АРАКІШВІ́ЛІ (Аракчыеў) Дзмітрый Ігнатавіч

(23.2.1873, Уладзікаўказ — 13.8.1953),

грузінскі кампазітар, музыказнавец. Нар. арт. Грузіі (1929). Акад. АН Грузіі (1950). Скончыў Маскоўскае муз.-драм. вучылішча (1901), археал. ін-т (1917). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі ў Маскве (1906). Праф. і дырэктар Тбіліскай кансерваторыі (з 1921). Адзін з заснавальнікаў груз. нац. муз. школы і фалькларыстыкі, стваральнік жанру груз. класічнага раманса. Сярод твораў: адна з першых груз. опер «Паданне пра Шата Руставелі» (1919), 3 сімфоніі, хары і інш. Сабраў і апублікаваў больш за 500 груз. нар. песень і інстр. мелодый. Аўтар прац аб груз. музыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШРАФІ́ Мухтар Ашрафавіч

(11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),

узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1973.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБЕР (Barber) Сэмюэл

(9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́НІС (Albéniz) Ісаак Мануэль Франсіска

(29.5.1860, г. Кампрадон, Каталонія — 18.5.1909),

іспанскі кампазітар і піяніст. Вучыўся ў А.Мармантэля, Ф.Ліста (фп.), Ф.Педрэля (кампазіцыя). Буйнейшы прадстаўнік ісп. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. Стваральнік нац. ісп. стылю, заснаванага на фалькл. рытмах і інтанацыях у спалучэнні з новымі прыёмамі пісьма. Расшырыў выразныя магчымасці фп.

Сярод тв.: оперы «Магічны апал» (1893), «Пепіта Хіменес» (1896), рапсодыя для арк. «Каталонія»; сарсуэлы; каля 300 тв. для фп., у т. л. «Іспанская сюіта», «Іспанія», «Іспанскія напевы» (5 п’ес), «Іберыя» (12 п’ес); рамансы, песні, балады і інш.

Літ.:

Вайсборд М. Исаак Альбенис. М., 1977.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКО́Ў Генадзь Ігаравіч

(н. 18.2.1935, Масква),

рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). Працуе пераважна ў муз.-сцэн. жанрах. Аўтар оперы «Старэйшы сын» (паст. 1984), балетаў «Вій» (1984), «12 крэслаў» (1985), аперэты «Тры Іваны», мюзіклаў «Брэменскія музыканты» (1968), «Тэмп—1929» (1971), «Дульсінея Табоская» (1972), «Тыль» (1974). Сярод інш. твораў: араторыя; кантаты; сімфанічныя, харавыя творы; музыка для дзяцей, да кіна- і мультфільмаў (больш за 100), драм. спектакляў (больш за 30). Яркі меладыст, у папулярных жанрах арыентуецца на класічныя традыцыі.

Літ.:

Федосова Э. Геннадий Гладков // Композиторы Москвы. М., 1980. Вып. 2.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ДЭ (Gade) Нільс Вільгельм

(22.2.1817, Капенгаген — 21.12.1890),

дацкі кампазітар, скрыпач, арганіст, дырыжор. Прадстаўнік муз. рамантызму. Канцэртаваў як скрыпач у Швецыі і Нарвегіі. У 1844—48 2-і дырыжор аркестра Гевандхаўза і выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. З 1850 кіраваў у Капенгагене муз. т-вам, дырыжыраваў сімф. канцэртамі. Адзін з заснавальнікаў і дырэктар (1867—90) Капенгагенскай кансерваторыі. Найб. значныя сімф. і вак.-сімф. творы (1-я і 8-я сімфоніі, сімф. уверцюры «Водгукі Асіяна» і «Гамлет», кантаты «Дзіця эльфаў» і «Камала»). У многіх творах выкарыстоўваў інтанац. строй дацкіх нар. песень. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё муз. культуры Даніі.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЬКЕ́ВІЧ Канстанцін Фёдаравіч

(24.12.1905, г. Адэса, Украіна — 24.2.1984),

украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Адэскі муз.-драм. ін-т (1929). З 1929 выкладаў у Адэскай (праф. з 1948, рэктар у 1944—51), у 1953—69 — у Кіеўскай кансерваторыях. У 1956—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Сярод твораў: оперы «Трагедыйная ноч» (1935), «Багдан Хмяльніцкі» (1951), «Назар Стадоля» (1960), балет «Лілея» (1939); 2 сімфоніі; сімф. паэма «Тарас Шаўчэнка», (1939), камерныя, хар. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1978.

Літ.:

Михайлов М.М. Констянтин Данькевич. 2 вид. Київ, 1974.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЭ́Н (Dassin) Джо

(5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́РЫК Яўген Рыгоравіч

(н. 2.12.1924, г. Пржавальск, Кыргызстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас А.Багатырова), з 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. жанры творчасці камерна-інстр. і камерна-вакальныя. Сярод твораў: кантата «Радзіма» на словы Я.Коласа (1954), «Карнавальная сюіта» (1959), паэмы «Мора», «Світанне» (1960), «Палессе» (1962) для сімф. арк.; рапсодыя на тэмы бел. нар. песень для цымбалаў з арк. (1962), уверцюра (1964), «Беларуская сюіта» (1964); п’есы для аркестра бел. нар. інструментаў; камерна-інстр. ансамблі і п’есы; вак. цыклы на словы М.Багдановіча, Ш.Пецёфі, А.Міцкевіча, М.Хведаровіча; хар. цыкл «Ляцяць песні над Белай Руссю» на словы нар. і Я.Купалы.

Р.М.Аладава.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯРДО́-ГАРСІ́Я (Viardot-Garsia) Паліна Мішэль

(18.7.1821, Парыж — 17/18.5.1910),

французская спявачка (мецца-сапрана), кампазітар. Дачка і вучаніца ісп. спевака М.Гарсія, сястра М.Малібран. Вучылася ў Ф.Ліста (фп.). У 1839—63 салістка Італьян. оперы ў Парыжы. Выступала на буйнейшых сцэнах Еўропы. Яе творчасць вылучалася віртуознай тэхнікай, глыбокім і экспрэсіўным увасабленнем муз.-сцэн. вобразаў: Сафо («Сафо» Ш.Гуно), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.Глюка), Разіна, Папялушка, Дэздэмона («Севільскі цырульнік», «Папялушка», «Атэла» Дж.Расіні). Выкладала ў Парыжскай кансерваторыі (1871—75). Сярод яе вучняў Д.Арто. Аўтар камічных опер на лібр. І.С.Тургенева, рамансаў.

Літ.:

Розанов А. Полина Виардо-Гарсиа. 3 изд. Л., 1982.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)