Ко́кат ’тоўсты сук у вілаватым дрэве’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), ’грэбень у пеўня’ (Мат. Гом.). Гл. кокаць. Відавочна, тут аб’ядналіся формы рознага паходжання. Кокат ’грэбень у пеўня’ да прасл. kokotъ ’певень’ (параўн. рус. кокот ’певень’ і серб.-харв. ко̏кот ’тс’). Кокат ’тоўсты сук у вілаватым дрэве’ да прасл. kogъtь (рус. кокот ’кіпцюр’, ’вілы’, ’разгалінаваны сук’) (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 10, 117–118). Беларускі матэрыял прадстаўлены ў Парукаў, Бел. М, 6, 26.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парча́ ’тканіна са складаным узорам з шаўковай асновай і залатым або сярэбраным (або імітаваным пад золата ці серабро) узорам’. Рус., укр. парча́ ’тс’. У запазычаннях ст.-бел. м. не адзначаецца, таму, відаць, у бел. м. з рус. Лічыцца запазычаннем з тат. parča ’парча, узор’ (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 140, 232; Праабражэнскі, 2, 19). Паводле Гомбаца (RS, 7, 187), тут ст.-цюрк. аснова, што і ў кірг. barča ’шаўковая тканіна’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 210.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пацёхціся ’пачаць расці’ (пух., Сл. ПЗБ). З пух. цёхці ’цягнуць’ (там жа), якое з цесці ’тс’. Да прасл. tęg‑nę‑ti > бел. цягнуць. Форма цёгці ўтварылася паводле ўзору могці ’магчы’, лягці ’легчы’. Спрацаваў у адваротным кірунку закон якання: ‑я‑ (у цягнуць) у I складзе перад націскам і ‑ё‑ пад націскам, хаця гістарычна тут павінна было б быць ‑я‑ (з прасл. ‑ę‑), як пяць, мяса, цягнуць і інш. Развіццё семантыкі: ’цягнуцца’ > ’пачаць расці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Про́сва, про́соўка ’жалезны шворань, прэнт для закрывання аканіц’ (ТСБМ, Мік., Нас.). Рус. просо́в, просо́ва, просо́вка ’засаўка для закрывання аканіц або дзвярэй’, балг. про́сва. Да прасо́ўваць, сунуць. Пытанні выклікае просва. Паколькі прасл. *sovati, sujǫ ў слав. мовах не мае нулявой агаласоўкі кораня, то, мабыць, тут адбылося пераўтварэнне па аналогіі тыпу про́шва, вы́спа і г. д. або моцная рэдукцыя паслянаціскнога галоснага. Варбат (Морфонология, 89) бачыць у гэтым слове рэфлекс старажытнага каранёвага імя і ўзнаўляе прасл. *prosъva.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыгле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і прыглядзе́цца, ‑гляджуся, ‑глядзішся, ‑глядзіцца; зак.
1. Уважліва паглядзець, каб добра ўбачыць, разгледзець. Нарэшце, салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло.. ліхтарыкаў. Чорны. [Дзімін:] — Во сіла, думаю, выпірае з зямлі. Такі пласт падняла і прабівае яго. Што гэта можа быць? Прыгледзеўся, ажно адуванчык. Карпаў. — Працёр вочы, каб, значыць, лепей прыелядзецца і тут табе ўсё. Праехалі. Ракітны. // Уважліва вывучыць, даследаваць што‑н., паназіраць за чым‑н. На разведку выйшлі загадзя, мяркуючы яшчэ завідна падысці да вёскі, спыніцца непадалёку ад яе, добра прыгледзецца, раней чым прабірацца ў гарнізон. Шахавец. — Дарафей Іванавіч, праект скласці не так проста. Прыгледжуся, прыкіну, тады скажу. Дуброўскі. І калі прыглядзецца, прыслухацца да гэтай нарады збоку, нават не падумаеш, што тут штаб вялікай шматгаліннай гаспадаркі. Карпюк.
2. да каго-чаго і без дап. Асвойтацца з кім‑, чым‑н., прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. [Ярохін] вельмі хутка, прыгледзеўшыся да людзей і абставін, паставіў перад сабой мэту і ўпарта.. дамагаўся яе ажыццяўлення. Шамякін. // каму і без дап. Надакучыць, абрыдзець, перастаць цікавіць. — Абрыдла, брат, мне тут. Ўсё прыгледзелася і прыелася. Колас.
3. Прывыкнуць глядзець у якіх‑н. умовах (звычайна ў цемры). Вочы прыгледзеліся ў пацёмках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.
1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.
2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́тык, ‑а, м.
1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.
2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.
3. Уст. Палітычны зняволены.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. парос, ‑расла, ‑расло; зак.
1. Расці, павялічвацца ў росце некаторы час.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павырастаць, вырасці. [Марыля:] — Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан. / Аб раслінах, пладах. Побач з хвоямі параслі кучаравыя бярозкі. Шамякін. У пояс верасы тут параслі, А сосны цесна паспляталі рукі. Свірка.
3. чым. Пакрыцца расліннасцю, зарасці, пазарастаць. Партызанскія акопы Параслі травой, Ягаднікам, верасамі, Хвояй маладой. Танк. Для засады гэта была даволі зручная мясціна: тут крутыя [абочыны] густа параслі арэшнікам і ельнікам. М. Ткачоў. // Абрасці (валасамі). У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк.
•••
Парасці быллём — тое, што і зарасці быллём (гл. зарасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурм, ‑у, м.
1. Рашучая, напорыстая атака ўмацавання, апорнага пункта праціўніка. Па ўсім было бачна, што фашысты рыхтуюць штурм крэпасці. Кухараў. Пры штурме варожых акопаў смерцю смелых загінуў.. камісар. Брыль. // перан. Рашучы наступ на што‑н. для авалодання, асваення. Ішлі вы [камсамольцы] з песняй, як разводдзе, На штурм скал і дзікіх гор. Колас. Савецкія людзі спакойна і ўпэўнена рыхтуюць новы штурм сусветнай прасторы. «Звязда». Язда дасветнаю парою спрошчана: Ні штурмаў у дзвярах, ні таўкатні. Калачынскі. // перан. Рашучы, напорысты, актыўны наступ з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Капіталізм быў знішчаны штурмам, напорам рэвалюцыйных мас. Пшыркоў.
2. Разм. Тое, што і штурмаўшчына. Народу завіхалася тут [на месцы аварыі] не шмат, і ніякіх прыкмет штурму Лесавец не заўважыў; работа як работа; няхай ноч, няхай сцюжа, кожны, хто быў тут, ведаў, што яму рабіць. Хадкевіч.
[Ням. Sturm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс. ж. (1995).
Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс. чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)