АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,

гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),

зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.

Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСЛЮ́ДЫ,

група мінералаў класа сілікатаў, якія па структуры і саставе адносяцца да слюд. Адрозненне — дэфіцыт шчолачаў і павышаная колькасць вады. Агульная формула гідраслюд: (K,Na,H3O)Al2(AlSi3)∙O10[(OH2), H2O]. Да гідраслюд належаць глаўканіт, вермікуліт, гідрабіятыт, гідрамускавіт, ілліт і інш. Структура слаістая. Афарбоўка светла-шэрая, бурая, цёмна-карычневая. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,5—3 г/см³. Пашыраны ў корах выветрывання, глебах, асадкавых пародах, нізкатэмпературных гідратэрмальных утварэннях. Выкарыстоўваюцца ў керамічнай і ліцейнай вытв-сці, для ачысткі і змякчэння вады.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫ СІ́НТЭЗ,

атрыманне крышталічных неарган. рэчываў ва ўмовах, што дазваляюць мадэліраваць фізіка-хім. працэсы ўтварэння мінералаў у зямных нетрах. Заснаваны на здольнасці вады і водных раствораў пры т-ры 300—500 °C і ціску 10—80 МПа раствараць рэчывы, якія практычна нерастваральныя ў звычайных умовах. У такіх умовах вырошчваюць таксама вял. монакрышталі (напр., крышталі кварцу масай да 50 кг). Выкарыстоўваецца ў прам-сці пры вытв-сці розных злучэнняў: аксідаў (SiO2, GeO2), сульфідаў (ZnS, PbS, HgS), сілікатаў (CaSiO3, NaNdSi6O14) і інш.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,

асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,

пародаўтваральныя мінералы са шчыльн. менш за 2,75—2,89 кг/м³. Прадстаўлены пераважна сілікатамі і аксідамі, часта светлага колеру. Найб. пашыраны палявыя шпаты (складаюць 50% аб’ёму літасферы) і кварц (да 12% аб’ёму літасферы); менш пашыраны кальцыт, слюды, хларыты, глаўканіты; рэдка трапляюцца вівіяніт, вулканічнае шкло, цэаліты і інш. Падзяляюцца на алатыгенныя (прынесеныя з інш. месцаў) і аўтыгенныя мінералы. Глаўканіт, біятыт, хларыт (шчыльн. 2,2—3,3 кг/м³) — прамежкавыя мінералы (належаць і да лёгкіх, і да цяжкіх мінералаў). Гл. таксама Мінералы.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

амфібо́лы

(гр. amphibolos = двухсэнсавы, падманлівы)

група мінералаў класа сілікатаў, крэменякіслыя злучэнні магнію, жалеза, кальцыю, часам алюмінію і натрыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

поліхраі́зм

(ад гр. polychroos = многакаляровы)

уласцівасць мінералаў мяняць афарбоўку пры звычайным асвятленні ў залежнасці ад напрамку падзення прамянёў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

склераме́трыя

(ад склера- + -метрыя)

раздзел фізікі, які займаецца вымярэннем цвёрдасці мінералаў, крышталёў і іншых матэрыялаў пры дапамозе склерометра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)