Такі, як шацёр; з вялікай разгалістай кронай (пра дрэва). Замест вежы аказалася шатрыстая елка, а рэшта складалася з купкі дрэваў і ўзгорка, якія стаялі на далёкай адлегласці адны ад другіх.Колас.Пад’язджаючы да самага Мінска, юнакі заўважылі, што ў прысадах багата дрэў грэцкага арэха, які ім добра знаёмы па малюнках. Спыніліся і тут, палюбаваліся ягонымі выразнымі лістамі, гронкамі буйных арэхаў, зерабнымі, шатрыстымі крокамі.Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн, Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
танк1, ‑а, м.
Баявая бронемашына на гусенічным хаду з вялікай праходнасцю, якая ўзброена пушкай і кулямётамі, устаноўленымі ў рухомай гарматнай вежы. Танк-амфібія. □ Грозныя танкі «Т–34» ішлі з завода проста ў бойку.Кулакоўскі.
[Англ. tank.]
танк2, ‑а, м.
Спецыяльна абсталяваны бак, цыстэрна для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей. Танк для захоўвання малака.
•••
Танк-паравоз — паравоз, у якога запасы вады і паліва знаходзяцца не ў тэндэры, а ў баках на самой машыне.
[Англ. tank.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ ЗА́МАККазьянская крэпасць.
Існаваў у 16 ст. на Пн ад в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1563 у час Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду Івана Грознага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50 × 120 × 110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі 2-схільнымі дахамі па вуглах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад 2-схільным крыццём) з прамавугольнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтр. частку ўнутр. прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С.Пахалавіцкага (1579).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
А.І.Валахановіч.
Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.Орды. 1876.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.