РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,

праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.

Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.

На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г. асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).

Літ.:

Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;

Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.

І.​А.​Іода.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),

апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял. кн. ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тым не менш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.​Я.​Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.

А.​П.​Грыцкевіч.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,

эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.

Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.

Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.

Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн. с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ПРЫРОДЫ

Арганізацыя аховы прыроды на Беларусі накіравана на захаванне, аднаўленне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў і з’яўляецца часткай дзярж. палітыкі. Яна мае экалагічнае, эканам. і сац. значэнне, накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы і рацыянальнае прыродакарыстанне.

На Беларусі спрадвеку выхоўвалася пачуццё ашчаднага і беражлівага стаўлення да прыроды: паляванне на пэўных звяроў і птушак вялося толькі ў адпаведныя сезоны; ашчадна высякаліся дрэвы ў лесе (каб не пашкодзіць маладняк-падрост); каля вясковых пабудоў і двароў, уздоўж вуліц і дарог высаджваліся дрэвы і кусты. Не знішчаліся без патрэбы рэдкія звяры і птушкі; ствараліся буслянкі, шпакоўні; дзецям забаранялася разбураць гнёзды птушак; бортнікі ў дзікіх пчол забіралі толькі частку мёду. Рыбу не лавілі ў час нерасту; нават не званілі царкоўныя званы, каб не пужаць яе. Многія з гэтых звычаяў пазней уведзены ў заканадаўчыя акты. У 16 ст. ў сувязі з памяншэннем у лясах колькасці паляўнічых жывёл прымаліся спец. статуты, якія абмяжоўвалі здабычу каштоўных жывёл, вызначалі правілы палявання і памер штрафаў за іх парушэнне. Ахоўныя «правілы», вызначаныя ў «Статуце на валокі» (1557), у Статутах Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, былі накіраваны на ахову жывёл і асяроддзя іх пражывання. У савецкі час прынята значная колькасць дэкрэтаў і пастаноў аб выкарыстанні і ахове лесу, паляўнічай жывёлы, водных рэсурсаў, рыбных запасаў, садоў і паркаў, помнікаў прыроды, курортных мясцін і інш. У 1923 і 1926 СНК БССР выдаў пастановы аб парадку аховы помнікаў старажытнасці, мастацтва, нар. побыту і прыроды, абвясціў іх дзярж. уласнасцю. У 1925 створаны 1-ы на Беларусі Бярэзінскі дзярж. запаведнік, у 1939 — запаведнік «Белавежская пушча». У 1930—40 у Беларусі вяліся работы па ўпарадкаванні і аднаўленні лясоў, асушэнні балот, вызначаны водаахоўныя лясы. У пасляваенны час адноўлена дзейнасць запаведнікаў, створаны органы рыбааховы, упраўленні пры СНК БССР па справах паляўнічай гаспадаркі, запаведнікаў, у 1960 — Дзярж. камітэт Савета Міністраў БССР па ахове прыроды (з 1994 Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). У 1961 прыняты закон аб ахове прыроды. У ліку першых у незалежнай Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), які рэгулюе прыродаахоўныя адносіны ў сферы навакольнага асяроддзя і з’яўляецца асновай для галіновых законаў, прынятых у 1993—2003. Галіновыя законы прадугледжваюць правядзенне экалагічнай экспертызы, паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, ахову прыродных тэрыторый і аб’ектаў, ахову і выкарыстанне жывёльнага і расліннага свету, ахову атмасфернага паветра, радыяцыйную бяспеку, гідраметэаралагічную дзейнасць і інш. У 1997—2002 прыняты шэраг кодэксаў Рэспублікі Беларусь, у т. л. аб нетрах, вадзе, зямлі, лесе і інш. Беларусь падпісала 18 (на пач. 2004) міжнар. прыродаахоўных канвенцый і пратаколаў да іх, супрацоўнічае з міжнар. міжурадавымі і фінансавымі арганізацыямі ў галіне прыродаахоўнай дзейнасці. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць у БДУ і Бел. тэхнал. ун-це. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуюць Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія», Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т, Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр «Экамір», Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі навук. даследаванняў па ахове прыроды разглядаюцца на Навук. савеце па праблемах біясферы і Экалагічнай камісіі Нац. АН Беларусі. Даследаванні па ахове прыроды ажыццяўляюць н.-д. ін-ты Нац. АН Беларусі, ун-ты, нац. паркі і запаведнікі. Гл. таксама Ахова прыроды (т. 2).

М.​Ю.​Калінін, А.​М.​Рачэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

экано́мія, ‑і, ж.

1. Ашчаднасць, беражлівасць пры расходаванні чаго‑н. Вялікая ўвага ўдзяляецца на заводзе эканоміі матэрыялаў. «Звязда». Разам з камуністамі, усімі працоўнымі камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс і павышэнне прадукцыйнасці працы, за паляпшэнне якасці прадукцыі і зніжэнне яе сабекошту, эканомію і беражлівасць, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту, за далейшы рост сельскагаспадарчай вытворчасці і павышэнне дабрабыту і культурнага ўзроўню працоўных. Машэраў. // Выгада, атрыманая ў выніку такой беражлівасці, ашчаднасці. — Гледзячы, што вас цікавіць, — глыбакадумна пачаў Анатоль. — Скажам, разец «зорачка» маёй канструкцыі дае эканомію часу да дзесяці хвілін у гадзіну. Ваданосаў. За год унесена больш за тры тысячы рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі заводу шэсць мільёнаў эканоміі... Карпаў.

2. Уст. Тое, што і эканоміка (у 1, 2 знач.). І тут Маркс бярэ не індывідуальную, а масавую з’яву, не дробную часцінку эканоміі грамадства, а ўсю гэтую эканомію ў сукупнасці. Ленін.

3. Уст. Памешчыцкая гаспадарка капіталістычнага тыпу. Крыху пазней.. [горад Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік. «Помнікі». // Разм. Кантора, сядзіба гаспадаркі. Падпаліўшы эканомію, палонныя салдаты ўцякаюць на радзіму, каб тут па ленінскаму закліку ладзіць новае жыццё. Бугаёў.

4. У дарэвалюцыйнай Расіі — назва некаторых дзяржаўных устаноў, якія ведалі гаспадарчымі справамі. Дэпартамент Дзяржаўнай эканоміі.

5. Навука, якая вывучае грамадскія адносіны вытворчасці і размеркавання на розных ступенях развіцця грамадства.

•••

Палітычная эканомія — навука аб развіцці грамадскае вытворчасці і адносінах людзей у працэсе вытворчасці.

[Ад грэч. oikonomia — кіраванне гаспадаркай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал. 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЗАЦЫЯ І ЭЛЕКТРЫФІКАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Даследуецца на Беларусі з 1920-х г. у Горацкім с.-г. ін-це (з 1948 БСГА). У 1926 у Мінску арганізавана машынавыпрабавальная станцыя, дзе выпрабоўвалі конныя прылады і машыны. У 1930 створаны Бел. філіял Усесаюзнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, на базе якога ў 1933 узнікла Бел. н.-д. станцыя механізацыі сельскай гаспадаркі.

У 1947 у АН Беларусі створаны Ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у склад якога ўвайшла н.-д. станцыя. Вучоныя ін-та (кіраўнік М.​Я.​Мацапура) праводзілі даследаванні па механізацыі розных галін сельскай гаспадаркі, рацыянальнай эксплуатацыі і тэхн. абслугоўванню машынна-трактарнага парка, па механізацыі асушэння і асваення балот і забалочаных зямель. У 1961 ін-ту нададзены статус Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. У ім распрацоўвалі навук. асновы мабільнай энергетыкі, вялі абгрунтаванне сістэм машын, вызначэнне параметраў энерганасычаных трактароў, аптымальнага складу машынна-трактарнага парку (В.​В.​Кацыгін). Даследаваліся шляхі павышэння якасці, надзейнасці і тэрмінаў службы с.-г. машын, аптымізацыя іх тэхн. абслугоўвання і рамонту (М.​М.​Севярнёў); механізацыя проціэразійнай апрацоўкі глебы (А.​Ц.​Вагін); аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў с.-г. вытв-сці (І.​С.​Нагорскі); ствараліся тэхн. сродкі для работы з арган. і мінер. ўгнаеннямі, вапнавымі матэрыяламі і ядахімікатамі (С.​І.​Назараў), апрацоўкі і ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, кармавых караняплодаў, лёну; механізацыя меліярацыйных і культуртэхнічных работ, паляпшэнне лугоў і пашы; механізацыя працэсаў кормавытворчасці і кормапрыгатавання; электрамеханізацыя і аўтаматызацыя жывёлагадоўчых комплексаў. Створаныя вучонымі ін-та машыны выпускаліся прам-сцю СССР вял. серыямі. Так, здрабняльнік-змяшальнік кармоў ІСК-3 (выраблена больш за 200 тыс. шт.) адзначаны залатым медалём Міжнар. выстаўкі ў г. Брно (Чэхія). У ін-це распрацоўваліся асновы тэорыі навясных с.-г. агрэгатаў (Д.​А.​Чудакоў), арганізацыя рамонту с.-г. тэхнікі (В.​П.​Суслаў), паўправадніковыя плёначныя электранагравальнікі для абагрэву маладняку жывёл і птушак (І.​Ф.​Кудраўцаў). У 1984 ін-т стаў галаўной арганізацыяй навук.-вытв. аб’яднання «Белсельгасмеханізацыя», а ў 2002 увайшоў у склад Нац. АН Беларусі як Ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі — навук. цэнтр па механізацыі і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці. Яму пастаўлена задача аснасціць сельскую гаспадарку краіны тэхнікай уласнай вытв-сці, стварыць рэсурсазберагальныя тэхн. сродкі новага пакалення для інтэнсіўных тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, якія знізяць матэрыяльна-энергет. выдаткі і забяспечаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі; зацверджаны рэсп. праграмы стварэння с.-г. тэхнікі, машын і абсталявання для вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадукцыі на 1998—2000 і 2002—05. Распрацавана Канцэпцыя развіцця механізацыі і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці Рэспублікі Беларусь. Вядуцца комплексныя работы па сумесных бел.-рас. праграмах «Лён», «Бульба», «Малако». У ін-це сфарміраваліся вядомыя навук. школы: па рэсурсазберажэнні (У.​М.​Дашкоў, М.​М.​Севярнёў), матэм. мадэліраванні с.-г. аб’ектаў (І.​С.​Нагорскі), механізацыі працэсаў хімізацыі (Л.​Я.​Сцяпук), механізацыі жывёлагадоўлі (У.​І.​Перадня), механізацыі кормавытворчасці (І.​І.​Півуноўскі), механізацыі вырошчвання і перапрацоўкі лёну.

Даследаванні ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі вяліся таксама ў БСГА (А.​М.​Конанаў) і Гродзенскім с.-г. ін-це. У Бел. аграрным тэхн. ун-це ў галіне энергазберагальных тэхналогій і энергет. абсталявання працуюць М.​І.​Бохан, Л.​С.​Герасімовіч, Л.​У.​Місун, М.​А.​Прышчэпаў, В.​І.​Русан, І.​М.​Шыла. У БСГА над абгрунтаваннем параметраў с.-г. агрэгатаў у тэхналогіях глебаапрацоўкі, нарыхтоўкі і прыгатавання кармоў працуюць А.​М.​Карташэвіч, А.​В.​Клачкоў, А.​В.​Кузьміцкі, У.​Р.​Петравец, В.​А.​Шарпуноў. Значны ўклад у стварэнне новай тэхнікі вучоных-канструктараў М.​С.​Высоцкага, М.​Р.​Мялешкі, В.​А.​Шурынава, а таксама вучоных, якія забяспечваюць развіццё трактарнага і с.-г. машынабудавання: П.​А.​Амельчанкі, У.​П.​Байкова, В.​У.​Гуськова, З.​В.​Лоўкіса.

Літ.:

Севернев М.М., Нагорский И.С. Механизация сельского хозяйства // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Дашков В.Н., Нагорский И.С., Севернев М.М. От сохи до программированного комбайна: становление и перспективы агроинженерной науки Беларуси // Изв. Нац. АН Беларуси. Сер агр. наук. 2003. №4.

І.​С.​Нагорскі.

т. 18, кн. 2, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.

Як адзін з асн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні з ВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш. дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.

Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін з асн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі з інш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. З улікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ у цэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.​В.​Партноў (2001—03), С.​С.​Смольскі (з 2003).

А.​Л.​Самовіч, В.​А.​Юшкевіч.

Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.
Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.
Танкавае падраздзяленне на маршы.

т. 18, кн. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.​К.​Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л. Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач. снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.​Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.

У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.​Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.). У пач. чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.​Гелгуда (гл. ў арт. Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.​Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.

Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл. Полацкі царкоўны сабор 1839).

Літ.:

Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг. Т. 2. СПб., 1863;

Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;

Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;

A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;

Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.

т. 12, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЗНАЎСТВА І ЛЕСАВОДСТВА

Навуковае вывучэнне лясоў на Беларусі пачалося ў 1922, з часу ўтварэння Пастаяннай камісіі па лясной доследнай справе БССР. З 1923 даследаванні вяліся ў Прылуках (каля Мінска) і ў г. Горкі Магілёўскай вобл. У 1923—24 арганізаваны лясныя доследныя станцыі: Мінская, Горацкая, Жорнаўская, якія ў 1926 аб’яднаны ў Цэнтральную лясную доследную станцыю з цэнтрам у г. Горкі. У 1927 у Мінску створаны Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, на базе якога ў 1930 у Гомелі арганізаваны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1992 Ін-т лесу). Даследаванні праводзяцца таксама ў Ін-це эксперыментальнай батанікі, Бел. дзярж. тэхналагічным ун-це, Цэнтр. батанічным садзе і інш. У ліку першых арганізатараў і выканаўцаў работ па лесазнаўстве і лесаводстве былі акадэмікі АН Беларусі Г.​М.​Высоцкі, А.​Д.​Дубах, В.​І.​Пераход, У.​В.​Шкатэлаў; чл.-карэспандэнты С.​П.​Мельнік; прафесары В.​К.​Захараў, А.​І.​Кандрацьеў, А.​В.​Касцяеў, Д.​І.​Марохін, Д.​І.​Таўсталес, Ф.​Н.​Турыцын, Л.​І.​Яноўскі, Л.​І.​Яшноў і інш. У 1930—60-я г. вядучыя вучоныя галіны — акадэмікі Н.​Дз.​Несцяровіч, В.​І.​Пераход, П.​П.​Рагавой, І.​Д.​Юркевіч; прафесары Ю.​Н.​Азніеў, У.​Дз.​Арэшчанка, В.​С.​Гельтман, Б.​Д.​Жылкін, В.​К.​Захараў, Н.​Т.​Касцюкевіч, Ф.​Т.​Касцюковіч, В.​Ф.​Марозаў, Ф.​П.​Майсеенка, К.​Ф.​Мірон, І.​Н.​Рахцеенка, Л.​П.​Смаляк, М.​І.​Фёдараў. У 1970—80-я г. да іх далучыліся акадэмікі В.​А.​Іпацьеў, В.​І.​Парфёнаў, чл.-кар. Я.​А.​Сідаровіч, Б.​І.​Якушаў; дактары навук В.​Г.​Анціпаў, А.​А.​Атрошчанка, У.​Ф.​Багінскі, Д.​С.​Голад, В.​Я.​Ермакоў, А.​М.​Кажэўнікаў, Л.​Т.​Крушаў, М.​Ф.​Лоўчы, В.​С.​Пабедаў, В.​К.​Паджараў, Я.​Г.​Пятроў, Л.​Н.​Ражкоў, В.​С.​Раманаў, Ю.​Дз.​Сіроткін, В.​П.​Тарасенка. У наш час у галіне лесазнаўства і лесаводства паспяхова працуюць дактары навук У.​В.​Валетаў, А.​М.​Дворнік, У.​Я.​Падутаў, С.​С.​Штукін, У.​У.​Усеня.

Вучонымі Беларусі вывучана біялогія асноўных дрэвавых парод, распрацавана тыпалогія лясных насаджэнняў і іх карціраванне (У.​С.​Адзярыха, В.​С.​Гельтман, Д.​С.​Голад, М.​Ф.​Лоўчы, В.​І.​Парфёнаў, Я.​Г.​Пятроў, П.​Я.​Пятроўскі, Л.​П.​Смаляк, І.​Д.​Юркевіч). Праведзена лесарасліннае раянаванне (В.​С.​Гельтман, І.​Д.​Юркевіч). Выяўлены асноўныя заканамернасці воднага рэжыму і жыўлення раслін (Л.​В.​Бойка, С.​Х.​Будыка, В.​С.​Гельтман, В.​А.​Іпацьеў, В.​І.​Парфёнаў, Л.​П.​Смаляк, І.​Д.​Юркевіч і інш.). Вывучана і паказана залежнасць тыпаў дрэвастояў ад глебаўтваральных працэсаў (І.​К.​Блінцоў, К.​Л.​Забела, В.​А.​Іпацьеў, П.​Б.​Рагавой, Л.​П.​Смаляк, І.​А.​Цыкуноў і інш.). Даследаваны каранёвыя сістэмы дрэвавых парод (І.​Н.​Рахцеенка, Б.​І.​Якушаў). Вызначаны магчымасці інтрадукцыі дрэвавых парод (М.​Дз.​Несцяровіч, Я.​А.​Сідаровіч і інш.). Вывучаны заканамернасці ўзаемадзеяння лесу і навакольнага асяроддзя (А.​Ф.​Іваноў, В.​А.​Іпацьеў, А.​М.​Кажэўнікаў, Н.​І.​Касцюковіч, Я.​Г.​Пятроў, Л.​М.​Ражкоў). Выяўлена ўздзеянне лесу на водную і ветравую эрозію (У.​Б.​Арлоўскі, Б.​Д.​Жылкін, В.​К.​Паджараў і інш.). Распрацаваны навук. асновы і тэхналогіі высечак галоўнага карыстання і высечак догляду (У.​П.​Грыгор’еў, Б.​Д.​Жылкін, А.​М.​Кажэўнікаў, Ф.​П.​Майсеенка, Л.​М.​Ражкоў, В.​А.​Феафілаў і інш.). Вывучана плоданашэнне дрэвавых парод, распрацаваны тэхналогіі і метады натуральнага і штучнага лесааднаўлення (Ю.​М.​Азніеў, Е.​Д.​Манцэвіч, К.​Ф.​Мірон, В.​К.​Паджараў, В.​І.​Сауцін, А.​І.​Саўчанка, Ю.​Дз.​Сіроткін, С.​С.​Штукін і інш.). Распрацаваны метады і тэхналогіі барацьбы з ляснымі пажарамі (В.​У.​Багданава, І.​В.​Гуняжанка, У.​У.​Усеня), тэхналогіі і сродкі біялагічнай барацьбы са шкоднікамі лесу (У.​І.​Грымальскі, Л.​Т.​Крушаў, Я.​І.​Марчанка, Т.​І.​Машніна і інш.). Праводзілася селекцыйнае паляпшэнне дрэвавых парод (Я.​Г.​Арленка, К.​Ф.​Мірон, З.​С.​Паджарава, А.​І.​Саўчанка). Вывучаны пытанні агралесамеліярацыі і гідратэхнічнай меліярацыі лясных фітацэнозаў (У.​Б.​Арлоўскі, В.​А.​Іпацьеў, В.​К.​Паджараў, Л.​П.​Смаляк). Даследаваны дынаміка і прадукцыйнасць дрэвастояў, іх будова і таварная структура (А.​А.​Атрошчанка, У.​Ф.​Багінскі, В.​Я.​Ермакоў, В.​К.​Захараў, А.​М.​Кажэўнікаў, Ф.​П.​Майсеенка, У.​С.​Мірошнікаў). Праведзена эканам. ацэнка лясоў, вызначаны эканам. эфект лесагаспадарчых мерапрыемстваў (У.​Дз.​Арэшчанка, А.​А.​Дашкевіч, А.​В.​Нявераў, М.​М.​Санковіч, А.​Д.​Янушка і інш.). Распрацоўваюцца пытанні радыеэкалогіі і меры рэабілітацыі лясоў (Н.​М.​Дворнік, В.​А.​Іпацьеў, І.​Ф.​Майсеенка, П.​С.​Марціновіч, Б.​І.​Якушаў і інш.). Вывучаны генетычныя асаблівасці і біялагічная разнастайнасць дрэў і насаджэнняў (Р.​Р.​Ганчарэнка, Н.​А.​Картэль, У.​Я.​Падутаў, А.​Я.​Сілін, Л.​У.​Хатылёва і інш.). Даследавана экалогія лесу (В.​А.​Белацаркоўская, Н.​М.​Беразенка, А.​В.​Пугачэўскі, Я.​Г.​Пятроў, А.​М.​Ражкоў і інш.).

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности. Мн., 1965;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Лесная энциклопедия. М., 1985;

Лесной науке в Беларуси — 75 лет. Гомель, 1997.

У.​Ф.​Багінскі.

т. 18, кн. 2, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)