КАРАВАДЖЫ́ЗМ,

кірунак у еўрап. жывапісе 17 ст., прадстаўлены паслядоўнікамі М.Караваджа. Процістаяў акадэмізму і барока. Мастакі-караваджысты ўспрынялі ад Караваджа шэраг фармальных патрабаванняў (натуралізм, адлюстраванне фігур у сапраўдны памер, экспрэсію святлаценю, імкненне да манументалізацыі жанравых матываў) і іканаграфічных тэм (сцэны ў карчме, ігра на лютні, варажбіткі), што выяўлялася ў дыяпазоне ад свабоднай трактоўкі яго сюжэтаў да дакладнага капіравання жывапіснай манеры. Пашыраны ў Італіі (А.Джэнтылескі, К.​Сарачэні, Дж.​Б.​Карачола, Л.​Спада, Б.​Манфрэдзі), Галандыі (Х.​Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст, Д. ван Бабюрэн), Фландрыі (Т.​Ромбаўтс, А.​Янсенс), Францыі (Валантэн дэ Булонь, С.​Вуэ), Іспаніі (Х.Рыбера), Германіі (А.​Эльсхаймер) і інш.

Да арт. Караваджызм. Валантэн дэ Булонь. «Варажбіткі».

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.​К.​Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.

В.​В.​Церашчатава, А.​М.​Кулагін.

Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСТА́ЎКА ў кніжнай графіцы,

невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.​Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.

Застаўка з рукапісу 11 ст.
Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.
Застаўка з «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1518.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙМАН, Нёйман (Neumann) Іаган Бальтазар (хрышчоны 30.1.1687, г. Хеб, Чэхія — 19.8.1753), нямецкі архітэктар; прадстаўнік позняга барока і ракако. Па прафесіі ліцейшчык. З 1719 архітэктар епіскапа верцбургскага. Працаваў у паўд. і зах. гарадах Германіі, пераважна ў Вюрцбургу. Гал. твор Н. — епіскапская рэзідэнцыя (1719—53) вылучаецца смеласцю канстр. вырашэнняў (лесвіца рэзідэнцыі з размалёўкамі Дж.​Цьепала), арганічнасцю спалучэння жывапіснага і скульпт. дэкору з унутр. прасторай будынка (Кайзерзаль з размалёўкамі Цьепала). Аўтар праектаў больш за 100 цэркваў, у т. л. паломніцкай у Фірцэнгайлігене (1743—71), манастырскай у Нерэсгайме (пачата ў 1745); палаца ў Вернеку (1733—37), жылых дамоў, мастоў, плошчаў.

І.Нойман. Епіскапская рэзідэнцыя. 1719—53.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжская Слуцкая брама.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮКА́РНА (франц. lucarne ад лац. lux святло) у архітэктуры, невялікі аконны праём на даху (слыхавое акно), купальным пакрыцці, тымпане франтона або шчыта будынка. Прызначана для частковага асвятлення гарышча, падкупальнай прасторы і інш. памяшканняў, мае таксама дэкар. значэнне. З’явілася ў архітэктуры стылю готыкі, пашырана ў манум. мураваных і драўляных палацавых, сядзібных, грамадз., культавых збудаваннях стыляў барока, класіцызму. Бываюць стральчатыя, круглыя, паўкруглыя, лучковыя, авальныя і інш. Афармляліся ліштвамі з гірляндамі, валютамі, карнізамі, франтончыкамі. Як функцыян. і дэкар. элементы выкарыстоўваліся ў архітэктуры 1950-х г. (будынак гар. універмага ў Мінску).

А.​М.​Кулагін.

Люкарна на галоўным фасадзе гарадскога універмага ў Мінску.
Люкарна на фасадзе палаца Браніцкіх у Варшаве.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНІ́ЗМ (італьян. marinismo),

літаратурны кірунак у еўрап. (пераважна італьян.) барока. Пачынальнік — італьян. паэт Дж.Марына. Адметныя рысы — пластычнасць, музыкальнасць, жывапіснасць дэталяў, мудрагелістая метафарычнасць, гульня слоў, парадаксальнасць мыслення, імкненне да складанай і дасканалай формы. Для М. характэрна таксама спалучэнне звышэмацыянальнасці з інтэлектуальнай перанасычанасцю, напружанай трагічнасці з геданізмам, рэзкая кантрастнасць, што вынікала з антынамічнасці светаўспрымання і вобразнага мыслення. Найб. вядомыя паэты-марыністы: К.​Акіліні, Дж.​Прэці, Дж.​Артале. М. паўплываў на Дж.Дона і англ. паэтаў-кавалераў («каралінская школа»), на франц. прэцыёзную л-ру (В.Вуацюр, М. дэ Скюдэры), на л-ру ліберцінажу (Т. дэ Віо, С.Сірано дэ Бержэрак), на т.зв. другую сілезскую школу ў Германіі (К.Г. фон Гофмансвальдаў).

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТА ((Porta) Джакама дэла) (каля 1540, Рым — 1602),

італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.​Фантанам).

Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХ у архітэктуры,

пірамідальнае, купальнае або яруснае завяршэнне будынкаў, звычайна раскрытае ў інтэр’ер. Шырока вядомы ў культавай архітэктуры многіх краін Еўропы, у 15—19 ст. быў адметнай рысай храмаў Беларусі, Расіі, Украіны. У мураванай архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. у выглядзе барабанаў на ветразях і ступеньчатых арках (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку). У архітэктуры Адраджэння (16 — 1-я пал. 17 ст.) купальны верх звонку аздаблялі аркатурай і інш. (кальвінскі збор у Смаргоні). У архітэктуры барока і класіцызму верх набыў стройныя прапорцыі, упрыгожваўся скульптурай і жывапісам (фарны касцёл у Нясвіжы, Петрапаўлаўскі касцёл у Гомелі і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. верх шырока выкарыстоўвалі ў культавых будынках стыляў псеўдарускага і «мадэрн» (Сімяонаўская царква ў Брэсце, мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на). У драўляным дойлідстве Беларусі вядомы з 16 ст. (Успенская царква Ляшчынскага манастыра пад Пінскам). Звычайна меў вянковую канструкцыю. Архаічныя вярхі пірамідальныя (Георгіеўская царква ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на). У 18 ст. пад уплывам барока пашырыліся ярусныя вярхі (асн. тыпы: чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і васьмярык на чацверыку), у якіх выкарыстоўваліся канструкцыі заломаў і ветразяў (цэрквы Ільінская ў Віцебску, Міхайлаўская ў в. Рубель Столінскага, Мікалаеўская ў в. Старая Беліца Гомельскага р-наў і інш.). Часта завяршаўся верх купалкамі, вежачкамі, крыжамі, шпілямі і інш.

Ю.​А.​Якімовіч.

Асноўныя тыпы драўляных вярхоў (у разрэзе): 1 — чацвярык на чацверыку, з заломам; 2 — васьмярык на чацверыку, з ветразямі; 3 — васьмярык на чацверыку, з заломам і ветразямі; 4 — на дзвюх падоўжных бэльках.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)