МАРДЖАНІШВІ́ЛІ (Катэ) (сапр.Марджанаў Канстанцін Аляксандравіч; 9.6.1872, г. Кварэлі, Грузія — 17.4.1933),
грузінскі рэжысёр. Нар.арт. Грузіі (1931). З 1893 акцёр, рэжысёр груз. і рус. т-раў, з 1910 у МХТ. У 1913 арганізаваў у Маскве Вольны т-р, у якім імкнуўся стварыць атмасферу святочнай урачыстасці, ажыццявіць ідэю сінт.тэатр. мастацтва. З 1918 камісар т-раў Кіева. У 1919 паставіў героіка-рамантычны спектакль «Фуэнтэ авехуна» Лопэ дэ Вэгі. У 1920 у Петраградзе стварыў Т-р камічнай оперы, удзельнічаў у пастаноўцы масавых тэатралізаваных відовішчаў. З 1922 вядучы дзеяч груз.т-ра, яго рэфарматар; узначальваў Т-р імя Руставелі ў Тбілісі. У 1928 у Кутаісі заснаваў драм.т-р (з 1930 у Тбілісі, з 1933 імя М.). Сярод пастановак: «Дачнікі» М.Горкага (1904, Рыга), «Гамлет» У.Шэкспіра (1925), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1929), «Дон Карлас» Ф.Шылера (1933, Малы т-р). Мастацтву М. ўласцівы асучасненае вытлумачэнне класікі, яркая тэатральнасць, выразнасць масавых сцэн. У 1916 паставіў фільм «Каханне ўсёмагутнае». У 1924—29 рэжысёр і сцэнарыст у Дзяржкінпраме Грузіі. Сярод фільмаў: «Закон і абавязак» («Амок» паводле С.Цвэйга, 1927), «Авадзень» (паводле Э.Л.Войніч, 1928) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ (Франц Андрэевіч) (каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — каля 1845),
бел. паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат. Скончыў Пінскае павятовае вучылішча (1833). Вучыўся ў Віленскай медыка-хірург. акадэміі (1833—38). Арганізаваў там нелегальнае рэв.Дэмакратычнае таварыства. У 1837 наладзіў сувязь з Ш.Канарскім, з сябрамі ўступіў у яго Садружнасць польскага народа (гл.Саюз польскага народа). Арыштаваны (1838) і высланы (1839) у салдаты на Каўказ. У 1841 уцёк, быў злоўлены, каля 2 гадоў прасядзеў у турме Ціраспаля (цяпер Рэспубліка Малдова) пад чужым імем. Аддадзены паўторна на вайсковую службу, зноў уцёк. Вясной 1844 дабраўся да Кіева. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мяст. Янушпаль (каля Бярдзічава, Украіна). Заразіўся халерай. Аўтар статута «Прынцыпы дэмакратызму», пракламацыі «Заўвагі на маральную вайну народа з дэспатызмам» (адзін з першых паліт. памфлетаў у гісторыі вызв. руху на Беларусі), мемуараў (апубл. 1876). Яго беларускамоўны верш «Там блізка Пінска...», апубл. ў мемуарах Э.Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), прасякнуты антыпрыгонніцкімі матывамі.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961;Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971; Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій
(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),
бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».
Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717 1.12.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795 24.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВА (Аляксандра Іванаўна) (н. 1.10.1921, с. Затаболаўка Кустанайскага р-на, Казахстан),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1963). Нар.арт.СССР (1969). Скончыла Маск. тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1949, педагог В.Пашэнная). Працавала ў т-рах Адэсы, Кіева, Харкава. З 1956 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі, адначасова ў 1981—88 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выканаўца драм. роляў. Набыла вядомасць выкананнем ролі Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» У.Вішнеўскага. Лепшым работам уласцівы рамантычная ўзрушанасць, дакладнасць псіхал. малюнка, глыбіня і сіла эмоцый: Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Жанчына ў белым («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Жанчына («Вяртанне ў Хатынь» А.Адамовіча), Рашэль («Васа Жалязнова» М.Горкага), Ларыса («Беспасажніца» А.Астроўскага), Таланава («Нашэсце» Л.Лявонава), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.Салынскага), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.Гібсана), прынцэса Касманаполіс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса). Знялася ў кінафільмах «Каранцін», «Вытокі», «Залаты ганак», «Таму што кахаю», «Па сямейных абставінах», «Радуніца», «Эпілог», «Хэпі энд», «Сыны ідуць у бой», у тэлефільмах «Побач з вамі», «Уся каралеўская раць», «Па сакрэту ўсяму свету», «Атланты і карыятыды», «Шапка Манамаха» і інш. Пра К. створаны хранікальна-дакумент. фільмы «Актрыса — мая прафесія», «Апошні спектакль», «Па той бок люстэрка».
Літ.:
Сабалеўскі А.В. Ад п’есы да спектакля. Мн., 1965. С. 95—101.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ ((Rydz-Śmigły) Эдвард) (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.
Літ.:
Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Юрый) (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.