раздзел фізікі, прысвечаны вывучэнню будовы і ўласцівасцяў атамаў, а таксама элементарных працэсаў, у якіх яны ўдзельнічаюць. У шырокім сэнсе атамная фізіка (субатамная фізіка) — фізіка мікраскапічных з’яў, якім характэрна перарыўнасць рэчыва і электрамагнітнага выпрамянення і якія падпарадкоўваюцца квантавым законам (гл.Элементарныя часціцы, Атам, Малекула, Фатон).
Гіпотэза, што матэрыя складаецца з атамаў як найменшых непадзельных і нязменных часціц, узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—33 ст. да нашай эры. Дасканалыя ўяўленні пра атамістычную будову рэчыва склаліся значна пазней. У сярэдзіне 19 ст. дакладна вызначаны паняцці малекулы і атама. У канцы 19 ст. адкрыты электрон, рэнтгенаўскія прамяні і радыеактыўнасць, што дало магчымасць устанавіць складаную будову атама. Сучасную ядз. мадэль атама прапанаваў Э.Рэзерфард у 1911. Гэта мадэль і квантавыя ўяўленні М.Планка, А.Эйнштэйна і інш. далі магчымасць Н.Бору ў 1913 стварыць першую квантавую тэорыю атама і яго спектраў (гл.Бора тэорыя). У 1923 Л. дэ Бройль выказаў ідэю пра хвалевыя ўласцівасці часціц рэчыва, што было пацверджана эксперыментальна ў доследах па дыфракцыі электронаў у 1927 (гл.Дыфракцыя часціц).
Тэарэтычныя асновы атамнай фізікі закладзены ў 1925—28 працамі В.Гайзенберга, Э.Шродынгера, М.Борна, П.Дзірака і інш., у выніку чаго ўзніклі квантавая механіка і квантавая электрадынаміка. На гэтай аснове дадзена тлумачэнне вял. колькасці мікраскапічных з’яў і прадказаны шэраг эфектаў на атамна-малекулярным узроўні (гл.Атамныя спектры, Вымушанае выпрамяненне, Зонная тэорыя, Фотаэфект). Для апісання ўласцівасцяў элементарных часціц і іх узаемадзеянняў створана квантавая тэорыя поля. Развіццё атамнай фізікі прывяло да карэннага перагляду асн. уяўленняў і паняццяў фізікі мікраскапічных з’яў і ўзнікнення новых галін ведаў і тэхн. дастасаванняў, напрыклад квантавай электронікі, мікраэлектронікі, фізікі цвёрдага цела. На Беларусі даследаванні па атамнай фізіцы і сумежных навуках праводзяцца з канца 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Літ.:
Зубов В.П. Развитие атомистических представлений до начала XIX века. М. 1965;
Хунд Ф. История квантовой физики Киев, 1980;
Джеммер М. Эволюция понятий квантовой механики: Пер. с англ. М. 1985;
Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЎНАСЦЬ,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны. Абазначаецца S, прымае цэлалікавыя (нулявыя, дадатныя або адмоўныя) значэнні, прычым |S| < 3. Антычасціцы маюць Дз. процілеглага знака ў параўнанні з Дз. часціц. Адроны з S ≠ 0 (К-мезоны, гіпероны і многія рэзанансы) наз. дзіўнымі. Дз. захоўваецца ў моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях, аднак парушаецца (на I) у слабым узаемадзеянні. Гл. таксама Прыгажосць, Чароўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗЕР ((Glaser) Доналд Артур) (н. 21.9.1926, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1962). Скончыў Тэхнал.ін-т Кейса (1946). З 1949 у Мічыганскім ун-це, у 1959 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Вынайшаў пузырковую камеру (1952), эксперыментальна даказаў незахаванне цотнасці пры распадзе гіперонаў (1957). Нобелеўская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫ СТАН,
стан сістэмы часціц (цел), пры якім іх адносны рух адбываецца ў абмежаванай прасторы на працягу прамежкаў часу, большых за характэрныя для гэтай сістэмы перыяды. Для ўтварэння З.с. неабходна існаванне сіл прыцяжэння паміж усімі (або асобнымі) часціцамі сістэмы на некат. адлегласцях паміж імі. Прыклады З.с.: элементарныя часціцы (адроны і рэзанансы), ядры атамныя, атамы, малекулы, падвойныя зоркі, зорныя скопішчы, планетныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РМАК ((Cormack) Алан Маклеад) (н. 23.3.1924, г. Іаганесбург, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка),
амерыканскі фізік. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1945). З 1957 ва ун-це Тафтса ў Медфардзе (у 1968—76 праф., заг. кафедры), ЗША. Навук. працы па вымярэнні доз радыяцыі, ядзерных узаемадзеяннях, фізіцы часціц. Адзін з распрацоўшчыкаў камп’ютэрнай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Хаўнсфілдам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЫЯБХА́ТА»,
назва 1-га індыйскага штучнага спадарожніка Зямлі. Выведзены 19.4.1975 савецкай ракетай-носьбітам з савецкага касмадрома на арбіту з апагеем 619 км і перыгеем 563 км; перыяд абарачэння 96,3 мін. Маса «Арыябхаты» 358 кг. Названы ў гонар індыйскага астранома і матэматыка Арыябхаты. Прызначаны для даследавання ў галіне рэнтгенаўскай астраноміі, рэгістрацыі нейтроннага і гама-выпрамянення Сонца, вымярэння патокаў часціц і радыяцыі ў іанасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РМА,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІ — грэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, роўная адносінам масы рэчыва да колькасці рэчыва. Абазначаецца M. Вызначаецца формулай M = m/n, дзе m — маса, n — колькасць рэчыва. У СІ вымяраецца ў кілаграмах на моль (кг/моль) і колькасна роўная адноснай малекулярнай масе, памножанай на 10−3. Для рэчываў, што складаюцца з атамаў, іонаў ці радыкалаў, вызначаецца формульная М.м. — маса 1 моль часціц, якія адпавядаюць прынятай формуле рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАПЛЯ́ЛЬНІК,
1) у ЭВМ — частка запамінальнага прыстасавання, дзе непасрэдна захоўваецца інфармацыя; таксама само запамінальнае прыстасаванне. Напр., Н. на магн. дыску, Н. на магн. стужцы. Асн. характарыстыкі — ёмістасць і шчыльнасць запісу інфармацыі.
2) Н. зараджаных часціц (накапляльнае кальцо) — элемент сістэмы сустрэчных пучкоў (гл.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі). Уяўляе сабой кальцавую вакуумную камеру, якая знаходзіцца ў магн. полі і дзе назапашваюцца часціцы ад многіх цыклаў паскарэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (27.6.1927, г. Запарожжа, Украіна — 12.2.1993),
расійскі фізік. Акад.Рас.АН (1991, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). У 1951—86 у спец.НДІ. Навук. працы па нейтроннай фізіцы, фізіцы высокіх шчыльнасцей энергіі, уласцівасцях рэчыва пры экстрэмальных умовах звышмоцнага магн. поля і ціску, лазернай фізіцы, фізіцы паскаральнікаў зараджаных часціц. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1953, 1983.