лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.

2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.

3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.

•••

Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.

Ламаны (ломаны) радок гл. радок.

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладо́сць, ‑і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.

•••

Другая маладосць — аб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.

Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.

Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мох, РДМ моху і імху, Т мохам і імхом; мн. імхі, імхоў; м.

Споравая расліна без каранёў і кветак, якая сцелецца або расце ў вільготных мясцінах, на дрэвах, каменні. Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам. Пестрак. Хатка была старая, пахілая, на страсе рос зялёны мох і нават кусцікі нейкай травы. Сіняўскі. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху. Брыль.

•••

Аленевы мох — назва кусцістага шаравата-зялёнага або белага лішайніка, які служыць кормам для паўночных аленяў.

Абрасці мохам гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.

1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.

2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.

мука́, і́, ДМ муцэ́, ж.

Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ват, часціца.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсавай выразнасці слоў і словазлучэнняў (ставіцца перад словамі, да якіх адносіцца). Паветра было такое чыстае, што не мігацелі нават далёкія агні. Карпаў. Шчыра кажучы, новая будыніна падабалася хлопцам нават больш, чым хата. С. Александровіч.

2. у знач. далучальнага злучніка. Далучае члены сказа і сказы, якія выступаюць у якасці паказчыка самай высокай ступені чаго‑н. Хата-чытальня была перапоўнена. Людзі стаялі ў калідоры, нават на вуліцы каля адчыненых [акон]. Паслядовіч. Раптам сцішылася прырода, замерла. Нават вяз не варухнецца на беразе, нават паветра застыла. Ваданосаў.

•••

І не думай (нават) гл. думаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надбудо́ва, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надбудаваць.

2. Тое, што надбудавана. Прафесар паказаў рукой на будынак. — У гэтай палове сама станцыя, — сказаў ён, — а злева сушыльнае аддзяленне брыкетнага завода. Надбудова тая — элеватар для фрэзернага торфу, з якога мы робім брыкет. Галавач. // Закрытыя памяшканні на верхняй палубе судна, якія цягнуцца ад аднаго борта да другога. Страла ўпала з вышыні. Але на палубнай надбудова нікога не было. Значыць, яна кімсьці была, загадзя прымацавана і старанна нацэлена. Гамолка.

3. Паняцце гістарычнага матэрыялізму — сукупнасць ідэалагічных адносін, поглядаў і ўстаноў пэўнага грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́пал, прысл.

Разм. Тое, што і напалам (у 1, 2 і 4 знач.). Наша хата была самай крайняй пры забалочанай лугавіне, якая грэбляй дзяліла вёсачку напал. Вітка. [Стары Салвесь] ніколі не думаў, што гэты водруб давядзецца дзяліць напал. Сабаленка. Направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом. Купала.

напа́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напаліць.

2. Ступень свячэння напаленага цела. Напал ніці лямпачкі. Напал металу. Белы напал.

3. перан. Стан вялікага ўзбуджэння, хвалявання, напружання. Напал страсцей. □ Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напы́шлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Празмерна важны, ганарысты; поўны важнасці, ганарыстасці. Напышлівы і ганарлівы, .. [Вайтовіч] ехаў следам за польскім войскам, ачмураным марамі Пілсудскага. Пальчэўскі. Цяпер Дывінцу было прыкра за тое сваё прыніжэнне, за тую ўступку, што была зроблена напышлівай Адзелаідзе Сяргееўне. Асіпенка. // Які выражае важнасць, ганарыстасць. Напышлівы выгляд.

2. Празмерна ўрачысты, штучны ў сваім выражэнні. Напышлівая прамова. □ Сапраўдны подзвіг заўсёды сціплы, як і сапраўдны герой, ад якога ніколі не пачуеш пахвальбы і напышлівых тырад. Казека. Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў, што звіняць, як жабрацкая медзь у асенняй журбе. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.

2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)