ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́НДРА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.
т. 8, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКУ́РГ (Lykurgos),
легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎСІКА́Я, Наўзікая,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.
т. 11, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч. М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
т. 12, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
андраме́да
(н.-лац. andromeda, ад гр. Andromede = паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Эфіопіі Кефея, прынесеная ў ахвяру марскому страшыдлу і вызваленая Персеем)
нізкая вечназялёная кустовая расліна сям. верасовых, пашыраная ў лясной і тундравай зонах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.
т. 4, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ Самойла, майстар касцяной справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. вывезены ў Маскву, працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля ў арцелі па маст. апрацоўцы косці. У 1661 вырабіў (з Кірушкам Сцяпанавым, Івашкам Мікіціным, Івашкам і Данілам Грыгор’евымі) з слановай косці шахматы. У 1680 асабіста вытачыў 2 камплекты шахматаў са слановай косці для цара: у адным фігуркі людзей з бердышамі і ружжамі выкананы ў тэхніцы разьбы, у другім — фігуркі гладкія точаныя.
т. 2, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),
заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.
т. 1, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́МБЕРГ,
расійскія кінарэжысёры, мастакі, сцэнарысты, сёстры.
Валянціна Сямёнаўна (2.8.1899—28.11.1975) і Зінаіда Сямёнаўна (2.8.1900—9.2.1983). Засл. дз. маст. Расіі (абедзве 1968). Скончылі ВХУТЭМАС (1925). Удзельнічалі ў стварэнні першых сав. мультфільмаў, з 1937 на кінастудыі «Саюзмультфільм». Знялі фільмы-казкі для дзяцей: «Чырвоная шапачка» (1937), «Кот у ботах» (1938), «Казка пра цара Салтана» (1943), «Сіндбад-мараход» (1944), «Федзя Зайцаў» (1948), «Дзяўчынка ў цырку» (1950), «Тры таўстуны» (1963), «Агонь» (1971), сатыр. фільмы «Вялікія непрыемнасці» (1961), «Новыя вялікія непрыемнасці» (1973) і інш.
т. 3, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)