МОНАКРЫШТА́ЛЬ (ад мона... + крышталі),

асобны крышталь з адзінай неперарыўнай крышт. рашоткай. Характэрная асаблівасць М. — залежнасць большасці яго фіз. уласцівасцей ад напрамку (анізатрапія). Усе яго фіз. ўласцівасці (эл., магн., аптычныя, акустычныя, мех. і інш.) звязаны паміж сабой і абумоўлены крышт. структурай, сіламі сувязі паміж атамамі і энергет. спектрам электронаў (гл. Зонная тэорыя).

Многія М. маюць асаблівыя фіз. ўласцівасці: алмаз вельмі цвёрды, сапфір, кварц, флюарыт — надзвычай празрыстыя, ніткападобныя крышталі карунду рэкордна моцныя. Многія М. адчувальныя да знешніх уздзеянняў (святла, мех. напружанняў, магн. і эл. палёў, радыяцыі і інш.) і выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі ў квантавай электроніцы, радыёэлектроніцы, лазернай фізіцы, акустыцы і інш. Прыродныя М. трапляюцца рэдка, найчасцей маюць малыя памеры і вял. колькасць дэфектаў структуры (гл. Дэфекты ў крышталях) Таму ў электронным прыладабудаванні выкарыстоўваюць штучныя М. з дасканалай крышт. структурай, зададзенымі ўласцівасцямі і памерамі (гл. Сінтэтычныя крышталі). Створана вял. колькасць сінтэтычных М., якія не маюць прыродных аналагаў.

Літ.:

Лодиз Р.А., Паркер Р.Л. Рост монокристаллов: Пер. с англ. М., 1974;

Нашельский А.Я. Монокристаллы полупроводников. М., 1978.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)], псамабіёнты,

экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́КУС (Ficus),

род кветкавых раслін сям. тутавых. 800—1000 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў вільготных трапічных лясах Паўд. Азіі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць каля 10 відаў. Найб. вядомыя: інжыр, Ф. растрата (F. rostrata) і эластычны (F. elastica).

Вечназялёныя, зрэдку лістападныя дрэвы і кусты, часам ліяны. У трапічных лясах вялікія, гіганцкія дрэвы, выш. да 40 м, дыям. 3—5 м, часта з дошкападобнымі каранямі каля асновы. Многія Ф. маюць паветраныя карані, якія могуць так аплятаць дрэва-гаспадара, што яно гіне (т.зв. Ф.-задушальнік), або ўтвараць слупападобныя апоры (баньян). Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, глянцавае ці апушанае, даўж. да 70 см. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя, размешчаны ўнутры па сценках суквеццяў (сіконіяў). Плод — касцянкападобны, у суплоддзі. Некат. ядомыя (напр., інжыр, сікамор). Усе віды маюць у сабе млечны сок. Многія Ф. маюць каштоўную драўніну, некат. расліны-гаспадары лакавага чарвяца, з якога атрымліваюць шэлак (прыродную смалу жывёльнага паходжання). Харч., тэхн., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Фікус эластычны.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́Й,

кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКІ́ (Bovinae),

1) падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх. 4 роды: буйвалы; афр. буйвалы; зубры — бізон, зубр; быкі сапраўдныя — тур, як, бантэнг (Bos javanikus), гаур (B. gaurus), купрэй (B. sauveli); жывуць у розных частках Азіі. Усяго 12 відаў. Многія быкі прыручаны, дзікія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

2) Самцы буйн. раг. жывёлы; бугаі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАД-ЗО́ДЭН (Bad Soden am Taunus), Зодэн,

бальнеакліматычны курорт у Германіі. Побач з г. Франкфурт-на-Майне, у адгор’ях Таўнуса. Міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Каля 30 крыніц цёплых і халодных мінер. водаў (многія выкарыстоўваліся з 15 ст.) для лячэння хвароб суставаў, органаў дыхання, сасудаў і сэрца. Санаторыі, пансіянаты.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЫ́Н,

паэт-імправізатар і пясняр, майстар вусна-паэт. творчасці ў казахаў, кіргізаў і некат. інш. народаў. Імправізуе ў форме песеннага рэчытатыву пад акампанемент домбры. Мастацтва імправізацыі патрабуе высокай прафес. падрыхтоўкі, ведання нар. жыцця, нар. творчасці і мовы, чым вылучаліся многія непісьменныя акыны. Шырокае прызнанне акыны звычайна набывалі пасля айтысаў — песенных спаборніцтваў.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, якое намагнічваецца ў напрамку, процілеглым знешняму магн. полю. Пад уздзеяннем поля кожны атам Д. набывае магн. момант, прапарцыянальны полю і накіраваны насустрач яму (гл. Дыямагнетызм; пры адсутнасці знешняга поля Д. немагнітны). Д. з’яўляюцца інертныя газы, азот, вадарод, вісмут, цынк, медзь, золата і інш. элементы, многія арган. і неарган. злучэнні.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАСТРАФА́,

від цэласнай, структурна завершанай страфічнай формы. Паводле аб’ёму вершаваных радкоў разнастайная (пераважна дыстых, тэрцэт, катрэн). Монастрафічнымі лічацца многія формы нац. паэзіі (рус. частушка, укр. каламыйка, бел. прыпеўка, арм. айрэн, яп. хоку, танка і г.д.), шэраг устойлівых, шырока распаўсюджаных форм верша — актава, рандо, трыялет, санет і інш.

В.​У.​Ярац.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЬКАГЕ́НЫ (ад грэч. chalkos медзь + ...ген),

хімічныя элементы VI гр. перыяд. сістэмы: кісларод, сера, селен, тэлур, палоній. Існуе шмат іх алатропных мадыфікацый. Акісляльнікі (найб. актыўны кісларод). З вадародам даюць халькагенавадароды (H2X). Утвараюць іонна-кавалентныя, кавалентна-метал. і кавалентна-іонныя злучэнні (халькагеніды) разнастайнага саставу, многія з якіх маюць паўправадніковыя ўласцівасці (селеніды, тэлурыды).

т. 16, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)