ДАЛАПІ́КАЛА ((Dallapiccola) Луіджы) (3.2.1904, г. Пазін, Славенія — 17.2.1975),

італьян. кампазітар, піяніст, педагог. Чл. Міжнароднага музычнага савета. Скончыў кансерваторыю ў Фларэнцыі (клас фп., 1924; кампазіцыі, 1931), у 1934—67 выкладаў у ёй (прафесар), а таксама ў ЗША (1951—57), на летніх курсах Моцартэума ў Зальцбургу (1963—64). З 1930 канцэртаваў. У пач. творчасці схіляўся да італьян. неакласіцызму, потым выкарыстоўваў дадэкафонію, серыйную тэхніку, не адмаўляючыся ад дыятонікі і напеўнай мелодыкі. У многіх творах выяўляў свабодалюбныя памкненні асобы, пратэст супраць насілля (оперы «Начны палёт», 1940, «Вязень», 1948, «Уліс», 1968; кантата «Песні вязняў», 1941). З інш. твораў: балет «Марсій» (паст. 1948), містэрыя «Іоў» (1950), кантаты, хары, інстр. канцэрты.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЕ́ЎСКІ (Мітрафан) (свецкае імя Міхаіл),

украінскі і беларускі пісьменнік, культ.-асв. дзеяч 1-й пал. 18 ст. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1732). Пастрыгся ў манахі; з 1733 быў выкладчыкам, у 1736—37 прафесарам паэтыкі гэтай акадэміі. Аўтар некалькіх панегірыкаў, школьных драм на біблейскія сюжэты: «Камічнае дзеянне...» (1736) і «Уладатворчае аблічча чалавекалюбства божага» (1737), дадаткам да якіх былі 10 інтэрмедый (аўтарства невядома) пра жыццё ўкр. і бел. сялян, іх нац.-рэліг барацьбу супраць польскіх паноў. У яго драм. сац.-бытавых творах дзеючыя асобы «літвіны» гавораць на бел. мове.

Тв.:

Поетика. (Сад поетичний). Київ, 1973;

Комичеськое дійствіе // Украшська література XVIII ст. Київ, 1983.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁНІЦ ((Dönitz) Карл) (16.9.1891, Берлін — 24.12.1980),

ваенна-марскі дзеяч фаш. Германіі, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Грос-адмірал (1943). У ВМФ з 1910. У 1936—43 камандуючы падводнымі сіламі, у 1943—45 галоўнакамандуючы ВМФ: выступаў за вядзенне неабмежаванай падводнай вайны. У маі 1945 паводле завяшчання А.​Гітлера рэйхсканцлер і вярх. галоўнакамандуючы. Урад Дз. арганізаваў капітуляцыю Германіі перад дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 23.5.1945 арыштаваны за злачынствы супраць міру і парушэнне прававых норм вядзення вайны, асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Тв.:

Рус. пер. — Немецкие подводные лодки во второй мировой войне. М., 1964;

Двадцать дней на посту главы государства // Новая и новейшая история. 1991. № 6.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.),

выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.

Пясчаная дзюна на ўзбярэжжы Прыбалтыкі.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫРЛЕВА́НГЕР»

(«Dirlewanger»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. Адбылася ў 2-й дэкадзе сак. 1943. Паводле загаду нач. паліцыі бяспекі і СД оберштурмбанфюрэра СС Штрауха праводзіў аперацыю асобы батальён СС пад камандаваннем оберштурмбанфюрэра СС А.​Дырлевангера з дапамогай каманды СД і каманды радыёсувязі «Пайгот». Па няпоўных звестках, гітлераўцы праводзілі аперацыю ў вёсках Дуброўка, Ляды, Прылепы, Халмецічы. Вёска Прылепы была спалена, 29 яе жыхароў расстраляны, 22 сак. спалена разам з жыхарамі в. Хатынь, на месцы якой створаны мемар. комплекс Хатынь.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),

1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.

2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c​1—a​2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.

3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).

4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).

5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).

6) Арганны рэгістр.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),

французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНЫЯ»,

грамадска-палітычны рух, які выступае супраць забруджання навакольнага асяроддзя, шкодных наступстваў атамнай энергетыкі, за скарачэнне ваен. бюджэтаў, дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Узнік у пач. 1970-х г. у Зах. Еўропе. У ФРГ у 1980 «З.» аформіліся ў партыю. З 1984 існуе Еўрап. партыя «З.», у якую ўвайшлі аб’яднанні з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, ФРГ і Францыі. З канца 1980-х г. рух узнік і ў краінах Усх. Еўропы. «З.» патрабуюць забараніць і знішчыць хім. і бактэрыялагічную зброю, ліквідаваць ядзерныя арсеналы ў Еўропе. Рух падтрымлівае каля 8—12% насельніцтва ў краінах Еўропы. З 1992 на Беларусі дзейнічае Беларуская партыя зялёных.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),

масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)