ГЛО́СА (ад грэч. glōssa мова, гаворка),

1) у антычнасці рэдкаўжывальнае, незразумелае слова ў пісьмовым помніку, якое патрабавала тлумачэння.

2) Тлумачэнне або пераклад незразумелага слова на палях ці паміж радкамі рукапісу, друкаванага выдання. Існавалі зборы глос з адпаведнымі каментарыямі да іх (гл. Гласарый). У сярэднія вякі глосы выкарыстоўвалі пры тлумачэнні біблейскіх і юрыд. тэкстаў. У бел. пісьменства глосы ўвёў Ф.​Скарына. Рыхтуючы да друку Біблію, «Псалтыр», «Апостал» і «Малую падарожную кніжыцу», ён імкнуўся зрабіць іх зразумелымі для простых людзей, таму ў якасці глосы браў словы жывой нар. мовы («кивотъ — скриня», «Сионъ — гора»). Скарынінскую традыцыю прадоўжылі С.​Будны ў «Катэхізісе», В.​Цяпінскі ў «Евангеллі» і інш. 3) Цвёрдая форма верша ў ісп. паэзіі 14 — 17 ст. — верш з некалькіх строф (звычайна 4 дзесяцірадкоўяў з эпіграфам, які складаецца з апошніх радкоў кожнай страфы і тлумачыцца наступнымі строфамі. У бел. паэзіі класічную форму глос у аднайменным вершы выкарыстаў С.​Кавалёў.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,

«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.

Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс. чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.​Смоліч, С.​Некрашэвіч, М.​Гарэцкі, І.​Пятровіч, М.​Доўнар-Запольскі, У.​Ігнатоўскі, М.​Мароз, М.​Мялешка, Я.​Дыла, Я.​Ракаў, Д.​Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ (Мадэст Іванавіч) (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),

рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.​Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.​Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Равякін («Журба» І.​Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала [Ядвіся], куды едзе, і сама не падпісалася... Колас. Аўтар чамусьці не падпісаўся і не падаў свайго адраса. Рэдактар пакруціў канверт — адваротнага адраса і там не было. Грамовіч.

2. Заключыць умову на дастаўку, прысылку падпіснога выдання, унёсшы пэўную плату. Падпісацца на збор твораў. Падпісацца на газету «Звязда». // Выказаць жаданне на ўдзел у зборы якіх‑н. сродкаў, ахвяраванняў і пад. Падпісацца на пазыку.

•••

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым — ахвотна і поўнасцю згадзіцца з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

rocznik

м.

1. год нараджэння; пакаленне; вайск. штогодні кантынгент прызыўнікоў;

2. штогоднік;

rocznik statystyczny — статыстычны штогоднік;

3. камплект перыядычнага выдання за год;

4. ~i мн. летапіс; хроніка

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.​Л.​Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),

бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.​Леклерка і Н.​Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.​Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.

А.​М.​Пікулік.

М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),

1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).

2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.​Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.​Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.​Рэдэр, у 1943—45 К.​Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).

Літ.:

Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЫ́НДА (Памва) (? — 23.7.1632),

дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш. Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.​Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

М.​Р.​Суднік.

П.Бярында. «Лексіконъ...» (Куцейна, 1653).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)