзідэнта Літвы ў крас. 1919 Л.т. страціла свае заканад. функцыі. Фармальна праіснавала да склікання Устаноўчага сейма 15.5.1920.

Р.​А.​Лобаў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,

спецыяльная мед. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец. класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.

Н.​Я.​Новік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЖСКІ КО́РПУС,

прывілеяваная ваенна-навуч. ўстанова ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. Засн. ў 1759 у С.-Пецярбургу. Рыхтаваў да ваен. і дзярж. службы дзяцей знаці (гал. чынам прыдворных саноўнікаў і афіцэраў гвардыі), якія атрымлівалі прыдворнае званне пажоў і камер-пажоў (у іх абавязак уваходзіла выкананне даручэнняў членаў імператарскай сям’і). У 1807 пераўтвораны ў навуч. ўстанову тыпу кадэцкіх карпусоў. Выпускнікам П.к. прысвойваўся чын падпаручніка, і яны карысталіся пераважным правам службы ў гвардыі і спец. войсках; непрыгодныя да ваен. службы атрымлівалі цывільны чын 10, 12, 14-га класаў. Выхаванцамі П.к. былі: І.​У.​Гурка (гл. ў арт. Гуркі), І.Ф.Паскевіч, А.М.Радзішчаў і інш. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.к. скасаваны.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НКІ (англ. punk падонкі, дрэнь),

саманазва паслядоўнікаў маладзёжнай субкультуры пратэсту, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х г. у Вялікабрытаніі. Напачатку яе носьбітамі былі пераважна сацыяльна неўладкаваныя (часта беспрацоўныя) маладыя людзі. Яе прыхільнікі пратэставалі супраць традыцый бурж. грамадства сваім правакуючым і шакіруючым вонкавым выглядам (стракаты колер валасоў, прычоска на ўзор індзейцаў-іракезаў, адпаведнае адзенне) і ўласнай груба агрэсіўнай разнавіднасцю рок-музыкі (панк-рок, аформіўся ў 1977). У 2-й пал. 1980-х г. панк-рок-групы існавалі і ў СССР, яны выступалі пад трагікамічнымі маскамі воінства «нячыстай», «замагільнай» сілы. Ад руху П. 1970—80-х г. адрозніваецца т.зв. рух неапанкаў 1990-х г. — значна камерцыялізаваная форма маладзёжнай культуры («жартаўлівы маладзёжны рух стагоддзя»).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.​Пяцэвіч, Я.​Цеханоўскі, П.​Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.​Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.

А.​С.​Анішчык.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДЗІ,

сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс. чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.​І.​Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),

бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

валасо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да волас (у 1 знач.); маленькі, кароткі волас.

2. Ніткападобныя варсінкі на скурцы раслін. Каранёвыя валаскі.

3. Тонкая металічная ніць, дроцік у якім‑н. прыборы, механізме. Валаскі [лямпачак] былі распалены як след, да жоўтага колеру, але апарат чамусьці маўчаў. Краўчанка.

•••

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) гл. вісець.

На валасок (валаску) ад смерці — вельмі блізка ад смерці. Не раз выпадала быць на валаску ад смерці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́жа, ‑ы, ж.

1. Высокае і вузкае архітэктурнае збудаванне. Крамлёўскія вежы. Вежы замкаў.

2. Ахоўная браніраваная вышка для гармат і кулямётаў на танках і суднах. Гарматныя вежы [у ганках] былі прабіты снарадамі, ад доўгіх ствалоў гармат засталіся абломкі. Пятніцкі.

•••

Воданапорная вежа — высокае збудаванне, у верхняй частцы якога знаходзіцца рэзервуар з вадою, адкуль яна пад ціскам падаеца ў водаправод.

Сянажная вежа — высокае збудаванне для захоўвання сенажу.

Вавілонская вежа — пра высокую будыніну ў жартаўлівым параўнанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грань, ‑і, ж.

1. Лінія падзелу; граніца, мяжа. Былі гады змагання На грані дзвюх эпох. Кастрычніцкіх паўстанняў Ніхто не перамог. Колас. // перан. Тое, што адрознівае адно ад другога. У Лынькова часта нельга правесці грані паміж.. аўтарскай унутранай псіхалагічнай характарыстыкай і ўнутраным маналогам самога героя. Дзюбайла.

2. Плоская паверхня прадмета, якая ўтварае вугал з другой такой жа паверхняй. Грані куба. Грані паралелепіпеда.

3. Кант, утвораны дзвюма плоскасцямі, якія перасякаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)