ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,

хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАКАМЕ́ННЫЯ ПАРО́ДЫ,

група змененых магматычных горных парод асн. і сярэдняга саставу (дыябазы, парфірыты) з характэрнай зялёнай афарбоўкай, якая абумоўлена значнай колькасцю ў іх другасных зялёных мінералаў (хларыт, амфібол, эпідот і інш.). Пашыраны пераважна ў складкавых абласцях (Урал, Каўказ) і т.зв. зялёна-каменных паясах дакембрыю (Паўд. Афрыка, Аўстралія). З.п. — адзін з пошукавых крытэрыяў на медна-калчаданавыя радовішчы.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТАНІ́ЧНЫЯ РАСТВО́РЫ,

растворы з аднолькавым асматычным ціскам. У біялогіі і медыцыне ціск І.р. адпавядае асматычнаму ціску ў жывёльных і раслінных клетках, у крыві, у вадкасцях тканак. Для цеплакроўных жывёл ізатанічны 0,9% раствор NaCl і 4,5% раствор глюкозы. Раствор, які паводле саставу, буфернасці і інш. уласцівасцях блізкі да сывараткі крыві, наз. фізіялагічным. На яго аснове рыхтуюць кровазамяшчальныя І.р.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦАНІ́Т (ад назвы гары Манцоні ў Італіі),

поўнакрышталічная інтрузіўная горная парода, якая складаецца з калінатравага палявога шпату, асн. плагіяклазу (андэзіт, лабрадор) і піраксену (аўгіт). Структура ад груба- да тонказярністай, трахітоідная. Колер шэры, ружова-шэры. Фіз. ўласцівасці падобныя да дыярыту. Утварае асобныя масівы, удзельнічае ў будове інтрузій складанага саставу. Выкарыстоўваецца ў дарожным буд-ве, як дэкар. камень.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1871 у Мінску як чыгуначныя майстэрні. З 1927 з-д «Полымя рэвалюцыі», з 1931 вагонарамонтны з-д. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў Куйбышаўскую вобл. Аднавіў працу ў 1945, у 1953—54 рэканструяваны і пашыраны. Завод рамантуе пасажырскія вагоны, фарміруе колавыя пары пасажырскіх і грузавых паяздоў, вырабляе запчасткі для рухомага саставу чыгунак.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).

М.​Г.​Ясавееў.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ізамеры́я

(ад іза- + -мерыя)

з’ява існавання хімічных злучэнняў аднолькавага колькаснага і якаснага саставу, але з рознымі фізічнымі і хімічнымі ўласцівасцямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мантмарылані́т

(ад фр. Montmorillon = назва горада ў Францыі)

гліністы мінерал пераменнага саставу; выкарыстоўваецца як адсарбент, у ліцейнай вытворчасці і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

афіцэ́р

(ням. Offizier)

асоба каманднага саставу арміі і флоту, а таксама міліцыі і паліцыі (ад малодшага лейтэнанта да палкоўніка ўключна).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)