СЛА́ЎСКІ (Slawski) Францішак (н. 13.5.1916, г. Капычынцы Гусяцінскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),
польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН (з 1969), Польскай АН у Кракаве (з 1989). Д-р філал. н. (1948). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1938), з 1956 праф. у ім. З 1969 дырэктар Ін-та слав. філалогіі Ягелонскага ун-та. Даследаванні ў галіне паўд.-слав. філалогіі (балгарыстыкі), праслав мовы. Аўтар «Граматыкі балгарскай мовы» (1953), «Этымалагічнага слоўніка польскай мовы» (т. 1—25, 1952—82, выданне працягваецца), аўтар і гал. рэдактар «Праславянскага слоўніка» (т. 1—7, 1974—95, выданне працягваецца).
Літ.:
Современные зарубежные лингвисты: Биобиблиогр. справ. Ч. 3. М., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РФ (Whorf) Бенджамін Лі (24.4.1897, г. Уінтрап, штат Масачусетс, ЗША — 26.7.1941),
амерыканскі мовазнавец і этнограф. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1918). З 1926 даследаваў праблему суадносін мовы і мыслення, вывучаў мовы амер. індзейцаў, семіцкія мовы. Першыя працы, у т. л. «Фанетычная ацэнка характэрных асаблівасцей пісьменнасці майя» (1933), прысвечаны дэшыфроўцы і лінгвістычнай інтэрпрэтацыі пісьменнасці майя. Пад уплывам ідэй Э.Сепіра і ў выніку назіранняў за юта-ацтэкскімі мовамі (асабліва хопі) сфармуляваў гіпотэзу пра лінгвістычную адноснасць (гіпотэза Сепіра—У.). Зрабіў вял. ўклад у распрацоўку тэорыі грамат. катэгорый.
Літ.:
Звегинцев В.А. Теоретико-лингвистические предпосылки гипотезы Сепира—Уорфа // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1.
т. 16, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІКО́ЦКІ Міхаіл Яўгенавіч (н. 20.2.1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец, журналіст. Сын Я.К.Цікоцкага. Д-р філал. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працаваў у друку, У 1953—89 у БДУ (з 1965 заг. кафедры). Даследуе пытанні стылістыкі бел. мовы і стылістыкі газетных жанраў: «Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстання сінтаксічных сродкаў беларускай мовы» (1958), «Практычная стылістыка беларускай мовы» (ч. 1—2, 1962—65), «Стылістыка публіцыстычных жанраў» (1971), «Сугучнасць слоў жывых...; Нататкі па стылістыцы мастацкай літаратуры» (1981). Аўтар кн. па тэорыі і практыцы журналістыкі «З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.» (1960) і інш.
Тв.:
Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995;
Стылістыка тэксту. Мн., 2002.
т. 17, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАБЯРУ́К Алена Іванаўна (н. 11.11.1925, ст. Прыяміна Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1969). Скончыла БДУ (1951). Працавала настаўніцай, у 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, балта-слав. моўныя кантакты. Аўтар працы «Лічэбнік у беларускіх гаворках» (1977), сааўтар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98; Дзярж. прэмія Беларусі 2000). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.
т. 17, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́КМАН, Чэкмонас Валерый Мікалаевіч (н. 26.12.1936, в. Завалля Манастырышчынскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна), бел. і літоўскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1982). Скончыў Растоўскі ун-т (1965). З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1979 у Вільнюскім ун-це (з 1983 праф., у 1989—99 заг. кафедры слав. філалогіі). У 2001—03 дырэктар Цэнтра па вывучэнні культ. меншасцей Літвы. Даследуе бел. і рус. дыялекталогію, гісторыю праслав. мовы, літ.-слав. моўныя кантакты, дыялектную фанетыку літ. мовы. Аўтар кн. «Гісторыя проціпастаўленняў па цвёрдасці-мяккасці ў беларускай мове» (1970), «Гукі беларускай мовы» (1973, з А.Падлужным), «Даследаванні па гістарычнай фанетыцы праславянскай мовы: Тыпалогія і рэканструкцыя» (1979), артыкулаў.
т. 17, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДЗІЧ Мікалай Рыгоравіч (н. 1.1.1953, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2001). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, лексікалогію, марфалогію, словаўтварэнне, інавацыйныя працэсы ў сучаснай бел. літ. мове. Аўтар прац «Складаныя прыметнікі ў старабеларускай мове» (1981), «Словаскладанне ў беларускай мове» (2000), «Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» (1994), «Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік» (1997, з Г.К.Цівановай), «Пішам без памылак: Разам, асобна, праз дэфіс» (2002). Сааўтар манаграфіі «Беларуская мова: Змены ў сучасных славянскіх мовах» (1998) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОП (Bopp) Франц (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),
нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальна-гіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы са стараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́МБЕРЫ (Vámbéry; сапр. Бамбергер; Bamberger) Армін Герман
(19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),
венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф. усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.
Тв.:
Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1914.
Літ.:
Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;
Тихонов Н. Вамбери. М., 1974.
т. 3, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́К Леанід Іванавіч (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-р філал. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.
т. 3, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭРО́ГЕ Дзмітрый Аляксеевіч (6.5.1903, Вільня — 30.4.1987),
афрыканіст, этнограф, гісторык, мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). Чл. франц. Т-ва афрыканістаў і Міжнар. афр. ін-та. Чл.-кар. Школы ўсх. і афр. моў (Лондан) і многіх акадэмій. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). У 1927—28 вывучаў мовы, этнаграфію і музейную справу ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі. З 1945 праф. Ленінградскага ун-та, з 1947 у Ін-це этнаграфіі Рас. АН. Асн. працы па праблемах сац. ладу, сістэмах роднасці, культуры і моў народаў Афрыкі: «Малайская сістэма роднасці» (1951), «Старажытнасці Беніна» (т. 1—3, 1953—57), «Мастацтва народаў Заходняй Афрыкі ў музеях СССР» (1958), «Мовы і пісьменства народаў Афрыкі» (1963), «Каланіяльнае грамадства» (1973) і інш.
т. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)