ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),
элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін 1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ− мезон і мюоннае нейтрына, τ− Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ+ мезон, τ+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.
Літ.:
Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.
І.С.Сацункевіч.
т. 9, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.
Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІ ў біялагічных працэсах,
пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял. сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
анігіля́цыя
(лац. annihilatio = знішчэнне)
ператварэнне элементарных часціц і антычасціц пры сутыкненні ў іншыя часціцы, напр. пратона і антыпратона ў некалькі мезонаў або электрона і пазітрона ў два фатоны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Най- — прыстаўка найвышэйшай ступені параўнання, рус. наи‑, укр. най‑, польск. naj‑, чэш. nej‑, славац. naj‑, славен. naj‑, серб.-харв. нај‑, балг. най‑, макед. нај‑. Прасл. *nai‑ з na‑ 1 пры дапамозе ўзмацняльнай часціцы ‑j (i̯) (ESSJ, SG, 2, 433–435; Фасмер, 3, 33, 39; Шустар-Шэўц, 13, 982; Бязлай, 2, 213). Гл. на-.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
элемента́рны
(лац. elementarius)
1) зыходны, пачатковы (напр. э-ая матэматыка);
2) прасцейшы, нескладаны (напр. э. схема);
3) асноўны, самы неабходны (напр. э-ыя ўмовы);
4) найменшы з вядомых, з наяўных (напр. э-ыя часціцы).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
папро́сту, прысл.
1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.
2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.
3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усяго́, прысл.
1. Разам, наогул. Усяго зарабілі 50 рублёў.
2. у знач. узмацняльнай часціцы. Толькі. Цягнік спыняецца на гэтай станцыі ўсяго на адну хвіліну. Корбан. Завецца ж спадчына мая Усяго старонкай Роднаю. Купала. [Рыгор:] «Слухай, — кажу, — дружок, падкінь ты мяне ў Пятроўку... Тут і язды ўсяго пятнаццаць кіламетраў»... Ракітны. / У спалучэнні з часціцай «толькі». І адзін рабочы, усяго толькі адзін, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цудо́ўна,
1. Прысл. да цудоўны.
2. безас. у знач. вык. Пра надзвычай прыгожае наваколле, прыемную абстаноўку. Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Шыцік. А на возеры было цудоўна! Ваданосаў.
3. у знач. часціцы. Ужываецца як вокліч са значэннем: вельмі добра, выдатна. Партызан аж зажмурыўся, потым ізноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу! Гільза! Цудоўна! Зуб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)