КАРЭ́ННАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
этнічныя супольнасці, якія сфарміраваліся на пэўнай тэрыторыі (гл. Абарыгены) ці насяляюць гэтую тэрыторыю на працягу многіх пакаленняў і звязаны з ёй трывалымі эканам., сац., культ. і інш. адносінамі. Фарміруецца на працягу многіх соцень гадоў. Блізкае паняцце — аўтахтоннае (спрадвечнае) насельніцтва. Беларусы — К.н. Беларусі.
т. 8, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
недзярж. грамадска-паліт. газета. Выдаецца з ліп. 1995 у Мінску штодзённа на бел. і рус. мовах. Заснавальнік І.Сярэдзіч. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і духоўнага жыцця рэспублікі, інфармуе пра мясц. і сусв. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі Беларусі, праблемах нац. адраджэння.
т. 11, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ТРЫБУ́НА»,
штотыднёвая грамадска-паліт. газета, орган Брэсцкага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць са снеж. 1990 у Брэсце на бел. мове, са студз. 1993 — на бел. і рус. мовах. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Брэстчыны і рэспублікі, асвятляе міжнар. падзеі.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ДЗЯРЖА́Ў ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ (Association of South Asian Nations; АСЕАН),
рэгіянальная палітычна-эканамічная арг-цыя. Засн. ў 1967. Удзельнікі: Інданезія, Малайзія, Сінгапур, Тайланд, Філіпіны, Бруней (з 1984). Мэта: эканам., сац., культ. і паліт. супрацоўніцтва. Вышэйшы орган — нарада міністраў замежных спраў, дзейнічае пастаянны сакратарыят у Джакарце (Інданезія).
т. 2, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЫ́Н, Цзілінь,
горад на ПнУ Кітая ў правінцыі Гірын. Засн. ў 1673. Каля 1,5 млн. ж. (1994). Порт на р. Сунгары. Вузел чыгунак і аўтадарог. Культ. і навук. цэнтр. Прам-сць: хім. (угнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, хім. валокны), дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, алюм., маш.-будаўнічая.
т. 5, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДЗА́ВА,
горад у Японіі, на в-ве Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Ісікава. 443 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прамысл. і культ. цэнтр эканам. раёна Хакурыку. Прам-сць: тэкст., швейная, хім., тэкст. і с.-г. машынабудаванне. Вытв-сць высакаякаснага фарфору і лакавых вырабаў. Ун-т. Нац. парк Кенроку.
т. 7, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАЛО́ГІЯ (ад грэч. karpos плод + ...логія),
раздзел марфалогіі раслін, які вывучае плады і насенне, іх марфагенез, будову, фізіял. працэсы, метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу і інш. Займаецца стварэннем генет. класіфікацыі, складаннем вызначальнікаў пладоў і насення раслін, якія засмечваюць насенны матэрыял. Насенне культ. раслін вывучае таксама насенняводства.
т. 8, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе.
Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.
У.В.Мальцаў.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)