ВІЛАЕ́Т, вілаят,

адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах Паўн. Афрыкі, Б. і Сярэдняга Усходу (Алжыр, Туніс, Афганістан і інш.).

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫЯ САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ у Рэспубліцы Беларусь,

прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Адзіная сістэма М.с.д. складаецца з сельскіх, пасялковых, гар., раённых і абласных Саветаў. Існуюць 3 тэр. ўзроўні М.с.д.: першасны, базавы і абласны. Да першаснага тэр. ўзроўню адносяцца сельскія, пасялковыя, гар. (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветы, да базавага — гар. (гарадоў абл. падпарадкавання) Саветы, да абласнога — абл. Саветы. Мінскі гар. Савет валодае статусам базавага і абласнога. М.с.д. выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адм.-тэр. адзінак тэрмінам на 4 гады. Выбары дэпутатаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах на аснове ўсеаг., свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Апошнія выбары ў М.с.д. 23-га склікання адбыліся ў красавіку 1999 (выбрана 24 058 дэпутатаў).

У межах сваёй кампетэнцыі М.с.д. вырашаюць пытанні мясц. значэння, зыходзячы з агульнадзярж. інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, што пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзярж. органаў. Да выключнай іх кампетэнцыі адносяцца: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця, мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; назначэнне мясц. рэферэндумаў. М.с.д. з’яўляюцца юрыд. асобай, ажыццяўляюць дзейнасць праз сесіі, пастаянныя і часовыя камісіі, інш. органы Саветаў, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. М.с.д. падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці грамадзянам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, і адказныя перад імі. На аснове дзеючага заканадаўства М.с.д. прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падведамнай ім тэрыторыі.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс. чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс. чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал. гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.

т. 4, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕ́ПРА-ДАНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, грабеньчата-накольчатай керамікі культура. археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі на тэр. Усх. Палесся і паўн.-ўсх. Украіны. Вядома 250 помнікаў, з іх палова на тэр. паўд.-ўсх. Беларусі. Могільнікі (больш за 20) выяўлены толькі на тэр. Украіны.

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, пазней земляробствам і жывёлагадоўляй. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю з агнішчам унутры, пл. 6—10 м². Пахавальны абрад трупапалажэнне на спіне ў яме, пасыпанне вохрай. Асн. форма керамікі — прысадзісты шыракагорлы і вастрадонны гаршчок з прамым вянцом, упрыгожаны адбіткамі грэбеня, трохвугольнымі наколамі і рыскамі, радамі глыбокіх ямак. Крамянёвы інвентар — пласціністыя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, скрабкі, нізкія трапецыі, вузкія і шырокія нажы, кароткія сегментападобныя сярпы, праколкі, вастрыі і інш., касцяныя прылады.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Магілёў. Пл. 11 602 км² (1926), нас. 512,7 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т. л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ПО́ЛЬШЧА (Wielkopolska),

гістарычная назва адной з абласцей Польшчы. Першапачаткова (9—11 ст.) Вялікай Польшчай называлася тэр. ў басейне рэк Варта і Нотаць, пазней — тэр., якая межавала на З з Сілезіяй і Любушскай зямлёй, на Пн з Памор’ем, на У з Мазовіяй, на Пд з Малой Польшчай. У 16—18 ст. ў Вялікую Польшчу ўваходзілі таксама Мазовія і Каралеўская Прусія. У 19 ст. тэрмін «Вялікая Польшча» выкарыстоўваўся як сінонім Пазнанскага вял. княства.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Анісімавіч) (27.11.1921, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 1.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У пач. Вял. Айч. вайны трапіў у лагер смерці, уцёк да партызан. У 1943—44 у партыз. атрадзе на тэр. Літвы. На фронце з крас. 1944, радавы. Вызначыўся ў баі на тэр. Польшчы. 1.2.1945 у вырашальны момант бою закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, кулямётны агонь якога перашкаджаў наступленню. Рота паднялася ў атаку і прарвала абарону праціўніка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,

назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎНІЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА Існавала на частцы тэр. Харватыі (у гіст. вобласці Далмацыя) у 12 — пач. 19 ст. Гл. ў арт. Дуброўнік.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)