КАЛЬВІ́НА ((Calvino) Італа) (15.10.1923, г. Сант’яга-дэ-лас-Вегас, Куба — 19.9.1985),
італьянскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, пад уплывам якога напісаў першыя аповесці «Сцежка да павучыных гнёздаў» (1947), «Апошнім прылятае крумкач» (1949) і інш. Творы 1950-х г. філасофска-алегарычныя (трылогія «Нашы продкі», 1952—59). Тонкім гумарам, фантастычнасцю вызначаюцца зб-кі апавяданняў «Маркавальда, або Поры года ў горадзе» (1963), «Касмакомікі» (1965), «Нябачныя гарады» (1972), «Паламар» (1983). Аўтар філас. рамана «Замак перакрыжаваных лёсаў» (1973), аповесці «Калі зімовай ноччу падарожнік...» (1979). Збіраў і апрацоўваў нар. казкі. Даследаваў праблемы л-ры 20 ст., перакладаў з франц. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЦА́РА ((Cannizzaro) Станіслао) (13.7.1826, г. Палерма, Італія — 10.5.1910),
італьянскі хімік, адзін з заснавальнікаў атамна-малекулярнай тэорыі. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1889). Атрымаў адукацыю ва ун-тах Палерма і Пізы (1841—48). З 1851 праф.Нац. каледжа ў Александрыі, ун-таў Генуі (з 1856), Палерма (з 1861) і Рыма (з 1871). Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў акісляльна-аднаўленчае дыспрапарцыянаванне араматычных альдэгідаў пад уздзеяннем шчолачы з утварэннем першасных спіртоў і карбонавых кіслот (1853, рэакцыя К.), бензілавы спірт. На аснове закону Авагадра размежаваў паняцці «атам», «эквівалент», «малекула» (1858).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),
італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.
Тв.:
Рус.пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),
італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Соміс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСКО́ВА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.І.Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.І.Калагрываў, Ф.С.Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).
Літ.:
Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНКАВА́ЛА ((Leoncavallo) Руджэра) (25.4.1857, г. Неапаль, Італія — 9.8. 1919),
італьянскі кампазітар, піяніст, педагог. Д-р л-ры (1878). Скончыў кансерваторыю ў Неапалі па класах кампазіцыі і фп. (1874). Вывучаў л-ру ў Балонскім ун-це. Выкладаў спевы ў краінах Еўропы і Егіпце. Вяршыня яго творчасці — опера «Паяцы» (паст. 1892) — класічны ўзор муз.верызму. Сярод інш. твораў: оперы «Багема» (паст. 1897), «Заза» (паст. 1900), «Цыганы» (паст. 1912), «Цар Эдып» (паст. 1920), аперэта «Каралева руж» (паст. 1912), якія вылучаюцца меладычным багаццем, яркай тэатральнасцю, а таксама балет «Жыццё марыянеткі», сімф. паэма «Серафіта» (1894); фп. п’есы, рамансы і інш.
Літ.:
Торадзе Г.Р. Леонкавалло и его опера «Паяцы». М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш.еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і інш.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),
італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян.газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́НІ ((Marconi) Гульельма) (25.4. 1874, г. Балоння, Італія — 20.7.19 37),
італьянскі фізік, інжынер і прадпрымальнік. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1912), з 1930 яе прэзідэнт. З 1894 у Італіі, а потым у Англіі праводзіў доследы па практычным выкарыстанні эл.-магн. хваль. У 1896 падаў заяўку, у 1897 атрымаў патэнт на вынаходства спосабу бяздротавага тэлеграфавання (прынцып дзеяння сістэмы электрасувязі і схема радыёпрыёмніка М. былі тоеснымі тым, што 7.5.1895 прадэманстраваў А.С.Папоў, апублікаваныя ў жніўні 1895 і студзені 1896). У 1897 М. арганізаваў акц.т-ва і дасягнуў шырокага выкарыстання новага спосабу сувязі. У 1901 устанавіў радыёсувязь праз Атлантычны акіян. Нобелеўская прэмія 1909 (разам з ням. фізікам К.Браўнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА ((Moro) Альда) (23.9.1916, г. Малье, Італія — 9.5.1978),
італьянскідзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. Праф.крымін. права ун-та г. Бары. Чл. (з 1946), паліт. сакратар (1959—62), старшыня (з 1976) Хрысц.-дэмакр. партыі; узначальваў яе левае крыло, імкнуўся аб’яднаць намаганні хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў у парламенце. Чл. палаты дэпутатаў італьян. парламента (з 1948). У 1948—58 нам. міністра замежных спраў, міністр юстыцыі, нар. адукацыі. У 1969—72 і 1973—74 міністр замежных спраў, у 1963—68 і 1974—76 прэм’ер-міністр Італіі. 16.3.1978 выкрадзены і пазней забіты тэрарыстамі з т.зв.«чырвоных брыгад». Аўтар прац па розных аспектах юрыд. навукі.