Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),
міжнар.арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г.СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл.Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаныЗаключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,
сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс.чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс.чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаныПарыжскі мірны дагавор 1814.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1919—20,
міжнародная канферэнцыя, скліканая краінамі-пераможцамі ў першай сусветнай вайне 1914—18 для выпрацоўкі і падпісання мірных дагавораў з пераможанымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй). Праходзіла ў Парыжы 18.1.1919—21.1.1920 (з перапынкамі). Удзельнічалі больш за 1 тыс. дэлегатаў ад 27 краін (прадстаўнікі Германіі і яе б. саюзнікаў дапушчаны толькі пасля выпрацоўкі праектаў мірных дагавораў з імі); гал. ролю адыгрывалі прэзідэнт ЗША Г.Вільсан, прэм’ер-міністры Д.Лойд Джордж (Вялікабрытанія) і Ж.Б.Клемансо (Францыя). У ходзе канферэнцыі падрыхтаваны Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй (падпісаны 28.6.1919), Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 з Аўстрыяй (10.9.1919), Нёіскі мірны дагавор 1919 з Балгарыяй (27.11.1919), Трыянонскі мірны дагавор 1920 з Венгрыяй (4.6.1920) і Сеўрскі мірны дагавор 1920 з Турцыяй (10.8.1920), прынята рашэнне пра стварэнне Лігі Нацый (яе Статут увайшоў у тэксты мірных дагавораў). Абмяркоўваўся і комплекс пытанняў, звязаных з інтэрвенцыяй у Сав. Расію і яе блакадай (рас. прадстаўнікі афіцыйна не былі запрошаны на канферэнцыю). Канферэнцыя дэ-факта прызнала незалежнасць Эстоніі, Латвіі, Літвы (20.8.1919), урады Грузіі, Азербайджана, Арменіі (студз. 1920), дала дазвол на часовае знаходжанне ням. войск на тэр. Прыбалтыкі, фактычна прызнала акупацыю Польшчай Усх. Галіцыі (26.4.1919), адмяніла эканам. блакаду Сав. Расіі (16.1.1920). У снеж. 1919 рабочы орган П.м.к. — Вярх. савет Антанты — вызначыў часовую граніцу Польшчы на У, прыняўшы за аснову этнагр. прынцып (у 1920 атрымала назву «Керзана лінія»). На канферэнцыі дзеячы БНР (місіі Д.Сямашкі, А.Луцкевіча) намагаліся ўзняць бел. пытанне, але беспаспяхова. Гл. таксама Версальска-Вашынгтонская сістэма.
Літ.:
Ціхаміраў А.В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1898,
вайна паміж Іспаніяй і ЗША за ўплыў на Кубе, Філіпінах і інш. астраўных тэрыторыях. Адбылася ва ўмовах уздыму нац.-вызв. руху на Кубе (з 1895) і Філіпінах (з 1896), аслаблення тут калан. улады Іспаніі і ўзмацнення пазіцый ЗША (кантралявалі тытунёвую прам-сць, вытв-сць і экспарт цукру-сырцу на Кубе, абяцалі падтрымаць кубінскіх і філіпінскіх паўстанцаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Іспаніі). Фактычна інспіравана ЗША, якія пасля ўзрыву 15.2.1898 на рэйдзе порта Гавана (Куба) амер. браняносца «Мейн» (загінулі ўсе 260 маракоў) абвінавацілі ў гэтым Іспанію і 25 крас. абвясцілі ёй вайну. У крас.—маі 2 амер. эскадры (17 і 6 караблёў) блакіравалі паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Кубы, дзе знаходзіліся 200 тыс.ісп. вайскоўцаў, 3 ліп. каля порта Сант’яга-дэ-Куба патапілі эскадру, што прыбыла з Іспаніі (7 караблёў). Амер. дэсант (18 тыс.чал.) і кубінскія паўстанцы 16 ліп. занялі Сант’яга-дэ-Куба, у пач.жн. поўнасцю разбілі ісп. войскі на Кубе. У ліп.—жн. амерыканцы занялі зах. частку Пуэрта-Рыка. У ходзе баёў на Філіпінах амер. эскадра (6 караблёў) 1 мая знішчыла ў бухце Манілы ісп. флот (10 устарэлых караблёў). Амер. дэсант (15 тыс.чал.) і мясц. паўстанцы пасля аблогі 13 жн. ўзялі г. Маніла. Пазбаўленая флоту і магчымасці падтрымаць свае войскі на Кубе і Філіпінах, 13 жн. Іспанія капітулявала. Паводле Парыжскага міру (падпісаны 10.12.1898, ратыфікаваны 6.2.1899) Іспанія ўступіла ЗША Пуэрта-Рыка, в-аў Гуам і (за 20 млн.дол.) Філіпіны (сталі калоніяй ЗША у выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901). Фармальна атрымаўшы незалежнасць, Куба была акупіравана амер. войскамі і стала пратэктаратам ЗША.
Літ.:
Фонер Ф.С. Испано-кубино-американская война и рождение американского империализма, 1895—1902: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СА,
цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац.тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл.літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.
Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.Дзюфаі, І.Окегема, Я.Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.Ласа, Дж.Палестрыны, Дж.Габрыэлі, К.Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.С.Баха, «Урачыстая меса» Л.Бетховена, М. c-moll В.А.Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.Шуберта, Ф.Ліста, А.Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.Яначак, І.Стравінскі, Ф.Пуленк, А.Месіян і інш.
На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.Міладоўскі, С.Манюшка, І.Глінскі, К.Горскі, Ю.Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.
Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн.дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР,
падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап.сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.С.Конеў (1955—60), А.А.Грэчка (1960—67), І.І.Якубоўскі (1967—76), В.Г.Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.
Літ.:
Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;
Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.