БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
І.І.Леановіч.
т. 3, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСФЕ́РА (ад гідра... + сфера),
сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв. ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн. км³, з іх 1338 млн. км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн. км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн. км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн. км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн. км³ у атмасферы і каля 0,001 млн. км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн. км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.
В.В.Дрозд.
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),
навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.
Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.
Літ.:
Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;
Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.
У.С.Вайценка.
т. 5, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
М.У.Паўлюкевіч.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гідрааку́стыка
(ад гідра- + акустыка)
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджанне гуку ў вадзе; мае важнае значэнне для гідралакацыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрааэрадро́м
(ад гідра- + аэрадром)
аэрадром для гідрасамалётаў на ўчастку воднай паверхні з прылеглай да яго берагавой паласой.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрагеало́гія
(ад гідра- + геалогія)
навука аб падземных водах, іх паходжанні, руху, фізічных уласцівасцях, хімічным саставе, заканамернасцях распаўсюджання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрадына́міка
(ад гідра- + дынаміка)
раздзел гідрамеханікі, які вывучае рух несціскальнай вадкасці і яе ўзаемадзеянне з цвёрдымі целамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідраінтэгра́тар
(ад гідра- + інтэгратар)
вылічальная машына, дзеянне якой заснавана на матэматычнай аналогіі даследуемых працэсаў і гідраўлічных з’яў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідракіне́тыка
(ад гідра- + кінетыка)
раздзел гідрадынамікі, які вывучае рух вадкасці з улікам сіл, якія на яе ўздзейнічаюць.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)