МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.
т. 10, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАГФЛЯ́ЦЫЯ [стаг(нацыя) + (ін)фляцыя],
стан эканомікі, калі адначасова адбываецца спад вытв-сці, рост цэн і беспрацоўя, спалучэнне крызісу эканамічнага з інфляцыяй. Тэрмін «С» ўжываецца з 1970-х г., калі павышэнне цэн на нафту стала прычынай росту інфляцыі пры запавольванні эканам. развіцця. Прычыны С. розныя эканамісты тлумачаць па-рознаму: структурнай недасканаласцю эканомікі (адсутнічае неабходны ўзровень канкурэнцыі, што парушае працэс самарэгулявання цэн); уладай манаполій над рынкам (часта манапалісту выгадна рабіць менш і прадаваць даражэй); інфляцыйнымі чаканнямі (уладальнікі фактараў вытв-сці ў чаканні інфляцыі завышаюць кошт сваіх паслуг).
т. 15, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Г.М.Зелянова.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАН Карней Іванавіч (н. 25.10.1928, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1984). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1962). З 1988 нам. дырэктара Бел. навук. цэнтра інфарматыкі і маркетынгу аграпрома, з 1991 на прадпрыемстве «БелГЕА». Навук. працы па выкарыстанні сідэратаў (бабовых, крыжакветных і інш.) як прамежкавых культур, якія не займаюць самастойнага поля, па эфектыўнасці станоўчага ўплыву зялёных угнаенняў на ўрадлівасць і якасць яравых культур і павышэнне ўрадлівасці глеб.
Тв.:
Применение зеленых удобрений в интенсивном земледелии. Мн., 1981;
Зеленое удобрение. М., 1990.
т. 6, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВАЯ ГАСПАДА́РКА,
падгаліна жыллёва-камунальнай гаспадаркі; сукупнасць жыллёвага фонду, жыллёва-эксплуатацыйных і інш. арг-цый, якія забяспечваюць утрыманне, аднаўленне і павышэнне якасці жылых дамоў і памяшканняў, абслугоўванне грамадзян, якія ў іх пражываюць. У Рэспубліцы Беларусь сістэма жыллёва-эксплуатацыйных арг-цый уключае абласныя, раённыя і гарадскія вытв. ўпраўленні, якія аб’ядноўваюць жыллёва-эксплуатацыйныя службы (участкі, ЖЭС). У сістэму Ж.г. ўваходзяць таксама жыллёва-камунальныя канторы прадпрыемстваў, якія маюць на балансе жыллёвы фонд, недзяржаўныя кампаніі па кіраванні жылымі дамамі і інш. арг-цыі, якія аказваюць паслугі ў сферы ўтрымання жылля.
А.Дз.Сідарзнка.
т. 6, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),
запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
В.Я.Рэбека.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВАСЕ́ЯННЕ,
вырошчванне сеяных адна- і шматгадовых траў на корм і насенне на палях ці на прыродных кармавых угоддзях пры іх карэнным паляпшэнні. Асн. мэта Т. — атрыманне зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу, травяной мукі; павышэнне ўрадлівасці глеб, паляпшэнне структуры глебы (водапранікальнасці, водаўтрымальнай здольнасці, аэрацыі і інш.). Навук. абгрунтаванне перыяд. Т. даў В.Р.Вільямс. На Беларусі найб. гасп. значэнне мае Т. злакавых (цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, аўсяніца лугавая і чырвоная, райграс пашавы і аднагадовы, лісахвост лугавы) і бабовых (віка яравая, пялюшка, сырадэля, канюшына чырвоная, белая і ружовая, рутвіца рагатая, люцэрна сіняя).
т. 15, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіпертані́я
(ад гіпер- + -танія)
1) павышэнне крывянога ціску (параўн. гіпатанія);
2) хвароба, якая выражаецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аспе́кт, ‑у, М ‑кце, м.
Кніжн. Пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцце з’явы; разуменне чаго‑н. у пэўнай плоскасці. Другі важны аспект у рабоце з чалавекам — павышэнне яго сацыяльная, грамадзянскай адказнасці, усталяванне пачуцця дысцыпліны, высокай культуры ў працы. Машэраў. Але прырода ў Коласа, паэта-селяніна, не толькі прадмет любавання, яна, калі хочаце, мае сацыяльны аспект. Навуменка.
[Ад лац. aspectus — погляд.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)