пстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Даваць пстрычку (пстрычкі) каму‑н., па чым‑н. У нядзелю .. [Піліп Чаравака] прыкінуўся хворым, ляжаў у спальні і пстрыкаў па кончыку тэрмометра.., «наганяў» тэмпературу. Нядзведскі. // Шчоўкаць, ляскаць (пальцамі). Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха. Колас. Былі моманты, што Паддубны, здавалася, і не чуў, што гаворыць Апанас, падыходзіў да калыскі і бавіўся з дзіцём, — пстрыкаў пальцамі яму перад носікам. Пестрак.

2. Рабіць, утвараць кароткі, рэзкі гук (пра работу некаторых механізмаў). [Бухман] сядзеў і пстрыкаў запальнічкай: агеньчык то загараўся, то патухаў. С. Александровіч. За пераборкай, дзе працавалі майстры, мірна пстрыкалі начнічкі. Корбан.

3. Хутка і лёгка рухацца, пырхаць. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Чорны. Пэўна, там на кожным дрэве птушынае гняздо, і пстрыкаюць з галіны на галіну вавёркі... Марціновіч.

4. Раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь). [Вашыновіч:] — Падкруці, Юлік, агонь у лямпе, вельмі нешта пстрыкаць пачаў. Чорны.

5. перан. Разм. Злавацца, фыркаць, выказваць незадавальненне чым‑н. [Васіліса:] Чуеш, як .. [Наташа] пстрыкае? А чаго, каб хто спытаў? Не бачыла ты гора, мая ты дачушка. Гурскі. — Ты не пстрыкай тут, хлопец, — паглядзеў на Ваську і сур’ёзна гаворыць Коля Ламака. — На пенсію захацеў у такія гады!.. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыт, ‑у, М спрыце, м.

1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.

2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.

2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.

3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».

4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.

3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.

4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвет ​1, ‑у, М цвеце, м.

1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.

2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.

3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.

4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.

5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.

•••

Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.

цвет ​2, ‑у, М цвеце, м.

Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,

галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.

Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.​Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.

Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст. Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл. Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст. бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ. «Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ. «Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л. маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап. выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.​Гартны. Выд-ва выпускала творы бел. маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап. выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г. асн. выд-вамі БССР былі Бел. дзярж. выд-ва (з 1933 Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навукова-тэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).

У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл. Заходнебеларускі друк).

У Вял. Айч. вайну эвакуіраванае Дзярж. выд-ва БССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АН БССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл. Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны).

У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 выд-ва «Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АН БССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед. выд-ва БССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-ва с.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн. экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.

Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.​Коласа, мінская паліграф. ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Волк А.А., Ракович А.Н. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн, 1974;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

Друк Беларускай ССР 1918—1980: Стат. зб. Мн., 1983;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986.

С.​Х.​Александровіч (да 1980-х г.).

Выданне кніг і брашур у Беларусі за 1918—95
Гады 1918 1920 1930 1940 1950 1960 1970 1980 1990 1995 1996
Колькасць назваў 13 125 1323 772 616 1602 2174 3009 2823 3205 3809
Тыраж, тыс. экз. — — 8,5 10,4 12,6 14,2 25,2 38,3 54,9 62,9 59,1

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.​Платонава і В.​Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.​Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Палын» М.​Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.​Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.​Бондарава, «Апошні тэрмін» В.​Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.​Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.​Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.​Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Эмігранты» С.​Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.​Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.​Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.​Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.​Купалы, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча), «Калізей» М.​Матукоўскага, «Чорная панна» А.​Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.​Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.​Манохіна, «Русалка» А.​Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.​Каралько, Ф.​Пуховіча, М.​Кавальчыка, Г.​Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.​Баеў, Н.​Калаптур, П.​Масцераў, В.​Філатаў, Л.​Федчанка. Гал. рэжысёр С.​Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.​Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.​Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.​Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.​Папоў, М.​Пірагоў, маст. В.​Ананьеў, М.​Макашвілі.

А.​В.​Спрынчан, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),

аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.​Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.​К.​Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.

Літ.:

Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;

Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;

Valentin E. Mozart: Weg und Welt. München, 1985.

Т.​А.​Шчарбакова.

В.А.Моцарт.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.​Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1981—84;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;

Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;

Хатняе зайчанё. Мн., 1998.

Літ.:

Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;

Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 6—37.

У.​В.​Гніламёдаў, І.​У.​Саламевіч.

І.Я.Навуменка.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)