C33H34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНБУРЫ́Т (ад назвы месца першай знаходкі ў Данберы, штат Канектыкут, ЗША),
мінерал падкласа борасілікатаў, борасілікат кальцыю, Ca[B2Si2O8] Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, зярністыя агрэгаты. Бясколерны, шэра-белы, буры. Бляск шкляны. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3 г/см³. Буйныя намнажэнні ў скарнах, пашыраны ў мармурах, нізкатэмпературных жылах з кальцытам і кварцам Выкарыстоўваецца як вырабны камень і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),
мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАХЛОРЭТА́Н,
хлорзамешчаны этан CCl3—CCl3. Бясколерныя крышталі са слабым пахам камфары, tпл 187 °C (у закрытым капіляры), tкіп 185, 6 °C (вазганяецца), шчыльн. 2091 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хладону-113, як інтэнсіфікатар свячэння піратэхн. саставаў, дымаўтваральнік (у сумесі з некат. металамі), у медыцыне (процігліставы сродак). ГДК 10 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗУМРУ́Д, смарагд,
мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАХЛО́Р (ад грэч. klinō нахіляю + chlōros зялёны),
мінерал з групы хларытаў, гідраксідалюмасілікат жалеза і магнію. Прыблізны хім. састаў (MgFe)4,75Al1,25[Al1,25Si2,75O10](OH)8. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі псеўдагексаганальныя, лускаватыя. Часцей утварае дробналускаватыя агрэгаты. Колер ад цёмнага шэра-зялёнага да светлага аліўкава-зялёнага. Празрысты ў тонкіх пласцінках. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Тыповы мінерал хларытавых сланцаў і многіх інш. горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНГУ́РСКАЯ ПЯЧО́РА,
карставая пячора на Сярэднім Урале каля г. Кунгур, у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. да 5,6 км. 58 гротаў (найб. грот Географаў, даўж. 155 м) і каля 60 азёр. Утварылася ў гіпсах і ангідрытах. Кальцытавыя, гіпсавыя і ледзяныя ўтварэнні: сталактыты, сталагміты, сталагнаты і асобныя крышталі. Гроты Брыльянтавы, Палярны з ледзянымі ўтварэннямі, размешчаны каля ўвахода. Помнік прыроды. Пячора электрыфікавана. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́ЗЫ,
простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).
Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.