рускі архітэктар і інжынер; прадстаўнік барока і ранняга класіцызму. З 1745 вучыўся і працаваў у «камандзе» арх. В.С.Абухава, з 1749 памочнік Дз.В.Ухтомскага. Удзельнічаў у перабудове Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (цяпер у г. Істра Маскоўскай вобл.; 1747—60). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны палац у сядзібе Кускова, з яго ўдзелам павільён «Эрмітаж» (там жа). Пабудаваў Выхаваўчы дом на Маскварэцкай набярэжнай (1764—70, з удзелам М.Ф.Ш), шэраг цэркваў у Маскве (Велікамучаніцы Кацярыны, 1764—67; Ніколы ў Званарах, 1765—68, і інш.) і ў Падмаскоўі (у Спас-Косіцах, 1761, Вышгарадзе, 1764), «Галандскі домік» (1755) і, магчыма, царкву ў сядзібе Воранава каля Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр.Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫІ́Л (свецкае Васкрасенскі Васіль Мікалаевіч; 1795 — 10.5.1868),
багаслоў, гісторык рус. філасофіі. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1820). У 1821 прыняў манаства і пераведзены ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1825 рэктар Арлоўскай, Магілёўскай семінарый, ігумен казанскага Зілантава манастыра. У 1835—50 прафесар Казанскага ун-та. Аўтар «Гісторыі філасофіі» (ч. 1—6, 1839—40), у якой на аснове помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці спрабаваў даць сістэматычнае тлумачэнне гісторыі рус. філасофіі. Лічыў, што кожны народ мае свой асаблівы характар і сваю філасофію, «больш ці менш навукападобную ці рассеяную ў паданнях, аповесцях. Павучаннях, вершах і рэлігіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР,
старажытнарускі пісьменнік і гісторык канца 11 — пач. 12 ст., адзін з заснавальнікаў летапіснага жанру на Русі. Манах Кіева-Пячэрскага манастыра. Аўтар «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба» і «Жыція Фядосія Пячэрскага». У сваіх творах побач з пропаведдзю хрысціянства праводзіў ідэю адзінства і незалежнасці Русі ад Візантыі, асуджаў міжкняжацкія ўсобіцы. На думку многіх даследчыкаў, Н. — адзін са складальнікаў «Аповесці мінулых гадоў». У майстэрстве гіст. апавядання дасягнуў высокай дакладнасці, прастаты і жывасці выкладу. Яго творы былі шырока вядомы на Беларусі.
Тв.:
У кн.: Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я Адкрыта ў 1981 ў г. Полацк Віцебскай вобл. як філіял Нац.Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчалася ў Богаяўленскім саборы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У фондах галерэі налічвалася каля 2 тыс. твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва: калекцыі абразоў 1-й пал. 18 — пач. 20 ст., творы бел. мастакоў І.Басава, Г.Буралкіна, В.Бялыніцкага-Бірулі, Л. і В. Варэцы, Г.Гаравой, В.Грамыкі, Я.Зайцава, С.Катковай, А.Кашкурэвіча, А.Кузняцова, З.Літвінавай, А.Малішэўскага, А.Марачкіна, Г.Паплаўскага, Л.Рана, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Цвіркі, А.Шатэрніка, Г.Шутава, Н.Шчаснай і інш., мастакоў Полаччыны. У 1991 дзейнасць П.к.г. прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр.манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр.манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч.манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыраВойшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),
царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял.царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.