ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў чыгуначнага транспарту, выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый; састаўная частка чыгуначнай станцыі. Тэр. Ч.в. ўключае пасаж. будынак, прывакзальную плошчу, пасажырскія платформы, пешаходныя пераходы-залы (канкорсы) і масткі, багажныя тунэлі і інш.

У залежнасці ад прапускной здольнасці і адначасовай умяшчальнасці пасажыраў адрозніваюць Ч.в. малыя (да 200 чал.), сярэднія (да 900), вялікія (да 1500) і пазакласныя (больш за 1500). Пасаж. будынак уключае памяшканні: аперацыйныя (касавыя залы, камеры захоўвання багажу, вузел сувязі і інш.), для чакання і адпачынку, быт. абслугоўвання і харчавання, службовыя і дапаможныя. Паводле размяшчэння пасаж. будынка адносна пуцей Ч.в. падзяляюць на берагавыя, астраўныя, папярочныя (пры тупіковых пуцях) і камбінаваныя. Часта Ч.в. аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (напр., аўтобусным). Гл. таксама Вакзал.

Чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі.

т. 17, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАМІ́РАЎ Іван Георгіевіч (3.7.1906, Кіеў — 15.2.1987),

бел. вучоны ў галіне эксплуатацыі чыг. сістэм; стваральнік навук. школы ў гэтым кірунку. Д-р тэхн. н. (1955), праф. (1955). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1963). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1928), дзе і працаваў у 1934—36 і 1945—55. З 1955 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (у 1955—68 заг. кафедры). Навук. працы па павышэнні эксплуатацыйнай надзейнасці трансп. вузлоў і сартавальных станцый Бел. і Данецкай чыгунак. Распрацаваў тыпавыя тэхнал. працэсы работы сартавальных станцый, укаранёныя на ўсіх чыгунках б. СССР. Адзін з аўтараў падручніка для ВНУ «Арганізацыя руху паяздоў на чыгуначным транспарце» (3-е выд., 1979).

Тв.:

Интенсификация использования подвижного состава и перевозочной мощности железных дорог. М., 1968;

Технология участковых и сортировочных станций. М., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСГРАНІ́ЧНЫ ПЕРАНО́С,

распаўсюджванне газападобных адходаў і пылу прамысл. прадпрыемстваў і транспарту на вял. адлегласці, па-за межы краін, на тэр. якіх знаходзяцца крыніцы забруджвання. Адбываецца ў выніку дыфузіі, турбулентных патокаў або метэаралагічных ападкаў. Вядзе да ўзнікнення трансгранічнага забруджвання.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПАМПО́ВАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

збудаванне трубаправоднага транспарту для перапампоўкі сырой нафты або нафтапрадуктаў. Будуюцца на нафтапромыслах, нафтаперапрац. з-дах, нафтабазах, магістральных нафта- і прадуктаправодах. На магістральных трубаправодах адрозніваюць Н.с. галаўныя і прамежкавыя, абсталяваныя пераважна цэнтрабежнымі помпамі з электрапрыводам, сродкамі аўтаматыкі і тэлемеханікі.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эксплуата́цыя

(фр. exploitation)

1) прысваенне прадуктаў чужой працы ўласнікамі сродкаў вытворчасці;

2) выкарыстанне прыродных багаццяў, зямлі, прамысловых прадпрыемстваў, транспарту, будынкаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у т. л. 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.​С.​Міленькі.

Развіццё аўтамабільнага транспарту на Беларусі
1 1940 1960 1980 1990 1994
Перавезена грузаў, млн. т 15 213,6 736,7 987,6 472,5
Грузаабарот, млн. т км 199 2939 16 806 22 361 12 488
Перавезена пасажыраў, млн. чал. 10,5 306,6 1583 2399 1794,4
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 88 2045 14 382 19 787 12 012

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧКО́Ў Канстанцін Афанасьевіч (н. 25.9.1950, г. Ельск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтаматыкі і тэлемеханікі на чыг. транспарце. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1973, Гомель), дзе і працуе. У 1987—89 і 1993—2001 заг. кафедры, адначасова ў 1994—97 дэкан электратэхн. ф-та, з 2001 прарэктар па навуч. рабоце — дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі Бел. дзярж. ун-та транспарту. Навук. працы па выпрабаваннях на бяспеку функцыянавання і эл.-магн. сумяшчальнасці сістэм кіравання адказных тэхнал. працэсаў.

Тв.:

Микропроцессорные информационно-управляющие системы в железнодорожной автоматике и телемеханике. Методы обеспечения безопасности функционирования. Гомель, 2002 (разам з С.​М.​Харлапам);

Методы проведения испытаний микроэлектронных систем СЦБ на безопасность и ЭМС (у сааўт.) // The 7-th intemational scientific conference of railway experts. Vmjacka Banja, 2000.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́НСНАРТНЫЯ СУ́ДНЫ,

рачныя і марскія судны для перавозкі (транспартавання) грузаў і пасажыраў. Як грузавыя, пасажырскія і грузапасажырскія Т.с. выкарыстоўваліся грабныя — вёславыя судны, ветразевыя судны і параходы; выкарыстоўваюцца цеплаходы, турбаходы, электраходы, атамаходы. Т.с. — асн. транспартныя машыны воднага транспарту (гл. Рачны транспарт, Марскі транспарт).

т. 15, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Сяргей Васілевіч (н. 25.4.1934, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кыргызстан),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1988). Акад. Бел. інж. акадэміі (1995). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958), дзе і працаваў. З 1961 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (з 1965 заг. лабараторыі, з 1970 нам. дырэктара і адначасова нач. СКБ з доследнай вытв-сцю). З 1986 у Бел. ун-це транспарту (у 1986—2001 прарэктар, у 1994—2001 адначасова рэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі пры ун-це). Навук. працы па тэхналогіі і канструяванні маш.-буд. вырабаў на аснове металаў і палімераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Зубчатые передачи из пластмасс. Мн., 1965 (разам з У.​А.​Белым, А.​І.​Свірыдзёнкам);

Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);

Металлополимерные зубчатые передачи. Мн., 1981 (разам з У.​А.​Белым, В.​Я.​Старжынскім).

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВО́Й (галанд. konvooi),

1) воінскае падраздзяленне (каманда, асобны ваеннаслужачы), якое назначаецца для аховы і суправаджэння транспарту, ваеннапалонных, асуджаных і ў інш. выпадках.

2) Атрад з гандл. і дапаможных суднаў і баявых караблёў, якія іх суправаджаюць і ахоўваюць; ствараецца на час пераходаў морам (часцей у ваенны час).

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)