наперарэ́з,

1. прысл. Перасякаючы чын‑н. шлях, напрамак руху каго‑, чаго‑н. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Шамякін. // Перасякаючы што‑н. Забегалі вочы ў Тамаша, ён наперарэз цераз пляц хутка пайшоў, каб паглядзець кароў. Гурскі.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперарэз» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто‑, што‑н. перасякае. Бегчы наперарэз машыне. □ Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Колас. [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ство́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад. Расчыняюцца створкі дзвярэй, з рашучым выглядам заходзіць жонка, на руках у яе ватняе паліто, зімовая шапка. Навуменка. Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука, І пад яе прыгожым рухам Узбоч плывуць дзве створкі духам. Колас. Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Гартны. / Пра часткі люстэрка, шырмы і пад. // Кожная з дзвюх палавінак ракавіны некаторых беспазваночных. Калі па неасцярожнасці [людзі] траплялі нагамі ў расчыненыя створкі,.. патрывожаны малюск хутка закрываўся. Матрунёнак. // Кожная з палавінак каробачкі некаторых раслін, якая растульваецца пасля паспявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.

2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́р, ‑у, м.

1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.

2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.

Разм.

1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.

2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.

2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.

3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.

•••

Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́ўпіцца, ‑піцца; ‑пімся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.

Сабрацца натоўпам вакол каго‑, чаго‑н.; збіцца ў кучу. Званок перарваў мае думкі. Вучні стоўпіліся вакол стала. Усім хацелася паглядзець на сякеру, якая дайшла да нас з каменнага веку. Штыхаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў. // Размясціцца блізка адзін каля аднаго ў вялікай колькасці. [Гарасім:] — А машын нашых многа стоўпілася на пераправе, не паспелі яшчэ ўсе пераскочыў на той бок. Масарэнка. [Рыбак] узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Быкаў. // Вырасці густа. Здалося, што хтосьці шаснуў за кедрамі, якія стоўпіліся за спінай, ахутаныя снегам. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́нуць, -ну, -неш, -не; кінь; -нуты; зак.

1. каго-што і чым. Штуршком рукі (рук) прымусіць што-н. ляцець (упасці).

К. камень.

К. снежкай у каго-н.

2. што. Тое, што і выкінуць (у 1 знач.).

3. перан., каго-што. Хутка перамясціць, накіраваць, паслаць куды-н.

К. атрад на выкананне задання.

4. Зірнуць, хутка паглядзець (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»).

К. позірк на каго-, што-н.

5. Сказаць, выказаць што-н. рэзка, нечакана; звярнуцца да каго-н.

К. кпіну.

К. заўвагу.

6. каго-што і інф. Пайсці ад каго-, чаго-н.; пакінуць.

Кажуць, ён кінуў жонку.

7. Перастаць рабіць што-н., займацца чым-н.

К. курыць.

К. вучобу.

8. што. Працягнуць ніткі праз бёрда (спец.).

К. у бёрда.

9. безас., каго-што ў што. Ахапіць, працяць чым-н.

К. у гарачку.

К. у сон.

10. заг. кінь(це), таксама з інф. Ужыв. ў знач. спыні(це), не трэба, хопіць (разм.).

Кіньце спрачацца!

|| незак. кі́даць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. кіда́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

узве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі́; -ве́дзены; зак.

1. каго на што. Ведучы, дапамагчы ўзысці, падняцца наверх чаго-н.

У. дзіця на ганак.

2. што на каго-што. Узняць (вочы, позірк), паглядзець уверх.

У. вочы на каго-н.

3. што. Прывесці ў гатовае да выстралу становішча (пра зброю).

У. курок.

4. што. Збудаваць, паставіць.

У. будынак.

У. помнік.

5. перан., каго-што ў што. Узвысіць да якога-н. стану, звання; надаць чаму-н. іншае ці важнае значэнне.

У. ў ранг заслужанага дзеяча навукі.

У. ў абсалют.

У. што-н. у закон.

6. перан., што на каго. Несправядліва прыпісаць каму-н. што-н.

У. паклёп на каго-н.

7. што ў што (у якую-н. ступень, у квадрат, у куб). Памножыць лік (ці велічыню) сам на сябе столькі разоў, колькі вызначае паказчык ступені.

У. сем у куб.

|| незак. узво́дзіць, -о́джу, -о́дзіш, -о́дзіць.

|| наз. узвядзе́нне, -я, н. і узво́д, -у, М -дзе, м. (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)