ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл.Т-ва перасоўных выставак (гл.Перасоўнікі). З 1897 чл.маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.
Літ.:
И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;
Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча
(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.Буднага (1614),
«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;
Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел.школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ.«Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел.школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́БАКІНалібокі,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).
Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл.Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял.Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.
Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,
першыя прафесійныя муз.навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец.муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.Бай, М.Дубасаў, Е.Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.Шуман, С.Браўдо (усе Віцебск), М.Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял.культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).
Літ.:
Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,
ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш.Найб. вядомымі былі марбургская (Г.Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.
Літ.:
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;
Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.