САЛЯ́НАЯ КІСЛАТА́, хлорыставадародная кіслата,
раствор хлорыстага вадароду ў вадзе; моцная аднаасноўная неарганічная к-та, НСІ. Ёсць у страўнікавым соку жывёл і чалавека.
Бясколерная празрыстая вадкасць (тэхн. С.к. жоўта-зялёнага колеру з-за прымесей жалеза, хлору і інш.). Канцэнтраваная С.к. (макс. канцэнтрацыя пры 20 °C 40% НСІ па масе, шчыльн. 1198 кг/м³) дыміць у паветры. С.к. ўзаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з металамі, якія маюць адмоўныя нармальныя патэнцыялы, з аксідамі і гідраксідамі металаў (утварае хларыды). У прам-сці атрымліваюць адыябатычнай ці ізатэрмічнай абсорбцыяй хлорыстага вадароду вадой. Выкарыстоўваюць у гідраметалургіі, для ачысткі паверхні металаў пры пайцы і луджэнні, для атрымання хларыдаў металаў (цынку, марганцу, жалеза і інш.), пры вытв-сці каўчукоў, соды, хлору і інш.
т. 14, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
цвёрдае крышт. рэчыва, H2SeO4. Раствараецца ў вадзе, tпл 62,4 °C, вышэй tпл раскладаецца. Па хім. уласцівасцях блізкая да сернай кіслаты, але мае большую акісляльную здольнасць, асмольвае арган. рэчывы. Солі С.к. — селенаты, падобныя на сульфаты.
т. 14, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЛЬНАЯ КІСЛАТА́, цыяністы вадарод, цыяніставадародная кіслата, нітрыл мурашынай кіслаты,
слабая аднаасноўная к-та, HCN. У свабодным і звязаным стане ёсць у раслінах.
Бясколерная лёгкалятучая вадкасць з пахам горкага міндалю, tкіп 25,65 °C, шчыльн. 687,08 кг/м³ (20 °C). Сумесь пары С.к. з паветрам (4,9—39,7% С.к.) выбухованебяспечная.
Змешваецца з вадой і многімі арган. растваральнікамі. З металамі ўтварае солі — цыяніды, арган. вытворныя С.к. — нітрылы Асн. прамысл. метад атрымання С.к. — акісляльны аманоліз метану на каталізатары (сплаў плаціны з родыем) пры 1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці цыянідаў, акрыланітрылу, акрылатаў і інш., як фумігант. Вельмі атрутная, затрымлівае акісляльныя і ферментатыўныя працэсы, паралізуе дыхальныя цэнтры і выклікае ўдушша; ГДК у атм. паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,1 мг/л.
т. 14, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАЦІНФО́СФАРНАЯ КІСЛАТА́, крэацінфасфат, фосфакрэацін,
прадукт фосфарыліравання крэаціну, злучэнне, багатае энергіяй. Утрымліваецца ў шкілетных мышцах пазваночных. Абарачальная рэакцыя распаду К.к. — адна з крыніц энергіі для мышачнага скарачэння. У тканках самаадвольна разбураецца і ператвараецца ў неарган. фасфат і крэацінін, які выводзіцца з мачой.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДНАВА́ТАЯ КІСЛАТА́,
моцная неарган. к-та, HIO3. Бясколерныя шклопадобныя крышталі, tпл 110 °C. Добра раствараецца ў вадзе. Солі HIO3 — ёдаты раскладаюцца пры т-ры, вышэйшай за 400 °C, моцныя акісляльнікі (напр., ёдат калію KIO3). Атрымліваюць у водных растворах акісленнем ёду канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць як матэрыял для гукаправодаў акустааптычных прылад.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДЗІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,
раствор ёдзістага вадароду ў вадзе, моцная к-та, НІ. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, у паветры пад уздзеяннем святла жаўцее (акісляецца з вылучэннем ёду). Найб. выкарыстоўваецца к-та, якая мае каля 47% (па масе) ёдзістага вадароду (шчыльн. 1500 кг/м³). Утварае солі — ёдыды. Пры пападанні на скуру выклікае сверб і запаленне.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, маланілмачавіна,
гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.
Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, бензаілгліцын,
C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)