ЗЕ́МБІН,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Барысаў—Плешчаніцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і 33 км ад чыг. ст. Барысаў, 76 км ад Мінска. 834 ж., 328 двароў (1997).

У 16 ст. мястэчка ў Барысаўскім старостве ВКЛ, уладанне Кішкаў, потым Саковічаў, Храптовічаў. З 1793 у Рас. імперыі. У 1865 цэнтр. воласці Барысаўскага пав. У 1885—110 ж., 15 двароў, валасная ўправа, 2 царквы, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, бальніца. З 1924 цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета. З 1927 у Барысаўскім р-не. У ліп. 1941 — чэрв. 1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія расстралялі туг 927 чал. У вер. 1943 у З. адбыўся Зембінскі бой 1943. У 1971 у З. 942 ж., 294 двары.

Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл (1809) і царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬ-ДЭ-ФРАНС (Île-de-France),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пн Францыі. Уключае дэпартаменты Парыж, Івелін, О-дэ-Сен, Сен-Сен-Дэні, Валь-дэ-Марн, Валь-д’Уаз, Эсон, Сена і Марна. Пл. 12 тыс. км².

Нас. 10,8 млн. ж. (1992). Гал. горад — Парыж. Размешчана ў даліне р. Сена, на прылеглых плато і ўзгорках. Клімат мяккі, умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. 3,4 °C, ліп. 18,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў 645 мм. Высокаразвіты індустр. раён краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (аўтамабілі, самалёты, станкі, вагоны, рачныя судны), хім. (угнаенні, пластмасы, фарбавальнікі, фармацэўтыка, парфумерыя), шкляная, паліграф., папяровая, швейная, мэблевая, харч. (у т. л. сыраварства), буд. матэрыялаў. ЦЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Міжнар. турызм.

Тэрыторыя І.-дэ-Ф. уключае шэраг гіст. зямель: Лаанэ, Нуаянэ, Суасанэ, Валуа, Бавэ і інш. З’яўлялася ядром франц. дзяржавы, у канцы 10 ст. складала каралеўскі дамен Капетынгаў. Цэнтр рэв. падзей у канцы 18—19 ст. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬМЕНЬ (паводле летапісу Ільмер, у старажытных славян — Славянскае мора),

возера на Прыільменскай нізіне, у Наўгародскай вобл. Расіі. Каля 18 м над узр. м. Сярэдняя пл. 982 км² (у залежнасці ад узроўню вады мяняецца ад 733 км² да 2090 км²). Даўж. каля 45 км, шыр. да 35 км, глыб. да 10 м. Берагі нізінныя, забалочаныя, зах. і паўд.-зах. дасягаюць выш. 6 м. Упадае каля 50 рэк, у т. л. Мста, Пала, Ловаць, Шалонь; выцякае р. Волхаў. Ваганні ўзроўню вады ад 2,3 м (у сак.) да 5,8 м (у маі). Пры нізкіх узроўнях знаходзіцца ў падпоры плаціны Волхаўскай ГЭС. Ледастаў з кастр. да красавіка. У возеры шмат арган. рэчываў, вада мае жаўтаватую афарбоўку. Рыбалоўства (лешч, сняток, мянтуз, шчупак). Суднаходства. Цераз р. Мста, Прыільменскі канал і р. Волхаў І. звязана з Вышневалоцкай воднай сістэмай. У 9—12 ст. цераз І. ішоў водны гандл. шлях «з варагаў у грэкі», а таксама на Волгу. За 6 км ад І. на берагах р. Волхаў г. Ноўгарад.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województvo Kaliskie),

адм.-тар. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Пл. 6512 км², нас. 718 тыс. чал., гарадскога 47% (1992). Адм. ц. — г. Каліш. Найб. гарады: Остраў-Велькапольскі, Кратошын, Яроцін, Астжэшаў, Плешаў, Кемпна. Больш. ч. тэрыторыі ваяводства займае Калішскае ўзв., на Пн размешчана Велікапольская нізіна, на Пд — усх. ч. Тшабніцкай грады (выш. да 284 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рэкі — Просна, Барыч, Відава (бас. р. Одра). Глебы пераважна мала- і сярэднеўрадлівыя (падзолістыя і бурыя), у далінах рэк алювіяльныя. Лясы займаюць 23% тэр. (хвоя, бук, дуб). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (металарэзныя станкі, машыны і абсталяванне для спажывецкай прам-сці), тэкст. (шаўковыя, трыкат., дэкар. тканіны), швейная, харч. (харч. канцэнтраты, цукар, пладова-агароднінныя кансервы), дрэваапр. і буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 68% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, сланечнік, пшаніцу, агародніну, кветкі. Гадуюць свіней.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.

В.​У.​Шаблюк.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПА́НІЯ (Campania),

вобласць на Пд Італіі. Пл. 13,6 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Авеліна, Беневента, Казерта, Неапаль, Салерна. Адм. ц. і гал. порт — г. Неапаль. Праз усю тэрыторыю цягнецца горная сістэма Апенінаў з вышэйшымі пунктамі 1800—2000 м. На ўзбярэжжы — вулкан Везувій, участкі раўнін. Бываюць землетрасенні. Клімат на ўзбярэжжы міжземнаморскі, у гарах больш халодны, са снежнымі зімамі. Сярэдняя т-ра паветра ў чэрв. каля 26 °C, у студз. каля 8 °C, ападкаў каля 650 мм за год, пераважна зімой. На схілах гор расліннасць тыпу маквіс, перадгорныя раўніны апрацаваныя. На раўнінах вырошчваюць раннюю агародніну, цытрусавыя і інш. фрукты, на астатняй тэрыторыі — пшаніцу і кукурузу, на схілах гор — вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Асн. галіны прам-сці: суднабуд., вытв-сць чыг. абсталявання, электратэхн., радыёэлектронная, нафтаперапр., цэм., ваенная. Буйныя млыны, макаронныя і кансервавыя ф-кі. ЦЭС. Прам-сць сканцэнтравана на ўзбярэжжы Неапалітанскага зал. (Неапаль з прыгарадамі). Турызм. Прыморскія курорты. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЕ́КТЫКУТ (Connecticut),

штат на ПнУ ЗША у групе штатаў Новай Англіі. Пл. 14,4 тыс. км², нас. 3274,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Хартфард, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Брыджпарт, Уотэрберы, Нью-Хейвен, Стамфард. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. На Пн адгор’і Апалачаў (выш. каля 600 м), на Пд рачныя даліны і прыморская нізіна. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Каля ​2/3 штата пад лесам. Адзін з найб. развітых прамысл. штатаў ЗША. Прам-сць: авіяц.-ракетная (верталёты, ракеты, авіяц. абсталяванне і рухавікі), эл.-тэхн., электронная (ЭВМ, электронныя кампаненты), металаапр., машына-, станка-, прылада- і станкабудаўнічая, суднабуд. (у т. л. падводныя лодкі), гумавая, хімічная. Гал. с.-г. культуры — тытунь і сеяныя травы. Развіты вырошчванне агародніны і фруктаў, малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пд Штата ўваходзіць у прыгарадную зону Нью-Йорка. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Канектыкут.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),

правінцыя на У Канады. Пл. 1540,7 тыс. км². Нас. 7143 тыс. чал. (1992); пераважна франка-канадцы. Адм. ц. — г. Квебек. Займае б. ч. п-ва Лабрадор, на Пд даліна р. Св. Лаўрэнція і паўн. адгор’і Апалачаў. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 11 °C да 21 °C. На Пн — тундра, у цэнтры і на Пд — хвойныя лясы. Развіта горназдабыўная прам-сць. Здабываюць жал. руду, медзь, поліметалы, золата, серабро, нікель, азбест (каля 90% здабычы азбесту ў краіне). Амаль усю электраэнергію даюць ГЭС на парожыстых рэках. Апрацоўчая прам-сць дае каля 1/3 кошту прамысл. прадукцыі правінцыі, сканцэнтравана гал. ч. на Пд. Развіты цэлюлозна-папяровая і алюмініевая прам-сць, перапрацоўка нафты, машынабудаванне, тэкст., швейная, футравая, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Пасевы кармавых траў, кукурузы (на сілас), аўсу, бульбы. Рыбалоўства. Гал. прамысл. цэнтры і парты — Манрэаль і Квебек.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМЕ́ЛІШКІ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 70 км на Пн ад г.п. Астравец, 272 км ад Гродна, 75 км ад чыг. ст. Гудагай. 730 ж., 280 двароў (1998).

Вядомы з 1644 як сяло маёнтка Свіраны, які ў 17—18 ст. належаў Сангушкам, Данілевічам, Корвін-Пятроўскім, Прушынскім. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У 1886—143 ж., 21 двор. З 1922 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета Свірскага р-на, у 1959—62 у Некрашунскім і Падольскім с/с Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. З 1965 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1971—521 ж., 189 двароў.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Дзевы Марыі.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)