САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст. Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус. геагр. т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчы св. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ды́скант, ‑а, М ‑нце, м.

1. Высокі хлапечы голас, які адпавядае жаночаму сапрана. — Я сам паеду ў райком да Янушковіча, — аксамітны басок Бабейкі паступова ператвараўся ў дыскант. Хадкевіч. // Спявак з такім голасам.

2. Падгалосак над асноўным голасам у беларускіх і ўкраінскіх народных песнях.

[Лац. diskantus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ціць ’утвараць’: пчолы воск адцяць, выдзяляюць з цела (ваўк., Сл. ПЗБ). Утворана ад пот (гл.) на базе народных уяўленняў пра ўтварэнне мёду. Менш верагодна з літ. paitsiі ’класці яйцы’ (Грынавяцкене і інш., Междунар. конф. балтистов, 148).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЙТО́ВІЧ Ніна Трафімаўна (10.7.1913, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 4.3.1976),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1937), працавала ў ім. У 1956—76 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследаванні ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфій «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі» (1968), «Баркалабаўскі летапіс» (1977), сааўтар акад. прац. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі Дзярж. прэмія СССР 1971.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн.. 1977. Т. 2. С. 129—133.

І.​К.​Германовіч.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ»,

штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.

Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КІН Гаўрыіл Якімавіч (Іаакімавіч; 6.4.1812, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.​Дз.​Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЗЛЯКО́Ў Аляксей Фёдаравіч (28.3.1778, г. Далматава Курганскай вобл., Расія — 7.8.1830),

рускі паэт, крытык, перакладчык, педагог. Адзін з заснавальнікаў прафес. крытыкі ў Расіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1799), з 1802 выкладаў у ім (з 1804 праф., з 1817 дэкан). Паэзія М. спалучала грамадзянскасць з цікавасцю да нар. творчасці. У 1805—10 стварыў цыкл народных песень («Сярод даліны роўнае...», «Не ліпачка кучаравая...», «Чарнабровы, чарнавокі...» і інш.). Як крытык і тэарэтык л-ры быў блізкі да класіцызму, але выступаў супраць яго аўтарытэтаў. Аўтар лекцый і артыкулаў па эстэтыцы. Перакладаў грэч. і рым. паэтаў.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1958;

Песни и романсы А.​Мерзлякова. М., 1988.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАБЯРУ́К Алена Іванаўна (н. 11.11.1925, ст. Прыяміна Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1969). Скончыла БДУ (1951). Працавала настаўніцай, у 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, балта-слав. моўныя кантакты. Аўтар працы «Лічэбнік у беларускіх гаворках» (1977), сааўтар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98; Дзярж. прэмія Беларусі 2000). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУБІ́НСКІ Павел Платонавіч (27.1.1839, г. Барыспаль Кіеўскай вобл. — 26.1.1884),

украінскі і рускі этнограф і фалькларыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За народніцкую прапаганду быў сасланы (1862—69). У 1869—70 узначальваў этнагр. экспедыцыі на Украіну, Беларусь (Мазырскі, Пінскі, Кобрынскі, Слонімскі, Брэсцкі паветы) і Малдавію. У 1873—76 кіраваў Паўд.-Зах. аддзелам Рус. геагр. т-ва. У 1876—79 у Пецярбургу. Аўтар «Нарыса народных юрыдычных звычаяў і паняццяў у Маларосіі» (1869). У «Працах этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край...» (т. 1—7, 1872—79) фалькл.-этнагр. матэрыялы з Мінскай і Гродзенскай губ. (каля 400 песень, 25 казак, 5 апісанняў вяселляў).

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

партыза́н, ‑а, м.

Удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка. Лынькоў. Як ішлі ў лясы партызаны На заклятага ворага-пана, — Расступаліся долы і горы, Шляхі значылі сонца і зоры. Купала.

[Фр. partisan.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)