МАЛЫ́Я ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая частка Малайскага архіпелага, пераважна ў складзе Інданезіі. Уключаюць астравы: Балі, Ветар, Камода, Ламбок, Ламблен, Сумба, Сумбава, Тымор, Флорэс і інш. Агульная пл. 128 тыс. км². Даўж. каля 1300 км. Абмываюцца Індыйскім ак. і морамі Балі, Флорэс, Банда, Саву, Тыморскім. Рэльеф у асноўным горны, шмат вулканаў (выш. да 3726 м, вулкан Рынджані). Клімат субэкватарыяльны мусонны. Лістападныя трапічныя лясы і саванны. Вырошчваюць рыс, вострапрыпраўныя расліны, какосавыя пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),

дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.

Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІ-ЛЕ́ВУ (Viti Levu),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы буйны з а-воў Фіджы. Пл. 10,5 тыс. км². Выш. да 1322 м. Акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены са складкавых крышт. парод, перакрытых лавамі. Захаваліся вулканічныя конусы, якія ўтвараюць гарысты рэльеф. Клімат трапічны вільготны. Трапічныя вільготныя лясы, на падветраных схілах — саванны. Здабыча золата, марганцавых руд; лесараспрацоўкі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы, бавоўнік, какосавыя пальмы. Аэрапорт. Турызм. Лясны парк Тхалаісува. Гал. горад і порт — Сува.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬГАМЕШ,

паўлегендарны правіцель шумерскага г. Урук (28 ст. да н.э.). У эпічных песнях 3-га тыс. да н.э., паэме канца 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э. апісваюцца подзвігі Гільгамеша, яго дружба з дзікім чалавекам Энкіду, падарожжа ў пошуках сакрэту бессмяротнасці. Копія паэмы, напісаная клінапісам на 12 гліняных таблічках, знойдзена ў б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала.

Гільгамеш. Рэльеф на браме палаца Саргана II у г. Дур-Шарукін. 8 ст. да н.э.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне дна ва ўсх. ч. Індыйскага ак. Акаймоўваецца на Пд Заходне-Аўстралійскім хр., на З Усходне-Індыйскім хр., на Пн падводнымі гарамі паміж а-вамі Какосавымі і Раства, на У мацерыковым схілам Аўстраліі. Пераважае расчлянёны пагоркавы рэльеф. Каля Аўстраліі буйныя горныя масівы, магчыма, рэшткі стараж. мацерыковых структур. Глыб. да 5000—6500 м, на асобных падняццях памяншаецца да 1555 м. Грунты — чырв. гліны, радыялярыевыя і фарамініферавыя глеі. Шырока развіты жалеза-марганцавыя канкрэцыі.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́МЫ (цюрк. чорны пясок) Прыаральскія, пясчаная пустыня на ПнУ ад Аральскага м., у Казахстане. Пл. каля 35 тыс. км². Узніклі пераважна ад перавеву стараж. алювію. Рэльеф раўнінна- хвалісты, катлавінна- і барханава-бугрысты, чаргуецца з азёрамі і саланчакамі ( соры). Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. -12 — -14 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 100 да 150 мм за год. Участкі жытнякова-палыновай і псамафітнай расліннасці. Пашы. Водазабеспячэнне за кошт калодзежаў і артэзіянскіх свідравін.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,

карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАЙ (Kenai),

паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС-АРЫНО́КА (Llanos del Orinoco),

прыродная вобл. у Калумбіі і Венесуэле, уздоўж левабярэжжа р. Арынока, паміж Андамі (на ПнЗ), Гвіянскім пласкагор’ем (на У) і р. Гуаўярэ (на Пд). Даўж. каля 1400 км, шыр. да 400 км. Пераважае раўнінны рэльеф. Клімат субэкватарыяльны гарачы, з рэзкай зменай вільготнага (летам) і сухога (зімой) сезонаў. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Расліннасць саваннаў. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла), пасевы кукурузы, рысу, бавоўніку і інш. культур. Гл. таксама Льянас.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)