у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 75,4 тыс.чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Бяроза, г.Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.
Раён займае паўд.-ўсх.ч.Прыбугскай раўніны і паўн.-зах.Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс.га, з іх асушана 36,3 тыс.га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сцьспарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.
Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс.т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн.т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.
Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.
Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К (РАН),
вышэйшая навук. самакіравальная ўстанова Рас. Федэрацыі. Засн. ў пач. 1724 (адкрыта ў канцы 1725). Да мая 1917 наз. Пецярбургская АН, да 1925 — Рас.АН, да 1991 — АНСССР. У 1725 налічвала 17 правадз.чл., у 1917 мела 49 правадз.чл. і аб’ядноўвала каля 30 навук. падраздзяленняў (109 навук. супрацоўнікаў). Прэзідыум у Маскве (з 1934). Аспірантура з 1929. Філіялы і н.-д. базы з 1930-х г. У 1991 рэарганізавана, у яе ўвайшлі члены былой АНСССР і зноў выбраныя. У 1994 больш за 440 правадз.чл., звыш 600 чл.-кар., больш за 120 замежных членаў. Аб’ядноўвае 18 аддзяленняў па галінах і кірунках навук; матэматыкі; агульнай фізікі і астраноміі; ядз. фізікі; фіз.-тэхн. праблем энергетыкі; выліч. тэхнікі і аўтаматызацыі; праблем машыназнаўства, механікі і працэсаў кіравання; агульнай і тэхн. хіміі; фізіка-хіміі і тэхналогіі неарган. матэрыялаў; біяхіміі, біяфізікі і хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў; фізіялогіі; агульнай біялогіі; геалогіі, геафізікі і геахіміі і горных навук; акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі; гісторыі; філасофіі і права; эканомікі; сусв. эканомікі і міжнар. адносін; л-ры і мовы; рэгіянальныя аддзяленні — Сібірскае (з 1957, прэзідыум у г. Новасібірск), Уральскае (з 1987, прэзідыум у г. Екацярынбург), Далёкаўсходняе (з 1987, прэзідыум у г. Уладзівасток) і навук. цэнтры. Усяго каля 300 навук. устаноў (каля 60 тыс.навук. супрацоўнікаў), больш за 200 навук. саветаў. Мае н.-д. флот. Рыхтуе навук. кадры. Публікуе навук. л-ру. Прысуджае медалі і прэміі за навук. працы. Падтрымлівае міжнар.навук. сувязі, у т. л. з Нац.АН Беларусі. Прэзідэнты РАН (у 1741—46, 1810—18 і ў 1916—17 не было); Л.Л.Блюментрост (1725—33), Г.К.Кейзерлінг (1733), І.А.Корф (1734—40), К. фон Брэверн (1740—41), К.Р.Разумоўскі (гл.Разумоўскія; 1746—98), А.Л.Нікалаі (1798—1803), М.М.Навасільцаў (1803—10), С.С.Увараў (1818—55), Дз.М.Блудаў (1855—64), Ф.П.Літке (1864—82), Дз.А.Талстой (1882—89), вял.кн. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў; 1889—1915), А.П.Карпінскі (1917—36), У.Л.Камароў (1936—45), С.Л.Вавілаў (1945—51), А.М.Несмяянаў (1951—61), М.У.Келдыш (1961—75), А.П.Аляксандраў (1975—86), Г.І.Марчук (1986—91), Ю.С.Осіпаў (з 1991).
Літ.:
Российская Академия наук: Персональный состав. Кн. 1—3. М., 1999;
Уставы Российской академии наук, 1724—1999. М., 1999.
У.Я.Калаткоў.
Будынак Прэзідыума Расійскай акадэміі навук у Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.
Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл.Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.
На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АНБССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз.энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 1012c−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.
Літ.:
Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;
Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ
Аснову рэсурсазберажэння складаюць вынікі выкарыстання айчынных і замежных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць навукова і нарматыўна абгрунтаваны расход рэсурсаў ва ўмовах дасягнення зададзенай якасці прадукцыі, патрэбнай прадукцыйнасці і мінімальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Для Беларусі праблемы аптымізацыі рэсурсаспажывання і рэсурсазберажэння маюць асаблівае значэнне; паколькі ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны неабходна імпартаваць больш за палову неабходных рэсурсаў і экспартаваць большую частку вырабляемай прадукцыі. Пры высокай рэсурсаёмістасці тэхналогій і вырабаў павялічваюцца кошт і экалагічныя выдаткі, зніжаецца якасць, памяншаецца канкурэнтаздольнасць вырабляемай прадукцыі.
Навук. даследаванні ў галіне рэсурсазберажэння на Беларусі актывізаваны ў пач. 1990-х г. пасля абвяшчэння яе незалежнасці. Праводзяцца работы па планамернай рэсурсазберагальнай мадэрнізацыі прамысловых тэхналогій і вырабляемай прадукцыі на аснове ўдасканальвання метадаў канструявання, укаранення перадавых тэхналогій, выкарыстання сучасных метадаў умацавання і новых кампазіцыйных матэрыялаў, удасканальвання энергаёмістых тэхналогій, утылізацыі цяпла, узмацнення цеплааховы, выкарыстання тэхналогій рэцыклінгу матэрыялаў і інш. Гэтыя работы выконваюцца ў межах дзярж., рэгіянальных і галіновых навукова-тэхн. праграм, асобных інавацыйных праектаў. Асн. мэты Дзярж. навукова-тэхн. праграмы «Рэсурсазберажэнне» — зніжэнне рэсурсаёмістасці ствараемай і вырабляемай прадукцыі, уцягванне ў абарот мясц. рэсурсаў, у т. л. адходаў вытв-сці і спажывання. Над выкананнем заданняў гэтай праграмы працуюць каля 50 устаноў краіны. Сярод іх калектывы Бел.нац.тэхн. ун-та, БДУ, Бел.тэхнал. ун-та, НДІБел. ун-та транспарту; ін-ты Нац.АН Беларусі: цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, механікі і надзейнасці машын, праблем энергетыкі, механізацыі сельскай гаспадаркі; Н.-д. цэнтр праблем рэсурсазберажэння, Салігорскі ін-т рэсурсазберажэння з доследнай вытв-сцю. Прам-сці штогод перадаецца каля 25 рэсурсазберагальных распрацовак, сярэдняя акупнасць праектаў не перавышае 2 гадоў.
Стратэгічны кірунак аптымізацыі рэсурсаспажывання і зніжэння рэсурсаёмістасці валавога ўнутр. прадукту Рэспублікі Беларусь прадугледжвае паступовае рэструктураванне прамысл. вытв-сці з мэтай замяшчэння вытв-сцей традыцыйнай сярэдне- і маланавукаёмістай рэсурсамарнатраўнай прадукцыі на навука- і высоканавукаёмістыя галіны. Для гэтага распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца перадавыя інфарм., мікра-, нана- і біятэхналогіі, тонкі хім. сінтэз, нетрадыцыйная, пераважна аднаўляльная энергетыка, «інтэлектуальныя» кампазіты, экатэхніка і экатэхналогіі, эфектыўныя тэхналогіі прадухілення і лячэння хвароб, метады аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Плескачевский Ю.М., Сысоев П.В., Близнец М.М. Новый подход к ресурсосбережению. Мн., 1989;
Свириденок А.И. Об основах государственной политики Республики Беларусь в области оптимизации ресурсопотребления и ресурсосбережения: Аналитич. записка. Мн., 1996;
Свириденок А.И., Трофимов В.П. Государственная научно-техническая программа «Ресурсосбережение»: основные итоги и задачи // Ресурсосберегающие экотехнологии: возобновление и экономия энергии, сырья и материалов. Гродно, 2001. Ч. 1;
Свириденок А.И., Маскевич С.А. Научно-инновационные аспекты устойчивого развития в условиях глобализации // Бел. экон. журн. 2003. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс.км². Нас. 3295 тыс.чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г.Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.
Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал.р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.
Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм. тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн.т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд.кВт∙гадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сцьсінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн.га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс.км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ РЭА́КТАР, атамны рэактар,
устройства, у якім пад уздзеяннем нейтронаў адбываецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення цяжкіх ядраў; асноўная частка атамнай электрастанцыі або ядзернай сілавой устаноўкі. Першы ў свеце Я.р. пабудаваны ў ЗША (1942), першы ў Еўропе — у СССР (Масква. 1946).
Асн. элементы Я.р.: актыўная зона, у якой знаходзяцца ядзернае паліва, органы кіравання рэакцый дзялення і каналы для праходу цепланосьбіта (у цеплавых і прамежкавых таксама запавольнік, гл.Запавольванне нейтронаў); адбівальнік нейтронаў; кантэйнеры для іх размяшчэння. Я.р. аснашчаны сістэмамі рэгулявання і аварыйнай аховы, аварыйнага расхалоджвання, кантролю параметраў актыўнай зоны і біял. аховы (бетонныя сцены. бакі з вадой і інш.). Паводле прызначэння адрозніваюць: энергет. рэактары, што выкарыстоўваюць як крыніцы ядзернай энергіі, рэактары-размнажальнікі і рэактары-канвертары для вытв-сці другаснага ядз. паліва; выпрабавальныя і доследныя рэактары. Па размяшчэнні ядз. паліва і запавольніка падзяляюцца на гамагенныя рэактары і гетэрагенныя рэактары. Залежна ад віду адз. паліва, што выкарыстоўваецца, бываюць уранавыя, плутоніевыя, змешаныя (уран-плутоніевыя); ад энергіі нейтронаў, што праводзяць дзяленне цяжкіх ядраў, — цеплавыя, прамежкавыя і хуткія; ад віду цепланосьбіта — лёгка-, цяжкаводныя, газавыя, вадкаметал., арган., вадкасалявыя. Магутнасць Я.р. ад доляў ват (рэактары фіз. магутнасці) да 1000—2000 МВт (энергет. рэактары). У працэсе работы Я.р. першапачаткова закладзенае ядз. паліва выгарае і ўтвараецца другаснае (у асн. ізатопы плутонію), намнажаюцца асколькі дзялення і прадукты іх радыеактыўнага распаду.
На Беларусі першы доследны Я.р. ІРТ—1000 уведзены ў эксплуатацыю ў 1962 і працаваў да снеж. 1987. На ім праводзіліся даследаванні ў галіне ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела, радыяцыйнай хіміі, біялогіі, фізіялогіі і медыцыны. У 1985 створаны два доследныя ўзоры перасоўнай АЭС з уран-гідрыдцырконіевымі Я.р. цеплавой магутнасці 5000 кВт. У 1965—91 створана некалькі цеплавых уран-водных, уран-гідрыдцырконіевых і хуткацеплавых Я.р. фіз. магутнасці. Усе гэтыя рэактары размяшчаліся на пляцоўцы Ін-та ядз.энергетыкіАН Беларусі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і распаду СССР усе работы на рэактарах былі прыпынены з выгрузкай з іх ядз. паліва. З 2000 дзейнічае толькі адзін падкрытычны уран-поліэтыленавы Я.р. фіз. магутнасці «Яліна», які кіруецца генератарам нейтронаў. Ён размешчаны на пляцоўцы Аб’яднанага ін-та энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац.АН Беларусі і выкарыстоўваецца для эксперыментаў у галіне ядз. фізікі, выпрабаванняў на радыяцыйную трываласць элементаў электроннай тэхнікі і для вывучэння розных аспектаў трансмутацыі доўгажывучых радыеактыўных адходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).
Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст.н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл.вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).
На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд.ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах.ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.
Літ.:
Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ.М., 1982;
Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль са спец. агрэгатамі і абсталяваннем для тушэння пажараў, выканання спец. і дапаможных работ. Дастаўляе да месца пажару баявы разлік, вогнетушыльныя рэчывы, пажарна-тэхн., аварыйна-выратавальнае і інш. абсталяванне. Звычайна выкарыстоўваюцца шасі серыйных аўтамабіляў (КамАЗ, УАЗ, ЗІЛ, КрАЗ, МАЗ і інш.). Падзяляюцца на асноўныя, спец. і дапаможныя. Асноўныя П.а. прызначаны для непасрэднага тушэння пажару — падачы ў зону гарэння вогнетушыльных рэчываў (вады, пены, парашкоў, газаў і інш.). Бываюць агульнага выкарыстання (аўтацыстэрны, аўтапомпы, аўтамабілі помпава-рукаўныя) і мэтавага выкарыстання (пажарныя помпавыя станцыі, парашковыя, пенныя, аўтамабілі газавадзянога, газавага і камбінаванага тушэння, аэрадромныя). Найб. пашыраны аўтацыстэрны, у т. л. вытв-сці «Белкамунмаша» і «Агата». Абсталёўваюцца пажарнымі помпамі высокага (да 40 МПа) і нізкага (да 10 МПа) ціску, ёмістасцямі для вады (2,5—12 м³) і пенаўтваральніка (150—4000 л), пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальным абсталяваннем. Аўтапомпы і помпава-рукаўныя аўтамабілі выкарыстоўваюцца разам з аўтацыстэрнамі або самастойна пры заборы вады з вадаёмаў. Пажарныя помпавыя станцыі падаюць ваду па магістральных пажарных рукавах непасрэдна да перасоўных лафетных ствалоў або да П.а. Аўтамабілі пеннага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў паветрана-мех. пенай; парашковага тушэння — для тушэння пажараў на аб’ектах хім., нафтаперапрацоўчай прам-сці, атамнай энергетыкі, лятальных апаратаў; камбінаванага тушэння — для падачы ў ачаг гарэння вогнетушыльных парашковых саставаў і паветрана-мех. пены. Аўтамабілі газавага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў электраабсталявання пад напружаннем, музеяў і архіваў, гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей, а таксама пажараў у цяжкадаступных месцах, П.а. газавадзянога тушэння — для тушэння газанафтавых фантанаў (маюць авіяц. турбарэактыўны рухавік з сістэмай трубаправодаў для падачы вады). П.а. аэрадромныя служаць для выратавання пасажыраў і экіпажа самалёта (верталёта), тушэння пажару і работ па ліквідацыі аварыі. Бываюць стартавыя (базіруюцца непасрэдна каля ўзлётнай паласы) і асноўныя (выязджаюць па сігнале трывогі). Спецыяльныя П.а. прызначаны для падняцця людзей на вышыню, забеспячэння сувязі і асвятлення, разборкі канструкцый, барацьбы з дымам, ратавання матэрыяльных каштоўнасцей, пракладкі рукаўных ліній і інш. Да іх адносяцца аўтадрабіны (гл.Пажарныя драбіны), аўтапад’ёмнікі, аўтамабілі газадымаахоўнай службы, сувязі і асвятлення, тэхн. службы, рукаўныя і штабныя. Аўтапад’ёмнікі служаць для выканання работ і ратавання людзей на вышыні; П.а. сувязі і асвятлення — для арганізацыі сувязі, кіравання на пажары, сілкавання электраэнергіяй эл. інструменту; П.а. тэхнічнай службы — для аварыйна-выратавальных работ у задымленых памяшканнях (аснашчаюцца пражэктарамі, кампрэсарам для сілкавання сціснутым паветрам пнеўмаінструменту і газаструменнага дымасоса, электрагенератарам); П.а. газадымаахоўнай службы — для барацьбы з дымам і забеспячэння работ у задымленых памяшканнях, маюць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання; П.а. рукаўныя — для механізаванага пракладвання і прымання магістральных рукаўных ліній, тушэння пажараў вадзянымі і паветрана-пеннымі струменямі з дапамогай стацыянарных і перасоўных лафетных ствалоў. Дапаможныя П.а.: аўтапалівазапраўшчыкі, перасоўныя рамонтныя майстэрні, аўтамабілі-лабараторыі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і інш. Пашыраецца выкарыстанне П.а. хуткага рэагавання для дастаўкі на месца пажару, аварыі, дарожна-трансп. здарэння баявога разліку, пажарнага і аварыйна-выратавальнага абсталявання (выпускаюцца ВА «Віцязь», г. Віцебск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНЕРГЕТЫКА
Як галіна прамысловасці энергетыка з’яўляецца паліўна-энергетычным комплексам, які ахоплівае здабычу энергетычных рэсурсаў, выпрацоўку, перадачу, размеркаванне і выкарыстанне розных відаў энергіі. На Беларусі з энергетычных рэсурсаў ёсць пэўная колькасць нафты і спадарожнага газу, торф, гаручыя сланцы, драўніна (дровы), водная, ветравая і сонечная энергія. Вядучымі галінамі энергетыкі з’яўляюцца электра- і цеплаэнергетыка, ёсць таксама гідраэнергетыка.
Электраэнергетыка на Беларусі пачала развівацца ў канцы 19 ст. Першая электрастанцыя пабудавана ў 1889 на папяровай фабрыцы ў Добрушы. У 1894 уведзена ў эксплуатацыю эл. станцыя магутнасцю 225 кВт у Мінску, у 1898 — электрастанцыя 425 кВт бельгійскага акц.т-ва ў Віцебску, у 1910 — у Магілёве, у 1911 — дызельная малой магутнасці ў Гродне, у 1913 — паратурбінная каля 2200 кВт у Добрушы, у 1920—660 кВт у Брэсце, у 1923—350 кВт у Гомелі, у 1926—1720 кВт у Бабруйску. У 1913 працавала 11 эл. станцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс.кВт; найбольшыя з іх — у Добрушы, Мінская (960 кВт), Магілёўская (430 кВт), Віцебская, Гомельская. Працягласць ліній электраперадачы складала да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн.кВт∙гадз (да 1917 каля 4 млн.кВт∙гадз). У выніку грамадзянскай вайны, акупацый і звязаных з імі разбурэнняў магутнасці электрастанцый знізіліся да 1 тыс.кВт.
Развіццё электраэнергетыкі паскорылася з ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. У 1926 на Беларусі дзейнічалі 22 электрастанцыі агульнага прызначэння і 92 на прамысл. прадпрыемствах агульнай магутнасцю 9,7 тыс.кВт. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС (10 МВт). За 1-ю пяцігодку (1928—32) створаны невял. эл. станцыі ў Бабруйску, Крычаве, Магілёве і інш. У 1932 агульная магутнасць электрастанцый дасягнула 60 тыс.кВт, выпрацоўка электраэнергіі — 176,7 млн.кВт∙гадз. За 2-ю пяцігодку (1933—37) пабудаваны Мінская ЦЭЦ-2 (6 МВт), Барысаўская, Мазырская, Полацкая эл. станцыі, Слуцкая ЦЭЦ. У 1940 закончана будаўніцтва 2-й чаргі БелДРЭС, магутнасць станцыі дасягнула 34,5 тыс.кВт. У 1930—31 пачала фарміравацца Бел. энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 508,4 млн.кВт∙гадз. У Вял.Айч. вайну энергетыка Беларусі амаль поўнасцю разбурана (знішчана больш за 150 электрастанцый рознага прызначэння). Магутнасць эл. станцый пасля вызвалення (1944) складала 3,4 тыс.кВт (2,6% даваен. ўзроўню).
У пасляваенны перыяд прадпрыемствы электраэнергетыкі аднаўляліся, будаваліся і ўводзіліся ў дзеянне эл. станцыі з сучасным айч. абсталяваннем. У 1946 пушчаны 1-ы агрэгат на БелДРЭС (12 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-2 (33 тыс.кВт). Адбудаваны электрастанцыі ў Магілёве, Гомелі, Бабруйску. У 1951 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-3 (435 тыс.кВт), у 1951—58 — пабудавана Смалявіцкая ДРЭС (у Жодзіне, 66 тыс.кВт), у 1954—58 — Васілевіцкая ДРЭС (у Светлагорску, 322 тыс.кВт), Усяго у 1945—61 адноўлена 13 электрастанцый (12 ЦЭЦ і 1 ДРЭС). Да канца 1960 устаноўленая магутнасць электрастанцый дасягнула 756 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 2,6 млрд.кВт∙гадз. Асноўным відам паліва быў торф, часткова выкарыстоўваўся вугаль.
З 1960-х г. развіццё электраэнергетыкі значна паскорылася. У 1961 пушчаны 1-ы блок Бярозаўскай ДРЭС (будавалася з 1958, 6-ы блок пушчаны ў 1967, агульная магутнасць 940 тыс.кВт, працуе на мазуце і газе), у 1963 — Наваполацкай ЦЭЦ (будавалася з 1959, 8-ы турбаагрэгат уведзены ў дзеянне ў 1977, агульная магутнасць 505 тыс.кВт). За 1960—70 магутнасць электрастанцый вырасла з 765 да 3464 МВт — у 3,6 раза, выпрацоўка электраэнергіі з 2,6 млрд. да 14,7 млрд.кВт∙гадз — амаль у 6 разоў.
У 1966—70 пабудавана Гродзенская ЦЭЦ-2 (170 тыс.кВт), у 1969 пушчана Магілёўская ЦЭЦ-2 (60 МВт, праектнай магутнасці ў 345 МВт дасягнула ў 1981); пачаў працаваць 1-ы энергаблок (300 МВт) Лукомскай ДРЭС (будаўніцтва пачата ў 1964, праектнай магутнасці ў 2,4 млн.кВт дасягнула ў 1974, 3-я чарга здадзена ў 1978, агульная магутнасць больш як 2,5 млн.кВт). У 1974 пушчана Мазырская ЦЭЦ на мазуце (60 МВт), у 1977 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-4 (турбіна на 60 тыс.кВт; да 1992 уведзены ў дзеянне 6 энергаблокаў праектнай магутнасцю 900 тыс.кВт), у 1994 уключаны 3-і энергаблок (180 МВт) Гомельскай ЦЭЦ-2 (будавацца пачала ў 1979, агульная магутнасць дасягнула 540 МВт). Усяго ў 1951—86 пушчана 13 новых электрастанцый (4 ДРЭС, 9 ЦЭЦ). У 1985 электрастанцыі Белгалоўэнерга спынілі спальванне вугалю і торфу; асноўным палівам для большасці эл. станцый стаў топачны мазут і газ.
З уводам новых энергетычных магутнасцей узнікла неабходнасць будаваць ЛЭП высокага напружання. Першыя ЛЭП напружаннем 35—110 кВ пачалі ўводзіцца ў дзеянне ў 1946. Створаны мясц. энергасістэмы: Цэнтральная (уключала асноўныя эл. станцыі Мінскай і Віцебскай абл.), Паўднёвая (аб’ядноўвала Гомельскую, Мазырскую, Васілевіцкую і Бабруйскую электрастанцыі), Паўночна-Заходняя (уключала Гродзенскую і Лідскую станцыі). У 1961—62 у асноўным закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі.
Лініяй электраперадачы Бярозаўская ДРЭС—Баранавічы—Мінск усе энергет. раёны Беларусі аб’яднаны ў адну эл. сетку. З ростам магутнасцей эл. станцый будаваліся новыя лініі электраперадачы высокага напружання: ЛЭП 220 кВ — у 1959, 330 кВ — у 1961, 750 кВ — у 1984. У 1961 уведзена ў дзеянне ЛЭП 330 кВ Мінск—Вільнюс. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 з энергасістэмамі Паўн. Захаду і цэнтра СССР і праз энергасістэму Польшчы — з энергасістэмай «Мір» (аб’ядноўвала энергасістэмы еўрапейскіх краін — членаў Савета Эканам. Узаемадапамогі). У 1983 уключана першая кабельная лінія 110 кВ у Мінску.
Лініі 220—330 кВ звязалі паміж сабой усе буйныя электрастанцыі Беларусі, а 38 ЛЭП рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. У 1986 уключана ЛЭП напружаннем 750 кВ паміж Ігналінскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская» каля г. Старыя Дарогі (часова працуе на 330 кВ), у 1992 — ЛЭП 750 кВ паміж Смаленскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская». З 1960 па 1990 агульная даўжыня паветраных электрасетак павялічылася ў 7,3 раза, а сістэмаўтваральных ЛЭП (220—330—750 кВ) — у 16 разоў і дасягнула 5875 км. На Мінскай ЦЭЦ-4 у 1992 пушчаны ў работу 6-ы блок магутнасцю 250 МВт, у 1993 закончаны мантаж 7-га катла прадукцыйнасцю 420 т пары за гадзіну. У 1994 на Гомельскай ЦЭЦ-2 уключаны 3-і энергаблок магутнасцю 180 МВт (магутнасць станцыі дасягнула 540 МВт). У 1999 пушчаны ў эксплуатацыю 1-ы блок (330 МВт) Мінскай ЦЭЦ-5. Усяго на канец 2000 у Рэспубліцы Беларусь эл. і цеплавую энергію выпрацоўваюць 25 цеплавых электрастанцый устаноўленай агульнай магутнасцю 783 8 МВт, працягласць сістэмаўтваральных ЛЭП высокага напружання складае каля 7 тыс.км. Працягваецца рэканструкцыя ЦЭЦ і ДРЭС: Аршанскай ЦЭЦ па парагазавай тэхналогіі (ПГУ 70 МВт), замена турбаўстановак на Пінскай, магілёўскіх ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, пераход на прыродны газ Бабруйскай ЦЭЦ-2, Наваполацкай, Полацкай і інш.ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю першая ў краіне дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 5 МВт на Лукомскай ДРЭС. У канцы 2003 пушчаны мадэрнізаваны 4-ы энергаблок на Бярозаўскай ДРЭС. Выпрацоўка электраэнергіі ў 2003 склала 26 640 млн.кВт∙гадз (у т. л. цеплавымі электрастанцыямі 26 611 млн., гідраэлектрастанцыямі 29 млн.).
Гідраэнергетыка Беларусі дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі. Працуе 21 малая ГЭС з устаноўленай магутнасцю 10 МВт. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт, пушчана ў 1953), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт, 1960), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт, 1959). Вядуцца эксперыментальна-пошукавыя работы паветраэнергетыцы і сонечнай энергетыцы (геліятэхніцы).
На аснове электраэнергетыкі адбылася электрыфікацыя ўсіх галін нар. гаспадаркі Беларусі.
Спачатку электраэнергія выкарыстоўвалася пераважна для асвятлення. У пач. 20 ст. на некаторых прадпрыемствах (Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка каля Слоніма, рамонтныя майстэрні чыгунак у Пінску, Добрушская папяровая фабрыка) былі ўстаноўлены эл. рухавікі. У 1920—30-я г. з пабудовай дробных, а потым і буйных эл. станцый большасць электраэнергіі стала спажывацца на вытворчыя мэты. Найб. хуткімі тэмпамі расло выкарыстанне эл. энергіі ў прамысловасці: у 1-ю пяцігодку значная частка станочнага парка пераведзена на электрапрывод, удзельная вага спажывання электраэнергіі на вытв. мэты склала 70,5%. У 1898 пушчаны трамвай у Віцебску, у 1929 — у Мінску. У 1940 нар. гаспадаркай Беларусі спажыта 478,4 млн.кВт∙гадзэл. энергіі, у т. л. (млн.кВт∙гадз): прамысловасцю і будаўніцтвам 326,7, сельскай гаспадаркай 10,1, транспартам 41,2. У пасляваен. гады з аднаўленнем і развіццём электраэнергетыкі павялічылася выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Эл. энергія шырока выкарыстоўвалася для выплаўкі сталі, электразваркі, электралітычных працэсаў, на лесапільных рамах, млынах, для падымальна-транспартнага абсталявання і інш. З 1952 дзейнічае тралейбус у Мінску. З 1954 сельская гаспадарка атрымлівала электраэнергію не толькі ад уласных электрастанцый, а і ад дзяржаўнай сеткі.
Электрыфікацыя нар. гаспадаркі паскорылася з пач. 1960-х г. Будаваліся размеркавальныя электрычныя сеткі і трансфарматарныя падстанцыі, з дапамогай якіх да 1967 электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і іх населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў.
Спажыта электраэнергіі ў 1975 (у млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці 14,13 (у 1960—2,4), у сельскай гаспадарцы 2,32 (0,22), на транспарце 0,8 (0,12). Пушчаны тралейбусы ў Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Віцебску і Бабруйску (1978). Электрыфікаваны ўчасткі чыгункі ад Мінска да Маладзечна (1966), Асіповіч (1973), Барысава (1974), Стоўбцаў (1975).
Спажыванне электраэнергіі на Беларусі нарастала даволі хутка: за 25 гадоў (з 1965 да 1990) яно павялічылася (млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці з 4,8 да 30,8 (у 6,4 раза), у сельскай гаспадарцы з 0,5 да 4,9 (у 9,8 раза), на транспарце з 0,2 да 0,9 (у 4,5 раза), у астатніх галінах з 1,2 да 7,3 (у 6 разоў; гл. таксама табл.). Электрыфікавана 900 км чыгунак. У 2001 сумарнае энергаспажыванне склала 33,34 млрд.кВт∙гадз. Значную долю энергаспажывання ў краіне займае вытворчасць прадукцыі хіміі і нафтахіміі — 12,1% у 1995 і 13,3% у 2001, а таксама машынабудаванне і металаапрацоўка — адпаведна 7,2 і 7,5%. Гэтыя вытворчасці складаюць асноўную даходаўтваральную частку ў бюджэце краіны, а таксама ўнутр. і знешняга гандл. абароту, хаця і з’яўляюцца энергаёмістымі, а асноўныя вытв. магутнасці (нафтаперапр. заводы, абсталяванне па вытворчасці хім. угнаенняў, здабычы калійных солей, нафты і спадарожнага газу) патрабуюць пастаяннай мадэрнізацыі і абнаўлення. Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд.кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд.кВт∙гадз з Літвы). Асноўная спецыфіка электраэнергетыкі Беларусі — малая (каля 18%) доля энергарэсурсаў, што здабываюцца на яе тэр. (нафта, спадарожны газ, паліўны торф, дровы), астатнія купляюцца за мяжой (пераважна ў Расіі). У гэтых умовах найважнейшым з’яўляецца пошук альтэрнатыўных энергарэсурсаў і энергазберажэнне.
Цеплафікацыя забяспечвае камбінаваную выпрацоўку цеплавой і электрычнай энергіі на буйных і малых цеплаэлектрацэнтралях. На Беларусі пачалася ў 1936, калі цеплавую энергію для горада стала даваць Мінская ЦЭЦ-2. Будаваліся таксама цеплаэлектрацэнтралі пры буйных прамысл. прадпрыемствах. У 1950—60-я г. пушчана першая цеплаэлектрацэнтраль высокага ціску ў Мінску — ЦЭЦ-3 (25 МВт), пабудаваны ЦЭЦ у Віцебску, Пінску, Баранавічах, Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску. Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах створаны магутныя цэнтралізаваныя сістэмы цеплазабеспячэння. Цяпло прадпрыемствам і насельніцтву даюць таксама раённыя цеплавыя вузлы і кацельныя прамысл. прадпрыемстваў. У 1990 магутнасць ЦЭЦ дасягнула 3426,9 МВт (супраць 530 МВт у 1960). Сумарная прадукцыйнасць энергетычных катлоў склала 40 510 т пары за гадзіну, воданагравальных — 10 850 Гкал за гадзіну, устаноўленая цеплавая магутнасць турбаагрэгатаў — 7819 Гкал за гадзіну. Цеплафікацыю забяспечваюць новыя магутныя ЦЭЦ, раённыя кацельныя і больш за 2 тыс.км цеплавых сетак. Сярэднегадавы расход паліва на выпрацоўку электра- і цеплаэнергіі ў 2000 склаў 274,8 г на 1 кВт∙гадз і 172,3 кг на 1 Гкал, што адпавядае лепшым сусветным стандартам. У 2000 завершаны работы па ўкараненні міні-ЦЭЦ: 3,5 МВт у Віцебску, 3 МВт у Пінску, 3,5 МВт у Гродне.
Кіраванне энергетыкай краіны забяспечвала Галоўнае вытв. ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі — Белгалоўэнерга, створанае ў 1957. У 1992 яно пераўтворана ў Мін-ваэнергетыкі, у 1994 — у Мін-ва паліва і энергетыкі. У 1995 пастановай Кабінета Міністраў створаны Беларускі дзярж. энергетычны канцэрн «Белэнерга». У яго складзе 140 раёнаў электрычных сетак (РЭС), 27 раёнаў цеплавых сетак; 2 кандэнсацыйныя электрастанцыі (устаноўленая магутнасць 3330 МВт), 20 цеплаэлектрацэнтралей (4293,5 МВт), 12 прамысл. блок-станцый (99,5 МВт), 11 гідраэлектрастанцый (7 МВт), 35 раённых кацельных. Працягласць паветраных ЛЭП 35—750 кВ — 34 936 км (у т. л. 2 ЛЭП 750 кВ працягласцю 753 км), ЛЭП 6—10 кВ — 117 458 км (у т. л. кабельных 12 504 км). Энергасістэма спажывае 9071,8 млн.м³ прыроднага газу, 167 млн.м³ спадарожнага і 1206,9 тыс.т мазуту (даныя на канец 2000). Гл. таксама Энергетыка, Электраэнергетыка і Электрыфікацыя.