РУМЫ́НІЯ (România),

дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м. Пл. 237,5 тыс. км². Нас. 22 411,1 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г. Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст. адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.

Прырода. Каля ​2/3 тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд. Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУ Ніжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн. р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.

Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс. ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э. асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн. Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст. н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх. ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час. Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах. ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс. н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх. ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст. венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст. Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст. самаст. феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн. Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт. Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.

Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст. тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр. Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.​Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.​Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.​Дз.​Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на ​2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.​Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.​І.​Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.​Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.​К.​Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.

У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч. тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн. чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс. чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.​Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс. сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн. га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум. Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.​Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл. Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум. камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.​Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд. дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.​Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.​Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.​Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл. ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл. Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.​М.​Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш. Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац. прафс. канфедэрацыя «Альфа».

Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс. дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн. чал. сталі ўласнікамі ​2/3 с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн. т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд. м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн. т кам., 4,3 млн. т каксавальнага, 23,4 млн. т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн. кВтгадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн. т чыгуну і 6,3 млн. т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс. т), цынку (25,6 тыс. т), медзі (19,1 тыс. т), алюмінію (164 тыс. т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн. т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс. т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн. м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс. м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс. т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн. т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс. т мяса, 36,1 тыс. т маргарыну, 7 тыс. т масла, 37 тыс. т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн. га зямель, у т. л. 9,7 млн. га пад ворывам, 5 млн. га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн. га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн. с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс. т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс. т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс. км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд. дол., імпарт 9,6 млрд. дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд. дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн. дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс. чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс. чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс. чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс. чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж. мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч. г. ў Р. каля 14 тыс. пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж. ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж. ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр. дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.​Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр. паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум. АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.​М.​Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.

Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л. слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.​Урэке, М.​Касціна, І.​Некулчэ, К.​Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.​К.​Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.​Міку-Клейн, Г.​Шынкай, П.​Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум. л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.​Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.​Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.​Асакі і І.​Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.​Александры, М.​Эмінеску, Дз.​Балінтыняну, В.​Кырлава, К.​Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс. сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.​Кагэлнічану, А.​Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.​Філімона, творы І.​Л.​Караджале, Дж.​Кошбука, І.​Крангэ, І.​Славіча, Б.​Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.​Л.​Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.​Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.​Садавяну, І.​Агырбічану, Л.​Рэбрану, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, Г.​Пападат-Бенджэску, Дж.​Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.​Мачэдонскі), пантэізм (Л.​Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.​Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет. л-ра (проза А.​Сахіі, Дж.​Богзы, паэзія М.​Бенюка, Э.​Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, З.​Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.​Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.​Паповіча, М.​Прэды, Э.​Барбу, паэзія М.​Бануш, Р.​Баўрану, драматургія А.​Барангі, Х.​Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.​Р.​Папеску, Ф.​Нягу, Н.​Веля, паэты Н.​Стэнеску, М.​Сарэску, А.​Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.​Бэнулеску, Нягу, А.​Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.​Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.

На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, М.​Танка, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, Г.​Далідовіча, В.​Іпатавай і інш. бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.​Ткачоў, Г.​Шаранговіч, У.​Лапцёнак, Я.​Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.​Дынеску, Крангэ, Д.​Крэснару, Кэлінеску, Г.​Маярэску, І.​Мірчы, Паповіча, М.​Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.​Стайчэску і перакладчык Т.​Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.​Бачыла, Т.​Бондар, А.​Бутэвіч, А.​Вярцінскі, М.​Гіль, С.​Законнікаў, У.​Казбярук, М.​Мятліцкі, В.​Нікіфаровіч, П.​Прыходзька, Я.​Семяжон і інш.

Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.​Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г. арх. І.​Мінку звярнуўся да традыцый рум. нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.​Чэркез, І.​Д.​Берындзей, А.​Сэвулеску, Н.​Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.​Крангэ, Д.​Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац. т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар. арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.​Маўльберч, І.​Н.​Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.​М.​Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.​Палкоўнікула, Г.​Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.​Негуліч, Б.​Іскавеску, Т.​Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.​Д.​Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.​Грыгарэску, І.​Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр. нац. ідэаламі (Ш.​Лук’ян, Г.​Петрашку, Т.​Паладзі, К.​Рэсу, Ш.​Дымітрэску, Н.​Таніца, Ф.​Шырата, Дз.​Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.​Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.​Пачура), неакласіцызму (І.​Жаля, О.​Хан, К.​Медра), сімвалізму (К.​Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.​Жыкідзі, І.​Рос, Н.​Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.​Баба, М.​Бунеску, Х.​Катарджы, А.​Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.​Піліуцэ, Б.​Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.​Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.​Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.​Геаргіў, В.​Алмэшану), сюррэалізму (С.​Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.​Шару, В.​Мэрджынян, І.​Сэлішцяну, І.​Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.​Ангела, Р.​Ладзі, Б.​Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.​Віды, Ю.​Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.​Ірымеску, З.​Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.​Раду, Г.​Іліеску, І.​Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш. Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.​Лэўтару, Н.​Піку, Г.​Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.​Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.​Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.​Парумбеску, В.​Хірка, Л.​Віст. Вызначальнай стала опера Э.​Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.​Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.​Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.​Музічэску, Г.​Дыма, Д.​Кірыяк-Джарджэску, Г.​Куку, Я.​Мурэшыяну, І.​Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.​Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.​Кіпрыяка, Т.​Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр. т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.​Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.​Дымітрэску, Х.​Даркле, М.​Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.​Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.​Жора, жанру інстр. канцэрта — П.​Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.​Драгой, Дз.​Куклін, А.​Мендэльсон, І.​Думітрэску, А.​Зіра, М.​Андрыку, пазней С.​Тадуцэ, П.​Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.​Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.​Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар. муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.​Бугіч, А.​Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.​Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.​Сільвестры, А.​Рацыў, М.​Марбе, Ш.​Нікулеску, Т.​Олах, А.​Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.​Александрэску, М.​Басараб, Дж.​Джарджэску, Т.​Рагальскі, Сільвестры, Э.​Эленеску, піяніст Дз.​Ліпаты, скрыпачы І.​Войку, Ш.​Руха, спевакі Г.​Зобіян, Т.​Лукачу, Э.​Петрэску, М.​Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.​Балан, З.​Ванча, Р.​Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.

Тэатр. Вытокі рум. т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес. т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.​Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.​Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял. т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.​Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум. т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.​Негруцы, В.​Александры, М.​Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.​Міла) і рамант. (К.​Караджале, М.​Паскалі) кірунках. У 1877 засн. Драм. т-ва прафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст. рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.​Маналеску, А.​Раманеску, К.​Натара, А.​Пруцяну, пазней — іх вучні А.​Дэметрыядэ, Т.​Буландра і Л.​Стурдза-Буландра, Г.​Сторын і інш. На нац. тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.​Л.​Караджале, які ўзняў рум. сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.​П.​Хашдэў, А.​Давілы, Б.​Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац. т-ра П.​Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра) паўплывала творчасць А.​Антуана і К.​Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац. т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.​Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.​Петрэску, Дж.​Замфірэску, В.​Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.​Вентура, З.​Саарэ, М.​Філоці, М.​Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.​І.​Попа, А.​Майкан і інш. У 1920—30-я г. рум. т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.​Давідоглу, Х.​Лавінеску, А.​Баранга, А.​Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум. нац. т-р імя ІЛ.​Караджале, Рум. т-р імя Л.​Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.​Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.​Беліган, Х.​Папеску, Л.​Чулей, Л.​Джуржэску, Р.​Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.​Рыняну, В.​Сілвестру, М.​Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-т тэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.​Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг. тэатр. ін-т імя С.​Іштвана.

Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.​Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.​Міхаілам і Ж.​Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.​Строе, В.​Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.​Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.​Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.​Брату («Тудор», 1963), А.​Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.​Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.​Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.​Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.​Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.​Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.​Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.​Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.​Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.​Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.​Піца («Філіп добры», 1975), Л.​Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.​Агырбічану (рэж. М.​Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.​Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.​Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.​Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.​Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.​Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.​Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.​Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.​Труйка, С.​Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.​Іліешу, Ц.​Месараш, Дж.​Сегал; лепшыя акцёры — М.​Албулеску, Д.​Алцяну, М.​Барбу, І.​Бесою, Ю.​Дарые, Г.​Дынікэ, Д.​Канстанцін, М.​Паганат, С.​Паповіч, А.​Пеля, І.​Петрэску, Ф.​П’ерсік, В.​Рэбенджук, С.​Стэнкулеску, І.​Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.​Грыгарэску, Д.​Папеску, Паповіч, П.​Сэлкудзяну, М.​Геаргіў, В.​Іліў, І.​Кантакузіна, Е.​Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-т тэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.​Караджале.

Літ.:

Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;

Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;

Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;

Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр. М., 1960;

Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;

Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;

Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;

Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.​А.​Левашэвіч (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​У.​Валадковіч (музыка).

Герб і сцяг Румыніі.
Да арт. Румынія. Горад Брашоў.
Да арт. Румынія. Пасёлак у Карпатах.
Да арт. Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.
Да арт. Румынія. У Паўднёвых Карпатах.
Да арт. Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.
Да арт. Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.
Да арт. Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.
Да арт. Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.
Да арт. Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.
Да арт. Румынія. Т.​Паладзі. Ваза са сланечнікамі.
Да арт. Румынія. К.​Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.

т. 13, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЬ, Рэспубліка Беларусь,

дзяржава ў цэнтры Еўропы, на З Усх.-Еўрап. раўніны. Мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай (даўж. граніц 2969 км). Працягласць з Пн на Пд 560 км, з З на У 650 км. Пл. 207,6 тыс. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1996), гарадскога 7,1 млн. чал., сельскага 3,2 млн. чал. Дзяржаўная мова (паводле Канстытуцыі 1994) — беларуская. Па выніках рэферэндуму 1995 рускай мове нададзены роўны статус з беларускай. Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нац. банка Беларусі). У Беларусі (1996) 6 абласцей: Брэсцкая вобласць, Віцебская вобласць, Гомельская вобласць, Гродзенская вобласць, Магілёўская вобласць, Мінская вобласць; 118 раёнаў, 102 гарады, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 24 583 сельскія нас. пункты. Сталіца — г. Мінск. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня).

Дзяржаўны лад. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сацыяльная прававая дзяржава. Асн. закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэферэндуме 24.11.1996. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Прадстаўнічы і заканадаўчы орган — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам) і Савета Рэспублікі (64 члены, 56 з якіх выбіраюцца мясц. Саветамі дэпутатаў — па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска, 8 назначаюцца Прэзідэнтам). Тэрмін паўнамоцтваў Нац. сходу — 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы, іх выканаўчыя і распарадчыя органы. Судовая ўлада належыць судам. Вышэйшы суд. орган — Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь; правасуддзе пры вырашэнні гасп. спрэчак паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі — Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў ускладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

Геалагічная будова. Беларусь размешчана на З Усходне-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін); каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. пароды фундамента выходзяць на паверхню зямлі. Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою, геал. ўзрост якіх ад 3,5 да 1,6 млрд. г. Фарміраванне фундамента ў асн. закончылася ў канцы ранняга пратэразою. У залежнасці ад глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць найб. буйныя (рэгіянальныя) тэктанічныя структуры: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. ч. Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Аршанская ўпадзіна; нейтральныя, або пераходныя — Жлобінская седлавіна, Брагінска-Лоеўская седлавіна, Латвійская седлавіна, Палеская седлавіна. У межах гал. структур і зонах іх сучлянення вылучаюць вял. колькасць больш дробных структур рознага падпарадкавання (гл. схему тэктанічнага раянавання). Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў да 5—6 тыс. м укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі. Прадстаўлены адкладамі ўсіх геал. эпох, якія залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, пачкаў, тоўшчаў. Пераважаюць у складзе чахла асадкавыя горныя пароды. Большасць з іх — асадкі былых марскіх басейнаў. Істотная роля належыць кантынентальным азёрным, рачным і ледавіковым адкладам покрыўных зледзяненняў у канцы позняга пратэразою і ў антрапагене: беларускаму зледзяненню — першаму на тэр. Беларусі, бярэзінскаму зледзяненню, якое ўкрывала значную ч. яе тэрыторыі, дняпроўскаму зледзяненню — самаму магутнаму і працягламу, сожскаму, дзе ледавік утварыў самыя магутныя і вялікія ўзвышшы, і апошняму, паазерскаму зледзяненню. Вулканічныя і вулканагенныя пароды ўтвараюць 3 тоўшчы магутнасцю ў некалькі соцень метраў. Адна з іх (вендская) залягае ў ніжняй, дзве (дэвонскія) — у сярэдняй частцы платформавага чахла. Карысныя выкапні. Выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, паклады гаручых сланцаў, даламітаў, тарфяныя радовішчы. Разам з торфам вядзецца здабыча мергеляў, сапрапеляў і торфавівіяніту. Разведана больш за 300 радовішчаў легкаплаўкіх глін, больш за 100 — буд. пяскоў, каля 150 — пясчана-жвіровага матэрыялу, радовішчы буд. і абліцовачнага каменю (Мікашэвіцкае, Жыткавіцкае і інш.), жал. і рэдказямельных рудаў. Адзначаны рудапраяўленні каляровых металаў, золата, серабра, значныя запасы даўсаніту (сыравіна для атрымання алюмінію і соды), радовішчы фасфарытаў, сіліцытаў, гіпсу, глаўканіту, бурштыну.

Рэльеф. Сучасны рэльеф Беларусі раўнінны, у ім спалучаюцца плоскія, хвалістыя, узгорыстыя ўчасткі, створаныя ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных і экзагенных працэсаў. Сярэдняя вышыня паверхні складае каля 160 м, найб. — 345 м (Дзяржынская гара), найменшая адзнака — 80 м (урэз вады на р. Нёман каля граніцы з Літвой). Каля ¾ рэльефу Беларусі займаюць нізіны і раўніны, ¼ — узвышшы (разам са схіламі, рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі).

Значная роля ў фарміраванні рэльефу Беларусі належыць стараж. ледавікам, але ў зямной паверхні таксама праяўляюцца асаблівасці тэктанічнай будовы тэрыторыі. Найб. высокія ўчасткі прымеркаваны да Бел. антэклізы, раўніны і нізіны — да Прыпяцкага прагіну, Палескай і Латвійскай седлавін, Падляска-Брэсцкай упадзіны. Асн. тыпы рэльефу абумоўлены дзейнасцю стараж. ледавікоў, ледавіковых водаў, рэк, азёраў. На сучаснай паверхні вылучаюць комплексы 3 апошніх зледзяненняў (дняпроўскага, сожскага і паазерскага): канцова-марэнныя (краявыя) узвышшы і грады, спадзістахвалістыя марэнныя патокава-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны — азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя прасторы. Верхні ярус рэльефу фарміруюць канцова-марэнныя ледавіковыя ўзвышшы і грады, якія ўтвараюць субшыротныя выцягнутыя ланцугі (Браслаўскі, Віцебскі, Аршанскі, Ашмянскі, Магілёўскі і інш.). Ніжэй за ўзвышшы і грады размешчаны спадзістахвалістыя, дробнаўзгорыстыя, часам забалочаныя марэнныя і патокава-ледавіковыя раўніны (больш за 150 м над узр. м) і нізіны (менш за 150 м над узр. м.). Самы нізкі ярус займаюць азёрна-ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя, месцамі моцна забалочаныя нізіны і раўніны. На розных араграфічных узроўнях трапляюцца камы, озы, лагчыны ледавіковага сцёку, западзіны і катлавіны рознага паходжання, яры. Важнае месца ў рэльефе належыць далінам рэк. Яны маюць розны ўзрост, звычайна пойму і 1—2 надпоймавыя тэрасы, канчаткова сфарміраваліся пасля адступання паазерскага ледавіка. Рэльеф антрапагеннага паходжання (кар’еры, адвалы, дарожныя насыпы, меліярац. каналы, вадасховішчы) складае каля 5% паверхні.

Марфалагічныя асаблівасці рэльефу, яго паходжанне і геал. ўзрост дазваляюць вылучыць на тэр. Беларусі 4 (некаторыя даследчыкі вылучаюць 3 або 5) геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, Перадпалессе, Палескую нізіну. Для Бел. Паазер’я характэрна вял. колькасць азёраў, азёрна-ледавіковых нізін і раўнін краявога ледавіковага рэльефу паазерскага ўзросту. Паверхня мае катлавінападобную форму, узвышаныя краі ўтвораны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі Браслаўскага, Віцебскага і Аршанскага ланцугоў (Гарадоцкае ўзвышша, Асвейская, Браслаўская і Свянцянскія грады, Віцебскае і Лукомскае ўзвышшы і інш.). Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—260 м, на Віцебскім узв. да 300 м. Тэрыторыя дрэніруецца густой сеткай рэк бас. Зах. Дзвіны і Нёмана. Шматлікія азёрныя катлавіны маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, калдобіннае, тэрмакарставае, эварзійнае і складанае). Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і градаў характарызуецца найб. магутнымі краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, якія адносяцца да Ашмянскага, часткова Магілёўскага ланцугоў (Гродзенскае, Слонімскае, Мінскае, Ваўкавыскае ўзвышшы, Ашмянскія ірады і інш.). Пераважае градава-хвалісты рэльеф, трапляюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана шырокае распаўсюджанне яроў, лагчын, суфазійных западзін. Абсалютныя вышыні дасягаюць 300—345 м. Гідрасетка належыць бас. Нёмана, Віліі, прадстаўлена вярхоўямі прытокаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, найб. азёры Свіцязь і Палік. Геамарфал. вобласць Перадпалесся ўтварае пераходную араграфічную ступень паміж узвышшамі цэнтр. ч. Беларусі і Палескай нізінай. Характэрна развіццё водна-ледавіковых раўнін, дэнудаваных краявых ледавіковых утварэнняў, якія адносяцца да Магілёўскага і Слаўгарадскага ланцугоў, і лёсападобных адкладаў. Трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу, рэшткавыя зарослыя азёры (Сяргееўскае, Сіняе, Яснае і інш.), шмат яроў і лагчын. Абсалютныя вышыні дасягаюць 160—190 м, на асобных участках — 200—225 м. Рачныя даліны выпрацаваны, шырокія і асіметрычныя, адносяцца да бас. Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, а таксама Зах. Буга і Нёмана. Вобласць Палескай нізіны займае паўд. ч. Беларусі, падзяляецца на 2 падвобласці: Беларускае Палессе і Украінскае Палессе. Рэльеф вызначаецца шырокім развіццём забалочаных алювіяльных, азёрных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых нізінных раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 120—150 м, максімальныя — да 220 (прымеркаваны да Мазырскага і Слонімскага ланцугоў). Тэрыторыя дрэніруецца рэкамі бас. Прыпяці і прытокамі Сажа, Дняпра і Зах. Буга. Пераважаюць мелкаводныя вадаёмы глыб. да 4,0 м (Спораўскае, Выганаўскае, Чырвонае азёры і інш.). Вылучаныя на тэр. Беларусі геамарфал. вобласці і шэраг раёнаў (гл. Геамарфалагічнае раянаванне) пакладзены ў аснову фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі.

Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны. Асн. яго характарыстыкі абумоўлены знаходжаннем тэр. ва ўмераных шыротах, адсутнасцю гор, адноснай аддаленасцю ад Атлантычнага ак. Гадавы прыход сумарнай сонечнай радыяцыі складае 3500—4050 МДж/м² (84—87 ккал/см²) і паступова павялічваецца з Пн на Пд. Радыяцыйны баланс за год дадатны — 1500—1800 МДж/м² (36 — 43 ккал/см²). На тэр. Беларусі пераважае зах. перанос (заходнія, паўн.-зах. і паўд.-зах. вятры), што прыводзіць да частых уварванняў багатых вільгаццю паветр. масаў з Атлантычнага ак.; далей на У узмацняецца кантынентальнасць клімату і панаванне паветр. масаў з У і ПнУ. Паветраныя масы рознага паходжання пераносяцца цыклонамі і антыцыклонамі. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на ПдЗ да -8 °C на ПнУ, ліп. ад 17 °C на Пн да 19 °C (гл. кліматычныя карты Ліпень, Студзень). Тэрмічны рэжым дадатны (сярэднегадавая т-ра паветра на Пн Віцебскай вобл. 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C). Беларусь адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатнення. Гадавая колькасць атм. ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. Сярэдняя працягласць вегетац. перыяду 184—208 сутак. Клімат Беларусі ў цэлым спрыяльны для атрымання ўстойлівых ураджаяў с.-г. і садовых культур сярэдняй паласы Усх. Еўропы і жыццядзейнасці чалавека. Паводле размеркавання цяпла і вільгаці тэр. Беларусі падзяляецца на 3 кліматычныя вобласці: Паўночную — умерана цёплую і вільготную, Цэнтральную — цёплую, умерана вільготную, Паўднёвую — цёплую, няўстойліва вільготную.

Глебы. Сучаснае глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга (паазерскага) ледавіка. Вылучаюць 11 тыпаў, 9 падтыпаў, 19 родаў, 34 віды глебаў. Асноўныя тыпы: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя, дзярнова-карбанатныя глебы і інш. Паводле мех. складу адрозніваюць пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя глебы. Паводле колькасці вільгаці вылучаюць аўтаморфныя (нармальна ўвільготненыя глебы, займаюць 52,9% тэр.), паўгідраморфныя (часова пераўвільготненыя, 27% тэр., пераважна патрабуюць асушэння) і гідраморфныя (пастаянна пераўвільготненыя, 21,1% тэр., патрабуюць асушэння). У залежнасці ад умоў утварэння і ўласцівасцей глеб усю тэр. Беларусі падзяляюць на 3 глебава-геагр. правінцыі: Паўночную (30%), Цэнтральную (43%) і Паўднёвую (28%), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у іх складзе вылучаюць 20 аграглебавых раёнаў (гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне). У с.-г. вытв-сці найб. выкарыстоўваюцца нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя і слаба пераўвільготненыя дзярнова-забалочаныя глебы. Найб. прыдатныя для земляробства дзярнова-падзолістыя, сугліністыя і звязна супясчаныя іх разнавіднасці. Яны пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі і прымеркаваны да ўзвышаных участкаў рэльефу (Аршанска-Магілёўская раўніна, Беларуская града, Віцебскае і інш. ўзвышшы). Менш урадлівыя дзярнова-падзолістыя глебы на рыхлых супесках (Цэнтральнабярэзінская, Лідская і інш. раўніны). Самыя бедныя пясчаныя глебы пашыраны на больш высокіх участках Палесся, Цэнтральнабярэзінскай раўніны, Полацкай і Нёманскай нізін і інш. На нізінах з залішнім увільгатненнем пашыраны дзярнова-балотныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, асабліва шмат іх на паніжаных участках, на Палессі (гл. карту Глебы).

Унутраныя воды. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў бас. Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Гал. водападзел праходзіць праз раўніну Загароддзе, Капыльскую граду, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы. Паверхневыя воды разам з падземнымі і атм. ападкамі складаюць водныя рэсурсы Беларусі. З агульнай сярэднегадавой сумы ападкаў на Беларусі, роўнай 155 км³, 36,4 км³ ідзе на жыўленне гідраграфічнай сеткі, больш за 20,7 км³ прыносіцца рэкамі з-за мяжы. Адначасовы (імгненны) аб’ём вады ў рэках Беларусі ў сярэднім складае каля 3 км³, у азёрах і вадасховішчах — 1,4 км³. На тэр. Беларусі налічваецца больш за 20,8 тыс. рэк і ручаёў, якія ўтвараюць рачную сетку сумарнай даўж. 90,6 тыс. км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Скорасць цячэння рэк Беларусі малая — 0,5—0,7 м/с. Часта здараюцца паводкі і навадненні. Замярзаюць звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут), у мяккія зімы рэкі вольныя ад лёду. Найб. рэкі Бярэзіна, Вілія, Нёман (бяруць пачатак на Беларусі), таксама Дняпро, Прыпяць (транзітныя). Каналы (Дняпроўска-Бугскі і інш.), а таксама Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма служаць для злучэння шляхоў зносін, падачы вады ў буйныя прамысл. цэнтры, з’яўляюцца месцамі адпачынку і турызму. У залежнасці ад асаблівасцяў рачнога сцёку на тэр. Беларусі вылучаюць 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі, Прыпяцкі. У Беларусі больш за 10 тыс. азёраў, сумарная пл. якіх складае 1,6 тыс. км². Самае вялікае воз. Нарач (пл. 79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае (глыб. 53,7 м). У асобных раёнах азёры злучаны невял. пратокамі, рэчкамі і ўтвараюць цэлыя групы (Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў, Нарачанская група азёраў і інш.). На пач. 1995 у Беларусі налічвалася 130 вадасховішчаў (без азёрных) з агульнай пл. больш за 620 км². Найбольшыя вадасховішчы Вілейскае, Заслаўскае (Мінскае мора), Чырвонаслабодскае і інш. Найбольшая водазабяспечанасць (70% мясц. сцёку рэк Беларусі) у бас. Зах. Дзвіны, Нёмана, паўн. ч. бас. Дняпра, менш багатыя вадой цэнтр. водападзельны раён, месцы канцэнтрацыі буйных яе спажыўцоў (Мінск, Салігорскі р-н і інш.). Сярод падземных водаў асобна вылучаюцца грунтавыя воды. Глыбіні залягання грунтавых водаў на Беларусі ад 0,1 да 10—15 м і больш; магутнасць ваданосных гарызонтаў ад 3 да 23 м, а ў далінах Нёмана, Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны і інш. да 50—70 м. Прыродныя рэсурсы падземных водаў на Беларусі складаюць больш за 43,5 млн. м³/сут, эксплуатацыйныя — больш за 44,3 м³/сут. Паводле гідралагічнага раянавання на Беларусі вылучаюць Аршанскі, Брэсцкі, Прыбалтыйскі і Прыпяцкі басейны.

Раслінны свет. Прыроднае расліннае покрыва займае каля 67,1% тэр. Беларусі. Адносіцца да 2 геабат. абласцей: Еўраазіяцкай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (гл. Геабатанічнае раянаванне). З Пн на Пд цемнахвойныя яловыя лясы зменьваюцца шыракалістымі (грабава-дубовымі).

Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі, вольхі шэрай, паўн. мяжа грабу. На крайнім ПдЗ рэспублікі растуць дуб сядзячакветны, або скальны, піхта белая, плюшч звычайны, на Пн трапляюцца бяроза карлікавая і марошка. Пад лясамі 34% тэр. Беларусі. Лясістасць асобных раёнаў ад 10—15 да 50—60%. Пераважаюць хваёвыя лясы, ёсць альховыя, асінавыя, бярозавыя, грабавыя, дубовыя, яловыя, ясянёвыя. Маладнякі складаюць 47%, каштоўныя спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% лясной плошчы. Асн. тыпамі расліннасці на Беларусі з’яўляюцца таксама лугавая і балотная (гл. Лугі, Балоты; карту Расліннасць). У сучаснай флоры Беларусі больш за 1650 відаў сасудзістых раслін, 440 мохападобных, больш за 2200 водарасцяў, каля 500 грыбоў, да 5000 лішайнікаў. Больш як 90% усіх відаў вышэйшых раслін Беларусі — травяністыя; дрэў 26 відаў, кустоў больш за 50. Шмат гаспадарча-карысных раслін — харчовых, кармавых, тэхнічных, лекавых, дэкаратыўных і інш. Многія віды флоры Беларусі ахоўваюцца як рэдкія ці як тыя, што знікаюць. Акрамя дзікарослых шмат відаў заносных, інтрадукаваных раслін. Зберагліся рэліктавыя расліны.

Развіццё земляробства прывяло да знішчэння лясоў спачатку на больш урадлівых глебах. За апошнія 100—120 гадоў з флоры Беларусі знікла каля 40 відаў, для такой жа колькасці відаў прыкметна скараціўся арэал (гл. Ахова раслін). 214 відаў раслін аднесены да рэдкіх і знікаючых і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Адначасова пашыралася с.-г. расліннасць, уводзіліся ў культуру новыя для Беларусі віды гасп. раслін.

Жывёльны свет. У фауне Беларусі больш як 31 тыс. відаў: пазваночных 440 відаў, з іх 73 млекакормячых, якія належаць да 6 атрадаў: насякомаедных 10, рукакрылых 15, драпежных 15, зайцападобных 2, грызуноў 25, парнакапытных 6 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — каля 300 відаў, з якіх больш за 70% гняздуюцца на Беларусі. Рыб і кругларотых 58, земнаводных 12, паўзуноў 7 відаў. Сярод беспазваночных найб. вывучаны класы малюскаў, насякомых, павукападобных, ракападобных, чарвей і інш. Самыя разнастайныя — насякомыя, іх каля 30 тыс. відаў, самы шматлікі атрад — жукі (каля 1 тыс. відаў).

Сучасны жывёльны свет канчаткова сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннага покрыва) у галацэне, пасля вызвалення тэр. Беларусі ад апошняга ледавіковага покрыва каля 12 тыс. гадоў назад. Асаблівасці жывёльнага свету Беларусі вызначаюцца размяшчэннем яе ў лясной зоне. Большасць жывёл — прадстаўнікі еўрап. шыракалістых лясоў, асабліва на Пд (вожык звычайны, соня лясная, алень высакародны, казуля, дзік, з птушак — дубанос, салавей, некаторыя дзятлы, сіпуха, змеяед, совы, з паўзуноў — вераценніца ломкая, чарапаха балотная, з земнаводных — квакша звычайная). Жывёлы тайгі пераважаюць на Пн і ў сярэдняй частцы (лось, буры мядзведзь, рысь, вавёрка-палятуха, снягір, крыжадзюб-яловік, дзяцел трохпальцы). З жывёл лесастэпу трапляюцца заяц-русак, суслік рабы, хамяк звычайны, драфа, аўдотка, жаваранак чубаты, курапатка шэрая, мышалоў стэпавы. Даволі разнастайны жывёльны свет балотных, забалочаных і прыбярэжных ландшафтаў: ласка, тхор чорны, бабёр, норка, выдра, пацук вадзяны, палёўкі, заходзяць лось і казуля, шмат земнаводных, з птушак трапляецца курапатка белая (на Пн), журавель шэры, сава балотная, цецярук і глушэц, на ўзбярэжжах вадаёмаў кулікі, чайкі, качкі, чаплі, бугаі і інш. Спецыфічны жывёльны свет адкрытых ландшафтаў (лугі, паша, палі): заяц-русак, крот, перапёлка, жаваранак палявы, курапатка шэрая, драч і інш. Каля жылля найб. птушак: вераб’і, ластаўкі, шпак, пліска, сарока, варона, зімой снягір, сініцы і інш.; з млекакормячых — мышы, пацукі, лятучыя мышы, зрэдку чорны тхор, куніца каменная, ласка. У водах рэк, азёраў і вадасховішчаў пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, карасі, гусцяра, пячкур, краснапёрка, язь.

У жывёльным свеце Беларусі каля 20 відаў маюць прамысл. значэнне. Да каштоўных пушных звяроў належаць ліс звычайны, зайцы, вавёрка звычайная, куніца лясная, тхор, выдра, крот, высакаякаснае мяса даюць лось, дзік, алень высакародны, казуля, многія вадаплаўныя і інш. птушкі. У зверагадоўчых гаспадарках разводзяць ліса, андатру, норку, нутрыю, у рыбных — карпаў, карасёў і інш. каштоўных рыб. Склад фауністычных комплексаў моцна зменьваецца ад антрапагеннага ўздзеяння, асабліва ў выніку асушэння зямель, урбанізацыі, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 і інш. (гл. Ахова жывёл). 182 віды пазваночных і беспазваночных жывёл аднесены да рэдкіх і знікаючых і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гаспадарчая дзейнасць чалавека рэгулюецца прыродаахоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (гл. Ахова прыроды).

Насельніцтва. На 1.1.1996 насельніцтва Беларусі складала 10 264,4 тыс. чал. (14-е месца сярод 40 еўрап. краін); 68,9% жыве ў гарадах, 31,1% — у сельскай мясцовасці. Паводле звестак перыяд. улікаў (рэвізій) насельніцтва Беларусі (у сучасных межах) у 1811 складала каля 3,8 млн. чал., у 1863 — каля 4,2 млн. чал.; паводле 1-га ў Рас. імперыі перапісу 1897 — 6,6 млн. чал., з іх 13,5% жылі ў гарадах (гл. табл. 1).

Асновай росту насельніцтва Беларусі з’яўляецца натуральны прырост. Ён даволі хутка паніжаўся ў 1970—80-я г. (ад 146,2 тыс. чал. у 1960 да 50,0 тыс. чал. у 1989) і значна знізіўся ў 1990-я г. У выніку ў Беларусі скарацілася ўзнаўленне насельніцтва і пачалася дэпапуляцыя. Упершыню за мірны час у 1993 нарадзілася на 11 тыс. чал. менш, чым памерла. Інтэнсіўнасць дэпапуляцыі хутка павялічваецца як вынік зніжэння нараджальнасці і росту смяротнасці (у 1994 натуральны прырост адмоўны і склаў 19 тыс. чал., у 1995 — 32,6 тыс. чал.; гл. рыс. 1 і табл. 2).

Беларусь — параўнальна густанаселеная рэспубліка (гл. табл. 3). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 49,4 чал/км² (1996), сельскага 15,6 чал/км² (гл. карту). Найменшая шчыльнасць насельніцтва ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах (менш за 10 чал/км²), невялікая на Пд Беларусі, найбольшая ў некаторых раёнах Мінскай вобл. Вакол буйных гарадоў шчыльнасць насельніцтва складае больш за 80 чал/км². У апошнія гады паменшылася шчыльнасць насельніцтва ў раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Гл. таксама Горад, Пасёлак гарадскога тыпу, Вёска, Хутар, Працоўныя рэсурсы. Узроставая структура насельніцтва Беларусі характарызуецца пастаянным ростам колькасці асоб пенсіённага і скарачэннем долі асоб малодшага ўзросту. Працэс старэння насельніцтва вельмі інтэнсіўны (гл. табл. 4). Кожны пяты жыхар Беларусі мае ўзрост старэй за 60 гадоў, а ў сельскай мясцовасці ў такім узросце амаль кожны трэці (1996). 1-я і 2-я сусв. войны глыбока дэфармавалі ўзроставы склад насельніцтва (гл. рыс. 2). Гэта датычыць групы людзей, якім у перыяд Вял. Айч. вайны было 20—30 гадоў (нарадзіліся ў час 1-й сусв. і грамадз. войнаў), і тых, хто нарадзіўся ў 1941—48 (у Вял. Айч. вайну і ў першыя пасляваен. гады). Парушэнні, характэрныя для структуры насельніцтва паводле полу, у 1990-я г. залежаць ад розніцы нараджальнасці і смяротнасці сярод мужчын і жанчын, а таксама ад структуры міграцыйных патокаў. Істотна адрозніваецца склад насельніцтва паводле полу ў гарадах і сельскай мясцовасці (гл. табл. 5). У гарадах у 1996 ва ўзросце 17 гадоў колькасць хлопчыкаў перавышае колькасць дзяўчынак, а ў больш сталым узросце колькасць жанчын перавышае колькасць мужчын; у вёсцы да 48 гадоў больш мужчын. У 20 ст. ў Беларусі нараджальнасць паступова знізілася з 45 народжаных на 1000 жыхароў у пач. стагоддзя да 25 у 1950-я г., да 16 у 1970—80-я г. Асабліва актыўна зніжэнне нараджальнасці адбываецца ў 1990-я г. У 1994 нарадзілася 10,7 дзіцяці на 1000 жыхароў (гл. табл. 2). На зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі ўплывае шэраг фактараў: асаблівасці ўзроставай структуры, сац.-эканам. нестабільнасць развіцця, змена сац. арыентацый, экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Разам са зніжэннем узроўню нараджальнасці ідзе хуткае яе «амаладжэнне» (зніжэнне сярэдняга ўзросту маці пры нараджэнні дзіцяці, падзенне нараджальнасці ў групе жанчын 40 гадоў і старэй, скарачэнне нараджальнасці ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў). Смяротнасць у Беларусі да сярэдзіны 20 ст. зніжалася і хутка павялічваліся паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця. З 2-й пал. 20 ст. паказчыкі смяротнасці ва ўсіх узростах пачалі расці, паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця — зніжацца, а з 1970 асабліва хутка стала расці смяротнасць сярод мужчын у працаздольным узросце. Характэрна для Беларусі таксама дыферэнцыяцыя працягласці жыцця паводле полу (гл. табл. 6). Працягласць жыцця ў 1995 была ў мужчын (62,9 года) на 11,4 года меншая, чым у жанчын (74,3 года).

Беларусь — шматнацыянальная дзяржава, у якой жывуць прадстаўнікі каля 100 нацый і нацыянальнасцяў (гл. табл. 7). Беларусы складаюць асн. частку насельніцтва (77,9%, паводле перапісу 1989), амаль усё сельскае і б.ч. гарадскога. Расце доля рускіх, з 1959 па 1989 яна вырасла з 8,2% да 13,2%. Жывуць палякі, украінцы, яўрэі, татары, літоўцы, латышы і інш. Па-за межамі пражывае каля 3 млн. беларусаў і іх нашчадкаў, найб. у Расіі, на Украіне, у ЗША, Польшчы, а таксама ў Латвіі, Літве, Канадзе, Аргенціне (гл. Дыяспара беларуская). На тэрыторыі Беларусі ў 1996 дзейнічала 26 канфесій, якія аб’ядноўвалі 2016 рэліг. абшчын, у т. л. абшчыны праваслаўнай (938) і рымска-каталіцкай цэркваў (373). Вял. колькасць абшчын пратэстантаў, сярод іх большасць хрысціян веры евангельскай і баптыстаў. Ёсць абшчыны стараверскай і грэка-каталіцкай царквы, іудзейскай рэлігіі і інш. (гл. ў арт. Канфесія).

Значныя змены ў колькасць насельніцтва ўносяць міграцыйныя працэсы. Да 1960-х г. гал. роля належала знешнім міграцыям, пераважна з Расіі, Казахстана, Латвіі, Літвы і Эстоніі. У 1990—95 павялічыўся прыток у Беларусь імігрантаў з інш. рэспублік б. СССР: дадатнае сальда міграцый склала больш за 143 тыс. чал. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. рэзка павялічыліся эміграцыйныя плыні з Беларусі. Важнейшая асаблівасць эміграцыі — рэзка выяўлены этнічны характар: сярод тых, хто выехаў, абсалютную большасць складалі яўрэі. У апошнія гады аб’ём эміграцыі знізіўся, а нац. склад і геаграфія напрамкаў выезду пашыраюцца (гл. табл. 8). Унутры рэспублікі працягваецца адток насельніцтва з вёскі ў горад.

З сярэдзіны 20 ст. Беларусь стала краінай усеагульнай пісьменнасці (паводле перапісу 1989, ва ўзросце 9—49 гадоў толькі 0,2% насельніцтва было непісьменнае). Колькасць занятага ў нар. гаспадарцы насельніцтва, якое мае вышэйшую і сярэднюю адукацыю, павялічылася з 1960 да 1995 больш як у 5 разоў. Асабліва высокімі тэмпамі расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (гл. табл. 9).

Гісторыя. Першыя спробы чалавека (неандэртальца) пранікнуць на тэр. Беларусі датуюцца часам 100—35 тыс. г. назад. Пра гэта сведчаць знаходкі крамянёвых вырабаў мусцьерскага тыпу каля в. Абідавічы (Быхаўскі р-н), Падлужжа (Чачэрскі р-н), Свяцілавічы (Веткаўскі р-н). Найб. стараж. паселішчы чалавека, выяўленыя каля вёсак Юравічы (Калінкавіцкі р-н) і Бердыж (Чачэрскі р-н), адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, іх узрост 26—23 тыс. г. Яны належалі радавым абшчынам краманьёнцаў. У сувязі з моцным пахаладаннем і наступаннем ледавіка 22—14 тыс. г. назад людзі адышлі з тэр. Беларусі на Пд. Пасля заканчэння ледавіковай эпохі чалавек зноў з’явіўся на тэр. Беларусі. Поўнасцю яе тэр. заселена ў эпоху мезаліту (9—6-е тыс. да н.э.). Асн. гасп. дасягненні гэтага перыяду — развіццё вытв-сці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі; аформілася першабытная рэлігія — татэмізм. Эпоха новага каменнага веку (неаліту) на Беларусі пачалася ў канцы 5-га — 4-м тыс. да н.э. і доўжылася каля 2 тыс. г. Значнае павелічэнне насельніцтва ў неаліце садзейнічала ўзнікненню новых этн. супольнасцяў людзей. На тэр. Беларусі іх было 5: археал. культуры днепра-данецкая; верхнедняпроўская, нёманская, нарвенская і тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі (пра кожную гл. асобны артыкул). Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Ад адкрытых распрацовак мелавога крэменю людзі перайшлі да здабычы яго шахтавым спосабам (гл. Крэменездабыўныя шахты). Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Важнае адкрыццё эпохі неаліту — пачатак керамічнай вытв-сці, што дало магчымасць пашырыць круг спажывання, палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы. Пад канец эпохі неаліту ўзніклі вытв. формы гаспадаркі — прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. На Беларусі вядома каля 600 неалітычных паселішчаў, большасць іх сканцэнтравана ў далінах рэк бас. Прыпяці, Сажа і Нёмана. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Беларусі праніклі плямёны шнуравой керамікі культуры, якія былі часткай індаеўрапейцаў — продкаў сучасных народаў Еўропы, у т. л. славян і балтаў. Узаемаадносіны прышлых плямёнаў і абарыгенаў характарызаваліся рознымі формамі гасп. і культ. ўзаемаўплыву і этн. асіміляцыі. Мова індаеўрапейцаў мела шмат дыялектаў. Іх развіццё прывяло да стварэння розных індаеўрап. груп і народаў, да якіх належаць і славяне. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі і суседнія раёны Украіны займалі плямёны сярэднедняпроўскай культуры. Пад уплывам прышлых плямёнаў адбыўся пераход мясц. насельніцтва да бронзавага веку (канец 3 — пач. 1-га тыс. да н.э.). У гэты перыяд паўд.-зах. тэр. Беларусі спярша займалі плямёны культуры шнуравой керамікі Палесся, зах. Беларусі — прыбалтыйскай, Паазер’е — паўночнабеларускай культуры. Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. ў Палессі і Падняпроўі сфарміраваліся тшцінецкая культура і сосніцкая культура. Пашырыліся вытв. формы гаспадаркі, заснаванай на жывёлагадоўлі і першабытным земляробстве, з’явіліся медныя і бронзавыя вырабы, якія траплялі на Беларусь праз абмен. У познародавай абшчыне заўважаюцца першыя прыкметы маёмаснага расслаення. На змену калектыўнай уласнасці ішла прыватная ўласнасць сем’яў, а з ёю ў родзе з’явіліся багатыя і бедныя сем’і. Родавы лад паступова распадаўся. У рэліг. вераваннях пашырыліся касмаганічныя культы, культ продкаў. У жалезным веку (працягваўся ад 8—6 ст. да н.э. да 8 ст. н.э.) на Беларусі было некалькі археал. культур штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская, мілаградская, зарубінецкая, паморская. У асобную культ.-гіст. групу ў паўд.-ўсх. Беларусі вылучаюць помнікі кіеўскай культуры 2—4 ст. н.э., якія большасць вучоных лічаць славянскімі.

У 5—8 ст. у паўд. частцы Беларусі рассяліліся слав. плямёны пражскай культуры, сярэднюю і паўн. Беларусь займалі плямёны банцараўскай культуры. Працэс рассялення славян у 2-й пал. 1-га тыс. суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (літоўцамі, яцвягамі і інш.). У 9—11 ст. сфарміраваліся супольнасці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Крывічы-палачане склалі ядро Полацкага княства (дзяржавы). Першым вядомым князем у Полацку ў 10 ст. быў Рагвалод. Значная роля ў гісторыі Полацкай зямлі належала Мінску (Менеску, Менску). У канцы 10 ст. ўтварылася Тураўскае княства. Буйным горадам на Палессі быў Пінск. Землі сярэдняга Пабужжа з гарадамі Камянец, Кобрын, Драгічын над Бугам былі аб’яднаны вакол свайго гал. горада Берасця (сучасны Брэст). Землі паўн. Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (цяпер Слаўгарад) уваходзілі ў Смаленскае княства, а Гомель, Чачэрск, Рэчыца — у Чарнігаўскае княства. У 12—13 ст. удзельныя княствы ўзніклі на землях Верхняга Панямоння. Найб. значную ролю адыгрывалі Гарадзенскае княства і Новагародскае княства. Грамадскае развіццё сярэдневяковых зямель Беларусі праходзіла аднолькавы шлях з іншымі ўсх. славянамі, якія ўваходзілі ў склад агульнай дзяржавы Кіеўскай Русі. Тут у 10—12 ст. перапляталіся З асн. сац.-эканам. ўклады: абшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны, які паступова станавіўся пануючым.

У канцы 10 ст. пачало распаўсюджвацца хрысціянства паводле візант. абраду. Заснаваны епархіі ў Полацку (992) і Тураве (1005), хоць перажыткі язычніцтва ў некаторых мясцовасцях захоўваліся многія стагоддзі. Хрысціянская царква садзейнічала развіццю культуры бел. народа, у т. л. манум. дойлідства, жывапісу, прыкладнога мастацтва, літаратуры. Бел. землі зведалі культ. ўплыў Візантыі непасрэдна і праз пасрэдніцтва балг. культуры. Найб. стараж. помнікі пісьменства і л-ры, якія захаваліся, напісаны кірылічным алфавітам на стараслав. мове (Тураўскае евангелле 11 ст., «Сказанне аб Марціну Мніху» 12 ст., творы Кірылы Тураўскага, «Жыціе Ефрасінні Полацкай», помнікі эпіграфікі, у т. л. Барысавы камяні, Рагвалодаў камень). Архітэктура была пераважна драўляная, але будавалі і мураваныя храмы. Першая манум. мураваная пабудова на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор (1050-я г.), у 12 ст. ў культавым буд-ве склаліся своеасаблівыя полацкая школа дойлідства і гродзенская школа дойлідства. У Полацку і Віцебску ў 12 ст. цэрквы ўпрыгожвалі фрэскамі. Майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай — шэдэўр усх.-слав. прыкладнога мастацтва. У помніках пісьменства 13 ст. (гандлёвы дагавор Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай 1229, і інш.) сустракаюцца моўныя асаблівасці, якія сведчаць аб складванні бел. мовы.

З пач. 13 ст. бел. землі ўдзельнічалі ва ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта было абумоўлена ўмацаваннем Літ. дзяржавы, феад. раздробленасцю зах. зямель Русі і іх зацікаўленасцю ў моцнай цэнтр. уладзе, здольнай арганізаваць адпор татара-мангольскім заваёўнікам і рыцарскім ордэнам. Літ. князі, якія да 12 ст. рабілі грабежніцкія набегі на бел. землі, з пач. 13 ст. сталі прымаць захады па замацаванні за сабой зямельных уладанняў, што сведчыла пра пачатак развіцця феадалізму ў асяроддзі літ. плямёнаў. Першы літ. князь, які княжыў на бел. землях — Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. Сталіцай яго дзяржавы быў Новагародак (сучасны Навагрудак). На працягу 2-й пал. 13—14 ст. ў выніку захопаў, пагадненняў, дынастычных шлюбаў і інш. у ВКЛ увайшлі ўсе бел. землі. Пераемнікі Міндоўга княжылі на землях верхняга Панямоння (Новагародак, Ваўкавыск, Слонім), пад іх паліт. уплывам знаходзіліся цэнтральная Беларусь і Полацкае княства. Да сярэдзіны 14 ст. ў склад ВКЛ увайшлі Полацкае, Віцебскае, Пінскае княствы, Берасцейская зямля. Канчаткова ўсе бел. землі, а таксама Чарнігава-Северская зямля, Кіеўскае і частка Смаленскага княства ўвайшлі ў ВКЛ пры вял. кн. Альгердзе [1345—77]. Вял. значэнне для ўмацавання ВКЛ мела перамога над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве 1410. Пры вял. кн. Вітаўце [1392—1430] ВКЛ значна пашырыла сваю тэрыторыю. Бел. паліт., духоўная, матэрыяльная і мастацкая культура зрабілі вял. уплыў на ВКЛ. Усх.-слав. землі складалі падмурак эканам. багацця ВКЛ, аснову яго ваен. магутнасці і культ. росквіту. На лёс бел. зямель у ВКЛ значна паўплываў пераход літ. знаці ў канцы 14 ст. з язычніцтва ў каталіцызм. Вял. кн. Ягайла [1377—92] у 1385 пагадзіўся хрысціць насельніцтва Літвы паводле каталіцкага абраду ў якасці адной з умоў атрымання трона польскага караля (гл. Крэўская унія 1385). З гэтага часу ў ВКЛ пачало наспяваць унутр. напружанне паміж правасл. і каталіцкім насельніцтвам. З часоў прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413 паліт. становішча ў ВКЛ пачало характарызавацца дамінаваннем каталіцкай знаці, якая атрымала выключнае права на заняцце дзярж. пасад і тытул паноў. Усх.-слав. баяры і князі захавалі свае ўдзелы ў ВКЛ, яны падтрымлівалі дзяржаву, садзейнічалі росту яе магутнасці, але імкнуліся павялічыць свой уплыў на прыняцце паліт. рашэнняў. Выразнікам іх інтарэсаў стаў вял. кн. Свідрыгайла [1430—32], які пачаў раздаваць дзярж. пасады, замкі і воласці правасл. бел. і ўкр. феадалам. У адказ каталіцкія вярхі ВКЛ абвясцілі вял. князем Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40], што прывяло да працяглай феад. вайны. У 1432 Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе бел. князі і баяры пасадзілі яго на пасад Вял. княства Рускага, такім чынам адбыўся кароткачасовы раскол ВКЛ, і Полацк на пэўны час стаў сталіцай бел. дзяржавы. Каталіцкія вярхі ВКЛ пайшлі на кампраміс. Ягайла прывілеем 1432 і Жыгімонт прывілеем 1434 ураўнавалі правасл. феадалаў у некаторых эканам. і паліт. правах з католікамі. Пры вял. кн. Казіміру IV [1440—92] асобным землям (Новагародскай, Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і інш.) пацверджаны правы на аўт. кіраванне. Казімір зацвердзіў судзебнік 1468 — першы ўпарадкаваны збор законаў. Пасля яго смерці Маскоўская дзяржава пачала войны за аб’яднанне зямель Стараж. (Кіеўскай) Русі. У ходзе гэтых войнаў да Маскоўскай дзяржавы ў 15—16 ст. былі далучаны некаторыя ўсх.-слав. землі ВКЛ. Пасля няўдач у войнах паліт. вярхі ВКЛ пачалі залучаць да больш актыўнага кіравання дзяржавай буйных правасл. феадалаў; праваслаўным ужо фактычна не забаранялася займаць важнейшыя дзярж. пасады. У 1563 юрыдычна адменена палажэнне, паводле якога правасл. феадалы не маглі засядаць у гаспадарскай радзе. Вял. ўплыў на дзярж. справы мелі магнаты Астрожскія, Хадкевічы, Сапегі, Ільінічы і інш.

Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова аформіўся дзярж. лад ВКЛ, асновы якога замацаваны ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529 і Статуце Вялікага княства Літоўскага 1566. Дзярж. мовай ВКЛ з’яўлялася беларуская мова. Кіраўніком дзяржавы лічыўся вялікі князь (гаспадар). Сумесна з радай ён ажыццяўляў вышэйшы суд. Рада ВКЛ (паны-рада) узнікла ў 15 ст. як дарадчы орган пры вял. князю, а да канца 15 — пач. 16 ст. ператварылася ў вышэйшы орган дзярж. улады. З 15 ст. на пасяджэнні рады запрашаліся прадстаўнікі мясц. феадалаў, г.зн. збіраўся сойм. У 1413 тэр. ВКЛ падзелена на Віленскае і Трокскае ваяводствы. У пач. 16 ст. ўтвораны Полацкае, Новагародскае, Смаленскае і Падляшскае ваяв.; у выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае і Мсціслаўскае ваяв., некаторыя з іх былі падзелены на паветы (гл. ў арт. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі). Бел. шляхта атрымала права ўдзельнічаць у павятовых сойміках, дзе выбіраліся паслы (дэпутаты) на вальны сойм. Вял. ўплыў на лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Няўдачы арміі ВКЛ, у т. л. здача ў 1563 Полацка, падштурхнулі вял. князя ВКЛ і шляхту да больш цеснага ваен. і дзярж. саюзу з Польшчай. У выніку Люблінскай уніі 1569 ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Паводле ўмоў уніі ВКЛ захоўвала свае адм. апарат, заканадаўства, армію, герб «Пагоню», дзярж. пячатку. Вышэйшым органам аб’яднанай дзяржавы стаў агульны сейм, які напачатку збіраўся на тэр. Польшчы, а з сярэдзіны 17 ст. кожны трэці сейм склікаўся ў Гродне, як сімвал асобнага становішча ВКЛ. Кіраўніком дзяржавы быў кароль Рэчы Паспалітай, якога выбірала шляхта. Адначасова ён з’яўляўся і вял. князем ВКЛ. У час работы Люблінскага сейма Украіна была далучана да Польшчы, таму з 1569 ВКЛ складалася ў асн. з бел. і літ. зямель. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Стафан Баторый [1576—86] на чале аб’яднанай арміі заняў у 1579 Полацк і перанёс ваен. дзеянні на тэр. Расіі. Паспяховае завяршэнне Лівонскай вайны было выкарыстана для ўзмацнення ролі ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліў асобае становішча ВКЛ у федэратыўнай дзяржаве са сваім войскам, заканадаўствам, гербам. Былі адменены палажэнні уніі, паводле якіх палякі і інш. замежныя падданыя маглі атрымліваць у ВКЛ зямельныя ўладанні і адм. пасады. У выніку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 да ВКЛ зноў была далучана Смаленшчына.

У 13 — 1-й пал. 16 ст. на Беларусі сфарміраваліся формы феад. зямельнай уласнасці, катэгорыі феадалаў і феадальна залежных сялян. Развіццё сельскай гаспадаркі было абумоўлена попытам на с.-г. прадукты і сыравіну ў краінах Зах. Еўропы. З улікам выгаднай міжнар. кан’юнктуры бел. шляхта перабудавала сваю гаспадарку, каб зрабіць яе высокатаварнай, што выявілася ў арганізацыі фальваркаўгасп. комплексаў са шматлікімі панскімі ворнымі землямі, на якіх выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян. На 16 ст. прыпадае масавае запрыгоньванне сялян. Гэтаму спрыяла правядзенне на Беларусі з пач. 16 ст. агр. рэформы — валочнай памеры, гал. мэтай якой было ўпарадкаваць землекарыстанне і павіннасці сялян (гл. «Устава на валокі» 1557). На працягу 14 — 1-й пал. 17 ст. інтэнсіўна развіваліся бел. гарады і гар. рамяство. Пераважалі гарады з 1,5—3 тыс. ж. Былі значныя гарады — Бярэсце, Віцебск, Гародна, Магілёў, Менск, Новагародак, Пінск, Слуцк. Гар. рамяство налічвала некалькі дзесяткаў спецыяльнасцяў. З 1-й пал. 16 ст. рамеснікі аб’ядноўваліся ў цэхі, якія выступалі як арганізатары вытв-сці і сродак грамадскай арганізацыі гар. насельніцтва. Актыўна развіваўся ўнутр. і знешні гандаль. Буйны гар. гандаль меў у значнай ступені транзітны характар. Праз Беларусь праходзілі гандл. шляхі, якія злучалі Зах. Еўропу з Маскоўскай дзяржавай. Асн. гандлёвыя аперацыі кантралявалі купцы-госці, У руках якіх канцэнтраваліся фінансавыя сродкі. Канкурэнтамі купцоў у знешнім гандлі с.-г. прадуктамі і сыравінай паспяхова выступала шляхта. У 16 ст. яе пазіцыі ў гарадах умацаваліся, узніклі гар. кварталы, падуладныя феадалам — юрыдыкі. З канца 14 ст. на Беларусі стала пашырацца гар. права на самакіраванне — магдэбургскае права (яго атрымалі Вільня ў 1387, Брэст у 1390 і Гродна ў 1391). Да сярэдзіны 17 ст. магдэбургскага права дамагліся 43 гарады Беларусі.

Рэліг. жыццё ў 13 — 1-й пал. 17 ст. на Беларусі развівалася супярэчліва. У 13—14 ст. шмат якія літ. феадалы і князі прымалі праваслаўе. Але пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванай рэлігіяй абвешчаны каталіцызм. Адначасова вял. князі ВКЛ падтрымлівалі праваслаўе, без чаго дзяржава не магла ўстойліва развівацца. У 1317 вял. князь Гедзімін дамогся ў канстанцінопальскага патрыярха стварэння ў ВКЛ правасл. Літоўскай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку, якая аднаўлялася ў 1354 і канчаткова замацавалася ў 1485. Пад уплывам зах.-еўрап. Рэфармацыі ў 16 ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца кальвінізм, лютэранства, антытрынітарызм і інш. пратэстанцкія плыні. Вял. князі і сойм у дачыненні да розных канфесій праводзілі палітыку талерантнасці, свабода веравызнання пацверджана і Статутам ВКЛ 1588. Да канца 16 ст. правасл. царква на Беларусі была моцна пацеснена пратэстанцкімі плынямі і каталіцтвам. Гэта вымусіла правасл. іерархаў шукаць падтрымкі ў дзярж. улады і пайсці на саюз з каталіцкай царквой. Вынікам кампрамісу стала Брэсцкая унія 1596. Да яе заключэння падштурхнула стварэнне ў Маскоўскай дзяржаве ў 1589 патрыярхату, які намагаўся падначаліць сабе правасл. беларусаў. Паводле ўмоў уніі правасл. царква ВКЛ прызнавала вяршэнства рымскага папы, прыняла каталіцкую дагматыку, аднак захавала сваю абраднасць і асобную арганізацыю. Падрыхтоўка і правядзенне уніі суправаджаліся вострай палемікай і крывавымі эксцэсамі (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Тым не менш, да канца 18 ст. да грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы належала каля 80% насельніцтва Беларусі, у асн. сялян. Праваслаўныя, што не прынялі унію, у пач. 17 ст. стварылі ўласную царк. арг-цыю, узаконеную дзярж. уладай у 1648. Невял. працэнт жыхароў Беларусі вызнавалі іудаізм (яўрэі) і іслам (татары).

Катастрафічна паўплывала на гасп. і культ. жыццё Беларусі вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Ёй папярэднічала распачатая ўкр. казакамі антыфеадальная вайна 1648—51. Скарыстаўшы смерць польскага караля і вял. князя ВКЛ Уладзіслава IV [1633—48], казакі ўварваліся на Палессе і ўзначалілі мясц. выступленні. У 1654 рас. войскі занялі землі ўсх. Беларусі да Зах. Дзвіны і Дняпра, у 1655 — большую яе частку. Паводле умоў Андросаўскага перамір’я 1667, якое завяршыла гэту вайну, Беларусі засталася ў Рэчы Паспалітай. Масавае вынішчэнне гар. насельніцтва прывяло да заняпаду гарадоў, умацавання ў іх пазіцый шляхты і да запаволення развіцця капіталіст. адносін. Цяжкі ўдар быў нанесены нац. культуры Беларусі. Пасля вайны ўзмацнілася паланізацыя, якая ахапіла шырокія колы бел. шляхты і гараджан. Кароль Ян II Казімір [1648—68] з-за няўдач у знешняй і ўнутр. палітыцы адрокся ад трона. Наступныя каралі і вял. князі Міхал Карыбут Вішнявецкі [1669—73] і Ян III Сабескі [1674—96] не здолелі прадухіліць рост уплыву шляхты, у першую чаргу магнатаў, і ўтаймаваць яе свавольствы. Абраны на пасад Рэчы Паспалітай саксонскі курфюрст Аўгуст II у час Паўночнай вайны 1700—21 выступіў саюзнікам рас. цара Пятра I. Шведы, якія часткова акупіравалі Беларусь, падтрымлівалі свайго стаўленіка на троне Станіслава Ляшчынскага. Ваен. дзеянні, унутр. барацьба шляхецкіх груповак прывялі да заняпаду гаспадаркі, якая была адбудавана толькі да сярэдзіны 18 ст. Але ўнутрыпаліт. анархія ў краіне працягвалася. Звычайным стаў зрыў працы сеймаў з-за свавольства шляхты. Рэч Паспалітая ўсё больш трапляла пад паліт. ўплыў суседніх дзяржаў. Апошні кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], хоць быў стаўленікам рас. імператрыцы Кацярыны II, імкнуўся праводзіць незалежную палітыку. Частка дзярж. колаў Рэчы Паспалітай узяла курс на мадэрнізацыю паліт. ладу краіны, найперш на ўмацаванне цэнтр. улады. У 1764 створаны Вайсковая і Скарбовая камісіі ВКЛ, у 1773 — Адукацыйная камісія, у 1791 — Камісія паліцыі. Развіццю капіталіст. адносін перашкаджалі панаванне магнатаў, нац. і рэліг. супярэчнасці. Цяжкае ўнутрыпаліт. становішча Рэчы Паспалітай імкнуліся выкарыстаць у сваіх інтарэсах Расія, Прусія і Аўстрыя. На іх карысць дзейнічалі розныя групоўкі шляхты. У 1768 утварылася Барская канфедэрацыя — саюз шляхты, накіраваны і супраць умяшання Расіі ва ўнутр. справы дзяржавы і супраць паліт. рэформаў. Разгром канфедэрацыі рас. войскамі прывёў у 1772 да першага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расіі былі далучаны землі ўсх. Беларусі з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Гомель. Уратаванне дзяржавы частка правячых колаў Рэчы Паспалітай бачыла ў шырокіх антыфеад. рэформах. Чатырохгадовы сейм 1788—92 прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, паводле якой устанавіў апеку дзяржавы над прыгоннымі сялянамі, пашырыў паліт. правы гараджан, рэарганізаваў і цэнтралізаваў дзярж. кіраванне. У адказ кансерватыўная шляхта пры дапамозе Расіі стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю, па фармальным запрашэнні якой ажыццявілася новае ўмяшанне Рас. імперыі. Паміж Расіяй і Аўстрыяй у 1793 праведзены другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку да Расіі далучаны землі цэнтральнай Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Слуцк, Пінск. Згодніцкая пазіцыя кіруючых колаў Рэчы Паспалітай стала прычынай паліт. ўздыму, які прывёў да паўстання 1794, узначаленага Т.Касцюшкам. Расія накіравала дадатковыя войскі, якія ў шэрагу бітваў разграмілі паўстанне. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй да Расіі далучаны землі зах. Беларусі з гарадамі Гродна, Навагрудак, Брэст; заходнія бел. землі адышлі да Прусіі. Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць.

На далучаных да Расіі землях усталёўваўся тэр.-адм. падзел на рас. ўзор — паветы, правінцыі, губерні і ген.-губернатарствы. У 1772 утворана Беларускае ген.-губернатарства ў складзе 2 губерняў — Пскоўскай (з 1776 Полацкай, потым Віцебскай) і Магілёўскай. У 1793 утвораны Мінская, у 1795 — Слонімская і Віленская губ. У 1796—1801 тэр. Беларусі ўваходзіла ў Беларускую, Мінскую і Літоўскую губ., якія ў 1801 падзелены на Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую. У губернях ствараліся палаты крымінальнага (дзейнічалі на аснове агульнаімперскага права) і цывільнага (вырашалі цывільныя справы паводле нормаў Статута ВКЛ 1588) судоў. Пасля прыняцця прысягі на вернасць Кацярыне II шляхта Беларусі атрымала ўсе правы і прывілеі рас. дваранства. Але яна страціла права на вальны сойм, права выбіраць манарха, вырашаць мясц. справы на ваяв. і пав. сойміках, ствараць канфедэрацыі (саюзы) для абароны сваіх вольнасцяў і прывілеяў. Магнаты былі пазбаўлены права мець уласныя крэпасці і войска. Праводзілася чыстка шляхецкага саслоўя праверкай дакументаў на дваранскае званне («разбор» шляхты). Кацярына II і Павел I практыкавалі раздачу дзярж. зямель з прыгоннымі сялянамі рус. памешчыкам, военачальнікам і буйным чыноўнікам. На Беларусі распаўсюджана агульнарас. сістэма дзярж. падаткаў і павіннасцяў. Гал. падаткам стаў падушны, які быў значна цяжэйшы за ранейшы падымны. Сяляне выконвалі паншчыну, плацілі чынш, натуральныя даніны і інш. На мяшчан ускладаліся выдаткі па ўтрыманні вайск. гарнізонаў, паліцыі, турмаў, гар. магістрата, паштовай службы, навуч. і мед. устаноў. Цяжкай павіннасцю для сялян і мяшчан Беларусі стаў абавязак пастаўляць рэкрутаў на 25-гадовую (з 1834 — на 20-гадовую, з 1856 — на 15-гадовую) службу ў армію. Шэраг законаў абмяжоўваў правы яўр. насельніцтва: мяжа яўр. аселасці, падушны падатак і рэкруцкія павіннасці ўдвая вышэйшыя, чым для хрысціян, кампаніі па прымусовым іх ссяленні ў гарады і мястэчкі з сельскай мясцовасці. Правасл. царква на Беларусі атрымала статус дзяржаўнай, а каталіцкая страціла прывілеяванае становішча і трапіла пад кантроль рас. ўрада. Каталіцкаму духавенству давалася свабода ў выкананні рэліг. абрадаў, але забаранялася схіляць праваслаўных і уніятаў да пераходу ў каталіцтва. Каб заахвоціць пераход у праваслаўе вернікаў уніяцкай царквы выкарыстоўваліся агітацыя, прымусовыя меры, матэрыяльныя ўзнагароды уніяцкага духавенства.

Спаланізаваная бел. шляхта ў час вайны 1812 падтрымала Напалеона, спадзеючыся пры яго дапамозе аднавіць ВКЛ і Рэч Паспалітую. 1.7.1812 Напалеон падпісаў указ аб утварэнні ВКЛ у складзе Віленскага, Гродзенскага, Мінскага і Беластоцкага дэпартаментаў і прызначыў Часовы урад з прадстаўнікоў мясц. знаці. Гал. яго задачы: мабілізацыя насельніцтва ў франц. армію, яе матэрыяльнае забеспячэнне, ахова камунікацый, падтрыманне парадку ў тыле і г.д. Напалеон не зрабіў ніякіх захадаў для ліквідацыі прыгоннага права, таму сялянства не падтрымала яго, а на паборы і марадзёрства заваёўнікаў адказала партыз. рухам.

Франц. рэвалюцыя 1789—99, падзеі 1812 садзейнічалі пашырэнню на Беларусі дэмакр. і нац.-вызв. ідэй. На пач. 19 ст. ў Віленскім ун-це і шэрагу навуч. устаноў, у Літоўскім асобным корпусе дзейнічалі гурткі мясц. моладзі, якія выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Т-вы філаматаў і філарэтаў, Патрыят. т-ва, т-ва «Ваенныя сябры» мелі сувязь з арг-цыямі дзекабрыстаў. Асобныя дзекабрысты ў пач. 1820-х г. служылі на Беларусі. Пры ўдзеле Патрыят. т-ва падрыхтавана паўстанне 1830—31. Пасля яго задушэння магілёўскі губернатар М.М.Мураўёў у запісцы на імя цара пісаў пра неабходнасць абсалютнага зліцця «краю гэтага з Расіяй». Урад узяў курс на паступовае аслабленне эканам. і паліт. пазіцый шляхты і каталіцкага духавенства. Маёнткі ўдзельнікаў паўстання канфіскоўваліся, касцёлы і кляштары, служыцелі якіх мелі дачыненне да паўстання, зачыняліся. Узмацніўся «разбор» шляхты. Больш за 10 тыс. шляхціцаў былі выключаны з дваранскага саслоўя. Справаводства ў мясц. дзярж. установах і навучанне ў школах пераводзілася з польскай на рус. мову. У 1832 улады закрылі Віленскі ун-т за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні і «прапольскі дух» выхавання. У студз. 1831 скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 у Віцебскай і Магілёўскай, у чэрв. 1840 — у Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губ. Узмацніліся рэпрэсіі супраць уніяцкай царквы. 12.2.1839 Сабор вышэйшага уніяцкага духавенства ў Полацку прыняў акт аб уз’яднанні уніятаў з Рус. правасл. царквой. Узмацнялася залежнасць і правасл. і каталіцкай царквы ад дзяржавы. У 1841—43 яны былі пераведзены на дзярж. ўтрыманне.

Асновай эканомікі Беларусі 19 ст. заставалася сельская гаспадарка, у якой панавала буйнамаянтковае дваранскае землеўладанне. Попыт на збожжа ў Зах. Еўропе стымуляваў памешчыкаў да пашырэння фальваркаў. Да сярэдзіны 19 ст. 97% памешчыцкіх сялян Беларусі знаходзіліся на паншчыне, г.зн. былі прымацаваны да панскіх фальваркаў і пазбаўлены магчымасці пошукаў інш. заробкаў, перасялення ў гарады, праяўлення прадпрымальніцкай ініцыятывы ў сферы прам-сці і гандлю, якую мелі аброчныя сяляне ў цэнтр. губернях Расіі. Адной з важнейшых с.-г. культур з гэтага часу стала бульба, пашыраліся пасевы лёну, канапель і цукр. буракоў, гадоўля танкарунных авечак. Дармавая праца прыгонных шырока выкарыстоўвалася на прамысл. прадпрыемствах. Калі ў канцы 18 ст. на Беларусі было каля 8,8 тыс. дробных прамысл. прадпрыемстваў і 53 мануфактуры, то ў 1828 — 104 мануфактуры, 2 суконныя фабрыкі, у 1860 мануфактур стала 140, а фабрык 76. Эканам.-фінансавы стан гарадоў Беларусі вызначаўся падатковай палітыкай рас. ўрада. У 1-й пал. 19 ст. з гараджан на карысць дзяржавы спаганяліся каля 40 відаў падаткаў і павіннасцяў, у казну забіралася большая частка даходаў ад прамысл. і гандл. дзейнасці. Гар. даходы былі невялікія. Даходы, большыя за 10 тыс. руб., у 1830-я г. мелі толькі Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Полацк (для параўнання: кн. І.​Ф.​Паскевіч толькі з гомельскага маёнтка меў даход да 500 тыс. руб.). У пач. 19 ст. агульная колькасць насельніцтва ў гарадах Беларусі складала 96 тыс., у 1861 — 320 тыс. чал. У 1840—50-я г. на Беларусі выявіўся крызіс феад.-прыгонніцкіх адносін: скарачаліся пасевы, зніжалася ўраджайнасць, усё большая колькасць сялян не здольная была плаціць падаткі і выконваць павіннасці на карысць дзяржавы; у банкаўска-крэдытных установах было закладзена каля 70% прыгонных сялян; нарастаў антыпрыгонніцкі рух сялян. У 1856—60 масавыя выступленні сялян адбыліся ў 66 маёнтках, 11 з іх задушаны войскамі і паліцыяй. Паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і пагроза сял. рэвалюцыі вымусілі Аляксандра II распачаць бурж. рэформы. 19.2.1861 ён падпісаў Маніфест і «Палажэнне» аб вызваленні памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці. На рэалізацыю гэтай і інш. бурж. рэформаў у бел.-літ. губернях істотна паўплывала паўстанне 1863—64. У выніку агр. рэформаў на Беларусі памешчыкі захавалі больш за палову зямлі. У 1877 дваранам належала 50,3% зямлі, казне, царкве і інш. установам — 11,2%, сял. надзелы складалі 33,4%. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, які з нязначнымі паслабленнямі дзейнічаў да рэв. 1905—07. Таму земская, судовая, вайсковая, школьная, цэнзурная, гар. рэформы, праведзеныя ў Расіі ў 1860—70-я г., на Беларусі пашырыліся са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі.

Адмена прыгону стварыла перадумовы для росту бурж. зямельнай уласнасці і развіцця капіталізму. С.-г. крызіс 1880-х г. і змена чыг. тарыфаў вымусілі памешчыцкія гаспадаркі Беларусі спецыялізавацца на жывёлагадоўлі і вінакурстве, што істотна змяніла структуру пасяўных плошчаў. Плошча пад кармавымі культурамі ў 1880—90-я г. павялічылася ў 7 разоў, пад пасевамі бульбы — у 3,3 раза. У выніку пашырэння шматпольных севазваротаў, выкарыстання палепшаных прылад працы і с.-г. тэхнікі за 30 паслярэформенных гадоў сярэднегадавы збор збожжа вырас больш як удвая, а бульбы — амаль у 5 разоў. Развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы суправаджалася расслаеннем сялян і фарміраваннем у вёсцы класаў бурж. грамадства — агр. буржуазіі і наёмных работнікаў. У выніку драблення сял. надзелаў і збяднення большасці сялян сотні тысяч «лішніх» у вёсках сялян былі вымушаны шукаць працу ў адыходных промыслах, якімі ў канцы 19 ст. займаліся штогод каля 300 тыс. бел. сялян. Развіццё капіталіст. рынку залежала ад шляхоў зносін і сродкаў сувязі. У пач. 20 ст. ў разліку на 100 кв. вёрст Беларусі мела шашэйных дарог у 2 разы, а рачных у 3 разы больш, чым Еўрап. Расія. У 1860—80-я г. праз Беларусі пракладзены Пецярбургска-Варшаўская, Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лібава-Роменская і Палескія чыг. магістралі; у 1904 агульная даўж. чыгунак на Беларусі склала 3033 км. У 1880-я г. на Беларусі пачалі дзейнічаць банкі, у т. л. аддзяленні Дзяржаўнага, Сялянскага і Дваранскага банкаў. Бел. прам-сць спецыялізавалася пераважна на перапрацоўцы с.-г., лясной і мінер. сыравіны. З гэтага вынікала пашырэнне тут дробных прадпрыемстваў, нізкая ўдз. вага фабр. вытворчасці. У пач. 20 ст. агульная колькасць наёмных рабочых перавышала 460 тыс. чал. Развіццё прам-сці і чыг. сеткі спрыяла росту гарадоў. Да 1897 гар. насельніцтва павялічылася да 648 тыс. чал., хоць буйныя прамысл. цэнтры на Беларусі не склаліся. Пагаршэнне становішча асн. масы сялян стала гал. прычынай іх выступленняў супраць памешчыкаў і ўлады. За 1864—1900 на Беларусі адбылося 978 выступленняў сялян. Найб. значныя з іх звязаны з размежаваннем зямлі і спробамі ўлады павялічыць выкупныя плацяжы. Гэты рух меў пераважна стыхійны характар: паліт. патрабаванняў сяляне не выстаўлялі, у іх захоўваліся царысцкія ілюзіі.

Пасля рэформы 1861 паскорылася фарміраванне рабочага класа. Эксплуатацыя рабочых выклікала рост хваляванняў і забастовак, што прымусіла ўрад выдаць у 1882—85 першыя законы, якія забаранялі на ф-ках і з-дах працу дзяцей да 12 гадоў, начную працу жанчын і падлеткаў, выкарыстанне іх на шкодных для здароўя вытворчасцях, абавязвалі прадпрымальнікаў уводзіць разліковыя кніжкі і правілы ўнутр. распарадку, рэгулявалі штрафаванне рабочых. У 1897 выдадзены закон пра абмежаванне рабочага дня на ф-ках і з-дах да 11,5 гадз і ўстанаўленне абавязковых нядзельных і святочных дзён адпачынку. Узаемаадносіны гаспадароў і рабочых у рамеснай прам-сці рэгуляваліся цэхавай сістэмай.

Ідэолагамі і выразнікамі інтарэсаў сялян і інш. дробных вытворцаў у Расіі выступалі арг-цыі рэв. народнікаў («Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел»). У 2-й пал. 1870 — пач. 1880-х г. народніцкія гурткі існавалі ў Магілёве, Мінску, Віцебску, Гродне, Пінску, Горы-Горках, Слуцку, Оршы пераважна сярод вучнёўскай моладзі, вайскоўцаў, рабочых. У іх вывучалі тэорыю сял. сацыялізму, рыхтавалі прапагандыстаў і агітатараў для вёскі. Пад уплывам выданняў польск. сацыяліст. партыі «Пралетарыят» і рас. групы «Вызваленне працы» частка народнікаў Беларусі ў сярэдзіне 1880-х г. перайшла на пазіцыі марксізму. У 2-й пал. 1880 — пач. 1890-х г. у Мінску, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Смаргоні з’явіліся с.-д. гурткі. Пачатковай формай аб’яднання рабочых сталі стачачныя касы. У маштабах горада рабочы рух каардынавалі міжкасавыя сходкі, якімі кіравалі с.-д. групы і к-ты. Пад іх уплывам у 1895—1900 у 23 нас. пунктах Беларусі адбыліся 292 эканам. стачкі, у якіх удзельнічала каля 11,5 тыс. рабочых. У 1896 утварыўся Рабочы саюз Літвы, у 1897 — Бунд (Усеагульны яўр. рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі). У 1898 з’езд прадстаўнікоў с.-д. арг-цый Пецярбурга, Масквы, Кіева, Екацярынаслава і Бунда, што адбыўся ў Мінску, абвясціў пра ўтварэнне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). У пач. 1900-х г. рабочым рухам у гарадах і многіх мястэчках Беларусі кіравалі арг-цыі Бунда. У Гродне і Брэсце ўплыў на рабочых мелі мясц. арг-цыі Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС). У 1902—04 на Беларусі з’явіліся арг-цыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1903—04 узніклі арг-цыі РСДРП (Паўночна-заходні камітэт РСДРП, Палескі камітэт РСДРП). Сярод яўр. насельніцтва Беларусі з 1890-х г. шырокую агітацыю вялі сіяністы. У рабочым руху пач. 20 ст. назіраліся ўздым і хуткая яго палітызацыя. Эканам. стачкамі ў 1901—04 былі ахоплены 56 нас. пунктаў, каля 20 тыс. рабочых; у паліт. стачках удзельнічалі 34 тыс. рабочых. У гэты час адбылося 113 сял. выступленняў. Па закліку арг-цый Бунда, РСДРП і інш. партый рабочыя і сяляне Беларусі прынялі актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905—07. Колькасць удзельнікаў паліт. стачак у 1905 дасягала 100 тысяч. Выступленнямі рабочых у гарадах Беларусі ў 1905 кіравалі кааліцыйныя саветы і к-ты. У многіх выпадках рабочыя дамагаліся скарачэння прац. дня да 9—10 гадз, павышэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы. Небывалы размах набыў рух сялянства супраць памешчыкаў. Пры дапамозе мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, БСГ, Бунда распаўсюдзіліся новыя для вёскі формы руху — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Найвышэйшы ўздым рэвалюцыі прыпаў на кастр.снеж. 1905 (гл. Кастрычніцкая Усерасійская палітычная стачка 1905, Снежаньская Усерасійская палітычная стачка 1905). У гэты час на Беларусі завяршылася парт. афармленне 3 паліт. лагераў: рэв. (арг-цыі РСДРП, ПСР, ППС, БСГ, Бунда, паалей-сіяністаў, сіяністаў-сацыялістаў і інш.), ліберальны [Канстытуцыйна-дэмакр. партыі (КДП, кадэты), «Саюза дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі», сіяністаў, Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі], урадавы [арг-цыі «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка» (акцябрысты)]. У І Дзярж. думу ад 5 зах. губерняў былі выбраны 36 дэпутатаў, у т. л. 29 прыхільнікаў кадэтаў. На выбарах у II Дзярж. думу ў 5 зах. губернях перамаглі контррэв. нацыяналіст. групоўкі — рус. і польская (гл. таксама Дзяржаўная дума).

Масавы агр. і паліт. рух сялян прымусіў царызм прызнаць неабходнасць ломкі сярэдневяковых формаў землеўладання (гл. Сталыпінская аграрная рэформа). У выніку рэформы на Беларусі паскорыўся працэс росту бурж. зямельнай уласнасці і расслаення сялянства. Развіццю сельскай гаспадаркі ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. садзейнічала ўвядзенне ў 1911 выбарных земстваў (гл. Земская рэформа 1864). З 1908 на Беларусі пачаўся прамысл. ўздым. За 1908—13 цэнзавая прам-сць павялічыла выпуск прадукцыі амаль на 68%. Аднак і ў 1913 дробнакапіталіст. і саматужна-рамесная вытв-сць давала больш за палову валавой прадукцыі прам-сці. Найб. высокія тэмпы развіцця назіраліся ў дрэваапр. галіне, вытв-сці шкла і буд. матэрыялаў, тэкст. прам-сці. На выбарах ў III Дзярж. думу ў 5 зах. губернях чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 з 36 месцаў. Каталіцкае насельніцтва Віленскай і Гродзенскай губерняў выбрала 6 прадстаўнікоў польска-бел. аўтанамістаў («краёўцаў»). З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў IV Дзярж. думу (1912). Чарнасоценна-акцябрысцкія групоўкі і іх органы друку адмаўлялі самастойнасць бел. этнасу, абвінавачвалі бел. нац. рух і яго газ. «Наша ніва» ў сепаратызме. Супраць бел. нац. адраджэння выступалі і польскія памешчыцка-клерыкальныя групоўкі. У 1907 амаль усе мясц. арг-цыі левых партый былі разгромлены ці вельмі аслаблены. Сярод меншавікоў і бундаўцаў распаўсюдзілася ліквідатарская плынь. Згарнула свае падп. структуры БСГ і як партыя часова прыпыніла дзейнасць. Яе кіраўнікі засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ. «Наша ніва» і ўзначалілі бел. нац.-культ. рух. У 1905—15 ён прыкметна пашырыўся і набыў міжнар. вядомасць. Асабліва значныя поспехі дасягнуты ў развіцці бел. л-ры (Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, М.​Багдановіч).

1.8.1914 Расія ўступіла ў вайну з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй (гл. Першая сусветная вайна 1914—18). Бел. губерні ў ліку першых аб’яўлены на ваен. становішчы. У выніку герм. наступлення (гл. Свянцянскі прарыў 1915) зах. частка Беларусі акупіравана. Да кастр. 1915 фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Вайна прывяла эканоміку Беларусі да заняпаду. У вёсцы востра адчуваўся недахоп рабочых рук, скараціліся пасяўныя плошчы, паменшала колькасць жывёлы. Каля ​1/3 прамысл. прадпрыемстваў Беларусі былі эвакуіраваны або дэманціраваны. Гарады Беларусі былі перапоўнены вайскоўцамі і бежанцамі. Абвастрыліся харч. і інш. праблемы.

Акупацыя амаль усёй Віленскай, Гродзенскай і зах. часткі Мінскай губ. герм. войскамі, мабілізацыя ў армію, масавае бежанства на ўсход (гл. ў арт. Бежанцы) на пэўны час дэзарганізавалі бел. нац. рух. Бел. нац.-культ. арг-цыі распадаліся, спынялася выданне бел. газет і кніг. Частка б. кіраўнікоў «Нашай нівы» (браты А. і І.​Луцкевічы, В.​Ластоўскі і інш.) засталіся ў Вільні і ўзначалілі Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны. У Вільні дзейнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група, Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У якасці каардынатара бел. нац. руху выступаў Цэнтр. саюз бел. нац. грамадскіх арг-цый на чале з Беларускім народным камітэтам, пад кіраўніцтвам якога ў 1916—17 з дазволу герм. улад пачалося выданне школьных падручнікаў, газ. «Гоман». У 1916 у Петраградзе з’явіліся штотыднёвая газ. «Дзянніца» і «Светач».

Вайна паскорыла наспяванне і перамогу Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У выніку звяржэння самадзяржаўя ўлада перайшла да Часовага ўрада. Па прыкладзе Петраграда на Беларусі ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, нар. міліцыя. У сак.крас. 1917 аформіліся 37 Саветаў, у т. л. 11 рабочых, 11 салдацкіх, 14 аб’яднаных і 1 Савет сял. дэпутатаў. Кіруючую ролю ў іх адыгрывалі эсэры, меншавікі, бундаўцы. У Мінскім Савеце быў прыкметны ўплыў бальшавікоў. Адначасова ў губернях і паветах ствараліся органы ўлады, якія ўзначалілі камісары, прызначаныя Часовым урадам. Узнікла шмат прафсаюзаў, якія ўзаемадзейнічалі з Саветамі. Часовы ўрад выступаў за працяг вайны «да пераможнага канца». На такіх пазіцыях стаялі і сацыяліст. партыі, што складалі большасць у Саветах. Пасля Лют. рэвалюцыі аднавіла сваю дзейнасць і БСГ. Адначасова ўзнікла шмат іншых нац. арг-цый і суполак не толькі на тэр. Беларусі, але і ў інш. гарадах Расіі, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў. 25—27.3.1917 у Мінску адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які выставіў патрабаванне дзярж. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, абвясціў сябе «вышэйшай краёвай інстытуцыяй» да склікання Бел. краёвай рады (БКР), а сваім выканаўчым органам — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), якому даручыў падрыхтаваць выбары БКР. Яго старшынёй выбраны буйны землеўладальнік Р.​Скірмунт. Ён жа ўзначаліў дэлегацыю для перагавораў з Часовым урадам па пытаннях аўтаноміі Беларусі. Але ўрад адмовіўся вырашаць гэта пытанне да Устаноўчага сходу. Па ініцыятыве БСГ у ліп. 1917 адбыўся з’езд беларускіх арг-цый і партый. На ім БНК заменены Цэнтральнай радай беларускіх арганізацый, якая ў кастр. 1917 рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду (ВБР). 25.10.1917 у выніку ўзначаленага бальшавікамі ўзбр. паўстання ў Петраградзе Часовы ўрад быў скінуты і ўлада перайшла да Савета Народных Камісараў на чале з У.​І.​Леніным. 26 кастр. сав. ўлада абвешчана ў Мінску. У пач. лістапада вышэйшым органам улады ў краі стаў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, узначалены бальшавікамі. 18—25 ліст. сав. ўладу прызналі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, III з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і II з’езд армій Зах. фронту. 26 ліст. абраныя з’ездамі выканаўчыя к-ты аб’ядналіся і ўтварылі Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). У снеж. 1917 — студз. 1918 адбыліся з’езды Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Віцебскай і Магілёўскай губ., на якіх завяршылася работа па ўстанаўленні сав. улады ў гэтых губернях. Аблвыкамзах ігнараваў бел. нац. пытанне не прызнаваў існавання самастойнага бел. народа. У адказ на Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 ВБР разам з Цэнтральнай бел. вайсковай радай звярнулася з «Граматай да беларускага народа», дзе асудзіла дзейнасць бальшавікоў. Разам з Беларускім абл. к-там (БАК) пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў ВБР склікала ў Мінску Усебеларускі з’езд (кангрэс) 1917. І з’езд прызнаў неабходным стварэнне бел. нац. дзяржаўнасці, не прызнаў уладу Аблвыкамзаха, таму па загадзе кіраўнікоў быў разагнаны з прымяненнем вайсковай сілы. Частка дэлегатаў з’езда стварыла выканком, а затым Раду з’езда, якая Трэцяй Устаўнай граматай 25.3.1918 абвясціла Беларусь незалежнай і свабоднай дзяржавай — Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Ваенна-паліт. разлікі Расіі, міжнар. становішча, дзейнасць БНР сталі прычынай фармальнага прызнання бальшавіцкімі ўладамі ў Маскве права бел. народа на нац. дзяржаўнасць. Выконваючы рашэнне ЦК РКП(б), VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя 30—31.12.1918 у Смаленску [гл. Першы з’езд КП(б)Б] прыняла пастанову аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай, Ковенскай і Смаленскай губ. Утварэнне БССР са сталіцай у Мінску 1.1.1919 абвешчана маніфестам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Па патрабаванні ЦК РКП(б) 27.2.1919 была ўтворана Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні. 2-е абвяшчэнне БССР адбылося 31.7.1920 у Мінску (гл. Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР). Тэр. адноўленай БССР уключала 6 паветаў Мінскай губ. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 30.12.1922 утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшла і БССР. Па прапанове парт.-сав. кіраўніцтва БССР цэнтр. ўлады згадзіліся ў 1924 і 1926 на ўзбуйненне БССР шляхам уключэння ў яе склад Віцебскай і Гомельскай губ. У 1920-я — пач. 1930-х г. у Беларусі праводзіліся сацыяліст. індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Цяжкім злачынствам супраць усіх пластоў грамадства з’явіліся рэпрэсіі палітычныя. У выніку паходу Чырв. Арміі ў вер. 1939 у Зах. Беларусь яе тэр. ўз’яднана з БССР; Вільня і Віленскі край у кастр. 1939 урадам СССР перададзены Літве.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 на тэр. Беларусі разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). У Сав. Арміі, партыз. фарміраваннях і шэрагах падпольшчыкаў супраць ням. фашыстаў змагалася больш за 1,5 млн. жыхароў Беларусі. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Рэспубліка страціла больш за палову нац. багацця. Гераічная барацьба бел. народа супраць ням.-фаш. акупантаў у гады вайны з’явілася для міжнар. супольніцтва падставай, каб прадаставіць Беларусі права стаць членам-заснавальнікам ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1945 паводле сав. польскага дагавора аб дзярж. граніцы ад 18.8.1945 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У 1955—56 у адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. У 1950—70-я г. пашыралася шматбаковае супрацоўніцтва Беларусі з інш. рэспублікамі краіны, фарміраваўся нар.-гасп. комплекс БССР. Драматычнымі для Беларусі сталі наступствы Чарнобыльскай катастрофы 1986. Сац.-эканам. крызіс 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. садзейнічаў нарастанню дэзінтэграцыйных працэсаў у СССР. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Жнівеньскія падзеі ў Маскве (19—21.8.1991) і падтрымка іх кіраўніцтвам КПБ паглыбілі крызіс сістэмы ўлады, якая існавала ў той час на Беларусі. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР прыпыніў дзейнасць КПБ на тэр. Беларусі. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. У якасці дзярж. сімвалаў былі зацверджаны герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. У снеж. 1991 у выніку дэнансацыі дагавора 1922 СССР спыніў існаванне. 15.3.1994 Вярх. Савет прыняў Канстытуцыю, у якой Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай прававой дзяржавай. 10.7.1994 першым Прэзідэнтам Беларусі выбраны А.Р.Лукашэнка. Паводле праведзеных па ініцыятыве Прэзідэнта рэферэндумаў 14.5.1995 прынята новая дзярж. сімволіка, рус. мове нададзены роўны статус з бел. мовай і 24.11.1996 прыняты Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Дзень Рэспублікі (3 ліпеня), шэраг інш. палажэнняў. У 1996 падпісаны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (29 сак.), Дагавор аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі (2 крас.).

Палітычныя партыі, рухі і прафсаюзы. У пач. 1996 на Беларусі зарэгістравана 36 паліт. партый. Сярод іх: Аб’яднаная грамадз. партыя (з 1995), Аграрная партыя (з 1992), Бел. партыя жанчын «Надзея» (з 1994), Бел. партыя «Зялёны мір» (з 1994), Бел. партыя «зялёных» (з 1992), Бел. с.-д. грамада (з 1991), Бел. с.-д. партыя «Нар. грамада» (з 1996), Бел. сацыяліст. партыя (з 1994), Бел. сацыяльна-спарт. партыя (з 1994), Бел. сялянская партыя (з 1991), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (з 1991), Бел. экалагічная партыя (з 1993), Бел. патрыятычны рух (з 1994), Ліберальна-дэмакр. партыя (з 1994), Нацыянальна-дэмакр. партыя Беларусі (з 1990), Партыя здаровага сэнсу (з 1995), Партыя камуністаў беларуская (з 1991), Партыя нар. згоды (з 1992), Партыя ўсебел. адзінства і згоды (з 1994), Рэсп. партыя працы і справядлівасці (з 1993), Славянскі сабор «Белая Русь» (з 1992). Рухі: Бел. нар. фронт «Адраджэньне» (з 1989), Народны рух (з 1992), рух «За дэмакратыю, сац. прагрэс і справядлівасць» (з 1991). Дзейнічаюць прафс. аб’яднанні: Незалежны прафсаюз Беларусі (з 1991), Свабодны прафсаюз Беларусі (з 1991), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (з 1990).

Прамысловасцьасн. галіна гаспадаркі, на долю якой прыпадае 28% валавога ўнутр. прадукту, 35,8% кошту асн. фондаў, 29,1% занятых у гаспадарцы (1994). У прам-сці Беларусі 1682 прадпрыемствы на самаст. балансе, з іх 1079 (64%) дзяржаўныя, 603 (36%) арэндныя і калект. прадпрыемствы, акц. т-вы і грамадскія арг-цыі (1995). Вылучаюцца ўзбуйненыя галіны прам-сці: электраэнергетыка, паліўная, металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая, харч., мукамольна-крупяная і камбікормавая, мед., мікрабіял., паліграф. (пра кожную гл. асобны артыкул). У большасці з іх ёсць галіны, спецыялізаваныя на вытв-сці пэўных відаў прадукцыі (напр., у харч. прам-сці 24 галіны: мясная, малочная, кандытарская, цукровая і інш.).

Станаўленне прам-сці як галіны грамадскай вытв-сці пачалося з аддзялення рамёстваў ад земляробства. У 1720-я г. на Беларусі ўзніклі першыя мануфактуры (шкляныя ў Налібаках і Урэччы). У канцы 18 ст. іх было больш за 50. На працягу 19 ст. з укараненнем паравых рухавікоў узнікла і развівалася фабрычна-заводская вытв-сць. Пераважалі дробныя прадпрыемствы (у 1900 больш за 19 тыс.), але ў розны час існавалі і даволі буйныя: Барысаўшчынскі металургічны завод (437 рабочых у 1867), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (да 1500 рабочых), Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка (264 рабочыя ў 1885), Барысаўская запалкавая фабрыка «Вікторыя» (759 рабочых у 1900), Высокаўская папяровая фабрыка (270 рабочых) і інш. У 1900 удз. вага сродкаў вытв-сці ў прамысл. прадукцыі дасягала 33% (як і ў структуры прам-сці Германіі і Францыі). З пач. 20 ст. паскорылася буд-ва буйных прадпрыемстваў, узніклі манапалістычныя аб’яднанні, узмацнілася канцэнтрацыя вытв-сці. Беларусі па ўзроўні прамысл. развіцця перавышала сярэднерас. паказчык і саступала толькі найб. прамысл. цэнтрам і раёнам Рас. імперыі — Санкт-Пецярбургу, Маскве, Уралу. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў структуры прамысл. вытв-сці пераважалі харч., дрэваапр. і папяровая, металаапр., лёгкая прам-сць. Найб. прадпрыемствамі былі Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» (1807 рабочых), Гродзенская тытунёвая фабрыка (1400 рабочых), Галоўныя мех. майстэрні Лібава-Роменскай (у Гомелі, 1500 рабочых) і Палескіх (у Пінску, 1200 рабочых) чыгунак, Добрушская папяровая фабрыка (1276 рабочых), шклозавод «Нёман» (больш за 1000 рабочых) і інш. У гады 1-й сусв. вайны прам-сць Беларусі пацярпела вял. страты. У 1917 у параўнанні з 1913 прамысл. вытв-сць скарацілася амаль на 70%, захавалася каля палавіны прамысл. прадпрыемстваў, большасць якіх не дзейнічала з-за недахопу сыравіны і паліва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з-ды і ф-кі былі нацыяналізаваны. На працягу 1920—40-х г. прам-сць развівалася ў адпаведнасці з курсам на індустрыялізацыю, з 1928 — і па пяцігадовых планах. Забяспечваліся высокія тэмпы развіцця прам-сці, мянялася яе структура: павялічвалася ўдз. вага вытв-сці сродкаў вытв-сці. Былі створаны тарфяная прам-сць, вытв-сць тарфяных і дарожных машын, радыёпрыёмнікаў. Хутка развівалася электраэнергетыка, машынабудаванне, з’явіліся першыя буйныя прадпрыемствы хім. прам-сці (Магілёўская ф-ка штучнага валакна), с.-г. машынабудавання (з-д «Гомсельмаш»), У 1940 на прам-сць прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Буйнымі прамысл. цэнтрамі сталі Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў, Орша, Бабруйск, Барысаў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 была ў складзе Польшчы, разбураная ў час 1-й сусв. вайны прам-сць аднаўлялася марудна, буйныя прадпрыемствы амаль не будаваліся, пераважалі дробныя (на 80% прадпрыемстваў працавала менш за 20 рабочых). Вял. прамысл. спад адбыўся ў гады сусв. эканам. крызісу 1929—33, колькасць занятых у прам-сці скарацілася амаль на 50%.

У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты разбурылі і вывезлі 10 338 прамысл. прадпрыемстваў, страты склалі 6225,5 млн. руб. (у цэнах 1941). У 1945 прам-сць выпускала каля 20% прадукцыі ад узроўню 1940. У першыя пасляваенныя гады, з улікам нар.-гасп. комплексу СССР, аднаўляліся разбураныя і будаваліся новыя прадпрыемствы, ствараліся новыя галіны прам-сці. Уведзены ў дзеянне ў Мінску трактарны, аўтамабільны, падшыпнікавы з-ды, арганізавана вытв-сць матацыклаў і веласіпедаў. Хутка развіваліся энергетыка, лёгкая прам-сць. У 1950—55 пушчана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, з іх 147 буйных. Створана вытв-сць гадзіннікаў, швейных машын, шарсцяных і шаўковых тканін. У 1956—65 з’явіліся галіны, вызначальныя для паскарэння навук.-тэхн. прагрэсу, — радыёэлектронная, электратэхн., дакладнае прыладабудаванне, вытв-сць аўтам. ліній, рухавікоў, і інш. навукаёмістыя і высокатэхнал. вытв-сці. Створаны нафтаперапр. і нафтаздабыўная прам-сць. Арганізаваны выпуск калійных, азотных, фосфарных угнаенняў, сінт. валокнаў, сінт. смолаў, пластмасаў. Пабудаваны буйныя прадпрыемствы ў Наваполацку, Баранавічах, Белаазерску (Бярозаўская ДРЭС), Светлагорску, Салігорску, Жодзіне, Лідзе, Маладзечне, Новалукомлі (Лукомская ДРЭС). Удзельная вага электраэнергетыкі, машынабудавання, хім., нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі ў вытв. фондах прам-сці дасягнула 55,6%. Павялічылася канцэнтрацыя вытв-сці. На буйных прадпрыемствах (больш за 1 тыс. рабочых) выраблялася да 48% усёй прамысл. прадукцыі, працавала 46% прамысл.-вытв. персаналу. У сярэдзіне 1960-х г. прам-сць Беларусі была тэхнічна высокааснашчанай галіной гаспадаркі. На яе прадпрыемствах дзейнічала каля 1 тыс. паточных, 1748 паточна-механізаваных, 189 аўтам. і паўаўтам. ліній. Аб’ём валавой прамысл. прадукцыі ў 1965 у 7 разоў перавысіў узровень 1940. Найбольшую ўдз. вагу ў агульным аб’ёме займала прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, хім., лёгкай, харч. і дрэваапр. галін прам-сці, па якіх спецыялізавалася рэспубліка ў межах СССР. Паскоранымі тэмпамі развівалася вытв-сць грузавых аўтамабіляў, трактароў, металарэзных станкоў, мінер. угнаенняў і інш. У 1970-я г. ўведзены ў дзеянне Бабруйскі шынны камбінат, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Беларускі металургічны завод, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі, Мазырскі завод кармавых дражджэй, з-д сінт. валокнаў у Гродне (гл. «Хімвалакно») і інш. Склаліся асн. рысы сучаснай галіновай структуры прам-сці, якія фарміраваліся пераважна ў сувязі з вызначанай у рамках СССР спецыялізацыяй і арыентацыяй на апераджальны рост вытв-сці сродкаў вытв-сці (група А) адносна прадметаў ужытку (група Б). Высокія тэмпы росту прамысл. вытв-сці (12,4—5,3%) захаваліся да 1990, на які прыпадае макс. ўзровень выпуску амаль усіх відаў прамысл. прадукцыі за сав. перыяд (гл. табл. 10).

Для размяшчэння прам-сці на тэр. Беларусі характэрны высокі ўзровень канцэнтрацыі найб. прадпрыемстваў у нямногіх цэнтрах і разгрупаванне сярэдніх і невялікіх у сярэдніх і малых гарадах і гар. пасёлках. На долю 10 найб. прамысл. цэнтраў (Мінск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Віцебск, Наваполацк, Гродна, Мазыр, Брэст, Барысаў) прыпадала каля ​2/3 вырабленай прамысл. прадукцыі, у т. л. на долю Мінска каля 25%. Новыя прамысл. цэнтры выраслі за кошт буд-ва прадпрыемстваў хім. прам-сці (Салігорск, Светлагорск), маш.-буд. і лёгкай прам-сці (Жодзіна, Баранавічы, Пінск), энергетыкі (Новалукомль), металургіі (Жлобін), нафтаперапрацоўкі (Мазыр) і інш. галін. У сучасным прамысл. комплексе вядучая роля належыць апрацоўчай прамысловасці пры нязначнай ролі здабыўной прамысловасці (гл. карту Прамысловасць). Удз. вага галін групы Б складае каля 30%. У структуры групы А вядучае месца (1990) займалі машынабудаванне і металаапрацоўка (34,2% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці), высокую ўдз. вагу мела хім. і нафтахім. прам-сць (9%). Лёгкая (17,2%) і харчовая (14,9%) захавалі сваю ролю сярод лідэраў, хоць іх доля пастаянна зніжалася ў агульным аб’ёме прамысл. прадукцыі. Рэзкае павелічэнне ўдз. вагі электраэнергетыкі ў агульным аб’ёме прамысл. вытв-сці пасля 1990 (пры спадзе вытв-сці) звязана з ростам цэн на імпартныя энерганосьбіты (гл. табл. 10—12). Высокі ўзровень развіцця машынабудавання і металаапрацоўкі з 1980 забяспечваўся пераважна за кошт высоканавукаёмістых вытв-сцяў, аднак вял. доля ў іх належала металаёмістым і энергаёмістым вытв-сцям. Гэта галіна вырабляе грузавыя аўтамабілі і аўтобусы, матацыклы і веласіпеды, універсальныя прапашныя і інш. трактары, с.-г., буд., меліярац. і дарожныя машыны, рухавікі, станкі, аўтам. лініі, робаты, кавальска-прэсавае, нафтапрамысл., свідравальнае, геолагаразведачнае, гандл. абсталяванне, тэхнал. абсталяванне для ліцейнай, лёгкай, харч. і інш. галін прам-сці, падшыпнікі, электронныя і выліч. машыны, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, магнітафоны, халадзільнікі і маразільнікі, фота- і кінаапараты, радыё- і электронна-вымяральныя прылады, дазіметры, гадзіннікі і інш. Хімічная і нафтахімічная прам-сць выпускае мінер. ўгнаенні, хім. валокны і ніткі, пластычныя масы і смолы, шыны, гумавыя тэхн. вырабы, палімерныя і лакафарбавыя матэрыялы, тавары быт. хіміі і інш. У лёгкай прам-сці развіты тэкстыльная (ільняная, шарсцяная, шаўковая, баваўняная), трыкатажная, швейная, абутковая, гарбарная і футравая вытв-сць. Выпускаюцца шарсцяныя, ільняныя, шаўковыя і баваўняныя тканіны, ніткі, верхні і бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, натуральнае і штучнае футра, адзенне і абутак, галантарэйныя і інш. вырабы. Харчовая прам-сць выпускае пераважна мясную, масларобную і малочную прадукцыю. Значныя вытв. магутнасці маюць алейна-тлушчавая, рыбная, цукровая, мукамольна-крупяная, хлебапякарная, макаронная, плодаагароднінная, кандытарская і піваварная вытв-сць. Паліўная прам-сць уключае здабычу і перапрацоўку нафты, спадарожнага газу і торфу. Паліўная прам-сць і электраэнергетыка (выпрацоўвае электрычную і цеплавую энергію) у значнай ступені арыентаваны на прывазныя вадкае паліва і прыродны газ, уласныя паліўныя рэсурсы толькі часткова забяспечваюць патрэбы краіны. Паліўна-энергетычныя рэсурсы паступаюць у Беларусі па нафта- і газаправодах з Расіі, электраэнергія — у Беларускую энергетычную сістэму з Літвы і Расіі. На Беларусі дзейнічаюць Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС і больш за 20 ЦЭЦ, у т. л. буйныя ў Мінску, Наваполацку, Гомелі, Магілёве, Светлагорску і інш., а таксама гідраэлектрастанцыі невял. магутнасці (найб. Асіповіцкая ГЭС, 2250 кВт). Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прам-сць давала 4,4% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. Гэтым галінам уласціва павелічэнне аб’ёму паглыбленай перапрацоўкі драўніны пры зніжэнні лесанарыхтовак. Вырабляюцца піламатэрыялы, мэбля, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты, фанера, паркет, запалкі, спарт. інвентар, папера, кардон, прадукты лесахім. вытв-сці. Прам-сць будаўнічых матэрыялаў (3,7% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі) спецыялізавана на выпуску цэменту, буд. вапны, сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталяў, рулонных дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў, порыстых запаўняльнікаў. Чорная металургія (0,9% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі) арыентавана на вытв-сць сталі з металалому, пракату чорных металаў, чыгунных водаправодных трубаў, метал. корду для шын, вырабаў з метал. парашкоў і інш.

Жыццяздольнасць галіновай структуры прам-сці, якая склалася за сав. час, забяспечвалася таннымі паліўна-энергет. рэсурсамі і сыравінай, што пастаўлялася з Расіі і інш. рэспублік СССР, а таксама гарантаваным збытам гатовай прадукцыі. З 1991 пачаўся спад у развіцці прам-сці, у 1994—96 яна апынулася ў стане глыбокага эканам. крызісу. Знізіўся аб’ём вытв-сці прадукцыі ва ўсіх галінах.

Характэрнай рысай сучаснай прамысл. структуры з’яўляецца залежнасць ад знешніх фактараў — паставак паліўна-энергет. рэсурсаў і матэрыялаў і абмежаванасць рынкаў збыту гатовай прадукцыі апрацоўчай прам-сці. Каля 70% неабходных прам-сці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі прадаецца на іх рынках.

Сельская гаспадарка ўключае раслінаводства (складаецца са збожжавай гаспадаркі, бульбаводства, ільнаводства, буракаводства, пладаводства, агародніцтва, кормавытворчасці, кветкаводства), жывёлагадоўлю (уключае буйной рагатай жывёлы гадоўлю, свінагадоўлю, конегадоўлю, пчалярства, рыбаводства).

У Беларусі выкарыстоўваецца каля 9,3 млн. га угоддзяў (больш за 46% тэрыторыі), у т. л. каля 6,2 млн. га ворных зямель. Для свайго развіцця сельская гаспадарка мае спрыяльныя прыродныя ўмовы: пераважна раўнінную паверхню, сярэднеўрадлівыя глебы, дастатковую колькасць цяпла і вільгаці, а таксама забяспечана неабходнымі працоўнымі рэсурсамі. Значную колькасць с.-г. тэхнікі і мінер. угнаенняў для яе выпускае рэсп. міжгаліновы аграпрамысл. комплекс. Гусенічныя і цяжкія колавыя трактары, збожжаўборачныя камбайны, частка грузавых аўтамабіляў, хім. сродкі барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі с.-г. раслін пастаўляюцца з краін СНД. Большую частку с.-г. сыравіны перапрацоўваюць мясц. прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці.

Да 1917 у эканоміцы Беларусі сельская гаспадарка мела найб. ўдз. вагу, давала ​2/3 усёй прадукцыі. З развіццём капіталізму с.-г. вытв-сць усё больш набывала таварны характар. Пашыраліся пасяўныя плошчы, асабліва тэхн. культур і бульбы. Развівалася жывёлагадоўля, у асн. малочная і свінагадоўля. У памешчыцкіх і заможных сял. гаспадарках укараняліся севазвароты, выкарыстоўваліся с.-г. машыны, мінер. ўгнаенні, разводзілі пародную жывёлу. Ствараліся прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Беларусь ператваралася ў рэгіён інтэнсіўнай вытв-сці таварнага збожжа, пастаўляла на рас. рынак і на экспарт малочныя прадукты, мяса, лён, пяньку, масла і інш. с.-г. прадукцыю.

Пры сав. уладзе развіццё сельскай гаспадаркі было звязана з калектывізацыяй, стварэннем калгасаў і саўгасаў. З аднаго боку, гэта спрыяла ўкараненню дасягненняў навукі і перадавога вопыту, механізацыі і хімізацыі, ліквідацыі цераспалосіцы, правядзенню вял. меліярац. работ. З другога боку, камандныя метады кіравання сельскай гаспадаркай, бюракратызм партыйнага і сав. кіраўніцтва, неабгрунтаваныя рэпрэсіі і знішчэнне найбольш працавітай і энергічнай часткі сялянства — т.зв. кулакоў, а таксама больш-менш заможных сялян і нават бяднейшай іх часткі, адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці, адм. прымацаванасць бяспашпартнага селяніна да канкрэтнай гаспадаркі выклікалі адчужэнне асобы ад вытв-сці, садзейнічалі пашырэнню безгаспадарчасці, безыніцыятыўнасці, абыякавасці. У 1940 на долю калгасна-саўгаснага сектара на Беларусі прыпадала 65% усіх нарыхтовак збожжа, 46 бульбы, 77 ільновалакна, 23 мяса, 73% малака; у параўнанні з 1913 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі вырасла ў 1,7 раза, вытв-сць мяса на 31%, малака на 40, яец на 48, ільновалакна на 11%, бульбы ў 3 разы. У Вял. Айч. вайну ням фаш. акупанты разрабавалі машынна-трактарныя станцыі, калгасы, саўгасы, асабістыя гаспадаркі, шмат вёсак было разбурана і спалена. Аднаўленне сельскай гаспадаркі патрабавала вял. намаганняў і заняло больш за 5 гадоў. У 1950-я г. працягвалася і экстэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі, і заснаванае на выкарыстанні дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Укараняліся новыя сарты раслін і пароды с.-г. жывёлы, новыя тэхналогіі, праводзілася шырокая (хоць у шэрагу выпадкаў экалагічна і эканамічна не абгрунтаваная) меліярацыя, павышалася роля механізацыі і электрыфікацыі. У 1960—80-я г. былі прыняты пэўныя меры па падтрымцы сельскай гаспадаркі, што выклікала тэмпы росту вытв-сці. Але існуючы эканам. механізм не спрыяў ашчаднаму расходаванню матэрыяльна-тэхн. рэсурсаў. У выніку выдаткі на вытв-сць с.-г. прадукцыі з году ў год раслі. У гэтых умовах ажыццяўленне з 1990 лібералізацыі цэн, рост выдаткаў на нафтапрадукты і газ абумовілі паглыбленне крызісу ў сельскай гаспадарцы, што знайшло адлюстраванне ў памяншэнні збораў асн. с.-г. культур і пагалоўя жывёлы і адпаведна вытв-сці мяса, малака і яец. На 1996 большасць калгасаў і саўгасаў апынулася ў цяжкім эканам. становішчы. З-за адсутнасці неабходных сродкаў на працягу некалькіх апошніх гадоў яны амаль не набываюць новай с.-г. тэхнікі, штучных угнаенняў, гербіцыдаў і інш. хімікатаў. Запаволілася сельскае буд-ва. Вял. цяжкасці ўзніклі з набыццём неабходнага паліва, гаруча-змазачных матэрыялаў на перыяд пасяўных і ўборачных работ. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя (перавага на вёсцы людзей пенсіённага і перадпенсіённага ўзросту, адмоўны прырост сельскага насельніцтва), значныя маштабы набыла алкагалізацыя працаздольнага насельніцтва. Яшчэ больш пагоршыла стан развіцця сельскай гаспадаркі на значнай частцы тэр. рэспублікі Чарнобыльская катастрофа 1986.

Удз. вага сельскай гаспадаркі ў структуры нац. даходу Беларусі складае 19,5%, а яе асн. фонды — 26,3% усіх асн. фондаў рэспублікі (1994). На 1.1.1995 у рэспубліцы 1862 калгасы, 658 саўгасаў, 2951 фермерская гаспадарка. У апошнія гады ў сельскай гаспадарцы на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў пачалі з’яўляцца новыя вытв. фарміраванні: асацыяцыі, акц. т-вы, кааператывы, т-вы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты і інш. На адзін калгас у сярэднім прыпадае 3058 га с.-г. угоддзяў, у т. л. 1979 га ворнай зямлі, на адзін саўгас — 2988 га с.-г. угоддзяў і 2001 га ворнай зямлі. У сельскай гаспадарцы працавалі (1993) 123,1 тыс. трактароў, 70,4 тыс. грузавых аўтамабіляў, 25,5 тыс. збожжаўборачных, 8,4 тыс. бульбаўборачных, 10 тыс. сіласаўборачных, 4 тыс. льноўборачных камбайнаў, 10 тыс. зернеачышчальных машын і шмат інш. тэхнікі. Сучасная машынная тэхніка дазваляе цалкам механізаваць асн. палявыя работы, укараняць механізацыю ў жывёлагадоўлі і перайсці ў многіх гаспадарках да комплекснай механізацыі с.-г. вытв-сці. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі (каля 34% валавой прадукцыі ў 1994) належыць асабістым дапаможным гаспадаркам калгаснікаў, рабочых саўгасаў, садова-агародніцкім таварыствам. Тут атрымліваюць каля 80% бульбы, 90 гародніны, 24 малака, каля 13 мяса, 37 яек, 27% воўны. Пераважную большасць гэтай прадукцыі спажываюць самі вытворцы, доля іх у дзярж. закупках складае па воўне 14%, па бульбе каля 10% і зусім нязначную долю па іншых відах прадукцыі. Развіваюцца фермерскія гаспадаркі. Яны мелі ў сваёй уласнасці 60,9 тыс. га зямлі (17,7 га на адну гаспадарку), 3032 трактары, 909 грузавых аўтамабіляў (1995). У апошнія гады ў асабістых гаспадарках (разам з фермерскімі) хуткімі тэмпамі растуць аб’ёмы прадукцыі. За 1990—94 яны павялічыліся больш як у 1,5 раза.

Сельская гаспадарка Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні бульбы і лёну. Да пач. 1990-х г. на Беларусі склаліся с.-г. раёны (гл. карту Сельская гаспадарка). Пасля Чарнобыльскай катастрофы і распаду СССР спецыялізацыя гаспадарак удакладняецца і карэкціруецца. На гэта істотна ўплывае і фарміраванне рыначнай эканомікі. Вытворчасць асн. відаў с.-г. прадукцыі гл. ў табл. 13.

Са збожжавых сеюць пераважна жыта і ячмень (каля ¾ пасеваў збожжавых). Меншыя плошчы займаюць авёс, пшаніца, грэчка, кукуруза на зерне, проса. З зернебабовых культур вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Краіна забяспечвае свае патрэбы ў харч. бульбе і пэўную колькасць яе вывозіць. Тэхн. культуры займаюць на Беларусі каля 5% агульнай пасяўной плошчы. Найбольшае значэнне мае вырошчванне лёну-даўгунцу, меншае — цукр. буракоў. Беларусь не мае сваёй сыравіны для атрымання алею, таму на гэтыя мэты ў апошнія гады пачалі вырошчваць рапс. У структуры с.-г. угоддзяў Беларусі ​1/3 агульнай плошчы прыпадае на сенажаці і пашу. Кармавыя культуры займаюць каля 40% пасяўных плошчаў (1994). Вырошчваюць канюшыну, люцэрну, кармавыя буракі, кукурузу і рапс на сілас, турнэпс, кармавы лубін і інш. На корм жывёле ідзе каля 70% валавога збору збожжавых і зернебабовых і 40% бульбы. Агародніцтва развіта пераважна каля буйных гарадоў. З 30 відаў агароднінных культур, якія вырошчваюць на Беларусі, найбольшае значэнне маюць капуста, агуркі, памідоры, буракі, радыска, рэдзька, цыбуля, часнок, салата, морква, пятрушка, кроп і інш. З пладовых і ягадных культур вырошчваюць яблыні, слівы, грушы, вішні, чарэшні, парэчкі, агрэст, маліны, клубніцы. Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйн. раг. жывёлы, пераважаюць малочна-мясныя і малочныя пароды. Другая па значэнні галіна жывёлагадоўлі — свінагадоўля. Значная частка пагалоўя свіней сканцэнтравана на буйных свінагадоўчых комплексах, што былі пабудаваны ў 1970—80-я г. ў многіх раёнах Беларусі. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. Ва ўсіх абласцях пераважна каля вял. гарадоў ёсць буйныя птушкафабрыкі і бройлерныя ф-кі (найб. Мінскае ВА прамысл. птушкагадоўлі). Асобныя калгасы і саўгасы спецыялізуюцца на авечкагадоўлі, якая ператварылася ў дапаможную галіну жывёлагадоўлі. Конегадоўляй займаюцца спецыялізаваныя гаспадаркі — конныя з-ды. Самыя буйныя сярод іх у пас. Ратамка Мінскага р-на, у Мсціслаўскім і Веткаўскім р-нах. У апошнія гады коней у асабістую ўласнасць набываюць сяляне. Пра пагалоўе жывёлы і птушкі гл. табл. 14. Дадатковае значэнне мае зверагадоўля. Працуе больш за 10 спецыялізаваных зверагаспадарак і зверафермаў, дзе гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый. Традыцыйная для Беларусі галіна сельскай гаспадаркі — пчалярства. Разводзяць пчол у пчолагадавальніках, на пчаліных фермах у калгасах і саўгасах; пчалярствам займаюцца пчаляры-аматары.

Арганізацыйна кіраўніцтва сельскай гаспадаркай у рэспубліцы ажыццяўляе Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання. Падрыхтоўка кадраў для аграпрамысл. комплексу вядзецца ў 4 ВНУ, 28 с.-г. тэхнікумах, 2 каледжах больш як па 60 спецыяльнасцях і спецыялізацыях. У апошнія гады ў ВНУ вядзецца падрыхтоўка і па нетрадыцыйных, але неабходных для аграпрамысл. комплексу (АПК) спецыяльнасцях: камерцыйная дзейнасць у АПК; міжнар. эканам. адносіны ў АПК; фінансы і крэдыт у АПК; улік, аналіз і аўдыт; прававое забеспячэнне бізнесу; с.-г. і індустрыяльнае рыбаводства; с.-г. радыялогія; вырошчванне вострапрыпраўных і лек. раслін і інш. Поўнасцю ці часткова за кошт дзяржавы праведзена ўнутрыгасп. землеўпарадкаванне, складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы, праведзена баніціроўка глебаў, меліярацыя, пракладзены міжгасп. дарогі, лініі высакавольтавых электраперадач. Эксперым. гаспадаркі н.-д. ін-таў пастаўляюць сартавое насенне і племянную жывёлу, памагаюць укараняць новыя прыёмы і метады арганізацыі вытв-сці, прагрэс. тэхналогію. Дзейнічае Акадэмія агр. навук, якая каардынуе работу НДІ с.-г. профілю.

Будаўніцтва. Уключае прамысловае, сельскае, жыллёвае, трансп., энергет., гідратэхн. буд-ва і інш.

У пач. 20 ст. на Беларусі выконваўся значны аб’ём буд. работ: узведзены многія прамысл. прадпрыемствы, пракладзена густая сетка чыгунак, з’явілася шмат гідратэхн. і інш. збудаванняў. Гэтаму садзейнічала адносна развітая на той час прам-сць буд. матэрыялаў. Будаўніцтва вялося пераважна прыватнымі падраднымі буд. арг-цыямі, рабочымі-сезоннікамі, найчасцей уручную. З 1920-х г. яно набыло больш шырокі размах і фарміравалася як індустр. галіна. За перадваен. час пабудавана больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 317 МТС, школы, бальніцы, жылыя дамы, грамадскія будынкі ў калгасах і саўгасах і інш. У 1940 было 120 пярвічных буд. арг-цый (у т. л. 30 спецыялізаваных), якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. Пасля Вял. Айч. вайны буд. індустрыя хутка адрадзілася.

Сучасны буд. комплекс уключае больш за 80 устаноў навук.-тэхн. абслугоўвання, каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, у складзе якіх 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994). Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12% (гл. таксама Будаўніцтва).

Транспарт. Шляхі зносін Беларусі — састаўная ч. еўрап. трансп. сеткі, якая забяспечвае ўнутрырэсп. і знешнія сувязі з замежнымі краінамі. У рэспубліцы добра развіты ўсе асн. віды транспарту — чыгуначны (гл. Беларуская чыгунка), аўтамабільны, паветраны, рачны, трубаправодны (пра кожны гл. асобны арт.), а таксама ўнутрывытворчы прамысловы (гл. табл. 15). У пач. 1993 на долю транспарту і сувязі прыпадала 6,1% вытв-сці нац. даходу і 17% асн. вытв. фондаў.

Геагр. становішча, гісторыка-эканам. ўмовы Беларусі з даўніх часоў спрыялі пашырэнню на яе тэр. насычанай сеткі трансп. зносін (гл., напр., Валокі, Шлях «з варагаў у грэкі»). У 1860—70-я г. тут пачала фарміравацца сетка чыгунак. У 1913 на 1 тыс. км² прыпадала 23,5 км чыгунак, 14,2 км суднаходных рэк — значна больш, чым у сярэднім па еўрап. частцы Рас. імперыі. З агульнага аб’ёму перавозак чыг. і рачным транспартам на чыгункі прыпадала 80%. Вываз перавышаў увоз, транзітныя грузы складалі больш за 50% усіх перавозак грузаў па чыгунцы. Пуск у 1898 Віцебскага трамвая даў пачатак развіццю гар. транспарту. У 1-ю сусв., грамадз., і асабліва ў Вял. Айч. войны транспарту Беларусі прычынены вял. страты. У пасляваен. гады істотна змянілася ўдз. вага відаў транспарту ў грузаабароце і пасажыраабароце, транспарт адноўлены, рэканструяваны і тэхнічна пераўзброены: павялічыўся комплекс трансп. збудаванняў (чыг. станцый, вакзалаў, аўтагаспадарак, лакаматыўных і вагонных дэпо, прыстаняў, партоў, аэрадромаў), вырас парк аўтамабіляў, палепшыліся іх тэхніка-эканам. характарыстыкі, расшырылася сетка дарог.

Вядучае месца займае чыг. транспарт, яго ўдз. вага ў грузаабароце 72,2%, у пасажыраабароце — 54,6% (1993). Асн. грузапатокі чыг. транспарту праходзяць на напрамках Орша—Мінск—Брэст, Гомель—Мінск—Маладзечна, Калінкавічы—Жлобін—Орша—Віцебск і Лунінец—Баранавічы—Ліда—Беняконі; экспартна-імпартных грузаў — праз пагранічныя станцыі Брэст, Гродна, Бераставіца, Свіслач, Высока-Літоўск. Асн. вузламі грузапатокаў з’яўляюцца Мінск, Полацк, Віцебск, Салігорск, Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Баранавічы і інш. У аб’ёме перавозак пасажыраў 1-е месца займае аўтамаб. транспарт (90,3%; у грузаабароце 25,5%), развіты таксама рачны (0,75% грузаабароту і 0,01% пасажыраабароту) і паветраны (5% пасажыраабароту; гл. табл. 16). Развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.1996 працягласць магістральных нафтаправодаў склала 2861 км, грузаправодаў — 5534 км. З 1924 у Мінску пачаліся аўтобусныя перавозкі, у 1934 — таксі, у 1952 — тралейбусныя, у 1984 — метро. У 1993 усімі відамі транспарту (без трубаправоднага) перавезена 1885,1 млн. пасажыраў і 717,3 млн. т грузаў. Кіраўніцтва чыг. транспартам ажыццяўляе Упраўленне Беларускай чыгункі, інш. відамі — Мін-ва транспарту і камунікацый.

Сувязь на Беларусі развіта параўнальна добра. Падзяляецца на паштовую сувязь і электрычную (тэлефонная сувязь, тэлеграфная сувязь, тэлебачанне, радыёвяшчанне, радыёсувязь, перадача даных). Гл. табл. 17.

Да пач. 20 ст. сувязь на Беларусі абслугоўвала пераважна гарады, паветы і валасныя цэнтры. У 1859 пачала дзейнічаць тэлегр. лінія Мінск—Бабруйск, у 1896 пабудавана тэлеф. станцыя на 100 нумароў у Мінску. У 1913 было 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, адпраўлена 33 млн. пісьмаў. У 1925 сталі працаваць радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску. У 1930-я г. пачалася тэлефанізацыя сельскай мясцовасці, у гарадах пабудаваны першыя аўтам. тэлеф. станцыі (АТС). У 1956 у Мінску пачаліся рэгулярныя тэлевіз. перадачы.

У сучаснай структуры сувязі побач з традыц. відамі актыўна развіваюцца радыёсувязь і перадача даных. Пашыраюцца сістэмы сотавай, пэйджынгавай, спадарожнікавай сувязі і тэлевяшчання. Адбываецца камп’ютэрызацыя сувязі. У 1993 у карыстанні насельніцтва было каля 3,2 млн. радыёпрыёмнікаў, 3,5 млн. тэлевізараў, 3,5 млн. радыётрансляц. кропак. У 1996 на Беларусі трансліраваліся 5 праграм тэлебачання і 6 праграм гукавога радыёвяшчання. У Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце, Бабруйску, Рэчыцы і інш. дзейнічалі сеткі рухомай радыёсувязі.

Гандаль. Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла яе выгаднае геагр. становішча: у часы Кіеўскай Русі тут праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней наладзіліся гандл. сувязі гарадоў Беларусі з гарадамі Расіі, Украіны, Балтыі і Зах. Еўропы. Вял. роля ў развіцці гандл. сувязяў належала кірмашам, асабліва хуткімі тэмпамі пачаў развівацца гандаль з будаўніцтвам чыгунак. У канцы 19 ст. ў структуры рознічнага гандлю Беларусі больш за ​4/5 тавараабароту прыпадала на дробныя крамы і ларкі. У пач. 20 ст. павялічыўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапаліст. аб’яднанняў (у т. л. акц. т-ваў), якія ўстанавілі кантроль над асн. галінамі аптовага гандлю; прадстаўнікамі мясц. гандл.-фін. капіталу былі Мінская лясная і Віцебская таварная біржы. З пачаткам 1-й сусв. вайны ў гандлі панавалі спекуляцыя і хаос, а ў 1916—17 настаў востры харч. крызіс. Каб палепшыць становішча, былі створаны губернскія, павятовыя і валасныя харчовыя к-ты, у студз. 1919 — Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары; аптовы гандаль быў прэрагатывай дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж. гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел СНГ БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтраземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на яго долю ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У пач. 1930-х г. прыватны гандаль амаль выцеснены. Узнікла новая форма гандлю — калгасная. Развіццё эканомікі Беларусі ў пасляваен. перыяд забяспечыла хуткі рост вытворчасці тавараў, высокі прырост нац. даходу. За 1950—75 удз. вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, былі пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы, у т. л. гандл. цэнтры, універсамы. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала (1975) амаль ​2/3 усіх магазінаў рэспублікі. З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне.

У выніку рэфармавання гасп. адносін і сувязяў у гандлі ў 1990-я г. адбываюцца істотныя змены: пашыраецца прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізуецца аптовы гандаль, ажыццяўляецца палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур, вызначаюцца новыя падыходы ў наладжванні знешнеэканам. сувязяў краіны і спосабаў дзярж. рэгулявання ўнутр. і знешніх гандл. адносін. У 1995 дзярж. гандаль даваў 39,7% рознічнага тавараабароту, спажывецкай кааперацыі — 16,3%, гарадскіх рынкаў — 18,9%.

Бытавое абслугоўванне. У пач. 20 ст. быт. паслугі насельніцтву аказвалі дробныя майстэрні, а найбольш саматужнікі-адзіночкі. У 1920—30-я г. на базе прамысл. кааперавання ўзнікла сетка прадпрыемстваў быт. абслугоўвання. Пазней яна пашыралася, у т. л. і ў сельскай мясцовасці. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. абслугоўвання, у 1965 іх колькасць павялічылася на 1756 адзінак, аб’ём быт. паслуг вырас удвая. Уводзіліся спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення і абутку; мянялася і структура паслуг: павялічваўся аб’ём паслуг па рамонце і тэхн. абслугоўванні трансп. сродкаў асабістага карыстання грамадзян, паслуг пракатных пунктаў, фізкультурна-аздараўленчых камбінатаў, экскурсійных і турысцкіх устаноў; выраблялася больш мэблі па індывід. заказах, пабольшаў аб’ём паслуг па рамонце і будаўніцтве кватэр, рамонце быт. радыёэлектроннай тэхнікі, работ па хімчыстцы і фарбаванні.

Мат.-тэхн. базу сучаснага быт. абслугоўвання складаюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вытв. аб’яднанні, камбінаты, аснашчаныя высокапрадукц. машынамі і механізмамі. З 1990 пачалася прыватызацыя сеткі дзярж. прадпрыемстваў па быт. абслугоўванні, фарміруецца сістэма арганізаванага і індывід. прадпрымальніцтва ў сферы быт. абслугоўвання. Асн. паказчыкі быт. абслугоўвання насельніцтва гл. ў табл. 18. Гл. таксама Бытавое абслугоўванне.

Знешнеэканамічныя сувязі. Асн. формай знешнеэканам. сувязяў Беларусі з’яўляецца гандаль, а таксама эканам., навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтва з інш. краінамі, міжнар. спецыялізацыя і кааперацыя ў вытв-сці, навуцы і тэхніцы, сумеснае буд-ва і рэканструкцыя аб’ектаў, транспартныя, экспедытарскія, страхавыя аперацыі, разліковыя, крэдытныя і інш. банкаўскія аперацыі, міжнар. турызм і інш. дзейнасць у галіне міжнар. абмену.

У пач. 20 ст. з Беларусі экспартавалася с.-г. і натуральная ці малаапрацаваная прадукцыя лясной і лесахім. прам-сці. Але ўжо ў 1923 удз. вага прамысл. прадукцыі БССР у экспарце дасягнула амаль 60%. З 1953 пачалі вывозіцца аўтамабілі, металарэзныя станкі і інструменты, машыны дарожнага і с.-г. прызначэння, прылады. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін свету, Беларусі ўдзельнічала ў ажыццяўленні праграм СЭУ: стварэнні аб’яднанай энергасістэмы «Мір», буд-ве нафтаправода «Дружба», распрацоўцы сродкаў электронна-вылічальнай тэхнікі. У 1963—77 прадукцыя прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах.

У 1994 знешнегандл. сувязі Беларусі ажыццяўляліся з 108 краінамі свету, тавараабарот склаў 5576,3 млн. дол. ЗША, экспарт прадукцыі — 2510 млн., імпарт — 3066,3 млн. дол. Асн. гандл. партнёрамі былі Расія, Украіна, Германія, Польшча, ЗША. У таварнай структуры экспарту гал. доля прыпадала на мінер. ўгнаенні, трансп. сродкі (аўтамабілі, трактары, матацыклы, веласіпеды), халадзільнікі і маразільнікі бытавыя, ільняныя тканіны і інш.; у структуры імпартнай прадукцыі — прыродны газ, нафта, пракат чорных металаў, збожжа, цукар, алей і інш.

Акрамя гандлёвых пашыраюцца прамыя вытв. сувязі. На Беларусі дзейнічаюць сумесныя і замежныя прадпрыемствы. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі ў распрацоўцы і выпуску новых відаў прадукцыі, укараненні прагрэс. тэхналогій, мадэрнізацыі абсталявання. Развітыя дзяржавы аказваюць гуманітарную дапамогу ў авалоданні тэорыяй і практыкай рыначнай эканомікі, у падрыхтоўцы спецыялістаў. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, у рабоце многіх міжнар. эканам. арг-цый, актывізуе знешнеэканам. сувязі праз свае замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь, гандлёва-прамысл. палата. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі.

Узброеныя сілы. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета ад 20.3.1992 «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» на базе Беларускай ваеннай акругі. Налічваюць 85,5 тыс. чал. (1995). Складаюцца з сухапутных войскаў, ваен.-паветр. сіл (ВПС), войскаў проціпаветр. абароны (ППА). Вярх. галоўнакамандуючы — Прэзідэнт.

Сухапутныя войскі складаюцца з армейскіх карпусоў, мабільных сіл, мотастралк. дывізіі, механізаваных брыгад (на ўзбраенні 2320 танкаў, 2984 баявыя браніраваныя машыны); часцей спец. войскаў, часцей і ўстаноў тылу. У складзе армейскага корпуса — механізаваныя брыгады, часці родаў войскаў і спец. войскаў, часці і падраздзяленні карпуснога тылу. Войскі ВПС складаюцца з авіяц. базаў і асобных часцей забеспячэння, у сваім складзе маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. На ўзбраенні 335 баявых, а таксама трансп. самалёты для прыкрыцця важных аб’ектаў, авіяц. падтрымкі войскаў, вядзення паветр. разведкі і часці радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), перакідкі войскаў і грузаў па паветры. У складзе войскаў ППА — зенітныя ракетныя брыгады і палкі (на ўзбраенні 1533 адзінкі артыл. сістэм), асобныя групы ППА, часці радыётэхн. разведкі. Спец. войскі ўключаюць развед. злучэнні і часці, інж. і хім. войскі, войскі сувязі, РЭБ, злучэнні і часці тэхн. забеспячэння, дарожныя і аўтамаб. часці. Сухапутныя войскі маюць на ўзбраенні стралк. зброю, бранятанк. тэхніку, артылерыю рознага прызначэння, ракеты і інш.

Узброеныя сілы камплектуюцца ў адпаведнасці з Законам аб усеагульным воінскім абавязку, а таксама па кантракце; прызыўны ўзрост 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 18 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ, а таксама за мяжой. Радавы і малодшы камандны склад рыхтуюць у вучэбных падраздзяленнях.

Ахова здароўя. Мяркуюць, што асновы медыка-гігіенічнай дзейнасці на тэр. Беларусі пачалі складвацца задоўга да пач. н.э. На працягу тысячагоддзяў лякарства развівалася з абагульнення набытых народнай медыцынай рацыянальных навыкаў лячэння і засцярогі ад хваробаў. Значнае месца ў ахове здароўя займала царк.-манастырская медыцына: лекары-манахі былі ў Полацку, Тураве і інш. гарадах. З 14 ст. на Беларусі працавалі ўрачы, якія атрымалі адукацыю ў Ягелонскім, Пражскім, Падуанскім, Гальскім і інш. ун-тах (у т. л. ўраджэнцы Беларусі), а таксама нар. лекары-практыкі, медыкі-хірургі (цырульнікі), што аб’ядноўваліся ў рамесныя цэхі. Першыя шпіталі для бяздомных, бедных хворых адкрыты ў Брэсце ў 1495, Зэльве ў 1508, Мінску ў 1513; у канцы 18 ст. на Беларусі было каля 370 шпіталя на 2,9 тыс. месцаў. Першыя аптэкі адкрыты ў сярэдзіне 16 ст. ў Брэсце, Пінску, у 18 ст. іх было больш за 30. З 1801 практыкавалася воспапрышчэпліванне. У 1860 на Беларусі працавалі 268 урачоў, з іх 160 практыкавалі прыватна. У 1878 у падпарадкаванні Загаду Грамадскага нагляду было 39 бальніц на 1211 ложкаў, 4 дамы для псіхічна хворых, 1 радзільнае аддзяленне. У 1775—81 існавала Гродзенская ўрачэбная акадэмія, адкрыты акушэрскія школы ў Магілёве (1865), Віцебску (1872), Гродне (1875), фельчарская ў Магілёве (1875), прыватныя — зубаўрачэбная ў Мінску (1907), фельчарска-акушэрскія ў Віцебску (1906), Мінску (1908), акушэрская ў Гомелі (1906), курсы па падрыхтоўцы мед. сясцёр. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі складвацца своеасаблівыя формы мед. дапамогі рабочым на прадпрыемствах (гл. Фабрычна-заводская медыцына), адкрыты амбулаторыі, прыёмныя пакоі бальнічных страхавых кас (гл. Страхавая медыцына). У 1883 у сельскай мясцовасці, у 1910 у гарадах наладжана ўчастковае абслугоўванне насельніцтва. Ствараліся бальніцы гарадскія, прыватныя, чыг. і інш. ведамстваў, засн. бел. т-ва «Чырвонага Крыжа». У Мінску з 1911 пачала дзейнічаць хуткая медыцынская дапамога, працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы. У 1913 бальніцы ўсіх ведамстваў (акрамя ваеннага і турэмнага) мелі 5141 ложак. Для абслугоўвання сельскага насельніцтва пачынала ўводзіцца земская медыцына.

У 1922—27 уведзена рабочая медыцына — пераважнае мед. абслугоўванне застрахаваных паводле ўчасткова-тэр. прынцыпу; развівалася спецыялізаваная паліклінічная дапамога (у Мінску ў 1921 адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры). Паступова складваліся і ўмацоўваліся новыя галіны аховы здароўя (аховы мацярынства і дзяцінства, санаторна-курортная справа, хім.-фармацэўтычная прам-сць, мед.-сан. абслугоўванне і інш.), расшыралася сетка бальніц, урачэбных амбулаторый, паліклінік, акушэрскіх, фельчарскіх, фельчарска-акушэрскіх мед. пунктаў, устаноў санітарна-эпідэмічнай службы. Да 1941 на Беларусі сетка бальнічных устаноў павялічылася ў параўнанні з 1913 больш як удвая, колькасць ложкаў у іх — у 4,6 раза. За гады Вял. Айч. вайны ахове здароўя прычынены страты на суму 610,6 млн. руб.дзярж. цэнах 1941). Разбурана 80% лячэбных устаноў. Да 1950 установы аховы здароўя адноўлены і расшыраны.

Сучасная ахова здароўя грунтуецца на дзейнасці буйных шматпрофільных і спецыялізаваных стацыянарных і амбулаторна-паліклінічных устаноў (бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі, кансультацыі медыцынскія), якія працуюць паводле ўчасткова-тэр. і цэхава-ўчастковага прынцыпу з дыспансерызацыяй (гл. табл. 19, 20). Пашыраецца і ўдасканальваецца спецыялізаваная мед. Дапамога (анкалагічная, процітуберкулёзная, скурна-венералагічная) на аснове дыспансераў. Створаны цэнтры хірург. пульманалогіі і кардыялогіі, сасудзістай хірургіі, артапедыі, практалогіі, апёкавы, гепаталогіі, нефралогіі і трансплантацыі органаў, дзіцячай хірургіі і дзіцячай кардыялогіі, нейрахірургіі, пластычнай стаматалогіі, дзіцячай уралогіі (гл. Дыягнастычны цэнтр). Значнае развіццё атрымалі эндакрыналогія, рэаніматалогія, афтальмалогія, уралогія, атарыналарынгалогія, неўрапаталогія. Працуюць станцыі хуткай мед. дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, медыка-генетычнае кансультаванне і кансультацыі «Шлюб і сям’я». Мед. дапамогу акрамя агульных лячэбна-прафілакт. устаноў аказваюць у медыка-санітарных частках, пунктах аховы здароўя, прафілакт., аздараўленчую, лячэбную — у санаторыях-прафілакторыях, санаторыях, дамах адпачынку, на курортах. У 1994 у сістэме Мін-ва аховы здароўя працавала 50 санаторыяў на 14 749 ложкаў, у аб’яднанні «Белміжкалгасздраўніца» — 14 на 2715 ложкаў, у прафсаюзных санаторыях «Беларуськурорт» — 13 на 4935 ложкаў. Сан.-эпідэміял. абслугоўванне ажыццяўляюць сан.-эпідэміял. служба (рэсп., абл., гар. і раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дэзінфекцыйныя станцыі), а таксама цэнтры здароўя. Сістэма медыцынскай адукацыі забяспечвае патрэбу ва ўрачах і мед. работніках сярэдняга звяна. Дзейнічаюць: 4 мёд. ін-ты (Мінск, Віцебск, Гродна, Гомель; гл. адпаведныя арт.), 18 мед. вучылішчаў. Навук. практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя распрацоўваюць 13 НДІ, Бел. цэнтр мед. тэхналогій, Бел. ін-т экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Даследаванні вядуцца па ўсіх галінах мед. навукі. Вял. ўвага надаецца вырашэнню праблем прафілактыкі і лячэння найб. пашыраных хваробаў: сардэчна-сасудзістых (смяротнасць 49,5%), ракавых (14,6%), органаў дыхання (5,2%), звязаных з вытворчым і бытавым траўматызмам (11%), венерычных і актыўнага туберкулёзу ўсіх формаў захворвання, хвароб, выкліканых нерв.-псіхічнымі расстройствамі, алкагалізмам і наркаманіяй. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствы ўнеслі істотныя змены ў структуру і прыярытэтныя кірункі аховы здароўя ў рэспубліцы. У 1990-я г. пачала фарміравацца сістэма платных мед. паслуг на базе прыватных мед. устаноў.

Забеспячэнне насельніцтва і ўстаноў аховы здароўя лек. сродкамі і вырабамі мед. прызначэння вядзецца праз сетку аптэчных устаноў, якімі кіруюць Бел. рэсп. вытворчае аб’яднанне і абл. ВА «Фармацыя». Рэсп. і абл. аптэчныя склады, аптэкі і кантрольна-аналітычныя амбулаторыі — самаст. аптэчныя ўстановы. Пытанні аховы здароўя адлюстроўваюць часопісы «Здравоохранение Беларуси», «Медицина» і штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы на Беларусі арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Мінскае т-ва аматараў спорту, філіі рас. т-ваў веласіпедыстаў-турыстаў, «Санітас» і інш.). Масавыя былі гімнастыка, лёгкая атлетыка, веласіпедны спорт, падыманне цяжару, барацьба, футбол. Першыя бел. спаборніцтвы па футболе праведзены ў 1911 у Магілёве (кубак горада), па лёгкай атлетыцы ў Гомелі (1913), барацьбе і падыманні цяжару ў Мінску (1913—14). У 1910-я г. дзейнічала каля 70 спарт. гурткоў, клубаў, т-ваў (больш за 2,5 тыс. чал.); існавала 15—20 прасцейшых спарт. збудаванняў. На ўсерас. і міжнар. спаборніцтвах вызначыліся бел. спартсмены М.Дзявочка (веласпорт), А.У.Александровіч і У.С.Сакалдзінскі (цяжкаатлеты). У 1920-я г. ўзніклі ваенна-спарт. клубы ўсевобуча, новыя спарт. клубы і гурткі («Звязда», «Спартак», «Чырвоны маладняк» і інш.); пачалі развівацца баскетбол, тэніс, праведзены першыя рэсп. спаборніцтвы па розных відах спорту (22 у 1924), 1-е Усебел. свята фізкультуры ў Мінску. У 1923 створаны Вышэйшы савет фізкультуры пры ЦВК БССР, гар., пав., губ. саветы, Бел. арг-цыя т-ва «Дынама». З 1924 рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты Беларусі па барацьбе, цяжкай атлетыцы, лыжным спорце, каньках. На 1-й Усесаюзнай спартакіядзе (1928) каманда БССР заняла 3-е месца. У 1929 у Мінску адкрыты тэхнікум фізкультуры (у 1937 пераўтвораны ў ін-т). У 1935 арганізавана спарт. т-ва «Спартак», у 1936 створаны К-т па справах фіз. культуры і спорту пры СНК БССР, яго абл., раённыя і гар. структуры, спарт. т-вы «Вымпел», «Лакаматыў», «Полымя», «Чырвоная звязда», «Тэмп» і інш. Уводзіліся спартыўныя збудаванні. У 1940 у БССР было 3295 калектываў фізкультуры (больш за 154 тыс. чал., у т. л. больш як 8 тыс. спартсменаў-разраднікаў).

У пасляваен. час калектывы фізкультуры адноўлены (на канец 1944 іх было 637; 36,6 тыс. чал.). У 1945 адбылася 1-я Усебел. спартакіяда. Актыўна вялося спарт. будаўніцтва: колькасць стадыёнаў, спарт. залаў у 1985 у параўнанні з 1966 вырасла ў 2,5 раза, басейнаў — у 3,5. Былі пабудаваны Мінскі палац спорту, воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі, алімпійскі лагер «Стайкі», зімовы спарткомплекс «Раўбічы», палац лёгкай атлетыкі і палац тэніса ў Мінску, конна-спарт. комплекс «Ратамка», рэканструяваны стадыёны «Дынама» і «Трактар» у Мінску. Па забяспечанасці спарт. збудаваннямі Беларусь займала вядучае месца ў СССР. Тут праводзіліся чэмпіянаты свету па барацьбе, біятлоне, валейболе, верталётным спорце, фехтаванні, чэмпіянаты Еўропы па гімнастыцы, класічнай барацьбе; чэмпіянаты СССР, буйныя міжнар. спаборніцтвы па розных відах спорту, у т. л. групавыя турніры па футболе XXII Алімпійскіх гульняў (1980) і чэмпіянату свету сярод юніёраў (1985).

На 1996 на Беларусі 286 стадыёнаў, 4,7 тыс. спарт. залаў, 220 плавальных басейнаў, каля 14 тыс. плоскасных спарт. пляцовак, дзейнічала 475 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ, у т. л. 12 школ вышэйшага спарт. майстэрства, 9 вучылішчаў алімп. рэзерву; у галіне фіз. культуры і спорту працавала больш як 16 тыс. спецыялістаў, падрыхтоўка іх ажыццяўляецца ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту. Бел. спартсмены з 1952 удзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях, дзе заваявалі 82 залатыя, 45 сярэбраных і 44 бронзавыя медалі. З 1992 зборная каманда Беларусі ўдзельнічае ў Паралімпійскіх гульнях інвалідаў. К.Шэпель стаў 5-разовым чэмпіёнам гэтых гульняў. У складзе зборнай СССР, а з 1993 у складзе самастойнай нац. каманды бел. спартсмены неаднаразова вызначаліся на чэмпіянатах свету, Еўропы, у кубкавых турнірах па барацьбе, біятлоне, вяслярным спорце, гандболе, спарт. гімнастыцы, фехтаванні, цяжкай атлетыцы і інш. Імёны бел. спартсменаў А.Бяловай, В.Корбут, І.Жалязоўскага, Н.Зверавай, К.Курловіча, А.Мядзведзя, У.Парфяновіча, Т.Самусенка, В.Сідзяка, В.Шчэрбы і інш. добра вядомыя ў свеце. Корбут і Шчэрба былі прызнаны лепшымі спартсменамі свету. З 1991 у Беларусі дзейнічае Нацыянальны алімпійскі камітэт. Развіццё фізкультурна-масавай і спарт. работы ажыццяўляецца на падставе Закону аб фізічнай культуры і спорце ад 18.6.1993, які вызначае фіз. культуру і спорт як неад’емную частку нац. культуры і гісторыі бел. народа. Каардынуе гэтыя працэсы Мін-ва спорту і турызму (утворана ў 1995). Пытанні фіз. культуры і спорту асвятляюцца ў перыяд. выданнях «Спортивная панорама» і «Прессбол», час. «Спорт на воде».

Асвета. Нац. сістэма адукацыі Беларусі ахоплівае дашкольнае выхаванне і адукацыю агульную, сярэднюю, пазашкольную, прафес.-тэхн., сярэднюю спец., вышэйшую, падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў, самаст. адукацыю дарослых. Сваю дзейнасць сістэма адукацыі ажыццяўляе на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб культуры ў Беларускай ССР» (1991), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (1992), «Аб правах дзіцяці» (1993) і інш. У развіцці сістэмы адукацыі ўлічваюцца канцэптуальныя ідэі, палажэнні і падыходы, якія закладзены ў разнастайных праграмах і планах: Дзяржаўнай праграме развіцця адукацыі і выхавання ў Беларусі да 2000 года (1993), Нацыянальным плане дзеянняў па ахове правоў дзіцяці на 1995—2000 (1995), канцэпцыях адукацыі і выхавання ў Беларусі; выхавання ў нац. школе Беларусі; развіцця дашкольнага выхавання; зместу агульнай сярэдняй адукацыі; стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі і інш. Сістэма адукацыі Беларусі зыходзіць з асн. прынцыпаў: прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; культурна-нац. аснова з адначасовым шырокім далучэннем да сусв. матэрыяльнай і духоўнай культуры; арыентацыя на сусв. ўзровень адукацыі і дасягненне прызнання за мяжой эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі навуч. устаноў Рэспублікі Беларусь; гуманізм і дэмакратызм; экалагічная накіраванасць; свецкі характар; абавязковасць базавай 9-гадовай адукацыі; падтрымка таленту і адукаванасці, стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця здольнасцяў асобы; пераемнасць і непарыўнасць адукацыі; адзінства навучання і выхавання, духоўнага, маральнага і фізічнага ўдасканалення асобы; павышэнне ролі сям’і ў выхаванні асобы, арган. ўзаемасувязь і ўзаемадзеянне сямейнага і грамадскага выхавання.

Дашкольныя ўстановы. У 1919 на Беларусі існавала 26 дашкольных устаноў (сіроцкія дамы, прытулкі, яслі-сады). У 1920 пры Наркамаце асветы БССР арганізаваны дашкольны аддзел. У 1922 было 88 дашкольных устаноў (каля 4 тыс. дзяцей); у 1932 — 543 (больш за 26 тыс. дзяцей); у 1940 — 1316 (64 тыс. дзяцей). У гады Вял. Айч. вайны сістэма дашкольнага выхавання была цалкам знішчана. У 1945 працавала 586 дашкольных устаноў (24 тыс. дзяцей). З 1959 дзейнічаюць дзіцячыя яслі-сады, з 2-й пал. 1980-х г. — разнастайныя віды і тыпы дашкольных устаноў, якія адпавядаюць запатрабаванням і інтарэсам дзяцей і бацькоў [дзяржаўныя, грамадскія, прыватныя, змешаныя, дзіцячыя сады з гібкім рэжымам работы, з паглыбленым кірункам у рабоце (вывучэнне замежных моў, асноў выяўл. мастацтва і інш.), сямейныя, санаторныя, для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці, «школа—дзіцячы сад», «дзіцячы дом—школа—дзіцячы сад» і інш.]. Дынаміку развіцця сеткі дашкольных устаноў гл. ў табл. 21. З 1989 з улікам асаблівасцяў развіцця мовы дзяцей удасканалены праграмы выхавання ў дашкольных установах. Дзеці разам з бацькамі сталі актыўна авалодваць бел. мовай, далучацца да культуры і традыцый бел. народа. Аднак з 1994—95 колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 295 (колькасць дзяцей у іх зменшылася на 6,4 тыс.). З 5-дзённым рэжымам працавалі 75,8% дашкольных устаноў, з 6-дзённым 24,2%. На аднаго педагога прыпадала ад 8 да 10 дзяцей.

У сферы дашкольнага выхавання і адукацыі занята 55,5 тыс. педагогаў, з іх 99,9% — жанчыны; 35,1% маюць вышэйшую адукацыю, 59,2% — сярэднюю спецыяльную (1996). Спецыялістаў для дашкольных устаноў рыхтуюць 3 пед. ун-ты, пед. ін-т, 3 каледжы, 8 пед. вучылішчаў.

Агульнаадукацыйная школа. У 10 ст. на тэр. Беларусі была распаўсюджана слав. пісьменнасць. У 11—12 ст. у Полацку, Віцебску, Тураве і інш. гарадах дзяцей вучылі грамаце па царк. кнігах. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. У 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі канфесійныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае Пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. У гэты час вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. У 2-й пал. 17 ст. многія з іх разам з друкарнямі былі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла 20 школ, у якіх больш увагі стала надавацца прыродазнаўчым і фіз.-матэм. навукам; адукацыя пачала набываць свецкі характар.

У канцы 18 ст. пасля Далучэння Беларусі да Расіі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 галоўныя нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польск. мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерань» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навучальнай акругі А.​П.​Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864), у адпаведнасці з якімі навучанне вялося на рус. мове, вучням забаранялася ў школе размаўляць паміж сабой і з настаўнікамі на роднай мове; нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пач. школы будаваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была недаступная для дзяцей б. ч. працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел. нац. школы. У 1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбыўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выйшлі першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.​Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа.

У 1914/15 навуч. г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту). У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.​М.​Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая прац. агульнаадук. і політэхн. школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 арганізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польск., яўр. і інш. мовах. З 1932/33 навуч. г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч. г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%. На тэр. Зах. Беларусі з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. У 1938 у асобных раёнах было каля 70% непісьменных. З 1940 у зах. абласцях уведзена 7-гадовае навучанне. У гады Вял. Айч. вайны знішчана каля 9 тыс. школ. У пасляваен. гады школьная сетка адноўлена. У 1962/63 навуч. г. закончыўся пераход да ўсеаг. 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч. г. — да ўсеаг. сярэдняй адукацыі (гл. табл. 21).

У 2-й пал. 1980-х г. пачаўся рух за аднаўленне бел. мовы (у 1970 не вывучалі бел. мову як прадмет 30% вучняў школ Беларусі, у Мінску — 90%). У 1989 створана Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які абвясціў дзяржаўнай бел. мову. У 1994/95 навуч. г. 64% ад агульнай колькасці школ вялі навучанне на бел. мове, 5% — на рускай, 30% на рус. і бел. мовах. З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы; павышэнне якасці адукацыі; павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Прагназуецца пераход ад аптымальных тэрмінаў навучання і аб’ёму атрыманых ведаў праз увядзенне абавязковага 10-гадовага тэрміну навучання (пры пачатку навучання з 6 гадоў). Структура абноўленай сістэмы адукацыі: дзіцячы сад (з 3 да 6 гадоў); пач. школа (1—4-ы кл., з 6 да 10 гадоў); асноўная (абавязковая) школа (5—10-ы кл., з 10 да 16 гадоў). Выпускнікі 10-гадовай школы атрымліваюць атэстат, які сведчыць аб завяршэнні абавязковай адукацыі, але не дае права паступлення ў ВНУ. Пасляабавязковая адукацыя прадугледжвае для выпускнікоў 10-х кл. некалькі шляхоў працягу адукацыі: 3-я ступень школьнай адукацыі (11—12-ы кл.); прафес.-тэхн. вучылішчы (пач. прафес. школа, тэрмін навучання 2—3 гады); тэхнікумы, каледжы (сярэдняя спец. школа, 3—4 гады); ліцэі (профільныя, пры ВНУ, ліцэйскія класы, 2 гады). Ліцэі адпавядаюць 11 — 12-му класам і даюць права паступлення ў ВНУ.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя. Першыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. пераважна пры заводах і фабрыках на сродкі прыватных асоб, дабрачынных т-ваў, гарадскіх улад. У іх рыхтавалі кавалёў, слесараў, сталяроў, агароднікаў, садаводаў, камерц. работнікаў. У 1914 на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. было 8 рамесных вучылішчаў (606 навучэнцаў). У 1920-я г. адкрыты прафес.-тэхн. школы, тэхн. курсы на прадпрыемствах, школы фабрычна-заводскага вучнёўства (ФЗВ). У 1932 у школах ФЗВ займалася 13 тыс. навучэнцаў. У 1940 у сістэме прац. рэзерваў было адчынена 40 школ ФЗВ, 15 рамесных і 6 чыг. вучылішчаў. У гады Айч. вайны прафес.-тэхн. навуч. ўстановы эвакуіраваны на Урал і ў Зах. Сібір. У канцы 1945 працавалі 72 навуч. ўстановы прац. рэзерваў (14,3 тыс. навучэнцаў). У 1959 створана сістэма прафес. тэхн. адукацыі; з 1969 дзейнічаюць сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы (ПТВ). У 1989 створаны прафес. навуч. ўстановы новага тыпу, у т. л. вышэйшыя прафес. вучылішчы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1994/95 навуч. г. ў 253 прафес.-тэхн. навуч. установах, у т. л. ў 21 вышэйшым прафес. вучылішчы і 1 вышэйшым тэхнічным, па 400 прафесіях навучалася 138,1 тыс. навучэнцаў. Ва ўмовах пераходу да рыначных адносін у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі вырашаюцца праблемы занятасці, удасканалення навуч. планаў і праграм, арганізацыя новых формаў прац. навучання і прафес. падрыхтоўкі (вучнёўскія кааператывы, малыя прадпрыемствы, політэхн. цэнтры, рэальныя школы і класы, тэхн. ліцэі, рэгіянальныя прафцэнтры і комплексы, школы-ПТВ, ПТВ-тэхнікумы, ПТВ—тэхнікумы—ВНУ і інш.; гл. табл. 21).

Сярэдняя спецыяльная адукацыя. Пачатак развіцця сярэдняй спец. адукацыі на Беларусі звязаны з арганізацыяй у 1840 Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 ін-т). Медработнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавалі Магілёўская фельч.-акушэрская школа (з 1865), Віцебская фельчарская школа (з 1872), Гродзенская акушэрская школа (з 1875). Настаўнікаў з сярэдняй пед. адукацыяй рыхтавалі 8 настаўніцкіх семінарый (Маладзечанская, Полацкая, Нясвіжская, Свіслацкая, Рагачоўская і інш., у т. л. 2 жаночыя), 3 настаўніцкія ін-ты. Працавала адзіная тэхн. навуч. ўстанова — Гомельскае чыг. вучылішча (з 1876). У 1914/15 навуч. г. ў 15 сярэдніх спец. навуч. установах займалася 1,4 тыс. навучэнцаў. У 1917 было 10 с.-г. навуч. ўстаноў. Сетка сярэдніх спец. навуч. устаноў актыўна пачала развівацца ў 1920-я г. Адчынены тэхнікумы: Віцебскі механіка-буд., Мінскі арх.-буд., Полацкі лясны, мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 на Беларусі працавалі 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). У гады Вял. Айч. вайны разбураны амаль усе навуч. ўстановы. У 1945/46 навуч. г. працавалі 94 тэхнікумы і вучылішчы (26,2 тыс. навучэнцаў). У 1960-я г. для падрыхтоўкі спецыялістаў с.-г. вытв-сці створаны новы тып сярэдняй спец. навуч. установы — саўгас-тэхнікум (у 1975 — 12, у 1990 — 18). Для падрыхтоўкі спецыялістаў па новых галінах вытв-сці былі адчынены тэхнікумы: Наваполацкі нафтавы (гл. Наваполацкі політэхнічны тэхнікум), Салігорскі горна-хімічны, Магілёўскі і Гродзенскі хіміка-тэхналагічныя, Мінскі радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж) і інш. У 1992 для арганізацыі навук.-метадычнай работы і метадычнага забеспячэння створаны Рэсп. ін-т прафес. адукацыі. У 1994/95 навуч. г. ўведзены новыя спецыяльнасці па прадпрымальніцкай дзейнасці (камерцыйная дзейнасць, маркетынг, менеджмент, арганізацыя работы фермерскай гаспадаркі і інш.; гл. табл. 21).

Вышэйшая адукацыя. У часы ВКЛ вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Віленскай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). Першая вышэйшая навуч. ўстанова на тэр. Беларусі — Гродзенская мед. акадэмія (1775—81), якая дала пачатак развіццю мед. адукацыі на Беларусі. У 1812—20 дзейнічала каталіцкая вышэйшая навуч. ўстанова — Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т — першая ў Расіі вышэйшая агранамічная навуч. ўстанова. У 1911 у Віцебску створана аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (з 1918 Віцебскі археал. ін-т, існаваў да 1923). У 1918 Віцебскі (з 1910; гл. Віцебскі універсітэт) і Магілёўскі (з 1913) настаўніцкія ін-ты пераўтвораны ў пед. ін-ты. У 1920 засн. Бел. політэхн. ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія). У Мінску засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт (1921), Бел. ін-т сельскай гаспадаркі (1922), які ў 1925 далучаны да Горы-Горацкага земляробчага ін-та, і створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1920—30-я г. адчынены таксама Віцебскі вет. ін-т (1924; гл. Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны), лесатэхнічны ін-т у Гомелі (1930; гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт); мінскія энергетычны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы (1930), харч. прам-сці, тарфяны (1931) ін-ты, якія ў 1933 увайшлі ў склад Бел. політэхн. ін-та, Мінскі медыцынскі інстытут (1930), Мінскі пед. ін-т (1931; гл. Беларускі педагагічны універсітэт), Беларуская кансерваторыя (1932; гл. Беларуская акадэмія музыкі), Гомельскі пед. ін-т (1933; гл. Гомельскі універсітэт), Віцебскі медыцынскі інстытут (1934), Бел. ін-т фізічнай культуры (1937; гл. Акадэмія фізічнага выхавання і спорту) і інш.

У 1932 на Беларусі 32 ВНУ (10,1 тыс. студэнтаў), у т. л. 9 тэхн. ВНУ, дзейнічаў 51 рабфак. У 1940/41 навуч. г. працавала 25 ВНУ (21,5 тыс. студэнтаў). На 10 тыс. насельніцтва прыпадалі 24 студэнты. У гады Айч. вайны ВНУ Беларусі спынілі работу. У 1944/45 навуч. г. працавалі 12 ВНУ (5,1 тыс. студэнтаў), у 1945/46 — 24 (12,8 тыс. студэнтаў). Створаны Гродзенскі пед. ін-т (1944; гл. Гродзенскі універсітэт), Бел. тэатральны ін-т (з 1945; з 1953 тэатральна-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі пед. ін-т замежных моў (1948; гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт), Брэсцкі пед. ін-т (1950; гл. Брэсцкі універсітэт), Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1951), Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953; Гомель; гл. Беларускі універсітэт транспарту), Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1954; гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт), Мінскі радыётэхн. ін-т (1964; гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), Віцебскі тэхналагічны ін-т лёгкай прам-сці (1965; гл. Віцебскі тэхналагічны універсітэт), Наваполацкі політэхн. ін-т (1974; гл. Полацкі універсітэт) і інш. У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1994/95 навуч. г. вучэбную і навук. работу па 200 спецыяльнасцях праводзілі 38 дзярж. ВНУ (ун-таў, акадэмій, ін-таў, вышэйшых каледжаў); створаны таксама недзярж. ВНУ: Беларускі камерцыйны універсітэт кіравання, Еўрапейскі гуманітарны ун-т, Эканоміка-лінгвістычны ун-т, Камерцыйная акадэмія (Магілёў), Ін-т сучасных ведаў, Камерцыйны ін-т прадпрымальніцкай дзейнасці, Ін-т кіравання і прадпрымальніцтва і інш. Усяго на Беларусі дзейнічае 20 недзярж. ВНУ (1996). Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па новых спецыяльнасцях: класічныя мовы і л-ра (лац., грэч.), японская і кітайская мовы, камерц. дзейнасць на рынку тавараў і паслуг, метралогія, перспектыўныя кірункі псіхалогіі (паліт. псіхалогія, этнапсіхалогія і інш.), стандартызацыя і сертыфікацыя, тэхналогія і паліграф. вытв-сць і інш. Рэфармаванне вышэйшай школы ідзе ў кірунку паступовага пераходу да шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі: 1-ы ўзровень — падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (4—5 гадоў), 2-і — паглыбленая падрыхтоўка (1—2 гады). Першы ўзровень прадугледжвае магчымасць атрымання адначасова з вышэйшай адукацыяй акад. ступені бакалаўра. Другі — паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці і атрыманне пры дадатковым навучанні акад. ступені магістра. Вядзецца распрацоўка стандартаў адукацыі, якія з’яўляюцца базай для атэстацыі і акрэдытацыі навуч. устаноў, статуса дыплома аб адукацыі, яго эквівалентнасці за межамі Б. Даследаванні ў галіне адукацыі праводзяць Рэсп. ін-т вышэйшай школы і гуманіт. адукацыі, Ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, Рэсп. ін-т прафес. адукацыі, кафедры педагогікі і псіхалогіі пед. ВНУ і ун-таў, кафедра інжынерна-пед. дысцыплін Бел. політэхн. акадэміі, кафедра культуры і педагогікі Бел. аграрнага тэхн. ун-та і інш. Вядучая навук. ўстанова Беларусі па псіхал.-пед. і сацыяльна-эканам. даследаваннях — Нацыянальны інстытут адукацыі, на базе якога ў мэтах каардынацыі навук. даследаванняў створаны Каардынацыйны савет па навук. даследаваннях у сферы адукацыі (1993).

Культурна-асветныя ўстановы. Першыя бібліятэкі на Беларусі ўзніклі пры цэрквах і манастырах у 11 ст. Найб. старажытная Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі б-кі правасл. манастыроў. Цэнтральныя б-кі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія б-кі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць б-кі навуч. устаноў. Самая вял. з іх была б-ка Віленскай акадэміі (цяпер б-ка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 18 ст. існавалі б-кі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. б-кі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. ін-т; у Віленскай навуч. акрузе ў 1894 працавалі 733 б-кі пры нар. вучылішчах. Самымі вял. прыватнымі ў 16—18 ст. былі Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэкі, б-кі слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 19 — пач. 20 ст. павялічылася колькасць прыватных б-к інтэлігенцыі, у гарадах пачалі стварацца публічныя б-кі (Гродна, Магілёў, Мінск, Віцебск і інш.). На сродкі выдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава ствараліся Паўленкаўскія б-кі (напр., у в. Астрамечава, Брэсцкі р-н). У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая на Беларусі навук. б-ка. У 1922 створана аб’яднаная Бел. дзярж. і універсітэцкая б-ка (з 1926 Бел. дзярж. б-ка, гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938) і пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1938 створаны бібліятэкі абласныя Беларусі. У 1925 заснавана Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа. У Вял. Айч. вайну б-кі былі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць б-к і агульны кніжны фонд перавысілі даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэсп. б-кі: Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, навукова-метадычная па фіз. культуры і спорце, сельскагаспадарчая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская. На 1.1.1996 на Б. каля 5,7 тыс. масавых б-к з кніжным фондам больш за 90 млн. кніг і часопісаў.

Музеі. Першыя музейныя калекцыі на Беларусі вядомы з 16 ст. — сістэматызаваныя нумізматычныя зборы Радзівілаў у Нясвіжы, дзе таксама былі карцінная галерэя, збраёўня. У 18 ст. створаны «сапежанскі збор» у Ружанах, музей і карцінная галерэя ў Полацкім езуіцкім калегіуме, музейныя калекцыі А.​Тызенгаўза ў Гродне, Я.​Стравінскага ў в. Накрышкі пад Навагрудкам, І.​Храптовіча ў в. Шчорсы (Навагрудскі р-н) і інш. У 19 ст. вядомы музейныя зборы М.​П.​Румянцава ў Гомелі, А.​Гюнтара ў в. Дабраўляны (Смаргонскі р-н), карцінная галерэя К.​Тызенгаўза ў Паставах, І.​Слізеня ў в. Мсціж (Барысаўскі р-н) і інш. У 1830—40-я г. заснаваны «кабінет» М.​Гаўсмана ў Мінску, дзе экспанаваліся творы мастацтва, матэрыялы па археалогіі, прадметы побыту беларусаў. У 1842 адкрыты музей старажытнасцяў К. і Я.​Тышкевічаў у Лагойску. У 2-й пал. 19 ст. заснаваны літ.-краязн. музеі А.​Ельскага (в. Замосце, Пухавіцкі р-н), Э.​Чапскага (в. Станькава, Дзяржынскі р-н). У 1867 адкрыты Магілёўскі, у 1897 — Магілёўскі царкоўна-археал., у 1893 заснаваны Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, у 1908 — Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У пач. 20 ст. дзейнічалі Горацкі, Мсціслаўскі музеі. У 1920-я г. заснаваны музеі ў Слоніме, Пінску, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Багатыя бел. калекцыі меў Беларускі музей у Вільні (1921—45). У 1940 на Беларусі было 26 дзярж. музеяў, у т. л. Беларускі дзяржаўны музей у Мінску (з 1919). У 2-ю сусв. вайну амаль усе музеі знішчаны. У пасляваен. гады многія адноўлены ці створаны новыя. На 1996 у Беларусі 102 дзярж. музеі, у т. л. 35 краязнаўчых, 22 гіст., 11 маст. і нар. творчасці, 18 літ. і літ.-мемарыяльных. Буйнейшыя рэспубліканскія музеі: Багдановіча Максіма літаратурны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Коласа Якуба літаратурны музей, Купалы Янкі літаратурны музей, Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі і інш. Дзейнічаюць музеі на грамадскіх пачатках пры тэатрах, навуч. і інш. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Друк. Першую бел. друкаваную кнігу «Псалтыр» выдаў Ф.​Скарына ў Празе 6.8.1517. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Ф.​Скарынам каля 1520. Тут жа выдадзены «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая кніга на стараж.-бел. мове выдадзена ў Нясвіжы 10.6.1562, першая друкарня засн. ў Брэсце ў 1553 (гл. ў арт. Брэсцкія друкарні). Першае бел. перыядычнае выданне — «Газэта літэрацка Віленьска» (1760—1916). На тэр. сучаснай Беларусі першае перыяд. выданне — «Газэта Гродзеньска» (1776—83). Першая нелегальная беларускамоўная газета — «Мужыцкая праўда» (1862—63), першыя легальныя газеты на бел. мове — «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15). На Беларусі працуюць 11 дзярж. выдавецтваў і больш за 1300 суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці і прадпрымальнікаў, якім дадзены ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. У 1995 выдадзена 3205 назваў кніг тыражом 62,9 млн. экз. На 1.1.1996 зарэгістравана 869 перыяд. выданняў, у т. л. 611 газет, 212 часопісаў, 46 бюлетэняў. Буйнейшыя дзярж. газеты: «Народная газета», «Советская Белоруссия», «Звязда», «Рэспубліка», «7 дней», «Чырвоная змена», «Белорусская нива». Выходзяць недзяржаўныя, прыватныя, прафесійныя, рэліг., парт. і інш. выданні: «Беларускі час», «Веснік беларускага экзархата», «Во славу Родины», «Згода», «Літаратура і мастацтва», «Свабода», «Товарищ», «Цэнтральная газета» і інш. Дзейнічаюць афіц. Беларускае Тэлеграфнае Агенцтва (БелТА, з 1938), а таксама прыватныя агенцтвы: Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), «Рэклама, інфармацыя, дайджэст» (РІД), «Павет» і інш. Гл. таксама Выдавецтва, Кнігадрукаванне, Друкарня, Газета, Часопіс, Агенцтва друку.

Радыё. Першая перадача бел. радыё адбылася ў 1925. Сучаснае дзярж. радыёвяшчанне вядзецца па 1-й і 2-й праграмах у мона- і стэрэаварыянце. У структуру Бел. радыёвяшчання ўваходзіць радыёвяшчанне абласных студый. Штодзённа на кароткіх хвалях гучаць перадачы для беларусаў, якія жывуць у Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Зах. Еўропе (гл. Беларускае радыё за мяжой). На ультракароткіх хвалях працуюць незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2» і «Радыё Бі Эй».

Тэлебачанне. Рэгулярныя тэлеперадачы на Беларусі пачаліся 1.1.1956 (створаны рэсп. тэлецэнтр у Мінску). Працуе Рэспубліканская студыя тэлебачання, мае студыі ва ўсіх абласных цэнтрах. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У крас. 1995 утворана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), у якую аб’яднаны 12 недзярж. тэлестанцый. На тэр. Беларусі трансліруюцца таксама праграмы Грамадскага Расійскага, Незалежнага тэлебачання, тэлебачання С.-Пецярбурга, агульнаадук. праграма «Расійскія універсітэты», перадачы агульнай для краін СНД тэлерадыёкампаніі «Мір». Нац. дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі ўваходзіць у склад Еўрапейскага вяшчальнага Саюза 42 дзяржаў. Гл. таксама Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь.

Навука. Развіццё навук. ідэй і суполак на Беларусі ў 16 ст. звязана з навук.-асветніцкай дзейнасцю Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага. У 1579 засн. Віленская акадэмія, якая стала навук. цэнтрам Беларусі і Літвы (гл. Віленскі універсітэт). У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, І.​Храптовіч, І.​Страйноўскі, М.Пачобут-Адляніцкі, С.​Канарскі і інш. Значную ролю ў пашырэнні навук. ведаў на Беларусі адыграла Гродзенская мед. школа, засн. А.​Тызенгаўзам (у 1775—81 Гродзенская мед. акадэмія, узначальваў Ж.​Э.​Жылібер). У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы П.Шафарыка, В.М.Бадзянскага, З.Я.Даленгі-Хадакоўскага). Асн. арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія археалагічная і археаграфічная камісіі. Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі І.І.Грыгаровіч, Т.Нарбут, М.В.Без-Карніловіч, лінгвісты І.І.Насовіч і С.​П.​Мікуцкі, этнограф П.М.Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы Я.П.Тышкевіч і К.П.Тышкевіч, публіцыст Р.А.Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі Насовіч, М.​А.​Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, А.М.Семянтоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Я.Ф.Карскі, М.В.Доўнар-Запольскі, М.А.Янчук і інш. Для развіцця айч. с.-г. навукі і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі шмат зрабіў створаны ў 1848 Горы-Горацкі земляробчы ін-т. У пач. 20 ст. на Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве з 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім (з 1910), Магілёўскім (з 1913) і Мінскім (з 1914) настаўніцкіх ін-тах, у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (з 1911).

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў на Беларусі пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія), створаны Віцебскі бат. сад. У 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. кадраў, навук. даследаванняў у галіне біял., хім., фіз.-матэм. і грамадскіх навук. На базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР у 1922 створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, у Лошыцы — садавіна-гароднінная доследная станцыя. Навук. работу праводзілі і выкладчыкі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (з 1922; за 2 гады ін-т выдаў 9 тамоў «вучоных запісак»), Віцебскага ветэрынарнага ін-та (з 1924). Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, урад БССР ператварыў Інбелкульт у Акадэмію навук Беларусі, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Функцыі АН былі расшыраны, на яе ўскладалася планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў, укараненне вынікаў даследаванняў у вытв-сць. Першым прэзідэнтам акадэміі выбраны У.М.Ігнатоўскі, віцэ-прэзідэнтамі — М.​І.​Бялуга, С.М.Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.У.Ластоўскі; у ліку акадэмікаў-заснавальнікаў — М.Ф.Бліадухо, С.Я.Вальфсон, С.М.Вышалескі, З.​Жылуновіч (Цішка Гартны), І.І.Замоцін, Ігнатоўскі, І.​Д.​Луцэвіч (Я.Купала), С.​Ю.​Матулайціс, К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас), У.І.Пічэта, І.​А.​Пятровіч (Я.Нёманскі) і інш. У 1931 у структуры АН створаны ін-ты: фізіка-тэхнічны, агранамічны, біялагічны, эканомікі, філасофіі, сав. будаўніцтва і права, л-ры і мастацтва; у 1932 працавалі 14 НДІ (22 правадз. члены АН, 150 навук. работнікаў). Усяго ў БССР у гэты час дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх працавала каля 1500 навук. супрацоўнікаў. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створана аспірантура. У даваенны час н.-д. ўстановы правялі вял. работу ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, медыцыны, фізіка-матэм., філас., правазнаўчых, этанам., мастацтвазнаўчых і інш. навук.

У развіцці навукі ў БССР у канцы 30-х г. было шмат цяжкасцяў, абумоўленых недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі (рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў АН). Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 шляхам рэарганізацыі ці зліцця з інш. ўстановамі ліквідаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што нанесла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це і Беларускім навуковым таварыстве.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ былі знішчаны або эвакуіраваны. Але ўжо ў пач. 1950-х г. навук. патэнцыял Беларусі быў адноўлены. Працавалі ўсе ін-ты, што існавалі ў АН да вайны, узніклі і новыя (механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі, лесу, жывёлагадоўлі). У 1950—60-я г. найб. хутка развіваліся фізіка-матэм. і фізікатэхн. навукі; у АН створаны ін-ты: фізікі, матэматыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, машыназнаўства і аўтаматызацыі, тэхн. кібернетыкі, ядзернай энергетыкі і інш. У 1940—60-я г. навук. і навук.-арганізацыйную працу вялі прэзідэнты АН Беларусі К.В.Гораў, А.Р.Жэбрак, М.І.Грашчанкаў, В.Ф.Купрэвіч; акадэмікі К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас), І.С.Лупіновіч, К.​К.​Атраховіч (К.Крапіва), Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, М.Ф.Ярмоленка, М.М.Нікольскі, А.Н.Сеўчанка, Б.І.Сцяпанаў, М.В.Турбін, М.П.Яругін, А.В.Лыкаў, В.П.Севярдэнка, І.А.Булыгін, А.К.Красін і інш. У 1969 прэзідэнтам АН Беларусі выбраны М.А.Барысевіч. У 1970-я г. ў структуры АН створана 5 новых ін-таў: геахіміі і геафізікі, электронікі, фотабіялогіі, біяарган. хіміі, мікрабіялогіі. Арганізаваны акадэмічныя навук. цэнтры ў абл. гарадах: у Гомелі ін-т металапалімерных сістэм і аддзяленне ін-та матэматыкі, у Магілёве аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Гродне аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Віцебску аддзяленні ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя фарміраванні выраслі ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску, біяхіміі ў Гродне. У канцы 1970-х г. у АН функцыянавала 5 аддзяленняў (грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім., геал. навук), у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чал., у т. л. 204 д-ры, больш за 1500 канд. навук, 54 акадэмікі; 70 чл.карэспандэнтаў. З 1987 прэзідэнт АН Беларусі У.П.Платонаў, з 1992 — Л.М.Сушчэня. Вял. поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.А.Барысевіч, Сцяпанаў, У.А.Піліповіч, В.С.Буракоў), матэматыкі (Платонаў, Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (Лыкаў, Красін, А.​Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.У.Хатылёва), геалогіі (А.С.Махнач, Р.Г.Гарэцкі), лінгвістыкі (М.В.Бірыла), біяарган. хіміі (А.А.Ахрэм), грамадскіх навук (Бірыла, В.К.Бандарчык, К.П.Буслаў, М.І.Вядута, І.Я.Марчанка, Р.М.Суднік).

Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу Беларусі, эфектыўнасць яго дзейнасці рэзка знізіліся ў 1990-я г., калі ўсе сферы грамадскага жыцця, у т. л. і навуку, ахапіў глыбокі крызіс. Пачаўся адток яе найб. кваліфікаваных і актыўных спецыялістаў. Аднак і ў гэтых умовах развіццё навук. даследаванняў не спыняецца. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. з’явіліся новыя навук. ўстановы ў структуры АН Беларусі: ін-ты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі; сацыялогіі; хіміка-тэхнал. цэнтр; інжынерны цэнтр фізікі і тэхналогіі тонкіх плёнак і пакрыццяў «Плазматэг»; навук. цэнтр праблем механікі машын; аддзел праблем рэсурсазабеспячэння ў Гродне. Створаны Рэспубліканскі ін-т вышэйшай і гуманітарнай адукацыі. Узніклі недзяржаўныя ВНУ: Бел. камерцыйны ун-т кіравання, Ін-т сучасных ведаў, камерцыйны ін-т прадпрымальніцкай дзейнасці, акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва і інш. (усяго ў 1996 — 24). З 1991 на Беларусі дзейнічае фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае фін. падтрымку творчым навук. калектывам і асобным навукоўцам, што атрымалі перамогу ў конкурсным спаборніцтве. Бел. фундаментальнай навуцы ў межах Міжнар. Навук. фонду аказвае падтрымку Беларускі фонд Сораса. Акрамя фундаментальных даследаванняў, якія ажыццяўляюцца НДІ АН Беларусі, навук. даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прам-сці і сельскай гаспадаркі праводзяцца ў НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ, у н.-д. цэнтрах, установах, навук.-вытв. аб’яднаннях. У 1924 створаны н.-д. ін-ты: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1930 — траўматалогіі і артапедыі; меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1949 — эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага; у 1960 — Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, у 1961 — Цэнтральны НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў; у 1971 — аховы раслін; рыбнай гаспадаркі; у 1990 — агародніцтва; бульбаводства; у 1991 — працы; Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія»; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны і інш. Усяго ў 1995 на Беларусі 287 навук. устаноў і арг-цый, у т. л. 133 НДІ.

Літаратура. Зараджэнне л-ры на бел. землях было выклікана патрэбамі культ.-гіст. развіцця і звязана са з’яўленнем у 10 ст. ва ўсх. славян пісьменства. Абапіраючыся на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візант. л-ры, спачатку яна развівалася ў цеснай сувязі з л-рай Кіеўскай Русі. На Беларусі ў эпоху сярэднявечча бытавалі ўсе асн. віды, жанры і творы стараж. л-ры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, перавагаю твораў царк.-рэліг. характару. Буйнымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе складзены жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы (12 ст.) Кірыла Тураўскі. Развіццю пісьменства і л-ры ў 14—15 ст. спрыяла паліт. аб’яднанне бел. зямель у ВКЛ, у якім бел. мова мела статус дзяржаўнай. Актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады на бел. мову твораў зарубежнай л-ры. У 1-й пал. 15 ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне. Першыя бел.-літ. летапісы («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс 1446) адлюстроўвалі выдатную ролю літ.-бел. дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам бел. гістарычнай прозы. Важныя культ.-гіст. зрухі ў жыцці грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, пашырэнне сувязяў з краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і інш. фактары спрыялі развіццю бел. л-ры ў 16 ст. Былі створаны выдатныя помнікі прававой думкі (Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), таленавітыя літаратары, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. Этапнае значэнне ў гісторыі бел. л-ры мела шматгранная творчая дзейнасць Ф.Скарыны. Першую рэнесансавую паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лац. мове М.Гусоўскі. У бел. летапісанні 16 ст. ўзмацніліся ідэі дзярж. патрыятызму, пагадовы дакумент.-дзелавы выклад падзей стаў больш арганічна спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нац. гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найб. поўна і дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца». У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) л-ра развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэліг. вальнадумства. Яе тэматыку і праблематыку ўзбагаціла рэфармацыйная публіцыстыка. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філал. крытыкі Бібліі ў Еўропе С.Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэр. сучаснай Беларусі; палеміст А.Волан стварыў больш як 20 публіцыстычных твораў на лац. і польск. мовах; абаронца роднага слова В.Цяпінскі першы пераклаў на бел. мову Евангелле. Найб. значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л.Сапега. Сярод паэтаў вылучаўся А.Рымша. Важнае значэнне мелі пераклады на бел. мову выдатных твораў сусв. л-ры (кніг Бібліі, гіст. аповесцяў, рыцарскіх раманаў, зб. навел і інш.). Складаным і разнастайным было культ. і літ. жыццё на бел. землях у эпоху барока (канец 16 — сярэдзіна 18 ст.). У шматмоўнай л-ры адбываўся працэс пераходу ад старой эстэт. сістэмы да новай, абнаўляліся жанры, выяўл. сродкі і стылі, спосабы і прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — селянін, рамеснік. Новыя грамадска-паліт. ўмовы (Люблінская унія 1569 і Брэсцкая унія 1596, Контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры. Самыя вядомыя яе прадстаўнікі І.Пацей, Л.​Карповіч, аўтар славутых «Трэнаса» і «Граматыкі славянскай» М.Сматрыцкі. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. З узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў быў пашыраны жанр эпікграмы. Яркі ўзор бел. грамадз. лірыкі пакінуў Я.​К.​Пашкевіч (верш «Польска квітнет лаціною»). Працягвала развівацца паэма, найб. значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана на бел. мове ў 1620 невядомым аўтарам. Прыкметны ўклад у развіццё бел. кніжнай паэзіі зрабіў у 17 ст. Сімяон Полацкі.

Важныя змены перажывала гіст. проза. Агульнадзярж. летапісанне занепадала, пачалі складацца мясц. летапісы. Самы значны з іх — Баркулабаўскі летапіс — адметны дэмакр. зместам. У сувязі з ростам цікавасці да чалавека ў л-ры ўзніклі сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запіскі і інш. творы мемуарнага жанру (Ф.Еўлашоўскага, С. і Б.​Маскевічаў). Своеасаблівым тыпам нац. гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гіст. апавядання адбываўся пераход ад традыц., дакумент.-дзелавога апісання да ўласна мастацкай гіст. прозы. Працэс разбурэння ў л-ры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе секулярызацыі і дэмакратызацыі засведчыла з’яўленне твораў гуманістычнага і парадыйна-сатыр. характару («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»). Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася ў перыяд позняга барока (2-я пал. 17 — 1-я пал. 18 ст.). Узніклі гумарыстычная паэзія і песенна-інтымная лірыка, новыя творы парадыйна-сатыр. прозы і драматургіі. Зварот да жыцця народа, да фалькл. вытокаў і жывой гутарковай мовы садзейнічаў пераходу ад старой эстэт. сістэмы да новай, які ўскладніўся ў сувязі з неспрыяльнымі культ.-гіст. ўмовамі. І хоць друкарні выдавалі пераважна царк.-рэліг. л-ру, працягвалі бытаваць творы папярэдніх эпох, а часам ствараліся і новыя ў старых традыцыях (напр., Магілёўская хроніка). Творчыя здабыткі бел. л-ры, як і ўсёй бел. культуры эпохі Адраджэння і барока, далі ёй магчымасць уплываць на суседнія краіны, асабліва на Расію, а Беларусі — выконваць місію пасрэдніка ў літ. і культ. сувязях паміж еўрап. Захадам і Усходам. Нарастанне адраджэнскіх тэндэнцый уласна бел. л-ры пачалося з сярэдзіны 18 ст., калі ў культ. жыцці шырока замацавалася польск. пісьмовая традыцыя. Адрыў бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і зварот да нар.-гутарковых пластоў здзяйсняўся найперш (як дапускала эстэтыка класіцызму) у «нізкіх» драматургічных жанрах — у польска-бел. інтэрмедыях, у двухмоўнай «Камедыі» К.Марашэўскага і ў «Доктары па прымусу» М.Цяцерскага. Білінгвістычная традыцыя, што склалася ў пераходны перыяд і аб’ектыўна не давала бел. слову выпасці з пісьмовай традыцыі, перайшла і ў 19 ст. (вершаваная мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане», 1838; фарс-вадэвіль В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», 1846). Аўтарская двухмоўнасць Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, А.Рыпінскага, Дуніна-Марцінкевіча, Г.Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, А.Плуга, В.Каратынскага і інш. утварала двухадзінства бел. і польск. моўных плыняў у творчым працэсе, які вёў да адраджэння ўласна бел. л-ры.

Новая бел. л-ра развівалася ў двух сустрэчных кірунках: у сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў, з’яўляліся паэты (П.Багрым) і літ. творы, пераважна ананімныя («Віншаванне бондара Савасцея», «Вясна гола перапала» і інш.); польскамоўныя аўтары, ураджэнцы Б. (у т. л. А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), выкарыстоўваючы фальклор і звяртаючыся да праблем нар. жыцця, імкнуліся, каб іх творы траплялі пад «саламяныя стрэхі». Гэта зрабіла натуральным бел.-польск: моўна-літ. суіснаванне пад вокладкамі аднаго выдання ў кнігах Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікава? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі» (1857), у якіх бел. слову надавалася вядучая роля ў маст. і маральна-этычным планах. Аднаўленне бел.-моўнай л-ры апасродкавана вызначалася гіст.-паліт. падзеямі — далучэннем бел. зямель да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і нац.-вызв. рухам, вяршынямі якога былі паўстанні 1794, 1830—31 і 1863—64. Ахвярны подзвіг К.Каліноўскага і распаўсюджанне яго «Мужыцкай праўды» паўплывалі на адраджэнскі патэнцыял бел. л-ры, паспрыялі таму, каб творы на бел. мове адрасаваліся не толькі мужыку, як у Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Выданне Багушэвічавай «Дудкі беларускай» (1891) засведчыла нац.-гіст. самаўсведамленне бел. л-ры і незваротнасць працэсу яе адраджэння.

На шляху вяртання ў нац.-моўнае ўлонне бел. л-ра 2-й пал. 18 і 19 ст. прайшла праз польскамоўнае (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец), рускамоўнае (І.​Сакольскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Міцкевіч, А.Ходзька, Т.​Лада-Заблоцкі і інш.), заклала асновы рэалізму (Сыракомля, Плуг). Паралельна ўзнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат») і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутарка, быліца («Купала», «Халімон на каранацыі» Дуніна-Марцінкевіча), балада («Нячысцік» Рыпінскага), вершаваная драматургічная сцэнка («Едзеш, міленькі Адам» Чачота) і лірычны верш (Баршчэўскі, Багрым, Сыракомля, Каратынскі), а з прозы — апавяданне, заснаванае на бытавым анекдоце («Кручаная баба» Плуга). Абвастрэнне сац. праблем у выніку адмены прыгоннага права і крах нац.-вызв. надзей з паражэннем паўстання 1863—64 выклікалі пасталенне нац. самасвядомасці бел. грамадства, а праз гэта — ідэйна-маст. і жанрава-стылявую разнастайнасць бел. л-ры. У паэзіі, якая грунтавалася на рамант. і рэаліст. пачатках і па-ранейшаму была вядучая ў арыентацыі на дэмакр. чытача, набывае развіццё грамадз. і публіцыстычная лірыка (Багушэвіч, А.Гурыновіч), паглыбляецца асваенне сатыр. жанраў (А.Абуховіч, Ф.Тапчэўскі) і лірычна-філас. кірункаў (Я.Лучына), закладваюцца асновы нац. школы перакладу (Лучына, Гурыновіч, З.​Трашчкоўская і інш.). Вяршыняй нацыянальна ўсвядомленай ідэі бел. адраджэння ў 19 ст. стала творчасць Багушэвіча, якая засвоіла і развіла папярэднія дэмакр. традыцыі.

Л-ра пач. 20 ст. развівала і ўмацоўвала нац. адраджэнскую традыцыю, выспеленую ў 19 ст. і як ідэйна-эстэтычнае крэда сфармуляваную ў «Дудцы беларускай» Багушэвіча. Найб. значным культ.-грамадскім асяродкам стала створаная ў 1906 газ. «Наша ніва», вакол якой згуртаваліся браты А. і І.​Луцкевічы (заснавальнікі і выдаўцы), Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі, Ц.Гартны, З.Бядуля, М.Гарэцкі, А.Паўловіч, К.Каганец, К.Гурло, Я.Журба, Г.Леўчык, К.Буйло, А.Гарун, У.Галубок, Стары Улас, М.Арол, К.Лейка, С.Палуян, Л.Гмырак, У.Самойла і інш. Л-ра «нашаніўскай» пары стала дзейсным сродкам уплыву на грамадскае жыццё, ставячы сабе за мэту абудзіць і ўзняць бел. народ з гіст. нябыту, выканаць сваю асв.-адраджэнскую місію. Паэзія, паказваючы нядолю і беспрасвецце, у якім апынуўся народ, па сутнасці, адмаўляла тыя формы жыцця, што існуюць. Маст. ідэалам была свабода, якая бачылася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы праз далучэнне яе да асветы, культуры, нац. самасвядомасці. Сэрцам бел. л-ры «нашаніўскай» пары была ўгрунтаваная ў паэтыку нац. ідэя, якою фактычна былі прасякнуты ўсе творы ад адкрыта патрыят. паводле гучання («Вера беларуса» Цёткі, «Ворагам беларушчыны», «Гэта крык, што жыве Беларусь» Я.​Купалы, «Родныя вобразы» Я.​Коласа, «У чатырохлецце «Нашай нівы», «Песня-звон» Гаруна) да чыста артыстычных (цыкл «У зачарованым царстве», «Апокрыф» Багдановіча). Станаўленне прафес. прозы адбывалася ў формах рэаліст.-бытавога (Ядвігін Ш., Каганец, Цётка, Я.Лёсік, П.Просты, Лейка), псіхал. апавядання (Гарэцкі), маст. алегорыі, прытчы (Я.​Колас, Багдановіч), імпрэсій-мініяцюр (Бядуля). Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.​Купалы («Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо»), са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Багдановіч, А.​Луцкевіч, Ластоўскі, Палуян, Гмырак сталі заснавальнікамі крытычнай і літ.-знаўчай думкі. 1-я сусв. вайна, Лют. і Кастр. рэвалюцыі, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыя выклікалі значныя грамадска-паліт. зрухі на Беларусі, падзеленай у 1921 на 2 часткі. Л-ра перыяду ваенна-рэв. ліхалецця была ў досыць анемічным стане, аднак і ў гэты перыяд у ёй з’явіліся выдатныя творы: вершы «Пагоня», «Страцім-лебедзь» Багдановіча, цыкл вершаў 1918—19 Я.​Купалы, кніга крытыка-біягр. артыкулаў «Нашы песняры» А.​Луцкевіча, п’есы Ф.Аляхновіча. Завершаны паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа, распачатыя ў «нашаніўскі» перыяд.

Л-ра Беларусі, актывізаваная ў 1920-я г. палітыкай беларусізацыі, развівалася вельмі бурна. У яе прыйшлі маладыя таленавітыя творцы М.Чарот, У.Дубоўка, Я.Пушча, А.Бабарэка, К.Чорны, М.Зарэцкі, А.Дудар, А.Вольны, М.Лынькоў, Т.Кляшторны, В.Маракоў, У.Хадыка, К.Крапіва, Я.Маўр, П.Глебка, П.Броўка, М.Багун, З.Астапенка, А.Звонак, Л.Калюга, А.Мрый, А.Якімовіч, З.Бандарына, П.Галавач, В.Каваль, В.Шашалевіч, Я.Скрыган, С.Баранавых, Б.Мікуліч, М.Грамыка, У.Дзяржынскі і інш. Пачалі выходзіць часопісы «Полымя», «Маладняк»; стварыліся літ.-маст. арг-цыі «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Пробліск», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. Дамінавала паэзія, якая адмаўляла ранейшае жыццё як гаротнае, нешчаслівае і ўзнёсла апявала будучыню. У паэтыцы пераважалі гіпербала, супрацьпастаўленне, адсутнасць вобразнай пластыкі, абрывістая стылістыка. У той жа час у творах Я.​Купалы, Я.​Коласа, Дубоўкі, Пушчы, Кляшторнага, Жылкі, Маракова і інш. працягвалі гучаць матывы смутку над нац. лёсам бел. народа, выяўляўся ўнутраны стан душы, а не адпаведнасць пастулатам «пралетарскай літаратуры», канцэпцыю якой актыўна сцвярджала крытыка. У прозе ішло станаўленне жанру рамана, паглыбленне псіхалагізму (Я.​Колас, Гарэцкі, Чорны, Зарэцкі), назіралася імкненне стварыць вобраз чалавека новага часу ў супярэчлівых абставінах гіст. падзей (Галавач, Чарот, Гартны, Мрый, Калюга, Мікуліч, Я.Нёманскі). К канцу 1920-х г. палітыка беларусізацыі змянілася на палітыку рэпрэсій супраць бел. інтэлігенцыі, якая прытрымлівалася нац.-дэмакр. кірунку. На працягу 1930-х г. рэпрэсіі амаль вынішчылі бел. пісьменнікаў. Тыя, што засталіся, стваралі апалагетычныя дзяжурныя творы, апявалі новае жыццё, змагаліся з «ворагамі народа».

Л-ра Зах. Беларусі, развіваючыся ва ўмовах нац. ўціску, захоўвала адраджэнскую традыцыю і багдановічаўскае апяванне чыстай красы (Жылка, Л.Родзевіч, Х.Ільяшэвіч, І.Канчэўскі, А.Бартуль, Л.Геніюш). Нац.-патрыят. ідэя, паяднаная з духоўным, рэліг. служэннем, выявілася ў творчасці святароў — паэта К.Сваяка і публіцыста-асветніка А.Станкевіча. Пафасам рэв. змагання была прасякнута творчасць вязня Лукішак А.Салагуба, а таксама М.Танка, М.Машары, М.Васілька, П.Пестрака, В.Таўлая. У галіне літ.-знаўства плённа працаваў да 1939 А.​Навіна (А.​Луцкевіч).

У Вял. Айч. вайну многія пісьменнікі былі на фронце і ў партызанах. Шмат хто з іх загінуў (З.Астапенка, А.Жаўрук, А.Дубровіч, Л.Гаўрылаў, Р.Жалязняк, А.Мілюць, А.Ушакоў, Р.Мурашка, М.Сурначоў, Х.Шынклер і інш.). Аператыўным жанрам была публіцыстыка. Пафасам змагання, верай у нязломны дух народа і перамогу, апяваннем мужнасці і гераізму вызначалася паэзія («Беларускім партызанам» Я.​Купалы, «Народу-барацьбіту» Я.​Коласа, «Смерць салдата», «Партызаны» Глебкі, «Байцам-беларусам» Броўкі, зб. «Слуцкі пояс» А.​Астрэйкі, вершы П.Панчанкі, Танка, Таўлая, А.Бачылы, Буйло, А.Куляшова, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі і інш.). Героіка і цяжар вайны адлюстраваны ў эпічных творах «Сцяг брыгады» Куляшова, «Янук Сяліба» Танка, «Эдэм» Астапенкі. Неардынарнай з’явай сталі кнігі апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945) Чорнага і «Астап» (1944) Лынькова. У акупіраваным Мінску выйшла кніга вершаў Н.​Арсенневай «Сягоння» (1944).

Тэма вайны стала на доўгі час вызначальнай у л-ры, пашыраючы магчымасці псіхалагічнага і экзістэнцыяльнага асэнсавання гіст. падзей і лёсу бел. народа. Радасць перамогі, услаўленне Радзімы, гераізму, мірнай стваральнай працы, антыгуманнай сутнасці вайны — асн. матывы шматлікіх паэтычных зборнікаў першага пасляваен. дзесяцігоддзя. На матэрыяле з жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі ствараліся празаічныя творы Я.Брыля, І.Грамовіча, П.Кавалёва, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, М.Паслядовіча. Вайне прысвечаны раманы «Расстаемся ненадоўга» А.Кулакоўскага, «Векапомныя дні» (кн. 1) Лынькова, «Мінскі напрамак» Мележа, «Згуртаванасць» М.Ткачова, «Глыбокая плынь» І.Шамякіна; драмы Крапівы, К.Губарэвіча, А.Маўзона. Пра аднаўленне мірнага жыцця аповесці і раманы «У Забалоцці днее» Брыля, «Гартаванне» Кулакоўскага, «У добры час» Шамякіна і інш. Дасягненнем стала завершаная ў 1955 трылогія Я.​Коласа «На ростанях». У творах гэтага часу пераважалі падзейнасць, фактаграфічны матэрыял, ім не хапала псіхал. глыбіні, аналітызму. Л-ра тым не менш набірала разбег і, пераадольваючы схематызм стэрэатыпных уяўленняў, дасягнула значных поспехаў. У 2-й пал. 1940 — пач. 1960-х г. дэбютавалі першымі кнігамі паэзіі М.Аўрамчык, М.Арочка, Р.Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, Г.Бураўкін, В.Вярба, А.Вярцінскі, С.Гаўрусёў, Н.Гілевіч, А.Грачанікаў, Х.Жычка, У.Караткевіч, А.Лойка, Е.Лось, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў, Р.Тармола, К.Цвірка і інш., пазней — Р.Баравікова, Т.Бондар, С.Блатун, У.Верамейчык, В.Гардзей, Ю.Голуб, В.Жуковіч, Н.Загорская, С.Законнікаў, В.Зуёнак, В.Іпатава, К.Камейша, Г.Каржанеўская, В.Коўтун, У.Лісіцын, М.Маляўка, Н.Мацяш, У.Някляеў, С.Панізнік, Г.Пашкоў, А.Разанаў, В.Ракаў, А.Салтук, Р.Семашкевіч, А.Сербантовіч, У.Скарынкін, М.Стральцоў, Н.Тулупава, М.Федзюковіч, Х.Чэрня, Я.Янішчыц і інш. У 2-й пал. 1950-х г. працягваюць літ. працу рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, Я.Бяганская, Геніюш, С.Грахоўскі, Дубоўка, Звонак, С.Новік-Пяюн, П.Пруднікаў, Скрыган, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч і інш.

Гуманіст. канцэпцыя бачання свету, маральна-этычныя і экалаг. праблемы, барацьба з пагрозай ядзернай катастрофы, пераасэнсаванне перажытага ў гады вайны, вяртанне да вытокаў — асн. арыенціры паэзіі «філалагічнага пакалення» 1960 — пач. 1980-х г. Са старонак кніг Барадуліна, Бураўкіна, Вярцінскага, Гаўрусёва, Гілевіча, Лойкі, Лось, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, Сіпакова, Стральцова паўстае жудасны прывід вайны і знявечанай бел. зямлі, убачаных вачыма падлеткаў, «бязбацькавічаў», якія «рана сталелі ў зямлянках сырых», чакалі, сустракалі (а многія не дачакаліся) з вайны блізкіх, разам з дарослымі аднаўлялі разбураную гаспадарку. Гэтае пакаленне тры дзесяцігоддзі не сыходзіла з магістральных шляхоў развіцця л-ры і сёння нясе ў ёй галоўную службу. Дасягненнем эпічнага жанру сталі паэмы Куляшова «Цунамі» (1968), «Далёка да акіяна» (1970—71), «Варшаўскі шлях» (1973). Увага паэтаў часцей скіроўваецца да сівой даўніны, да ролі гіст. асобы ў жыцці народа: паэмы Куляшова «Хамуціус» (1975), Танка «Мікалай Дворнікаў» (1978), Коўтун «На зломе маланкі» (1979) і «Суд Алаізы» (1985), Арочкі «Крэва» (1982).

У 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. выдалі першыя кнігі прозы А.Адамовіч, В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, Караткевіч, І.Навуменка, А.Савіцкі, Сачанка, Пташнікаў, Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш. У 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. прыйшлі ў бел. прозу А.Жук, В.Казько, В.Гігевіч, М.Гіль, Г.Далідовіч, В.Карамазаў, Л.Левановіч і інш. З канца 1950-х г. пачынаецца паглыбленае пераасэнсаванне далёкай і блізкай гісторыі. У раманах «Векапомныя дні» (1948—57) Лынькова, тэтралогіі «Трывожнае шчасце» (1957—65) Шамякіна, «Палескай хроніцы» (1961—76) Мележа, «Серадзібор» (1961—63) Петрака, «Засценак Малінаўка» (1961—64) А.Чарнышэвіча, «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) М.Лобана, «Сасна пры дарозе» (1962) Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» (1963) Брыля, дылогіі «Партызаны» (1963) Адамовіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Не ўсе мы згінем» (1996) Чыгрынава, «Вялікі Лес» (1979—83) Сачанкі, «Лабірынты страху» (1992) Асіпенкі, «Ахвяры» (1992) Бондар адкрываецца цэлая эпоха ў жыцці бел. народа з яе катаклізмамі — рэвалюцыямі, грамадз. і сусв. войнамі, калектывізацыяй, рэпрэсіямі 1920—50-х г., пасляваен. аднаўленнем. Лёс чалавека, асобы, народа бачыцца ў непасрэднай залежнасці ад сац.-бытавых і гіст. абставін. Горкая і мужная праўда пра вайну найбольш усебакова высвечваецца ў аповесцях Быкава «Трэцяя ракета» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Дажыць да світання» (1973), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982). У многіх творах паказаны трагізм вайны, адлюстравана трагедыя акупіраванай беларускай зямлі. Прынцып гістарызму стаў адным з асноўных у аповесцях Пташнікава «Тартак» (1967) і «Найдорф» (1975), Адамовіча «Хатынская аповесць» (1972) і «Карнікі» (1980), Казько «Суд у Слабадзе» (1978). Вялікі грамадскі рэзананс выклікала створаная на дакумент. аснове кніга «Я з вогненнай вёскі...» (1975) Адамовіча, Брыля і У.Калесніка. Дакумент. кнігі пра жанчын і дзяцей вайны выдала С.Алексіевіч («У вайны не жаночы твар» і «Апошнія сведкі», 1985). У самаахвярным захапленні гісторыяй бел. народа Караткевіч стварыў творы, якія, на некалькі дзесяцігоддзяў апярэджваючы свой час, сугучныя ідэям сённяшняга адраджэння Беларусі. З яго прыходам у л-ру сапраўдную эстэт. вышыню набірае гіст. жанр (аповесці «Сівая легенда», 1961; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раманы «Нельга забыць», 1962; «Каласы пад сярпом тваім», 1965; «Чорны замак Альшанскі», 1979; драмы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» і інш.). Сучаснасць і гісторыя цесна пераплятаюцца ў цыкле раманаў Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985), «Голас крыві брата твайго» (1990).

Рэаліі вясковага побыту, характары людзей ад зямлі, іх праблемы ў аповесцях Брыля «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978), Гігевіча «Жыціва» (1979), Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Праклятая любоў» (1990), А.Кудраўца «Раданіца» (1971), «Сачыненне на вольную тэму» (1984), Сіпакова «Усе мы з хат» (1975) і інш. Праблемы экалогіі, варварскага ўмяшання ў прыроду, бездухоўнасці грамадства востра ставяцца ў раманах Казько «Неруш» (1981) і «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), Карамазава «Пушча» (1978) і інш.

У жанры драматургіі поспеху дасягнулі А.Макаёнак, К.Петрашкевіч, М.Матукоўскі. Тэмы мінулай вайны, калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій працягвае Быкаў («Аблава», 1989, «Сцюжа», 1993). У жанры гіст. прозы працуюць У.Арлоў, Л.Дайнека, Далідовіч, Іпатава, К.Тарасаў і інш.

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. друкуюцца паэтычныя творы і публіцыстыка, створаныя былымі вязнямі ГУЛАГа: вершы Геніюш, Звонака, Грахоўскага, Новіка-Пеюна, Пруднікава, мемуары Бяганскай «Мая Галгофа», Геніюш «Споведзь», Грахоўскага «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» і «З воўчым білетам», Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» і інш. Выходзілі кнігі пра вайну ў Афганістане. Выдаюцца творы бел. Пісьменнікаў замежжа — К.Акулы, Арсенневай, К.Мерляка, А.Салаўя, М.Сяднёва, Я.Юхнаўца і інш. У 1980-я г. першыя кнігі паэзіі выдалі В.Аколава, С.Басуматрава, І.Багдановіч, Г.Булыка, Л.Галубовіч, А.Глобус, Л.Дранько-Майсюк, З.Дудзюк, А.Канапелька, А.Каско, Л.Рублеўская, Л.Тарасюк, В.Шніп; кнігі прозы — А.Кажадуб, Тарасаў і інш. У жанры драматургіі выступілі А.Асташонак і А.Дудараў, пазней М.Арахоўскі, У.Бутрамееў, І.Сідарук.

Ідэі нац. адраджэння і чарнобыльскай бяды вызначаюць сутнасць кніг паэзіі Барадуліна «Самота паломніцтва», Зуёнка «Лета трывожных дажджоў», М.Мятліцкага «Палескі смутак», рамана Шамякіна «Злая зорка», дакумент. аповесці Гігевіча і А.​Чарнова «Сталі воды горкія», п’ес Петрашкевіча «Дагарэла свечачка да палічкі» і А.Ждана «Салгалі богу, салгалі» і інш. Пашыраецца жанравая разнастайнасць бел. л-ры: раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) Гілевіча, раманы-эсэ «Як агонь, як вада...» (1982) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1980) Лойкі, кніга прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і паэм у прозе «Ахвярны двор...» (1991) Сіпакова і інш. Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Дзіцячая літаратура, Драматургія, Літаратуразнаўства, Паэма, Раман.

Архітэктура. Рэшткі найб. ранніх верхнепалеалітычных паселішчаў на тэр. Беларусі выяўлены ў Падняпроўі (жытлы з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў; 24—20 тыс. да н.э.). З эпохі неаліту і бронз. веку археолагамі выяўлены рэшткі пабудоў на па́лях і паўзямлянак. З часоў жал. веку захаваліся ўмацаваныя гарадзішчы, размешчаныя на ўзгорках сярод балотаў і лясоў, на астравах і ўзвышаных мысах рэк і азёраў, умацаваныя сістэмай валоў, равоў і драўлянымі канструкцыямі. У гэты час у паўд. раёнах Беларусі часцей будавалі зямлянкі і паўзямлянкавыя жытлы слупавой канструкцыі, у паўн. лясных раёнах былі пашыраны зрубныя збудаванні, у цэнтр. частцы выяўлены рэшткі жытлаў абодвух тыпаў. У 10—12 ст. пашырыліся тыпы абарончых збудаванняў — магутныя драўляна-земляныя ўмацаванні з унутрывалавымі гліняна-каменнымі і драўлянымі канструкцыямі (Полацк, Мінск, Давыд-Гарадок). З 13 ст. асновай абароны многіх гарадоў сталі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны, вядомыя з летапісаў як «стаўпы» (Камянецкая вежа, Навагрудак, Бярэсце, Тураў).

У 10—12 ст. закладзены асновы горадабудаўніцтва, фарміравалася радыяльна-кальцавая і радыяльна-веерная планіроўка вуліц, развівалася манум. архітэктура. Паміж 1044—66 пабудаваны першы на Беларусі велічны мураваны храм — Полацкі Сафійскі сабор. Пад уплывам візант., стараж.-рус. і зах.-еўрап. архітэктуры ў 12 ст. склаліся самабытныя арх. школы (гл. Гродзенская школа дойлідства, Полацкая школа дойлідства). Летапісы захавалі імёны дойлідаў: полацкага Іаана, гродзенскага Пятра Міланега. Сярод выдатных збудаванняў гэтага часу Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Навагрудская Барысаглебская царква і інш. Для архітэктуры 14—16 ст. характэрны цесныя ўзаемасувязі з усх.-еўрап. і зах.-еўрап. сярэдневяковым мастацтвам, асноўныя маст. кірункі — раманскі стыль, готыка, рэнесанс (гл. ў арт. Адраджэнне). Архітэктура мела абарончы характар; гарады размяшчаліся каля ўмацаваных замкаў і былі абнесены кальцом абарончых збудаванняў. Абарончую ролю выконвалі і масіўныя будынкі цэркваў (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), касцёлаў (Камайскі касцёл, Ішкалдскі Троіцкі касцёл), кальвінскіх збораў (Смаргонскі кальвінскі збор), манастыроў і кляштараў. Пад уплывам замкавай і крапасной архітэктуры склаліся тыпы дома-крэпасці (Гайцюнішскі дом-крэпасць) і царквы-крэпасці (Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць). У 15—16 ст. у большасці гарадоў фарміраваліся 2 цэнтры: замак феадала і гандл. плошча з крамамі; у гарадах, што атрымалі магдэбургскае права, на плошчы будаваліся ратушы. Па перыметры плошчаў і на блізкіх да іх вуліцах размяшчаліся дамы рамеснікаў і гандляроў, у буд-ве якіх часам выкарыстоўвалася тэхніка «прускага муру». У 2-й пал. 16 ст. замкавыя палацы набылі выгляд пышных рэзідэнцый з вял. колькасцю памяшканняў і рэнесансавым дэкорам (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі і Нідэрландаў пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўскі замак). З пач. 17 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае, а потым у палацава-паркавае (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). Пачало развівацца садова-паркавае мастацтва, пашырыліся рэгулярныя, з канца 18 ст. пейзажныя паркі. У 17—18 ст. своеасаблівае развіццё набылі тэндэнцыі барока. Напачатку для гэтага стылю характэрнае выразнае спалучэнне масіву сцяны з пластыкай арх. дэкору (Нясвіжскі касцёл езуітаў), пазней — тып храма з высокімі ажурнымі вежамі і багатым дэкорам, якія адносяцца да помнікаў віленскага барока (Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў). Да лепшых узораў гэтага часу належаць таксама Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Магілёўская Мікалаеўская царква, Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Віцебская ратуша і інш. Сярод аўтараў праектаў архітэктары Дж.М.Бернардоні, І.К.Глаўбіц, Іосіф III Фантана. Традыц. тыпы драўляных культавых збудаванняў развіваліся пад уплывам нар. драўлянага дойлідства, якое вызначалася цэласнасцю аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, сціплым вонкавым дэкорам (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся арх. збудаванні пераходнага тыпу ад барока да класіцызму (Гродзенскі Каралеўскі палац, Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. многія гарады былі распланаваны паводле дакладнай рэгулярнай схемы ў адпаведнасці з горадабудаўнічым прынцыпам рус. класіцызму, створаны новыя ансамблі гар. цэнтраў, пабудаваны губернскія павятовыя праўленні, суды, паштовыя станцыі і інш. Сярод помнікаў гэтага часу палацава-паркавыя ансамблі ў Гомелі, у вёсках Сноў Нясвіжскага, Жылічы Кіраўскага р-наў (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Віцебскі палац губернатара і інш. Першыя ўзоры класіцызму адносяцца да 1780-х г. (Дзярэчынскі палац, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс). У архітэктуру канца 18 — 1-й пал. 19 ст. зрабілі ўклад рус. дойліды Дж.Кларк, М.Львоў, А.Мельнікаў, В.Стасаў і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. назіраліся рысы эклектызму, упор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (рэальнае вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (Мінскі касцёл Сымона і Алены), несапраўдная готыка, неарускі стыль (Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак). У канцы 19 ст. ўзнік новы стыль — «мадэрн». На арх. аблічча гарадоў значна паўплывала творчасць бел. архітэктараў і інжынераў С.​Гур’ева, П.Камбурава, Ц.Кібардзіна, У.Мільяноўскага, В.Струева, К.Увядзенскага, С.Шабунеўскага і інш., а таксама рус. дойлідаў А.​Гагена, Д.​Грыма, К.​Тона, І.Фаміна, Ф.Шэхтэля.

З 2-й пал. 1920-х г. павялічыўся аб’ём буд-ва, складваліся асн. прынцыпы сав. архітэктуры. На свабодных тэр. ствараліся рабочыя пасёлкі, будаваліся школы, культ.-асв. ўстановы, дамы-камуны (Віцебскі дом-камуна), дамы спецыялістаў (Гомельскі жылы дом спецыялістаў). Асновай развіцця архітэктуры ў 1930-я г. стала індустрыялізацыя нар. гаспадаркі, разгарнулася буд-ва масавых тыпаў грамадскіх збудаванняў. Адначасова ствараліся унікальныя манум. збудаванні: Дом Урада Рэспублікі Беларусь, Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, гал. корпус АН Беларусі, будынкі ЦК КПБ (цяпер будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Нац. б-кі ў Мінску, Дом Саветаў і кінатэатр «Радзіма» ў Магілёве і інш. Сярод архітэктараў І.Лангбард, А.П.Воінаў, І.Валадзько, Н.Макляцова, У.Вараксін, У.Кароль, Г.Заборскі і інш. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. фашыстаў у кароткі час былі адноўлены і адбудаваны многія гарады і вёскі. У Мінску, жылы фонд якога быў знішчаны ў гады акупацыі на 74%, створаны унікальныя комплексы (ансамблі Незалежнасці плошчы, Перамогі плошчы, плошчаў Кастрычніцкай і Калініна), звязаныя паміж сабой Скарыны праспектам. У 1960—80-я г. пашырылася жыллёвае буд-ва, комплексная забудова жылых масіваў буйнапанэльнымі дамамі. Архітэктура першых мікрараёнаў была аднастайная і спрошчаная. Гэта вымушала шукаць новыя прасторава-кампазіцыйныя формы з улікам асаблівасці горада, пазней жылыя раёны набылі арх.-планіровачныя і кампазіцыйныя характарыстыкі: Усход, Зялёны Луг, на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. В.​Крусь, Н.Шпігельман); Форты 1 і 2 у Гродне (В.​Бажко, В.​Давыдзёнак, А.​Ягошын, І.​Мазнічка, Г.​Фядосенка); Волатава ў Гомелі (Я.Казлоў, А.​Лебедзеў); мікрараёны ў Наваполацку (А.Караткоў, М.Шляймовіч, Ю.Шпіт). Важную ролю ў павышэнні якасці забудовы жылых масіваў адыгралі новыя серыі тыпавых праектаў, распрацаваных на аснове блок-секцыйнага метаду (І.​Жураўлёў, А.​Навумаў, І.​Папова, У.​Пушкін, Г.Сысоеў, Шпіт і інш.). Пабудаваны шэраг грамадскіх будынкаў у Мінску: ГУМ (1951, арх. Л.​Мілегі, Р.Гегарт), Дзяржбанк (1953, арх. М.Паруснікаў), Палац спорту (1966, арх. С.​Філімонаў, В.Малышаў), кінатэатр «Масква» (1980, арх. В.​Крамарэнка), комплекс арх. і буд. ф-таў Бел. політэхн. акадэміі (1982, арх. І.​Есьман, В.Анікін), Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр (1987, арх. Л.Пагарэлаў і інш.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, арх. С.Мусінскі і інш.); аэравакзал у Брэсце (1986, арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылайінш. Новай тэмай для бел. дойлідаў стала праца па стварэнні Мінскага метрапалітэна. У Мінску пастаўлены манум. і выразныя помнікі Я.​Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.​Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Заборскі, Левін), М.​Багдановічу (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.Маскалевіч), у Полацку Ф.​Скарыну (1974, скульпт. А. і Г.​Глебавы); мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне і інш. Дасягнуты поспехі ў галіне сельскай архітэктуры, прамысловай архітэктуры. Вял. ўвага аддавалася рэгенерацыі гіст. забудовы, рэканструкцыі помнікаў архітэктуры, правядзенню работы па ландшафтнай архітэктуры, па стварэнні водна-паркавых дыяметраў (Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). Некаторыя помнікі бел. нар. дойлідства 17—20 ст. зберагаюцца і экспануюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Вядучая роля ў развіцці архітэктуры Беларусі належыць арх. навуцы. Даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва вялі Я.Л.Заслаўскі, І.А.Іода, А.​В.​Лысенка, І.​М.​Рудэнка, Ю.​В.​Шпіт і інш.; у архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў — В.​І.​Анікін, В.М.Аладаў, А.А.Воінаў, А.П.Воінаў, П.А.Громаў, Я.С.Панамарова, С.​Дз.​Філімонаў і інш.; у сельскай архітэктуры — В.П.Емяльянаў, У.Э.Сакалоўскі, С.А.Сергачоў і інш.; у ландшафтнай архітэктуры і ахове навакольнага асяроддзя — Г.А.Патаеў, А.В.Сычова, В.П.Шыльнікоўская і інш.; у вывучэнні і рэканструкцыі арх. спадчыны — Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, В.Ф.Марозаў, У.А.Чантурыя, В.М.Чарнатаў, Т.І.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч і інш. Падрыхтоўка арх. кадраў на Беларусі з 1952 вядзецца на арх. ф-це Бел. політэхн. акадэміі. Усе каштоўныя арх. помнікі 11—20 ст. уключаны ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88). У 1935 створаны Саюз архітэктараў Беларусі.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. ўзоры мастацтва на тэр. Беларусі адносяцца да верхняга палеаліту. У выніку раскопак выяўлены скульпт. фігуркі жывёл і чалавека часоў палеаліту і неаліту, у т. л. жаночая статуэтка з Елісеевічаў (Бранскі р-н, Расія), статуэтка з косці са стаянкі Асавец-2 (Бешанковіцкі р-н). Складаная салярная арнаментыка характэрна для глінянага посуду часоў неаліту, жаночых упрыгожанняў і прылад працы бронз. і жал. вякоў. На Полаччыне ў доўгіх курганах 2-й пал. 1-га тыс. трапляюцца касцяныя мініяцюрныя выявы птушак і жывёл. Да часоў першабытнага ладу адносяцца скульптуры язычніцкіх багоў (Шклоўскі ідал і інш.).

З пашырэннем хрысціянства (10—12 ст.) пад уплывам Візантыі на Беларусі развіваліся манум. жывапіс (фрэскі), іканапіс, дробная пластыка. На пач. 12 ст. ў Полацку склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу і пластыкі (фрэскавыя размалёўкі Полацкага Сафійскага сабора, Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, крыж Ефрасінні Полацкай Лазара Богшы, 1161). Самабытныя цэнтры культуры склаліся на Гродзеншчыне і ў Тураўскім княстве (абразок з выявай Эмануіла). Асаблівасцю мастацтва Беларусі ў эпоху Кіеўскай Русі было спалучэнне мясцовых, візант. і раманскіх формаў.

У эпоху ВКЛ на Б. склалася своеасаблівае рэнесансавае (15—16 ст.) і барочнае (17—18 ст.) мастацтва. Творы бел. манум. жывапісу 14—15 ст. амаль не зберагліся, хоць вядома, што ў гэты час існавалі цэхі майстроў, якія размалёўвалі храмы, выконвалі разьбяныя і ювелірныя работы. Беларуская іканапісная школа склалася каля 16 ст. пад уплывам ідэй Адраджэння. У абразах яшчэ захоўваліся традыцыі стараж.-візант. мастацтва, але ім уласцівы ўжо мяккасць, светлы каларыт і развітая сістэма арнаментацыі фонаў («Параскева Пятніца» са Случчыны). Асаблівасць бел. жывапісу выяўлялася і ў шырокім выкарыстанні дэкар. сістэмы пластычных сродкаў — разьбы і лепкі па ляўкасе, накладных элементаў. Іканапіс з 17 ст. адзначаны глыбокай змястоўнасцю вобразаў, блізкасцю да нар. светаўспрымання, насычанасцю этнагр. элементамі («Маці Божая Адзігітрыя» і «Спас Пантакратар», 1632, «Параскева з жыціем», 1659, «Нараджэнне Марыі», 1649, мастак Пётр Яўсеевіч з Галынца). Да 14—15 ст. адносіцца фарміраванне спецыфічнага іканастаса. У яго кампазіцыі яскрава праступае крыжовы стрыжань, які ўтвараўся дамінуючым апостальскім чынам па гарызанталі і цэнтр. абразамі хрысталагічнага цыкла, змешчанымі над царскай брамай па вертыкалі (іканастасы цэркваў з Давыд-Гарадка, Супраслі, Магілёва, Шарашова). З 17 ст. пашырыліся насценныя размалёўкі (у царкве Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 1639, ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра). У фрэсках Нясвіжскага касцёла езуітаў спалучаны рысы барока і ранняга класіцызму. У сярэдзіне 18 ст. культавы жывапіс набыў шматлікія кірункі: ад нар. прымітыву да пераймання афіцыёзнага свецкага жывапісу. Сярод вядомых тагачасных мастакоў Р.​Мядзвецкі з Магілёўшчыны, М.​Малашэвіч і Ю.​Камінскі з Палесся. Вядучым жанрам свецкага жывапісу з 16 ст. быў партрэт, які ў 17 — пач. 18 ст. дасягнуў асаблівага росквіту: партрэты Юрыя Радзівіла (2-я пал. 16 ст.), Кацярыны Слуцкай (1580), Крыштофа Весялоўскага (1636; аўтары невядомыя). На мяжы 18—19 ст. у свецкім жывапісе пад уплывам класіцызму складаліся гіст., пейзажны, батальны і інш. жанры.

Скульптура Беларусі да 14 ст. захоўвала арган. сувязь са стараж.-рус. традыцыяй, пра што сведчаць творы дробнай пластыкі: разны абраз «Канстанцін і Алена» (12 ст.), крыж-энкалпіён з Лукомля (14 ст.). У скульптуры 15—16 ст. адчуваецца ўплыў гатычнага мастацтва, 17 — пач. 18 ст. — засваенне еўрап. маст. культуры Адраджэння і далейшае яго развіццё ў рамках барока. Творы ранняга барока вызначаюцца пластыкай фігур і майстэрствам вырашэння святлоценявых задач; сталага барока — узмацненнем рэаліст. тэндэнцый у трактоўцы вобразаў; позняга барока — экспрэсіўнасцю пластычнай мовы і павышанай цікавасцю да ўнутранага стану персанажаў. Свецкая скульптура гэтага часу прадстаўлена пераважна партрэтамі-бюстамі з мармуру і керамікі знатных гіст. асоб (надмагіллі Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжскім касцёле езуітаў, Міколы Польскага і Барбары Войны ў в. Крамяніцы Зэльвенскага р-на). Афармленне рукапісных кніг, вядомае на Беларусі 12 ст., у мініяцюрах 14 ст. адзначана пашырэннем жывапісных сродкаў, паслабленнем залежнасці ад візант. канонаў, набыло выразныя рысы рэалізму (Лаўрышаўскае евангелле). З пашырэннем кнігадрукавання развіваецца кніжны дрэварыт, пачатак якому далі выданні Ф.​Скарыны (1517). Калі ў ілюстрацыях яго пражскіх выданняў адчуваўся пэўны ўплыў ням. і венецыянскай гравюры, то да канца 16 ст. склаўся і ўласны стыль афармлення кнігі. Ілюстрацыі вызначаліся свецкім характарам, выразнай перадачай тыпажу і асяроддзя, высокай гравёрнай тэхнікай (Пётр Мсціславец, Грынь Івановіч). Асабліва адметныя творы магілёўскай школы гравюры, асновы якой закладзены М.Вашчанкам. У бел. станковай гравюры 18 ст. прыкметнае месца займае лубок.

Хуткімі тэмпамі ў 14—16 ст. развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, у т. л. маст. апрацоўка металу, кавальская і звоналіцейная справа (звон з в. Моладава Іванаўскага р-на, 1583). Прадметы ўпрыгожання, абклады для абразоў, паціры аздаблялі чаканкай, гравіраваннем, зярненнем, чарненнем, эмалямі, каштоўнымі камянямі. Да ліку высокамастацкіх твораў сярэднявечча адносяцца і керамічныя вырабы, найперш кафля. 17 ст. — час інтэнсіўнага развіцця маст. шкларобства (гл. Шкло мастацкае). Яркую старонку ў яго гісторыю ўпісалі гутнікі і гравіроўшчыкі шкларобных мануфактур кн. Радзівілаў у мяст. Урэчча і Налібакі (пакаленні патомных гравіроўшчыкаў і шліфавальшчыкаў Рымашэўскіх, Залескіх, Дашкевічаў і інш.). У 2-й пал. 17 ст. росквіту дасягнула разьба па дрэве (гл. ў арг. Разьба мастацкая). Творы бел. разьбяроў вызначаліся высокай культурай і майстэрствам, аб’ёмнай пластычнай святлоценявой мадэліроўкай формы, т.зв. беларуская рэзь. З ткацкіх мануфактур 17 — пач. 18 ст. (у Слуцку, Нясвіжы, Міры, Гродне, Слоніме, Ружанах, Дуброўне і інш.) найб. вядомасць набыла Карэліцкая, дзе выкананы славутыя шпалеры ў габеленавай тэхніцы (гл. Карэліцкія шпалеры). Сусветную славу ў 17 ст. набылі слуцкія паясы. Адным з цэнтраў вытворчасці прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва стала Гродна, дзе А.​Тызенгаўз заснаваў 21 мануфактуру.

Выключную ролю ў развіцці бел. мастацтва адыграў Віленскі ун-т, дзе з 1797 існавала кафедра мастацтваў, вядомая як Віленская мастацкая школа. Пасля закрыцця ун-та (1832) асн. цэнтрам падрыхтоўкі бел. мастакоў стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. З канца 18 ст. станковы жывапіс паступова вызваляецца ад рэліг. ўплыву, пашыраецца яго жанравая і тэматычная разнастайнасць. У гіст. жанры працавалі Я.Дамель, Я.Сухадольскі, у пейзажным — Гараўскія, Дмахоўскія, К.Русецкі і інш., у нацюрморце — І.Хруцкі, у партрэце — Б.Русецкі, А.Ромер, жанравыя кампазіцыі стваралі К.Альхімовіч, Н.Сілівановіч. Манум. жывапіс застаўся адным з асн. сродкаў фарміравання інтэр’ераў культавых збудаванняў і палацаў. Дэкар.-манум. размалёўка палацаў мела цалкам свецкі характар, ант. міфал. сюжэты і алегарычныя вобразы ў ім спалучаліся з арнаментальнымі кампазіцыямі ў Нясвіжы, Гомелі, у вёсках Жылічы Кіраўскага, Сноў Нясвіжскага р-наў.

У жывапісе пануючы стыль класіцызму ў 1830-я г. саступіў месца рамантызму, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі І.Аляшкевіч, К.Бахматовіч, В.Ваньковіч, С.Заранка, К.Кукевіч, М.Кулеша, М.Падалінскі, Я.Рустэм). Прыкметны след у бел. мастацтве 19 ст. пакінулі акварэліст Н.Орда, графікі М.Э.Андрыёлі, А.Бартэльс, С.Богуш-Сестранцэвіч, Г.Вейсенгоф, Ф.Каменскі, К.​Кастравіцкі (гл. К.Каганец), Ф.​Пархоменка. Сярод выдатных скульптараў 19 ст. Я.Астроўскі і К.Ельскі. Мемарыяльная, культавая і садова-паркавая скульптура таго часу найчасцей вылучаецца эклектычнасцю; нар. скульптура — максімальнай прастатой выразных сродкаў, эмацыянальнай насычанасцю вобраза, наіўнай пластыкай і каляровай расфарбоўкай.

З актывізацыяй у 19 ст. тэатр. дзейнасці ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, Полацку, Шклове, Брэсце і інш. развіваецца тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, у якім шырока выкарыстоўваліся сімволіка, этнаграфізм, прадметы нар. побыту і нац. касцюмы (І.​Караткевіч, Ю.​Рэйнберг і інш.). Для дэкар.-прыкладнога мастацтва характэрны ўзаемаўплыў прамысл. (прафесійнага) і нар. кірункаў. Значных поспехаў дасягнулі арнаментальнае мастацтва, кавальства (жырандоль П.​Багрыма); стылі ампір і бідэрмеер праяўляюцца ў вырабах з мастацкага шкла. Пашыранымі нар. маст. промысламі заставаліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве. Захоўвалася і даўняя традыцыя ўбрання інтэр’ераў храмаў залачонай разьбой.

Мастацкая палітыка першых дзесяцігоддзяў сав. улады вызначалася імкненнем выпрацаваць новы светапогляд на мастацтва, «ачышчанае ад буржуазнай мастацкай анархіі». Феноменам у культуры Беларусі стала маст. жыццё Віцебска 1918—22, калі тут працавалі лідэры авангардызму, стваральнікі «новай» культуры М.Дабужынскі, В.Ермалаева, Л.Лісіцкі, К.Малевіч, М.Шагал і інш. У жывапісе 1920-х г. назіраецца разнастайнасць кірункаў і плыняў. Майстры старэйшага пакалення (В.Волкаў, Т.Віер, Я.Кругер, Ю.Пэн, М.Станюта, М.Эндэ) у сваёй творчасці абапіраліся на традыцыі рус. акадэмічнай школы і позніх перасоўнікаў. Здабыткамі гэтага перыяду сталі творы, заснаваныя на этнагр. матэрыяле, падзеях нац. гісторыі («Бітва на Нямізе», «Народнае гулянне» М.Філіповіча), пейзажы (В.Бялыніцкі-Біруля, У.Кудрэвіч), партрэты. Дасягненні бел. графікі звязаны з творчасцю А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Змудзінскага, А.Тычыны і інш.

Эстэтычныя і стылістычныя пошукі выразна праявіліся ў скульпт. творах А.Бразера, А.Грубэ, М.Керзіна. Скульпт. помнікі, створаныя паводле ленінскага плана манум. прапаганды, мелі характар агітацыйных аднадзёнак.

У 1923 у Віцебску на базе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча заснаваны Віцебскі мастацкі тэхнікум, які быў асн. навучальнай установай у даваенны перыяд. Намаганнямі маст. секцыі Інбелкульта творчыя сілы згуртаваны ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў (1927). З 1925 сістэматычна праводзіліся рэсп. і рэгіянальныя маст. выстаўкі. Складанасць развіцця бел. мастацтва ў 1930-я г. выяўлялася ў адначасовым праяўленні творчай ініцыятывы мастакоў і жорсткай ідэалагічнай цэнзуры. Адзіны для ўсяго сав. мастацтва метад сац. рэалізму зацвярджаў ідэалагічную тэндэнцыйнасць і абмяжоўваў свабоду творчасці. У часы сталінскіх рэпрэсій многія мастакі выселены, некаторыя самі пакінулі радзіму, ліквідаваны маст. групоўкі «Прамень», «Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі», але створаны Саюз мастакоў Беларусі, заснавана карцінная галерэя. Гал. змест мастацтва ў гэты час вызначала гіст.-рэв. тэматыка. Сталы прафесіяналізм рэаліст. жывапісу праявіўся ў палотнах І.Ахрэмчыка, І.Давідовіча, Я.Зайцава, К.Касмачова, М.Пашкевіча, у скульптурах З.Азгура, А.Бембеля і інш. Мастацтва Зах. Беларусі было звязана з ідэямі адраджэння нац. культуры. У рэчышчы актуалізацыі гіст. падзей і нар. традыцый працавалі Я.Горыд, Драздовіч, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук і інш. Наватарствам у бел. жывапісе стала распрацоўка Драздовічам серый на касм. тэмы.

У Вял. Айч. вайну і пасляваенны перыяд пачата стварэнне выяўл. летапісу подзвігу сав. народа ў вайне. У 1945 адноўлена карцінная галерэя, у 1947 заснавана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-т пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). Пераадольваючы нарматыўнасць і стэрэатыпы 1930-х г., бел. мастакі ствараюць карціны больш разнастайныя па сюжэтах і глыбокія па псіхал. распрацоўцы вобразаў. У жывапісе пераважаў гіст.-рэв. жанр (А.Гугель, Р.Кудрэвіч, Сергіевіч); развіваліся таксама гіст. (Г.Бржазоўскі, Н.Воранаў, Я.Ціхановіч), бытавы (А.Бархаткоў, Волкаў, А. і С.Ткачовы), партрэтны (Ахрэмчык, Волкаў, У.Кухарэнка, З.Паўлоўскі, А.Шыбнёў, П.Явіч і інш.), пейзажны (Бялыніцкі-Біруля, П.Данелія, М.Дучыц, В.Цвірка, М.Чураба і інш.) жанры. У скульптуры пластычнай выразнасцю вызначаліся работы Азгура, П.Белавусава, Бембеля, А.Глебава, А.Курачкіна і інш. Наяўнасць багатых нар. традыцый жывіла развіццё маст. размалёўкі, апрацоўкі дрэва, керамікі, ткацтва і вышыўкі. У жывапісе 1960-х г. нараджаюцца новыя тэндэнцыі, звязаныя з прыходам плеяды маладых мастакоў: М.Савіцкага, І.Стасевіча, У.Стальмашонка, В.Шаранговіча, Л.Шчамялёва і інш. Дамінуючымі становяцца манументалізацыя кампазіцыі і вобразнага ладу, нарастанне сімвалічных элементаў. Шматзначнасць маст. вобразаў са складаным філас. падтэкстам выявілася ў творах Савіцкага («Партызанская мадонна», «Поле»), В.Грамыкі («Над Прыпяццю»), М.Данцыга («Беларусь — маці партызанская»), М.Залознага («Салдаткі»), Г.Вашчанкі («Балада пра мужнасць»), А.Кішчанкі («Агонь бацькоў»). У распрацоўцы гіст.-рэв. тэмы назіраецца імкненне да паглыблення псіхал. характарыстыкі герояў, рамант. узнёсласці і гераізацыі вобразаў (Б.Аракчэеў, Л.​Асядоўскі, Касмачоў і інш.). У адлюстраванні сучаснасці павялічваецца публіцыстычнасць і псіхалагізацыя (М.Казакевіч, Савіцкі), заўважаецца вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў прымітыву (В.Сумараў — «Мой дом»), цвярозы рэалізм (Стасевіч — «Шахцёры Салігорска», П.​Крохалеў — «Партрэт калгасніцы») і ўзнёслы рамантызм (Вашчанка — «Маё Палессе»), У жывапісе 1970—80-х г. нарастае сінтэзаванне сродкаў і прыёмаў, павялічваецца асацыятыўнае ўздзеянне, ускладняюцца вобразы (В.​Альшэўскі — «Адзіноцтва», А.Марачкін — «Вясельная брама», М.Селяшчук — «Матылькі тут не жывуць», У.Тоўсцік — «Вясна 1985. Пачатак»). У рэчышчы сучаснага разумення жывапісу, дзе пачуццёвы пачатак пераважаў над рацыянальным, развівалася творчасць М.Бушчыка, Казакевіча, А.Кузняцова, Р.Ландарскага, З.Літвінавай, К.Малішэўскага, І.Рэя, Цвіркі, Шчамялёва, Н.Шчаснай. Спадчына класічнага мастацтва прасочваецца ў творах І.Бархаткова, І.Дзьмухайлы, М.Ісаёнка, Б.Казакова, П.Масленікава, Г.Скрыпнічэнкі. Чарнобыльскай трагедыі прысвяцілі цыклы сваіх твораў В.​Альшэўскі, Вашчанка, У.​Кожух, Савіцкі, Шкаруба і інш. Паглыбляецца філас. асэнсаванне часу, сучаснасці. Пашыраецца тэма адраджэння нац. гісторыі (М.​Апіёк, У.Гоманаў, Марачкін, У.Пасюкевіч, Рэй і інш.). У жанры партрэта плённа працавалі Л.Дударанка, М.Кірылаў, А.Ксяндзоў, А.Кузьміч, У.Масленікаў, В.Пратасеня, В.Сахненка і інш. Адметная рыса манум. жывапісу — імкненне да новых прынцыпаў узаемасувязі з архітэктурай, эмацыянальнага ладу маст. мовы і фалькл. сімволікі (размалёўка Вашчанкі ў тэхніцы энкаўстыкі «Асветнікі», Літвінавай і С.Каткова ў кінатэатры «Вільнюс» і Палацы чыгуначнікаў, цыкл мазаічных пано Кішчанкі на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход 1 у Мінску, вітраж Стальмашонка і В.Даўгала «Свята зямлі беларускай»). У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве назіраюцца 2 тэндэнцыі: традыц. жывапісна-аб’ёмны прынцып афармлення і філас.-вобразнае абагульненне з апорай на элементы сімволікі, метафары. Разам з прызнанымі майстрамі М.Волахавым, В.Галубовічам, А.Грыгар’янцам, Масленікавым, С.Нікалаевым, Я.Нікалаевым, Я.Чамадуравым, М.Якуніным паспяхова працавалі маладыя мастакі Б.Герлаван, Я.Ждан, Я.Лысік, А.Салаўёў, Ю.Тур і інш.

У графічных творах т.зв. «шасцідзесятнікаў» (Л.Асецкі, Кашкурэвіч, Г.Паплаўскай) — А.Паслядовіч — фальклорны пачатак, нар.-эпічны строй кампазіцыі. На змену жорсткім рытмам прыйшоў своеасаблівы лірызм, імкненне да філас. развагі ў творах М.Басалыгі, У.Басалыгі, С.Волкава, П.Драчова, А.Зайцава, Ю.Зайцава, Я.Куліка, Шаранговіча. У творчае жыццё ўліліся графікі Ю.Герасіменка-Жызнеўскі, М.Купава, Л.Марчанка, У.Савіч, В.Славук і інш., якія імкнуцца да асацыятыўнасці і філіграннасці выканання. У акварэльным жывапісе асабліва вызначаецца Віцебская школа акварэлі. Актыўна развіваецца плакат (У.Васюк, У.Жук, Р.Данчанка, Л.Кальмаева, У.Крукоўскі, І.Радунскі, М.Стома, А.Чуркін і інш.), мастацтва афармлення кнігі.

У скульптуры фарміруецца тыпалагічны від мемарыяльных комплексаў («Хатынь», Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі). Асн. тэндэнцыяй тэматычна-вобразнага кірунку скульптараў становіцца гістарызм; расце іх імкненне да фарміравання новага сучаснага асяроддзя (А.Анікейчык, С.Вакар, С.Гарбунова, А.Глебаў, Т.Глебаў, Л.Гумілеўскі, І.Засімовіч, А.Заспіцкі, К.Селіханаў, А.Шатэрнік, В.Янушкевіч).

Дэкар.-прыкладное мастацтва адзначана больш інтэнсіўным развіццём маст. промыслаў (маст.-вытворчы камбінат у Барысаве, «Дываны Брэста», павялічыліся магутнасці Мінскага фарфоравага завода, Барысаўскага і Бярозаўскага шклозаводаў). У стылістыцы вобразаў адбываліся змены ад упрыгожвання прадметных формаў да утылітарна-канструкцыйнай мэтазгоднасці. Паспяхова працуюць керамісты В.Гаўрылаў, Г.Гаркуноў, Т.Кіршчына, Л.Панамарэнка, Л.Багданаў, Т.Сакалова; у дробнай пластыцы — І.Краўчанка, М.Пушкар, Ф.Зільберт, А.Канцуба, А.Зіменка, М.Байрачны, В.Данчук. Да ганчарных традыцый звяртаюцца Ф.Шостак, Г.Крамко, М.Бяляеў, У.Угрыновіч і інш. Змены формаў і дэкору адбываюцца ў маст. шкле (А.Абрамава, Я.Гладкова, Г.Ісаевіч, Л.Мягкова, У.Пракоф’еў, Н.Растоўцава), сувязь з нар. традыцыямі выявіліся ў работах У.Жохава, У.Мурахвера. Вядучыя пазіцыі ў дэкар. мастацтве 1970—80-х г. займае габелен, у якім выкарыстоўваюцца выразныя сродкі дыванаткацтва (А.Бельцюкова, Гаркуноў, В.Нямцоў і інш.). Адметныя манум. сюжэтна-тэматычныя габелены Г.Юзеевай-Шаблоўскай і Салохіна «Белая Русь ты мая», В.Дзёмкінай «Чорная быліна», Кішчанкі «Музыка», камерны і міні-габелен В.Грызінай «Чаканне». З 1960-х г. адраджаецца і шырока развіваецца мастацкая саломка (Т.Агафоненка, К.Арцёменка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Дзехцярэнка, В.Дзехцярэнка, Л.​Лось). Маст. апрацоўка дрэва развіваецца пераважна ў кірунку стварэння утылітарна-дэкар. рэчаў і аб’ёмнай пластыкі (В.​Альшэўскі, А.Міхеенка, А.Пупко і інш.).

Працэс дэмакратызацыі, які пачаўся ў канцы 1980-х г., разбурыў у сферы мастацтва ідэалаг. каноны сав. перыяду, легалізаваў «падпольныя» кірункі ў мастацтве (т.зв. андэрграўнд), пашырыў міжнар. сувязі мастакоў, паклаў пачатак фарміраванню на Беларусі рынку мастацтва. Праявамі пазітыўных зрухаў стала адкрыццё маст. прыватных галерэй у Мінску, Наваполацку, Віцебску і інш.; стварэнне маст. груповак па творчых або ідэйных інтарэсах «Няміга-17», «Пагоня», «Верасень» у Мінску, «Квадрат» у Віцебску; правядзенне выставак розных кірункаў і стыляў ад авангарднага да традыц. рэалістычнага. З 1990-х г. вядуцца значныя рэстаўрацыйныя работы ў культавых збудаваннях, адраджаецца бел. іканапісная школа.

У 1995 у Мінску заснавана Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва.

Музыка. Вытокі бел. муз. мастацтва ў нар. творчасці ўсх. славян. Першымі носьбітамі муз. прафесіяналізму былі скамарохі, музыкі (цымбалісты, скрыпачы, гусляры, лірнікі, дудары, дудачнікі, бубністы і інш.), а таксама музыканты ў храмах і манастырах. У царк. музыцы 11—12 ст. сфарміраваўся самабытны, арыгінальны па форме і змесце знаменны распеў, да 15 ст. склаліся яго лакальныя тыпы, у т. л. беларускі. Аднагалосыя знаменныя песнапенні служылі асн. голасам у шматгалосых радковых спевах, якія падрыхтавалі ўзнікненне стылю партэсных спеваў, што ўсталяваўся на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., а ў 17 ст. бел. (А.​Мезянец і інш.) і ўкр. майстрамі ўводзіўся ў рус. царк. практыку. У 15 ст. пачала фарміравацца бел. кантавая культура, якая дасягнула росквіту ў 18 ст., калі сталі пашырацца песні-гімны свецкага (канты) і рэліг. (псалмы) зместу. Узбагачэнне інтанац. ладу бел. кантаў элементамі быт. музыкі, вак. і інстр. выканальніцтва адбывалася адначасова з яго фалькларызацыяй, што спрыяла фарміраванню спецыфічнай муз. кантавай стылістыкі, якая ўплывала на многія галіны бел. музыкі да 20 ст. З буд-вам касцёлаў на Беларусі (15—16 ст.) звязана паяўленне аргана і папулярызацыя арганнай музыкі. Асяродкамі царк. і свецкай муз. культуры 16—17 ст. былі брацкія школы, муз. бурсы пры калегіумах і манастырах (у т. л. Жыровіцкая, Гродзенская, Полацкая, Віцебская, Магілёўская). Яны мелі свае капэлы, тэатры, якія ставілі даволі складаныя спектаклі (часам наз. операмі). У духоўных семінарыях працавалі кампазітары Вус, В.​Няльгоўскі, І.​Дабравольскі і інш. З пашыраных у той час рукапісных зборнікаў захаваліся каштоўныя помнікі муз. культуры 16—17 ст. «Полацкі сшытак» і «Куранты». Вядомы ўзор школьнай оперы 18 ст. «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага, дзе побач з прыкметамі зах.-еўрап. камічнай оперы ёсць і беларускія (песня Мужыка). Першыя спробы нотадрукавання на Беларусі адносяцца да 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце, Любчы (Навагрудскі р-н), Нясвіжы, Ракаве, адлюстроўваюць асаблівасці мастацтва, народжанага рэфармацыйным рухам. Напружанасць паліт.-эканам. становішча на Беларусі ў 18 ст., абвастрэнне этнічных і рэлігійна-канфесіянальных супярэчнасцяў ускладнялі развіццё бел. муз. мастацтва. У 18 — пач. 19 ст. значную ролю ў фарміраванні прафес. кампазітарскага і выканальніцкага мастацтва адыгралі магнацкія тэатры, капэлы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Сапегаў тэатры, Прыгонныя аркестры і капэлы), балетныя і муз. школы, дзе пераважна працавалі прафес. кампазітары, дырыжоры, спевакі і інструменталісты, запрошаныя з зах.-еўрап. краін. Высокі прафес. ўзровень іх твораў (напр., опера «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда), спектакляў, канцэртаў быў пэўным арыенцірам для мясц. кампазітараў М.Радзівіла (опера «Войт паселішча ў Альбе»), М.​Казіміра Агінскага (опера «Зменены філосаф», «Елісейскія палі», вак. цыкл «Да Касі» і інш.), М.​Клеафаса Агінскага, у творчасці якога сфарміраваўся канцэртны паланэз. Адбывалася станаўленне аркестра зах.-еўрап. тыпу. У 19 ст. вырасла цікавасць да нар. творчасці (збіранне, публікацыя, вывучэнне, апрацоўка, выкарыстанне ў кампазітарскай дзейнасці). Бел. нац. фальклор выкарыстоўвалі А.Абрамовіч (фп. паэма «Беларускае вяселле»), Ю.​Шадурскі (аперэта «Тарас на Парнасе») і інш. Адзін з першых збіраць і вывучаць муз. нар. творчасць пачаў М.Ельскі («Танцы люду Мінскай губерні»). Творчасць Н.Орды (вядомы і як тэарэтык, аўтар «Граматыкі музыкі»), Ф.Міладоўскага (аперэта «Канкурэнты»), П.​Карафы-Корбута, К.Марцінкевіч, І.Глінскага, М.Грушвіцкага, І.Гузікава, І.Дабравольскага, М.​Драздоўскай, Я.​Ёдкі, Ф.​Лапаты, І.​Падабедава, У.​Памарнацкага, К.Скібінскага, Л.Скрабецкага, Д. і В.Стафановічаў, Т.Юзафовіч-Бароўскай, М.Ячыноўскай, іх грамадска-асв. дзейнасць, як і дзейнасць музычных таварыстваў і школ, у т. л. прыватных, сведчаць пра станаўленне бел. муз. мастацтва. У 1871—97 працавала Мінскае вучылішча арганістаў. Узбагачэнню бел. музыкі спрыяла творчасць С.Манюшкі, які звяртаўся да бел. нар. песні ў аперэце «Рэкруцкі набор», камічных операх «Сялянка» («Ідылія»; абедзве з К.​Кржыжаноўскім), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», у пач. 20 ст. — М.Карловіча («Спрадвечныя песні», «Літоўская рапсодыя»), дзейнасць Дз.Агрэнева-Славянскага, А.Грачанінава, якія апрацоўвалі бел. нар. песні і ўводзілі іх у канцэртную практыку, М.Янчука на чале Музычна-этнаграфічнай камісіі. Бел. музыцы пач. 20 ст. ўласцівыя разнастайныя дэмакр. формы аматарскага музіцыравання. Пры нар. вучылішчах, прыходскіх школах ствараліся хары, у гарадах і мястэчках — муз.-драм. гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі з выкананнем бел. нар. песень і танцаў. З Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні і трупай І.Буйніцкага звязана дзейнасць Л.Рагоўскага. Рост нац. самасвядомасці, утварэнне дзяржаўнасці прадвызначылі карэнныя змены ў развіцці бел. музыкі. У 1920-я г. бел. муз. мастацтва, якое разам з афіц. дзярж. падтрымкай атрымала і дырэктыўную рэгламентацыю, развівалася ў галінах прафес. творчасці, выканальніцтва, музычнай адукацыі, эстэт. выхавання працоўных. Важнае значэнне мела адкрыццё музычных школ, народных кансерваторый. Прыкметнай была дзейнасць хароў (у Мінску на чале з У.Тэраўскім). Пачалі працаваць Бел. муз. тэхнікум (1924; гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі), Беларуская студыя оперы і балета, якая падрыхтавала адкрыццё Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1933; з 1996 творчае аб’яднанне Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь), Дзяржаўны сімф. аркестр БССР (1927), Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь (1930), Беларуская акадэмія музыкі, Беларуская філармонія, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. З 1920-х г. набыла інтэнсіўны характар дзейнасць бел. кампазітараў М.Чуркіна (1-я сімфаньета і опера «Вызваленне працы»), М.Аладава (опера «Тарас на Парнасе», фп. квінтэт), Я.Цікоцкага (1-я сімфонія), М.Анцава, М.​Мацісона, Тэраўскага, Т.​Шнітмана; творчую працу пачалі Р.Пукст, А.Туранкоў, В.Яфімаў. Асн. жанры — кантаты, хары, рамансы, апрацоўкі бел. нар. песень, а таксама новы для нац. культуры жанр масавай песні з накіраванай тэматыкай (услаўленнем рэв. барацьбы, сав. рэчаіснасці). У музыцы 1930 — пач. 1940-х г., больш разнастайнай у жанравых і стылявых адносінах, замацоўваюцца праграмнасць (гл. Праграмная музыка), прадвызначаная тэматыка, пэўныя драматургічныя і жанрава-кампазіцыйныя мадэлі. Напісаны вак.-сімф. творы: паэмы «Над ракой Арэсай» Аладава і «Казка пра Мядзведзіху» А.Багатырова, кантаты «Тапелец» М.Крошнера і «Ваявода» П.Падкавырава, «Паэма аб Чырвонай Арміі» Пукста і «Маналог скупога рыцара» Цікоцкага, сімфоніі Аладава (2-я), В.Залатарова (3-я «Чэлюскінцы», 4-я «Беларусь»), Цікоцкага (2-я); сюіты на нар. тэмы (Залатарова, Крошнера, Пукста, Туранкова, Чуркіна, М.Шчаглова-Куліковіча); муз. камедыі «Кухня святасці» Цікоцкага, «Кок-сагыз» Чуркіна, «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова; канцэрты для фп. з арк. А.Клумава, Шчаглова, для скрыпкі з арк. Падкавырава і Г.​Столава. У харавой і камерна-вак. музыцы працавалі Пукст, Р.Самохін, М.Равенскі, у жанры масавай песні Іваноў, І.Любан, Палонскі, Н.Сакалоўскі, Шчаглоў, Яфімаў. Значнай вяхой у бел. муз. культуры сталі оперы «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, «Кацярына» Шчаглова, балет «Салавей» Крошнера, цікавыя перш за ўсё нац. характэрнасцю муз. мовы, увасабленнем нар. песень і танцаў. У Вял. Айч. вайну ў творчасці кампазітараў пераважала героіка-патрыят. тэматыка. Большасць кампазітараў працавала ў песенным жанры, дзе дамінавалі харавыя творы гераічна-заклікальнага характару. З твораў буйной формы найб. значныя кантаты «Ленінградцы» і «Беларускім партызанам» Багатырова, балада «У суровыя дні» і паэма «З дзённіка партызана» Аладава (абедзве для сімф. арк.). У акупіраваным Мінску творчую дзейнасць працягвалі Туранкоў, Шчаглоў (оперы «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей»), у Чэрвені — Равенскі. Вял. падзеяй у муз. жыцці Беларусі стала пастаноўка ў вызваленым Мінску оперы «Алеся» (1944) Цікоцкага. Тая ж тэматыка пераважала і ў 2-й пал. 1940—1950-я г. Адначасова фарміраваліся ідэалагізаваныя тэматычныя стэрэатыпы, адбывалася тыпізацыя мадэляў муз. твораў. Сярод найб. значных твораў гэтага перыяду: сімфоніі Аладава, Багатырова, Падкавырава, Пукста, Р.Бутвілоўскага, У.Чараднічэнкі, сімф. паэмы У.Алоўнікава, інстр. канцэрты Дз.Камінскага, Падкавырава; оперы «Андрэй Касценя» Аладава, «Надзея Дурава» Багатырова, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Машэка» і «Марынка» Пукста, балет «Князь-возера» Залатарова. Узбагачэнне жанру раманса звязана з імёнамі Л.Абеліёвіча (вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Р.​Бёрнса), Багатырова (на вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі, У.​Шэкспіра), Лукаса (на вершы Э.​Агняцвет, Л.​Украінкі), Пукста (на санеты А.​Звонака). Высокая харавая культура ў рэспубліцы, дзейнасць Дзярж. харавой капэлы, Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё спрыялі працы кампазітараў у харавым, аратарыяльна-кантатным жанрах (кантаты «Сорак год» Аладава, «Беларусь» Багатырова, «Палі стэпавыя» І.Кузняцова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.Семянякі). У жанры масавай песні найб. плённа працавалі Алоўнікаў, Кузняцоў, Палонскі, Пукст, Сакалоўскі, Семяняка. З 1960-х г. расце цікавасць кампазітараў да маральна-філас. праблематыкі, імкненне спасцігнуць сістэму нар.-муз. мыслення, больш глыбокая трактоўка нацыянальнага; істотна мяняюцца адносіны да муз. драматургіі (гл. Драматургія музычная). У бел. музыцы 1970-х г. адзначаюцца якасныя змены, часам апазіцыйныя да традыцый і папярэдніх жанравых і стылявых нарматываў, што найперш выявілася ў творчасці Абеліёвіча (сімфоніі, «Фрэскі» для фп.), Я.Глебава (сімфоніі, балеты), С.Картэса (вак.-сімф. паэма «Попел», канцэрт для фп. з арк. «Капрычас»), Дз.Смольскага (араторыя «Песні Хірасімы», «Актафонія», сюіта «Гульня святла», камерная музыка), А.Янчанкі («Эроіка») і інш. Агульныя тэндэнцыі, уласцівыя музыцы 1970—80-х г., найб. выразна выяўлены ў сімф. і вак.-сімф. жанрах: сімфоніях Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Л.Захлеўнага, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Смольскага, А.Соніна, Р.Суруса, творах для камернага ці струннага аркестра Альхімовіча, А.Бандарэнкі, Вагнера, Войціка, А.Елісеенкава, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.​Навахроста. У творах канцэртнага жанру пры агульнай тэндэнцыі да сімфанізацыі, стылістычнага размежавання традыцыйнага і новага (канцэрты для аркестра Бандарэнкі, Дамарацкага, С.Наско, Кузняцова) павялічваецца роля віртуознага выканальніцтва, прынцыпу канцэртавання. У сферы жанру амаль усе віды саліруючых інструментаў: фп. (Вагнер, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч, В.Раінчык, Сонін), скрыпка (Вагнер, Г.Гарэлава, Пыталеў, Смольскі, Сурус, С.​Янковіч), віяланчэль (Мдывані, Смольскі, Солтан), кантрабас (Багатыроў, У.​Каральчук), габой (Гарэлава, К.Цесакоў), труба (Дамарацкі, Іваноў, А.​Клеванец, Э.​Наско), валторна (В.​Браілоўскі), цымбалы (Войцік, У.Кур’ян, Смольскі, Цесакоў), балалайка (Гарэлава), ударныя (Залётнеў). У вак.-сімф. творах больш выразным стала кампазіцыйна-драматургічнае ўзаемадзеянне жанраў, уласцівае сучаснай музыцы. Узмацняюцца пошукі новых формаў сувязі музыкі і слова, больш увагі аддаецца тэмбрава-каларыстычным сродкам, нестандартным жанрава-кампазіцыйным вырашэнням: араторыі «Бітва за Беларусь» Багатырова, «Памяць Хатыні» Войціка, «Свяці, зара» Глебава, «Памяці паэта» Картэса, «Мая Радзіма» і «Паэт» Смольскага, «Лісткі календара» Залётнева, «Сказ пра Ігара» і рэквіем «Памятайце» Л.Шлег і інш.; кантаты Багатырова («Беларускія песні»), Бельцюкова, Гарэлавай («У год сусветнага пажару»), Казачкова, Кандрусевіча, Навахроста, Н.Усцінавай, Шлег; харавыя канцэрты (Бандарэнка, Ш.​Ісхакбаева, Казачкоў, Я.​Паплаўскі і інш.); вак.-сімф. паэмы Вагнера, А.​Гурава, Картэса, В.​Кузняцова, Э.​Наско, В.Помазава. Працягвалася работа ў традыц. харавым жанры, але пераважна ў новым рэчышчы — на аснове нар.-песенных тэкстаў створаны харавыя цыклы (Войцік, Захлеўны, Казачкоў, В.​Кузняцоў, М.Літвін, Мдывані, А.Рашчынскі, Л.​Сімаковіч, Сурус, В.​Сярых, С.​Хвашчынскі, А.​Чыркун, Шлег і інш.). Плюралізм стылю яскрава выявіўся ў камернай музыцы 1980—90-х г.: камерных ансамблях Залётнева, Кандрасюка, В.​Карэтнікава, Кур’яна, Літвіна, У.​Палуэктава, Смольскага, Цесакова, санатах Суруса, Л.​Мурашка, Э.Тырманд, Усцінавай і інш. Уводзяцца новыя спалучэнні інструментаў і тэмбраў, новыя кампазіцыі, абумоўленыя пэўнай маст. задумай («Паўночны вецер», «Матэт» Капыцько, «Медытацыя» Каральчука, «Стужка Мёбіуса» В.​Кузняцова, «Брыдкае качаня» Шлег і інш.). Музыка для нар. інструментаў (Дамарацкі, Іваноў, В.​Кузняцоў, Кур’ян, Мдывані, Помазаў і інш.) адпавядае высокаму выканальніцкаму ўзроўню Дзярж. нар. аркестра і ў сваю чаргу стымулюе яго ўдасканаленне. Пашырэнню жанравага дыяпазону творчасці бел. кампазітараў спрыяла стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, ансамбля салістаў «Класік-Авангард», Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога камернага хору «Санорус», Гродзенскай капэлы, хору «Унія», вак. ансамбля «Камерата», Мінскага духавога аркестра «Няміга» і інш. Значныя дасягненні бел. кампазітараў у камерна-вак. музыцы. Дасканаласцю формы, тонкай паэтычнасцю адзначаны вак. цыклы Абеліёвіча (на вершы Г.​Ахматавай, Ф.​Цютчава), Багатырова (на вершы А.​Куляшова, П.​Броўкі), Падкавырава (на вершы Г.​Гейнэ), Смольскага (на вершы Ф.​Гарсіі Лоркі, А.​Вазнясенскага, Ахматавай, М.​Цвятаевай, Б.​Пастарнака), Тырманд (на вершы Б.​Дадзье, М.​Танка), Гарэлавай (на вершы Цвятаевай), Шлег (на вершы М.​Багдановіча), І.Лучанка (на вершы С.​Капуцікян). У песенным жанры пры захаванні ўстойлівых рысаў і перавагі тэматычных мадэляў няспынна адбываюцца якасныя змены, выкліканыя асаблівасцямі сучаснай манеры эстраднага выканання, уплывам інш. жанраў ці калектываў з індывід. выканальніцкім стылем («Песняры», «Сябры», «Верасы», «Свята» і інш.). Найб. плённа ў жанры песні працуюць Лучанок, Глебаў, Буднік, Э.Зарыцкі, Захлеўны, Іваноў, Семяняка, Э.Ханок, Елісеенкаў, У.Мулявін, Раінчык, І.Палівода, Хвашчынскі, Дз.​Яўтуховіч. Новая плынь у бел. муз. мастацтве 1980—90-х г. — духоўная музыка (араторыя «Іканастас» Шлег, духоўныя канцэрты Шлег, Капыцько, Бандарэнкі). Творчая моладзь і кампазітары сярэдняга пакалення звяртаюцца да эстэтыкі і стылістыкі разнастайных кампазіцыйных сістэм сучаснага сусв. мастацтва (Бельцюкоў, Войцік, Залётнеў, Капыцько, Кузняцоў, Літвіноўскі, Паплаўскі, Сонін і інш.). У 1960—90-я г. значнае развіццё атрымалі муз.-тэатр, жанры, сярод якіх побач з песеннымі операмі «Калючая ружа» і «Калі ападае лісце» Семянякі і творы складанай драматургіі і кампазіцыі (балеты «Мара» Глебава, «Святло і цені» Вагнера, «Крылы памяці» Кандрусевіча). Плённы зварот кампазітараў да літ. твораў Я.​Купалы (балеты «Выбранніца», «Курган» Глебава), Я.​Коласа (опера «Новая зямля» Семянякі), В.​Быкава (балет «Альпійская балада» Глебава, опера «Сцежкаю жыцця» Вагнера), У.​Караткевіча (оперы «Сівая легенда» Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» Солтана), Л.​Талстога (балет «Пасля балю» Вагнера), М.​Булгакава, Ш. дэ Кастэра, А. дэ Сент-Экзюперы (адпаведна опера «Майстар і Маргарыта», балеты «Тыль Уленшпігель» і «Маленькі прынц» Глебава), Б.​Брэхта, Ф.​Дзюрэнмата (адпаведна оперы «Матухна Кураж» і «Візіт дамы» Картэса), да лёсу рэальных гіст. асоб — Ф.​Скарыны (опера «Францыск Скарына» Смольскага), наваградскага князя Войшалка (опера «Князь Наваградскі» Бандарэнкі), М.​Багдановіча (оперы «Зорка Венера» Семянякі, «Максім» Паліводы), Рагнеды (балет «Страсці» Мдывані), Дж.​Бруна («Джардана Бруна» Картэса). Створаны таксама оперы «Пані Ядвіга» Солтана, балет «Апошні інка» Картэса, оперы для дзяцей «Вясновая песня» Войціка, «Анчутка» Кандрасюка, «Таямніца старога замка» Кандрусевіча, «Дзіцячыя сны» Ісхакбаевай, балет «Бураціна» і мюзікл «Нявеста для Марціна» Кандрусевіча і інш. У садружнасці з Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь у жанры аперэты і мюзікла актыўна працавалі Семяняка («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан»), Сурус («Несцерка», «Судны час»), Кандрусевіч («Джулія», «Інтрыга»), Глебаў («Мільянерка»), Мдывані («Дзяніс Давыдаў») і інш. Шмат увагі кампазітары аддаюць тэатральнай музыцы і кінамузыцы. Характэрныя рысы бел. музыкі 1980—90-х г. — асіміляцыя новых якасцяў у межах індывід. творчага стылю, пэўнага жанру, структуры (формы), кампазіцыі, драматургіі твора, вытанчаная праца з усімі элементамі народнапесеннага матэрыялу — інтанацыяй, метрарытмам, ладам. Узаемадзеянне гэтых плыняў на розных узроўнях, ад гукавышыннай арганізацыі да эстэтыкі маст. вобраза, абумоўлівае багацце і разнастайнасць бел. муз. мастацтва. Актыўна прапагандуюць бел. музыку разам з інш. калектывамі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш. З 1980-х г. актыўна развіваецца поп-музыка і рок-музыка, працуюць рок-гурткі «Палац», «Крама», «Высокае неба» і інш. Праводзяцца шматлікія муз. міжнар. і рэсп. фестывалі, у т. л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Славянскі кірмаш», фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і інш. Дзейнічае Саюз кампазітараў Беларусі (з 1932). У Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве працуюць абл. філармоніі. Гл. таксама Аперэта, Араторыя, Балет, Опера, Сімфонія, Дзіцячая музыка, Інструментальная музыка, Спевы, Музыказнаўства і інш.

Тэатр. Вытокі нац. тэатр. мастацтва беларусаў у нар. вераваннях, у багатых і шматфарбных абрадах і рытуальных святах. Першапачатковыя элементы сцэн. мастацтва — у карагодах і нар. гульнях, удзельнікамі якіх былі ўсе. Пазней адбыўся падзел на акцёраў і гледачоў. Першымі бел. прафес. акцёрамі былі скамарохі. Яны выступалі ва ўсіх відах фалькл. т-ра. У 16 ст. ўзнік лялечны т-рбатлейка. У 16—18 ст. вял. пашырэнне меў школьны тэатр. Вышэйшае дасягненне фалькл. т-ранародная драма. У пач. 18 ст. разгарнулі дзейнасць прыватныя гар. і маёнткавыя т-ры, некаторыя з якіх дасягнулі прафес. ўзроўню. У розны час працавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, т-ры ў Слуцку, Слоніме, Магілёве, Глуску, Дуброўне, Чачэрску і інш. З 1840-х г. мэтанакіраваную дзейнасць па стварэнні бел. прафес. драматургіі і арганізацыі нац. т-ра праводзіў В.Дунін-Марцінкевіч. Яго намаганнямі ў 1852 у Мінску пастаўлены спектакль «Сялянка», у якім сінтэзавана драм., вак. і танц. мастацтва. Але дзейнасць т-ра на бел. мове была забаронена царскімі ўладамі, і «Сялянка» ў гарадах і мястэчках Беларусі паказвалася нелегальна.

Новы этап развіцця бел. сцэн. мастацтва пачаўся ў 20 ст. Яго фундамент закладваўся драматургіяй К.​Каганца, Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Буйло, Л.​Родзівіча і інш. Вял. пашырэнне атрымалі беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі ўзнікненню прафес. т-ра. Вял. ролю ў развіцці сцэн. мастацтва і абуджэнні нац. свядомасці адыграла Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Прадоўжыць гэтую справу спрабаваў Ф.Ждановіч, але створанае ім Першае таварыства беларускай драмы і камедыі з-за забароны разгарнула дзейнасць толькі ў крас. 1917. Яно працавала да 1920 у складаных умовах шматлікіх акупацый і частых змен улад. Значны ўклад у развіццё сцэн. мастацтва ў гэты перыяд зрабіў Ф.Аляхновіч. У 1920 распачаў працу арганізаваны Ждановічам Бел. дзярж. т-р (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які спачатку працягваў традыцыі Першага т-ва бел. драмы і камедыі. Самабытнай непаўторнасцю вызначаўся калектыў, які стварыў і ўзначаліў у 1920 У.Галубок (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Тэатральнае мастацтва Беларусі ўзбагаціў і Другі бел. дзярж. т-р (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Развіццё тэатр. мастацтва ў 1920-я г. ішло ў агульным рэчышчы беларусізацыі. У драматургію прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч, М.​Грамыка, Ц.​Гартны, Я.​Рамановіч, В.​Шашалевіч і інш., чые творы ўзбагацілі бел. сцэну. Але ў канцы 1920-х г., асабліва пасля пастановы ЦК КП(б)Б па тэатр. дыскусіі 1928, пачаўся нац. і ідэалагічны ўціск. Пад рэпрэсіі трапілі многія дзеячы т-ра і драматургіі. У 1937 расфарміраваны Трэці бел. т-р. У 1920—30-я г. ў Мінску і абл. цэнтрах часта ўзнікалі і ў хуткім часе расфарміроўваліся тэатр, калектывы. Больш стабільнымі былі калгасна-саўгасныя тэатры. Найб. поспехаў т-ры Беларусі дасягнулі ў пастаноўках п’ес пра гіст. мінулае («Бацькаўшчына» К.​Чорнага, «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, «Партызаны» К.​Крапівы), на тэмы бел. фальклору («Несцерка» В.​Вольскага), класічнай драматургіі («Паўлінка» Я.​Купалы, «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Апошнія» М.​Горкага, «Скупы» Мальера). Падзеяй стала пастаноўка актуальнай сатыр. камедыі К.​Крапівы «Хто смяецца апошнім» у БДТ-1. У 1941 т-ры працавалі ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Беластоку, Пінску, Бабруйску, Баранавічах, Рагачове (усяго 23). У гады Вял. Айч. вайны большасць тэатр. калектываў спыніла існаванне. Першы і Другі бел. т-ры эвакуіраваны ў тыл, выязджалі на фронт (гл. ў арт. Франтавы тэатральны калектыў). У акупіраванай Беларусі працаваў толькі Мінскі гар. тэатр. У пасляваен. гады многія калектывы аднавілі дзейнасць ці створаны нанава. Аднак тэатраў, якія працавалі на бел. мове, стала менш. Новыя п’есы напісалі К.​Крапіва, К.​Губарэвіч, І.​Дорскі, А.​Кучар, А.​Маўзон, В.​Палескі. У рэпертуары т-раў пераважалі творы пра Вял. Айч. вайну і пасляваеннае жыццё: «З народам», «Людзі і д’яблы» і «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Брэсцкая крэпасць» Губарэвіча, «Канстанцін Заслонаў» Маўзона, «Песня нашых сэрцаў» Палескага, «Алазанская даліна» Губарэвіча і Дорскага, «Барабаншчыца» А.​Салынскага, «Макар Дубрава» А.​Карнейчука і інш. Яскравыя сцэн. вобразы стварылі акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч, Л.Ржэцкая, А.Ільінскі, Л.Рахленка, П.Малчанаў, У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык і інш., значныя пастаноўкі ажыццявілі рэжысёры Л.Літвінаў, М.Міцкевіч, К.Саннікаў. З 2-й пал. 1950-х г. у тэатр. мастацтве пашырыліся стылявыя пошукі, абнаўлялася і ўзбагачалася вобразная палітра спектакляў. Прыкметнае месца ў рэпертуары т-раў занялі інсцэніроўкі твораў бел. пісьменнікаў: «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» і яго паэмы «Сымон-музыка», «Людзі на балоце» І.​Мележа, «Сэрца на далоні» і «Снежныя зімы» І.​Шамякіна, «Рудабельская рэспубліка» С.​Грахоўскага, «Вайна пад стрэхамі» А.​Адамовіча. Ставіліся п’есы рускай, савецкай і замежнай класікі: «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага, «Гамлет», «Рамэо і Джульета» і «Кароль Лір» У.​Шэкспіра, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Ворагі» і «Варвары» М.​Горкага, «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі» і «Даходнае месца» А.​Астроўскага. Дабратворна паўплывала на развіццё сцэн. мастацтва ў 1960—80-я г. драматургія А.​Макаёнка, І.​Козела, У.​Караткевіча, М.​Матукоўскага, А.​Петрашкевіча, А.​Дзялендзіка, А.​Дударава, Шамякіна, А.​Махнача, І.​Чыгрынава, пастаноўкі паводле твораў В.​Быкава, Адамовіча. У пач. 1990-х г. пастаўлены п’есы «Тутэйшыя» Я.​Купалы і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча. Плённа працавалі старэйшыя майстры сцэны Г.Макарава, С.Станюта, З.Стома, М.Яроменка, Р.Янкоўскі, А.Клімава і інш. Прыйшло новае пакаленне: акцёры Г.Аўсяннікаў, Т.Гарбук, М.Захарэвіч, В.Тарасаў, Л.Давідовіч, А.Мілаванаў, У.Куляшоў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла, В.Клебановіч, пазней З.Белахвосцік, В.Манаеў, У.Кін-Камінскі, Г.Давыдзька, А.Лабуш, Г.Маланкіна; рэжысёры В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, В.Маслюк, М.Пінігін, У.Караткевіч. На рубяжы 1980—90-х г. шырыўся студыйны тэатр. рух. Ва ўсіх абл. цэнтрах і ў Маладзечне створаны лялечныя тэатры, павялічылася агульная колькасць т-раў, асабліва беларускіх. Асобныя спектаклі на бел. мове ставілі рус. т-ры Беларусі. У 1996 на Беларусі 26 дзярж. т-раў — у Мінску (11), Брэсце (2), Віцебску (2), Гомелі (2), Гродне (2), Магілёве (2), Маладзечне (2), па аднаму ў Бабруйску, Мазыры, Слоніме. Акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў, тэатразнаўцаў рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларускі універсітэт культуры. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі. Гл. таксама Аперэта, Балет, Опера, Акцёрскае мастацтва, арт. пра асобныя т-ры.

Кіно. Першыя вядомыя дакументальныя кіназдымкі на Беларусі адбыліся ў 1914 і адлюстроўвалі падзеі 1-й сусв. вайны, у т. л. «Парад войскаў у Бабруйску ў прысутнасці Мікалая II». У 1922 у БССР створана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно Рэспублікі Беларусь), у маі 1924 — «Беларускае пралеткіно», у снежні 1924 — Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно). Рэгулярная кінавытворчасць у БССР пачалася ў 1925 з хронікі і дакумент. фільмаў. У 1926 выйшаў першы маст. фільм «Лясная быль» (паводле аповесці «Свінапас» М.​Чарота; рэж. Ю.Тарыч). У 1928 створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску). У 1920—30-я г. здымаліся фільмы пераважна на гіст. і рэв. тэмы, часам з прыгодніцкімі сюжэтамі: «Кастусь Каліноўскі» (1928, сцэн. і рэж. У.Гардзін), «Да заўтра» (рэж. Тарыч), «Хвоі гамоняць» (абодва 1929; рэж. Л.​Малчанаў), «У агні народжаная» (1930) і «Першы ўзвод» (першы гукавы фільм; 1933, рэж. абодвух У.Корш-Саблін), «Паручнік Кіжэ» і «Балтыйцы» (абодва 1937, рэж. А.Файнцымер). Значная ўвага аддавалася распрацоўцы маральна-этычных праблем: «Суд павінен працягвацца» (1931), «Жанчына» (1932, рэж. абодвух Я.Дзіган), «Двойчы народжаны» (1934, рэж. Э.Аршанскі), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Мая любоў» (1940, рэж. ўсіх Корш-Саблін). Экранізаваліся творы бел. пісьменнікаў: «Песня вясны» (1929, паводле аповесці Я.​Коласа «На прасторах жыцця», рэж. Гардзін), «Палескія рабінзоны» (1934, паводле аднайм. аповесці Я.​Маўра, рэж. І.​Бахар і П.Малчанаў), «Салавей» (1937, паводле аднайм. аповесці З.​Бядулі, рэж. Аршанскі), а таксама паводле твораў А.​Чэхава: «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. абодвух І.Аненскі). У 1928 пакладзены пачатак бел. дзіцячаму кінематографу: з эпізодаў фільма «Лясная быль» зманціравана першая карціна для дзяцей «Грышка-свінапас». Першыя крокі рабіла мультыплікацыйнае кіно (гл. ў арт. Анімацыйнае кіно). З пач. 1930-х г. выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь» і «На варце». У 1935 пачала дзейнасць Мінская студыя кінахронікі. У дакумент. кіно пераважала сацыяльна-публіцыст. накіраванасць: «Такая наша Беларусь» (1927), «Калгас» (1928), «Заваяваная зямля» (1930), «На ўздыме» (1931, рэж. Л.​Эпельбаўм), «Права на працу», «Права на адукацыю», «Права на адпачынак» (усе 1936, рэж. І.Вейняровіч і У.​Стральцоў). У 1920—30-я г. ў кінематаграфіі Беларусі працавалі сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.​Таўбэ; рэжысёры Тарыч, Корш-Саблін, Аршанскі, Файнцымер, Гардзін, Дзіган, М.Данской, Р.Рашаль; акцёры У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, Малчанаў, Б.Бабачкін, М.Блюменталь-Тамарына, М.Жараў, Л.Кміт, Б.Ліванаў, М.Сіманаў, М.Чаркасаў; аператары А.Кальцаты, Б.​Рабаў, С.​Іваноў, Д.​Шлюглейт, А.Булінскі; кампазітары І.​Любан, І.​Дунаеўскі, С.​Пракоф’еў; дакументалісты М.​Лявонцьеў, М.​Стрэшнеў, Эпельбаўм, Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк, Стральцоў, П.​Цытрон. У Вял. Айч. вайну бел. кінадакументалісты вялі здымкі ў партыз. атрадах і франтавых групах, удзельнічалі ў здымках фільмаў «Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой», «Народныя мсціўцы», «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Парад партызанаў у вызваленым Мінску». Групы творчых работнікаў бел. кіно, арганізаваныя на базе цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце, у 1942 стварылі альманах «Беларускі кіназборнік» (рэж. Корш-Саблін і Тарыч), на базе Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў у Маскве выпускалі ў 1942—44 кіначасопіс «Савецкая Беларусь», знялі дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» і фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (рэж. абодвух Корш-Саблін і М.​Садковіч). У 1945 аднавіла дзейнасць у Мінску кінастудыя «Савецкая Беларусь» (з 1946 «Беларусьфільм»). У 1940—70-я г. найб. поспехаў бел. маст. і дакумент. кіно дасягнула ў распрацоўцы тэмы Вял. Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін і Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.​Фігуроўскі), «Праз могілкі» (1965) і «Я родам з дзяцінства» (1967, рэж. абодвух В.Тураў), «Бацька» (1972, рэж. Б.Сцяпанаў), «Полымя» (1975, рэж. В.Чацверыкоў); фільмы для дзяцей «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962) і «Паланэз Агінскага» (1971, рэж, усіх Л.Голуб), «Іван Макаравіч» (1968, рэж. І.Дабралюбаў). Вайна і сучаснасць — тэма фільмаў «Дзеці партызана» (1954, рэж. Голуб і Фігуроўскі; першы бел. каляровы фільм), «Пушчык едзе ў Прагу» (1965, рэж. Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). Пэўных поспехаў дасягнулі бел. кінематаграфісты ў распрацоўцы гіст. тэмы: «Чырвонас лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), «Масква—Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў з удзелам Корш-Сабліна і П.​Арманда), «Я, Францыск Скарына» (1970, рэж. Сцяпанаў). Былі экранізаваны тэатр. пастаноўкі: «Паўлінка» Я.​Купалы (1952) і «Несцерка» Вольскага (1955, рэж. абодвух А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін, рэж. тэатра К.Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін). Надзённым і маральна-этычным праблемам пасляваеннага жыцця прысвечаны фільмы 1950—70-х г.: «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман), «Нашы суседзі» (1957, рэж. Сплашноў), «Наперадзе — круты паварот» і «Каханая» (1960, 1965, рэж, Р.Віктараў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Сцяпанаў), «Выдатны хлопец» (1972, рэж. Ю.​Дубровін) і інш. З 1960-х г. пашырыўся калектыў творчых работнікаў «Беларусьфільма». Сярод іх: рэжысёры Тураў, В.​Вінаградаў, Сцяпанаў, Дабралюбаў, Чацверыкоў, Нікіфараў, В.Рубінчык, Дубровін, М.Пташук; аператары А.​Забалоцкі, В.​Нікалаеў, Ю.Марухін, Дз.Зайцаў, І.Рамішэўскі, Э.Садрыеў, Ю.Цвяткоў, Ю.Ялхоў, Т.Логінава, Б.Аліфер, Ф.Кучар, А.​Суханава, мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычоў, Е.Ганкін, Я.​Ігнацьеў, В.​Дзяменцьеў, В.​Кубараў, А.​Чартовіч; акцёры Л.Румянцава, У.Гасцюхін, Г.Гарбук, П.Кармунін, С.Станюта, Г.Макарава, В.Белахвосцік, У.Куляшоў і інш. Паглыбіўся аналіз характараў, пашырыліся аўтарскія стылі: «Лісты да жывых» (1965, рэж. Вінаградаў), «Вуліца без капца» (1973), «Трэцяга не дадзена» (1981) і «Белыя Росы» (1984, рэж. усіх Дабралюбаў), «Нядзельная ноч» (1977, рэж. Тураў), «Вянок санетаў» (1977) і «Культпаход у тэатр» (1983, рэж. абодвух Рубінчык), «Паводка» (1981) і «Чорная бяроза» (1978, рэж. абодвух Чацверыкоў), «Гарантую жыццё» (1978, рэж. Сцяпанаў) і інш.

Экранізацыя твораў бел. л-ры спрыяла фарміраванню адметнасці нац. кінематографа: «Першыя выпрабаванні» (1960—61, рэж. Корш-Саблін, паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Віктараў), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Сцяпанаў), «Доўгія вёрсты вайны»(1975, рэж. А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. Нікіфараў, тэлевізійны), «Знак бяды» (1986, рэж. Пташук), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.​Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.​Князеў; усе паводле В.​Быкава), «Вайна пад стрэхамі» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1971, рэж. абодвух Тураў) і «Ідзі і глядзі» (1984, рэж. Э.Клімаў; усе паводле А.​Адамовіча), «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982, рэж. абодвух Тураў; паводле І.​Мележа), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980, рэж. Рубінчык) і «Чорны замак Альшанскі» (1983, рэж Пташук; абодва паводле У.​Караткевіча), «Вясельная ноч» (1980, рэж. Карпаў) і «Вазьму твой боль» (1981, рэж. Пташук; абодва паводле І.​Шамякіна), «Чужая вотчына» (1983, паводле В.​Адамчыка), «Сведка» (1985, рэж. абодвух В.​Рыбараў) і «Чорны бусел» (1993, рэж. Тураў; абодва паводле В.​Казько). З канца 1980-х г. бел. кінематаграфісты імкнуцца больш глыбока асэнсаваць гіст. мінулае і складаныя працэсы сучаснага жыцця: «Наш браняпоезд» (1988) і «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1993, рэж. абодвух Пташук), «Мяне завуць Арлекіна» (1988, рэж. Рыбараў), «Хам» (1990, рэж. Дз.​Зайцаў; паводле Э.​Ажэшкі), «Развітальныя гастролі» (1992, рэж. В.​Дудзін), «Белае возера» (1992, рэж. Л.​Мартынюк), «Анамалія» (1993, рэж. Ялхоў), «Душа мая, Марыя» (1993, рэж. Нікіфараў), «Тутэйшыя» (1993, рэж. В.​Панамароў; паводле аднайм. п’есы Я.​Купалы), «...Аз ваздам» (1994, рэж. Сцяпанаў, М.​Касымава, Б.​Шадурскі) і інш.

Пасляваен. Дакумент. фільмы расказвалі пра падзеі вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі і культуры Беларусі: «Мінск адраджаецца» (1946, рэж. Сплашноў), «Савецкая Беларусь» (1948) і «Шчасце народа» (1949, рэж. абодвух Голуб) і інш. У 1960—80-я г. ў дакумент, кіно найб. выразнае ідэйна-маст. выяўленне знаходзяць ваен., партыз., антыфаш. тэмы: «Генерал Пушча» (1967, рэж. Вейняровіч), «Пакараны ў сорак першым» (1967, рэж. Чацверыкоў), «Боль мой — Хатынь» (1969, рэж. П.​Аліфярэнка), цыклы «Жанчына з забітай вёскі» (1975—78) і «У вайны не жаночы твар» (1980—84, рэж. В.Дашук). Значнае месца ў гэты час, а таксама ў 1990-я г. займаюць фільмы пра гісторыю Беларусі: «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. Цяслюк, Р.Ясінскі, І.Пікман), «Леў Сапега, канцлер» (1992, рэж. Ясінскі і В.Сукманаў), «Успаміны пра Міколу Равенскага» (1993, рэж. М.​Жданоўскі). Здымаюцца кінарэпартажы, створаныя метадам кінаназірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. Ясінскі, С.​Фрыд), «Птушка ікс» (1972, рэж. Дз.​Міхлееў), «Праз дзесяць гадоў, або Спадзяванні і трывогі 10 «А» (1973, рэж. Ясінскі, Сукманаў), кінапартрэты дзеячаў культуры Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, Мележа, Малчанава, Корш-Сабліна, Тарыча, Л.​Александроўскай і інш., кіначасопісы.

На «Беларусьфільме» дзейнічаюць творчыя аб’яднанні «Тэлефільм», «Летапіс», з 1973 — майстэрня мультыплікацыйных фільмаў. Працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Праводзяцца Міжнар. фестываль жаночага кіно (з 1993), фестываль постсавецкага кіно «Лістапад» (з 1994).

Літ.:

История государства и права БССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі: Пер. з рус. Мн., 1994;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1993;

Блакітная кніга Беларусі: (Водныя аб’екты Беларусі). Энцыкл. Мн., 1994;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—5. Мн., 1972—75;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн, 1994—95;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993;

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Памяць. Беларусь: Рэсп. кніга. Мн., 1995;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861). Мн., 1966;

Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (ист.-геогр. Очерки). Мн., 1978;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;

Дрозд Л.Н. Развитие средней общеобразовательной школы в Белоруссии, 1917—1941. Мн., 1986;

Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Ч. 1—2. 2 выд Мн., 1981—82;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гады. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гадоў. Мн., 1985;

Шаблоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Семяновіч А.А. Гісторыя беларускай драматургіі, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1985;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Арочка М.М., Дзюбайла П.К., Лаўшук С.С. На парозе 90-х: Літ. агляд. Мн., 1993;

Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 1—6. Мн., 1992—95;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1928;

Рэпрынт. выд. Мн., 1993;

Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1 (Дооктябрьский период). 3 изд. Мн., 1985;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2 (Советский период). 2 изд. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;

Кулагин А.Н. Архитектура и искусство рококо в Белоруссии: (В контексте общеевропейской культуры). Мн., 1989;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн., 1990;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX — XX в. Мн., 1991;

Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 1993;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1980;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984;

Елатомцева И.М. Монументальная летопись эпохи Мн., 1969;

Яе ж. Станковая культура. Мн., 1975;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Яе ж. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989;

Сахута Я.М. Беларускае народнае мастацтва. Мн., 1980;

Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984;

Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985;

Помнікі мастацкай культуры Беларусі;

Новыя даслед. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Музыкальный театр Белоруссии. Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. Мн., 1992;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

История белорусского кино. [Кн.1—2]. Мн., 1969—70;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1984—87;

Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. Мн., 1989.

В.​С.​Аношка (геалагічная будова, клімат, глебы, унутраныя воды, раслінны свет, жывёльны свет), А.​В.​Мацвееў (рэльеф), Л.​П.​Шахоцька (насельніцтва), Г.​В.​Штыхаў, В.​С.​Пазднякоў, М.​В.​Біч (гісторыя), В.​П.​Маеўскі, С.​І.​Сідор (прамысловасць), В.​А.​Юшкевіч (узброеныя сілы), Э.​А.​Вальчук (ахова здароўя), В.​С.​Філіповіч (фізічная культура і спорт), В.​У.​Чэчат (асвета), Я.​М.​Бабосаў (навука), С.​І.​Грыдзюшка (бытавое абслугоўванне), В.​А.​Чамярыцкі, У.​І.​Мархель, І.​Э.​Багдановіч, Л.​М.​Гарэлік (літаратура), А.​А.​Воінаў, Т.​В.​Габрусь (архітэктура), У.​І.​Рынкевіч (выяўленчае мастацтва), Т.​А.​Дубкова (музыка), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Табліца 1
Колькасць насельніцтва Беларусі*
Гады Колькасць насельніцтва
на пачатак года, тыс. чал.
У % да ўсяго насельніцтва
гарадское сельскае
1913 6899,1 14,3 85,7
1939 8912,2 20,8 79,2
1940 9046,1 21,3 78,7
1950 7709,0 21,0 79,0
1959 8095,7 30,8 69,2
1970 9002,3 43,4 56,6
1979 9532,5 55,1 44,9
1989 10151,8 65,4 34,6
1990 10211,4 66,2 33,8
1991 10212,5 67,0 33,0
1992 10232,9 67,6 32,4
1993 10297,8 67,9 32,1
1994 10319,4 68,2 31,8
1995 10297,2 68,6 31,4
1996 10264,4 68,9 31,1

* У 1913 насельніцтва дадзена на канец года, у 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 — на дату перапісу, у астатніх выпадках — на пач. года.

Табліца 2
Узнаўленне насельніцтва Беларусі
Гады На 1000 жыхароў
нарадзілася памерла натуральны прырост
1940 26,8 13,1 13,7
1950 25,5 8,0 17,5
1960 24,4 6,6 17,8
1970 16,2 7,6 8,6
1980 16,0 9,9 6,1
1990 13,9 10,7 3,2
1991 12,9 11,2 1,7
1992 12,4 11,3 1,1
1993 11,3 12,4 -1,1
1994 10,7 12,6 -1,9
1995 9,8 13,0 -3,2
Табліца 3
Колькасць насельніцтва Беларусі па абласцях на 1.1.1996 (тыс. чал.)
Вобласці Колькасць У тым ліку
гарадское сельскае
Брэсцкая 1504,4 920,4 584,0
Віцебская 1429,2 952,3 476,9
Гомельская 1588,5 1082,4 506,1
Гродзенская 1204,1 745,0 459,1
Магілёўская 1252,8 868,5 384,3
г. Мінск* 1700,2 1699,8 0,4
Мінская 1585,2 803,2 782,0

* Уключае населеныя пункты, падпарадкаваныя гар. Савету.

Табліца 4
Узроставая структура насельніцтва Беларусі (у %)
Узроставыя групы Гады
1939 1959 1970 1980 1990 1996
Усяго насельніцтва 100,0 100,0 100,0 100,0 100,0 100,0
у тым ліку:
у дапрацоўным узросце
(0—15 гадоў)
38,5 31,3 30,9 24,7 24,5 23,1
у працоўным узросце
(мужчыны 16—59, жанчыны 16—54)
52,3 55,2 52,9 58,4 55,9 55,8
у пенсіённым узросце 9,2 13,5 16,2 16,9 19,6 21,1
Табліца 5
Суадносіны колькасці мужчын і жанчын у складзе насельніцтва Беларусі
На 1000 мужчын прыпадае жанчын
1939 1959 1970 1979 1989 1996
Усяго 1065 1249 1176 1152 1136 1142
Горад 1069 1245 1130 1128 1117 1129
Вёска 1064 1251 1216 1192 1177 1172
Табліца 6
Сярэдняя працягласць жыцця насельніцтва ў Беларусі
Гады Усяго У тым ліку
мужчын жанчын
1896—97 38,0 37,0 38,0
1926—27 53,0 51,0 55,0
1958—59 70,3 66,3 73,3
1969—70 72,4 68,1 75,8
1989—90 71,5 66,5 76,0
1994 68,9 63,5 74,3
1995 68,6 62,9 74,3
Табліца 7
Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі (паводле перапісаў насельніцтва)
Нацыянальнасць 1959 1970 1979 1989
тыс. чал. % тыс. чал. % тыс. чал. % тыс. чал. %
Беларусы 6532,0 81,1 7289,6 81,0 7568,0 79,4 7904,6 77,9
Рускія 660,2 8,2 938,2 10,4 1134,1 11,9 1342,1 13,2
Палякі 538,9 6,7 382,6 4,3 403,2 4,2 417,7 4,1
Украінцы 133,1 1,7 190,8 2,1 231,0 2,4 291,0 2,9
Яўрэі 150,1 1,9 148,0 1,6 135,4 1,4 112,0 1,1
Іншыя нацыянальнасці 41,4 0,4 53,1 0,6 60,8 0,7 84,4 0,8
Табліца 8
Колькасць асоб, якія выехалі за мяжу на пастаяннае месцажыхарства (па даных МУС Рэспублікі Беларусь)
1990 1991 1992 1993 1994 1995
Выехала з Беларусі 34 094 22 017 9727 6901 6950 8780
у тым ліку ў:
Ізраіль 33 085 15 146 3157 2431 2952 3705
ЗША 508 6191 5590 3627 2826 2169
Германію 95 208 370 464 398 552
Аўстралію 62 132 213 57 94 61
Польшчу 66 116 152 101 99 147
Канаду 157 89 97 29 76 37
Табліца 9
Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі
1959 1970 1979 1989
На 1000 чал. ва ўзросце ад 15 гадоў і старэй прыпадае асоб з вышэйшай і сярэдняй (поўнай і няпоўнай) адукацыяй 331 505 652 770
у тым ліку з:
вышэйшай 17 41 70 108
вышэйшай няпоўнай 11 14 15 15
сярэдняй спецыяльнай 44 72 113 169
сярэдняй 59 131 229 310
базавай 200 247 225 168
Табліца 10
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту (зніжэння) агульнага аб'ёму прадукцыі прамысловасці Беларусі (у %)
Галіны прамысловасці Гады
1961—65 1966—70 1971—75 1976—80 1981—85 1986—90 1991—94
Уся прамысловасць 10,4 12,4 10,4 7,2 5,3 5,3 -9,6
Электраэнергетыка 19,5 13,7 12,0 5,6 0,9 2,9 -6,3
Паліўная 9,7 23,4 13,2 6,6 0,4 1,4 -34,3
Чорная металургія 0,1 13,0 10,0 3,0 10,0 16,2 -7,4
Машынабудаванне і металаапрацоўка 17,3 14,9 14,9 12,2 8,6 7,4 -3,7
Хімічная і нафтахімічная 21,5 27,0 22,0 10,8 5,9 5,2 -12,7
Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая 4,5 5,6 6,7 4,2 4,3 4,6 -4,4
Будаўнічых матэрыялаў 13,1 10,7 8,7 3,4 3,8 5,1 -15,6
Лёгкая 5,0 11,9 6,2 5,5 3,6 2,7 -5,6
Харчовая 9,0 8,6 6,5 2,0 4,1 3,8 -8,3
Табліца 11
Галіновая структура прамысловасці Беларусі (па даных аб агульным аб'ёме прадукцыі ў аптовых цэнах прадпрыемстваў; у %)
Галіна Гады
1960 1965 1970 1975 1980 1985 1990 1994
Уся прамысловасць 100 100 100 100 100 100 100 100
Электраэнергетыка 1,4 2,2 2,3 2,5 2,3 2,7 2,6 15,6
Паліўная 2,3 2,3 3,7 4,2 4,1 5,4 4,6 6,4
Чорная металургія 0,6 0,6 0,5 0,6 0,5 0,7 0,9 2,5
Машынабудаванне і металаапрацоўка 14,1 19,4 21,7 26,6 33,3 32,6 34,2 22,6
Хімічная і нафтахімічная 1,8 2,9 5,4 8,9 10,5 9,1 9,0 13,8
Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая 9,5 7,4 5,4 4,6 4,0 4,5 4,4 4,5
Будаўнічых матэрыялаў 4,1 4,7 4,4 4,1 3,4 3,6 3,7 4,6
Лёгкая 34,5 27,1 26,6 21,9 20,2 19,8 17,2 10,4
Харчовая 30,6 28,7 24,1 20,2 15,7 15,3 14,9 13,6
Іншыя галіны 1,1 5,7 5,9 6,4 6,0 6,3 8,5 6,0
Табліцы 12
Вытворчасць важнейшых відаў прамысловай прадукцыі Беларусі
Віды прадукцыі Гады
1950 1960 1970 1980 1985 1990 1993 1994 1995
Электраэнергія, млрд. кВтгадз 0,7 3,6 15,1 34,1 33,2 39,5 33,4 31,4 24,9
Тарфяныя брыкеты, тыс. т 17 403 1878 2013 2102 2071 1888 1632 *
Нафта, тыс. т 4234 2551 2019 2054 2005 2000 1932
Сталь, тыс. т 4,9 120 196 321 813 1112 946 880 *
Мінеральныя ўгнаенні (у пераліку на 100% пажыўных рэчываў), млн. т 2,3 4,9 6,0 6,0 2,5 3,0 3,3
у тым ліку калійныя 2,0 4,2 5,1 5,0 1,9 2,5 *
Хімічныя валокны і ніткі, тыс. т 2,2 15 65 255 338 453 293 217 209
Шыны аўтамабільныя і для сельскагаспадарчых машын, тыс. штук 3345 4781 4575 2164 1205 1292
Металарэзныя станкі, тыс. штук 4,8 16,8 27,6 31,2 23,7 15,5 10,3 6,3 4,7
Трактары (у фіз. адзінках), тыс. штук 0,04 34,2 80,3 89,6 100,7 82,4 42,9 26,5
Грузавыя аўтамабілі, тыс. штук 2,4 18,7 29,8 40,1 42,5 42,0 30,8 21,3 12,9
Электрарухавікі пераменнага току, тыс. кВт 53,3 342 1558 3150 3654 3919 1430 568 *
Падшыпнікі качэння, млн. штук 69 101 140 148 148 57 25 *
Фанера клееная, тыс. мм³ 92 170 213 212 221 192 127 104 94
Папера, тыс. т 39,9 69 103 189 189 198 59 23,0 27
Цэмент, тыс. т 342 694 1929 2035 2119 2258 1903 1488 1235
Дываны і дывановыя вырабы, млн. мм² 0,56 2,5 5,2 15,1 18,5 20,7 14,9 8,9 4,2
Тканіны — усяго, млн. мм² 82 219 371 451 511 371 209 233
Панчошна-шкарпэткавыя вырабы, млн. пар 26,9 83 110 140 164 175 132 73 55
Абутак скураны, млн. пар 7,5 19,4 37,5 41,5 44,2 46,8 33,4 26,4 13
Матацыклы, тыс. штук 101 152 217 230 225 128 55 42
Веласіпеды, тыс. штук 70 287 520 695 773 846 603 385 271
Гадзіннікі бытавыя, млн. штук 0,9 2,4 7,3 9,6 13,4 16,8 14,3 6,6
Радыёпрыёмныя прылады, тыс. штук 46,3 119 424 499 712 979 768 545 277
Тэлевізары, тыс. штук 103 635 552 886 1302 610 473 250
Халадзільнікі і маразільнікі, тыс. штук 216 614 657 728 738 742 746
Фотаапараты, тыс. штук 297 536 1412 504 885 495 128 *
Табліца 13
Вытворчасць асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Віды прадукцыі Гады
1913 1940 1960 1980 1990 1994 1995
Збожжа, млн. т 2,6 2,7 2,2 4,1 7,0 6,1 5,5
Ільновалакно, тыс. т 32,8 36,5 84,4 61,0 52,0 49,0 60,0
Цукровыя буракі, тыс. т 383 1122 1479 1078 1172
Бульба, млн. т 4,0 11,9 10,6 9,3 8,6 8,2 9,5
Агародніна, тыс. т 673 843 733 749 1029 1031
Садавіна і ягады, тыс. т 414 373 396 383
Кармавыя культуры, тыс. т (у пераліку на кармавыя адзінкі)
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т 219,3 274,7 401,8 857,0 1181,0 743,0 657,0
Малако, млн. т 1,4 2,0 3,2 6,1 7,5 5,5 5,1
Яйцы, млн. штук 413,0 611,8 867,8 3035,0 3657,0 3400,0 3373,0
Табліца 14
Пагалоўе жывёлы і птушкі (на 1 студз., тыс. галоў)
1916 1941 1961 1980 1990 1995 1996
Буйная рагатая жывёла у тым ліку 2293 2843 3666 6735 7166 5403 5054
каровы 1610 1956 2021 2748 2439 2180 2137
Коні 1483 1170 519 234 219 220 229
Свінні 2444 2520 3164 4437 5204 4005 3895
Авечкі і козы 2050 2578 1213 564 510 284 262
Птушкі, млн. галоў 14,7 18,6 37,3 49,8 45,3 40,1
Табліца 15
Развіццё шляхоў зносін Беларусі (тыс. км)
Шляхі зносін Гады
1913 1940 1960 1980 1990 1995
Чыгункі (эксплуатацыйная даўжыня) 3,81 5,74 5,38 5,51 5,57 5,58
Аўтамабільныя дарогі з цвёрдым пакрыццём 3,5 11,2 14,6 34,5 46,3 51,5
Водныя шляхі 2,3 3,7 3,8 3,9 2,9 2,0
Паветраныя лініі 3,0 9,2
Табліца 16
Грузаабарот і пасажыраабарот асобных відаў транспарту Беларусі
Від транспарту Гады
1960 1970 1980 1990 1994 1995
Млн. ткм
Чыгуначны 27 142 50 088 66 264 75 430 27 963 25 510
Аўтамабільны 2939 8133 16 806 22 361 12 488 9539
Паветраны 8 35 38 38 10 89
Рачны 1137 1224 1916 1805 95 133
Млн. пасажыра-км
Чыгуначны 3804 7255 10 992 16 852 16 063 12 505
Аўтамабільны 2045 8434 14 382 19 787 12 012 9308
Паветраны 90 1310 2939 5510 1390 1228
Рачны 43 39 41 30 3 2
Табліца 17
Асноўныя паказчыкі развіцця сувязі ў Беларусі
Паказчыкі Гады
1940 1970 1990 1995
Адпраўлена, млн.:
 пісьмаў 134 287 302 133,8
 газет і часопісаў 164 1222 2201 568,5
пасылак 1,9 6,3 8,2 0,6
 тэлеграм 4,5 9,0 10,6 2,4
 грашовых пераводаў і пенсіённых выплат 3,4 26,1 37,0 32,8
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн. 6,8 17,6 193,5 248,3
Колькасць тэлефонных апаратаў, тыс. шт. 39,1 286,8 1768,4 2176,6
У т.л.:
 гарадской тэлефоннай сеткі 32,4 224,9 1418,3 1761,7
 сельскай тэлефоннай сеткі 6,7 61,9 350,1 414,9
Табліца 18
Развіццё сістэмы бытавых паслуг у Беларусі
Прадпрыемствы і іх дзейнасць 1970 1980 1990 1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі)
у т.л. ў сельскай мясцовасці
9053
4354
11 206
5302
12 441
4890
7836
2658
Аб'ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн. руб.
у т.л. ў сельскай мясцовасці
141,5
35,3
327
97
808
200
1 145 398
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс. чал. 63,7 104,9 131,6 73,3
Табліца 19
Развіццё аховы здароўя ў Беларусі ў 1970—94
Паказчыкі 1970 1980 1990 1994
Нараджальнасць (на 1 тыс. жыхароў) 16,2 16 13,9 10,7
Смяротнасць (на 1 тыс. жыхароў) 7,6 9,9 10,7 12,6
Натуральны прырост (на 1 тыс. жыхароў) 8,6 6,1 3,2 -1,9
Дзіцячая смяротнасць (на 1 тыс. нованароджаных) 18,8 16,3 11,9 13,2
Расходы на ахову здароўя, млн. руб. 290,3 492,3 1064,5 465 406,8
Колькасць урачоў усіх спецыяльнасцяў 32 674 41 393 44 554
 на 10 тыс. жыхароў 33,8 40,5 43,3
Колькасць мед. работнікаў сярэдняга звяна 73 151 94 130 118 085 117 630
 на 10 тыс. насельніцтва 80,6 97,4 115,6 114,2
Колькасць бальнічных ложкаў (без ведамасных бальніц) 94 165 120 795 135 067 128 482
Магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (колькасць наведванняў за змену на 10 тыс. жыхароў) 185,1 207
Колькасць санаторыяў 42 52 58
 ложкаў у іх 9797 13 045 14 749
Колькасць бальнічных устаноў 989 856 874 871
Колькасць раённых бальніц 139 134 137 135
Колькасць участковых бальніц 580 462 447 423
Колькасць паліклінічных аддзяленняў пры бальніцах і радзільных дамах 929 808 767 738
 у т.л.: у гар. пасёлках 341 346 321 316
 у сельскай мясцовасці 588 462 446 422
Колькасць самастойных паліклінік і амбулаторый 260 269 435 511
 у т.л.: у гар. пасёлках 56 65 116 139
 у сельскай мясцовасці 204 204 319 372
Колькасць дзіцячых паліклінік 274 324 381 347
Колькасць станцый хуткай мед. дапамогі 194 194 200 205
Колькасць санэпідэміял. станцый і санэпідэміял. аддзяленняў 147 153 154 148
Колькасць фельчарска-акушэрскіх пунктаў 2824 3003 3012 2919
Колькасць урачэбных пунктаў аховы здароўя 56 55 33 77
Колькасць стаматалагічных паліклінік 25 48 64 71
Колькасць аптэк 1124 1192 1247 1213
 у т.л.: у гар. пасёлках 352 460 605 589
 у сельскай мясцовасці 597 601 612 578
Колькасць аптэчных пунктаў 3196 3026 3196 3200
Табліца 20
Сярэдняя магутнасць бальнічных устаноў па колькасці ложкаў
1970 1980 1990 1994
Усе бальнічныя ўстановы 90 138 153 145
 у т.л.:
 абласныя бальніцы
573 970 1116 1094
 гарадскія бальніцы 202 245 284 257
 бальніцы хуткай мед. дапамогі 738 805 718
 раённыя бальніцы 165 231 273 255
 з іх цэнтральныя 180 250 302 282
 дзіцячыя неінфекцыйныя 166 240 263 258
 туберкулёзныя бальніцы і дыспансеры 102 210 262 226
 псіхіятрычныя бальніцы 602 667 643 568
 участковыя бальніцы 29,4 35 34,2 30,4
Табліца 21
Развіццё адукацыі ў Беларусі ў 1940—95
Навучальны год Дашкольнае выхаванне і адукацыя Агульная сярэдняя адукацыя Прафесійна-тэхнічная адукацыя Сярэдняя спец. адукацыя Вышэйшая адукацыя
колькасць устаноў колькасць дзяцей, тыс. колькасць школ колькасць навучэнцаў, тыс. колькасць навуч. устаноў колькасць навучэнцаў, тыс. колькасць навуч. устаноў колькасць навучэнцаў, тыс. колькасць навуч. устаноў (дзярж.) колькасць студэнтаў, тыс.
1940/41 1316 64 12 294 1737 78 28 128 35,0 25 21,5
1950/51 732 29 12 715 1555 77 13,2 107 41,8 29 31,6
1960/61 1373 98 13 063 1382 103 32,8 102 62,6 24 59,3
1970/71 2430 274 11 267 1852 152 83,4 128 146,1 28 140,0
1980/81 3716 488 6968 1525 220 143 135 162,8 32 177,0
1990/91 5350 608 238 132,3 147 143,7 33 188,6
1994/95 4693 478 1532 1546 253 138,1 148 130,2 38 175,4
Герб і сцяг Беларусі.
Да арт. Беларусь. Мінскае ўзвышша.
Да арт. Беларусь. Цэнтральнабярэзінская раўніна.
Да арт. Беларусь. Рака Ясельда.
Дынаміка нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва Беларусі (тыс. чал.).
Узростава-палавая структура насельніцтва Беларусі (на 1.1.1995).
Да арт. Беларусь. Грашова-рэчавы скарб з гарадзішча Вішчын.
Да арт. Беларусь. Навагрудскія замкі. Рэканструкцыя В.​П.​Сташчанюка. 1991.
Да арт. Беларусь. Дэлегаты 1-га з’езда ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. 1917.
Да арт. Беларусь. Газета Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі з тэкстам Маніфеста аб абвяшчэнні БССР. 1919.
Да арт. Беларусь. Партызаны на парадзе ў Мінску. 1944.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.​Лукашэнка, патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Б.​Ельцын у час цырымоніі, прысвечанай падпісанню Дагавора аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі. 2.4.1996. Масква.
Да арт. Беларусь. Устаноўка «Парэкс» па вытворчасці вадкіх парафінаў (ВА «Палімір», г. Наваполацк).
Да арт. Беларусь. Ва універсаме. Гомель.
Да арт. Беларусь. Швейны цэх у Доме быту ў в. Міхалінава Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.
Да арт. Беларусь. Зона адпачынку на воз. Свіцязь у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл.
Да арт. Беларусь. Санаторый-прафілакторый «Сосны» на курорце Нарач.
Да арт. Беларусь. На ўроку нямецкай мовы ў лінгафонным кабінеце сярэдняй школы № 73 г. Мінска.
Першая старонка аднаго са «слоў» Кірылы Тураўскага паводле спісу 13 ст.
Тытульны ліст рукапіснага зборніка «Вертаград мнагацветны» Сімяона Полацкага. 1678.
В.​Дунін-Марцінкевіч. «Дудар беларускі, або Усяго патроху». Мінск. 1857. Вокладка.
Ф.​Багушэвіч (у цэнтры) з жонкай, дачкой і З.​Нагродскім у Кушлянах.
М.​Багдановіч (першы рад, у цэнтры) з групай яраслаўскіх гімназістаў. 1911.
Тытульны ліст паэмы «Адвечная песня» Я.​Купалы (Пецярбург, 1910) з дарчым подпісам В.​Брусаву (злева). Вокладка зборніка апавяданняў «Родныя з’явы» Я.​Коласа. Вільня. 1914.
Удзельнікі пленума Цэнтральнага бюро ўсебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Мінск. 1925.
Беларускія пісьменнікі К.​Крапіва, М.​Лынькоў, П.​Броўка на Паўднёва-Заходнім фронце (пад Варонежам). Лістапад. 1941.
Да арт. Беларусь. Барысаглебская царква ў Гродне. З акварэлі Н.​Орды. 19 ст.
Да арт. Беларусь. Касцёл аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 1653.
Да арт. Беларусь. Царква-крэпасць у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Да арт. Беларусь. Замак у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Да арт. Беларусь. Міхайлаўская царква ў Слуцку. 18—19 ст.
Да арт. Беларусь. Аэравакзал у Брэсце. 1986.
Да арт. Беларусь. Дом культуры ў Барысаве. 1980-я г.
Да арт. Беларусь. Палац у Нясвіжы. 16—18 ст.
Да арт. Беларусь. Рэспубліканскі культурна-інфармацыйны цэнтр у Мінску. 1987.
Да арт. Беларусь. Гасцініца «Беларусь» у Мінску. 1987.
Да арт. Беларусь. Архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой» і жылыя дамы па праспекце Машэрава.
Да арт. Беларусь. Я.​Сухадольскі. Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну. 1866.
Да арт. Беларусь. Лазар Богша. Крыж Ефрасінні Полацкай. 1161.
Да арт. Беларусь. Абраз Маці Божай Будслаўскай з касцёла ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл. Канец 16 ст.
Да арт. Беларусь. Слуцкія паясы. Сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Беларусь. І.​Хруцкі. Бітая дзічына, агародніна і грыбы. 1854.
Да арт. Беларусь. А.​К.​Глебаў. Народны паэт БССР Янка Купала. 1949.
Да арт. Беларусь. В.​Бялыніцкі-Біруля. Блакітная капліца. 1911.
Да арт. Беларусь. І.​Рэй. Восеньская элегія. 1995.
Да арт. Беларусь. М.​Савіцкі. З Чарнобыльскага цыкла (злева направа): «Рэквіем», «Плач аб Зямлі», «Доля». 1980-я г.
Да арт. Беларусь. В.​Альшэўскі. У вёсцы Вялікія Бялевічы. Партрэт маці. 1984—85.
Да арт. Беларусь. А.​Марачкін. Чорная дама Нясвіжа. З нізкі «Легенды і паданні Беларусі». 1990.
Да арт. Беларусь. У.​Тоўсцік. Легенда. 1990.
Да арт. Беларусь. Я.​Зайцаў. Пахаванне героя. 1946.
Да арт. Беларусь. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыі да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976.
Да арт. Беларусь. А.​Кішчанка. Габелен «Чарнобыль» у будынку ААН у Нью-Йорку. 1992.
Да арт. Беларусь. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Курган» Я.​Глебава. 1982.
Да арт. Беларусь. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі. 1992.
Да арт. Беларусь. Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.​Кандрусевіча. 1991.
Да арт. Беларусь. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.​Крапівы ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
Да арт. Беларусь. Сцэна са спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча ў Брэсцкім тэатры драмы.
Да арт. Беларусь. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.​Макаёнка ў Нацыянальным акадэмічным тэ-атры імя Я.​Купалы.
Да арт. Беларусь. Сцэна са спектакля «Кароль Лір» У.​Шэкспіра ў Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры Беларусі.
Да арт. Беларусь. Сцэна са спектакля «Вечар» А.​Дударава ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я.​Коласа.
Да арт. Беларусь. Кадр з кінафільма «Лясная быль».
Да арт. Беларусь. Кадр з кінафільма «Я, Францыск Скарына».
Да арт. Беларусь. Кадр з кінафільма «Нашы суседзі».
Да арт. Беларусь. Кадр з кінафільма «Людзі на балоце».
Да арт. Беларусь. Кадр з кінафільма «Знак бяды».

т. 3, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс. км². Нас. 13972,5 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г. Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).

Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-ра студз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-ра чэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.

Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс. чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).

Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст. н.э. тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл. Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб. халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).

У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.

У выніку ўзбр. нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар. Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г. ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс. га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс. т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн. т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд. м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн. т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн. т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн. т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд. кВтгадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сць буд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс. км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд. дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд. дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст. н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Йемена.
Да арт. Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.
Да арт. Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс. км². Нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г. Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.

Прырода. Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш. Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн. м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.

Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл. Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс. н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.

У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40 зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс. м² піламатэрыялаў, 242 тыс. т цэлюлозы, 552 тыс. т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн. т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВтгадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш. трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс. га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс. т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс. км, аўтадарог 13,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс. км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж. ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс. км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).

Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.​Хело (Т.​Гутары), М.​Рутанен, І.​Кутасаў], драмы [Р.​Руска (Нюстрэм)], рамана (О.​Іагансан), аповесці (В.​Чэхаў), нарыса і апавядання (С.​Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.​Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.​Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.​Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.​Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.​Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.​Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.​Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.​Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.​Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш. Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.​Сіманенкава, В.​Сергіна, Ю.​Лінніка, проза П.​Перту, Сцяпанава, драматургія П.​Барыскова, А.​Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.​Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.​Ніканава, У.​Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.

Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.​Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.​Коласа, В.​Быкава (перакладчык У.​Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.​Хійры і інш. у перакладах Я.​Лапаткі, У.​Правасуда, Я.​Сіпакова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.​С.​Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус. муз.-драм. т-р К. ў Петразаводску, арх. С.​Бродскі і інш., скульпт. С.​Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес. выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г. найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.​Аўдышава, Б.​Паморцаў, С.​Юнтунен), партрэт (Г.​Стронк, Ф.​Ніемінен), нацюрморт (Л.​Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.​Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.​Ланкінены, Э.​Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.

Музыка. Адзін з найб. стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес. муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.​Вавілаў, Л.​Вішкароў, А.​Голанд, Р.​Зялінскі, П.​Казінскі, В.​Канчакоў, В.​Кошалеў, Б.​Напрэеў, Э.​Патлаенка, Р.​Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.​Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.​Гудкоў. У К. працуюць: Муз. т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус. т-р (Нац. т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз. рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-р рус. драмы, у 1932 — фін. драм. т-р (заснавальнік Р.​Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л. фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм. т-р Карэліі, Рус. драм. т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.​Томберг, Д.​Карпава, Т.​Ланкінен, Т.​Ромпайнен, В.​Суні, В.​Тамашэўская, С.​Туарыла, В.​Фінагеева, Ю.​Хумпі, П.​Чаплыгін, А.​Шыбуева.

Літ.:

Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;

Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;

Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;

Орфинский В.П. Деревянное зодчество Карелии. Л., 1972;

Православные храмы Карелии. М., 1998;

Музыкальное искусство Карелии: Сб. науч. тр. Л., 1983.

С.​І.​Сідор (прырода, гаспадарка).

Да арт. Карэлія. Востраў у Белым моры.
Да арт. Карэлія. Рака Поньгама.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),

вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш. Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл. Маёліка) і інш.

Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс. г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб. стараж. посуд (6—5,8 тыс. г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э. вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.

На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл. Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л. галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.

К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн. тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.

Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс. г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл. Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст. н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл. Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл. Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар. маст. промыслаў (гл. Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл. вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г. прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.

На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт. Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл. Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц. маст. стылі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл. Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал. ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.​Зільберт, М.​Бяляеў, В.​Гаўрылаў, Т.​Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.​Панамарэнкі, М.​Шаўцовай, М.​Кляцкова, Ф.​Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.​Байрачны, В.​Грыгарышына, В.​Данчук, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, А.​Концуб, У.​Кузняцоў, Н.​Кухарэнка, С.​Ларчанка, А.​Паддубны, У.​Паражняк, Э.​Позняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, Т.​Сакалова, А.​Сурмач, У.​Угрыновіч і інш.

Літ.:

Беларуская кераміка. Мн., 1984;

Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;

Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.

Н.​І.​Здановіч, Г.​К.​Штыхаў, М.​М.​Яніцкая, В.​І.​Жук (К. мастацкая).

Да арт. Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.
Да арт. Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.
Да арт. Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.
Да арт. Кераміка. У.​Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.
Да арт. Кераміка. У.​Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.
Да арт. Кераміка. С.​Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.
Да арт. Кераміка. Т.​Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс. км². Нас. 3677 тыс. чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г. Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).

Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх. ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.​Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.

Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс. ж.), Гюмры (211 тыс. ж.), Ванадзор (173 тыс. ж.), Эчміядзін (65 тыс. ж.), Раздан (64 тыс. ж.), Абавян (62 тыс. ж.).

Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць быт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.

Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн. га, з іх ворыва 0,5 млн. га, пашы 1,6 млн. га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс. га с.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс. км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.

Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб. стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э. Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст. н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн. арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл. Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828 Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл. «Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч. тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс. чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав. сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.​Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.

Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.

Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс. ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч. г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец. навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук. б-ка АН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац. інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.

Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст. «Сасунцы Давід».

Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк. л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж. арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.​Ванандэці, П.​Мінасян, А.​Багратуні, Э.​Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж. арм. мова (грабар) саступае месца нар. літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.​Аламдаран, М.​Тагіядзян, Х.Абавян, Г.​Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш. Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.​Пешыкташлян, Р.​Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.​Прашан, Г.​Агаян, Ц.​Камсаракан, А.​Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.​Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.​Шант), прозе (Э.​Ацян, Ерухан, В.​Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.​Тэр’ян, Д.​Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.​Чарэнца, Д.​Дэмірчана, С.​Зарана, Н.​Зарана, Г.​Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.​Аванесян, Х.​Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.

У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.​Айвазян, В.​Петрасян, Р.​Даваян, А.​Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.​Мугнецян, Л.​Хечаян, В.​Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-ра т.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.​Ашакян, Амстэг, Г.​Шахнур, М.​Ішхан, Захрат, А.​Карапенц).

Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.​Кочар, М.​Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц. арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.​Сундукяна (1966, арх. Р.​Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.​Акапян, Г.​Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.​Хачыкян, А.​Тарханян, Г.​Пагасян, М.​Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.​Тарасян, Г.​Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.​Чаркезян, Ж.​Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.​Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.​Качар), помнікі Е.​Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.​Нікагасян), М.​Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.​Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд. ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст. асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.​Рослін, С.​Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.​Мркуз, М.​Заграбян, Б.​Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап. рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст. арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.​Аўнатанян, С.​Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.​Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.​Шаін. У фарміраванні арм. маст. школы ў 1920-я г. вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.​Аракелян, А.Каджан, А.​Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.​Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.​Сцепанян, А.​Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.​Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.​Якулаў, М.​Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.​Айвазян), скульптуры (Е.​Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.​Акапян, Р.​Адалян, М.​Петрасян, А.​Укапян, А.​Хачыкян, Р.​Хачатран, Г. і Р.​Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.​Мірзаян, С.​Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.​Сіманян, Р.​Швердзян, А.​Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр. ін-т і маст. вучылішча імя Ф.​Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.

Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.​Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш. Прафес. муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст. н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм. прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.​Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз. нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.​Еранян, Г.​Карганаў). Асновы арм. нац. муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац. муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.​Тэр-Гевандзяна, С.​Бархударана, вак. творы Р.​Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.​Сцепаняна, Г.​Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.​Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.​Айвазян, А.​Далуханян, В.​Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.​Агаджанян, А.​Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.​Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.​Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.​Айрапецян, С.​Навасардзян; скрыпачы І.​Налбандзян, Р.​Агаранян, А.​Габрыэлян, Э.​Тэтэвасян; віяланчэлісты М.​Абрамян, С.​Асламазян, Г.​Адамян, Г.​Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-р муз. камедыі, Дзіцячы муз. т-р, Хар. капэла, Дзярж. сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр. муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.

Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес. т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.​Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес. т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.​Пешыкташлян заснаваў арм. нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.​Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.​Сундукяна і А.​Параняна, пазней — А.​Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.​Адамяна. На пач. 20 ст. арм. нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж. т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж. арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.​Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.​Авецісян, Г.​Джанібекян, В.​Гулазян, Д.​Малян, Р.​Нерсесян, В.​Папазян, В.​Вагаршан, Т.​Сар’ян; рэжысёры В.​Аджэмян, А.​Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.​Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм. маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.​Бархударан, А.​Марцірасян, А.​Ай-Арцян, С.​Кеворкаў, Э.​Карамян, С.​Параджанаў, акцёры Х.​Абрамян, А.​Джыгарханян, Г.​Тонунц, М.​Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.

Літ.:

Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;

Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;

Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;

Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;

Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;

Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;

Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;

Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];

Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст. М., 1985.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), І.​Ф.​Раманоўскі (гісторыя з 1918), С.Сарынян (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Арменіі.
Да арт. Арменія. Шыкахохскі запаведнік.
Да арт. Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Цясніна ракі Раздан.
Да арт. Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.
Да арт. Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.
Да арт. Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.
Да арт. Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.
Да арт. Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ АЙЧЫ́ННАЯ ВАЙНА́ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА 1941—45,

вызваленчая вайна народаў СССР супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў (Італія, Румынія, Венгрыя, Фінляндыя); найважнейшая састаўная частка другой сусветнай вайны 1939—45. Працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. Германія пачала падрыхтоўку да нападу на СССР у 1940. Яна ставіла перад сабой мэты: разгром і ліквідацыя Сав. дзяржавы, знішчэнне асн. часткі насельніцтва і германізацыя тэрыторыі да Урала. Германія выставіла супраць СССР (у адпаведнасці з «Барбароса планам») 153 дывізіі, яе саюзнікі — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 паветр. флаты; усяго 5,5 млн. чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. баявых самалётаў, 192 баявыя караблі. Гэтыя сілы былі разгорнуты ў трох асн. напрамках: на Ленінград наступала група армій «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.​Лееб), на Маскву — група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.​Бок), на Кіеў — група армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.​Рундштэт); у Фінляндыі былі сканцэнтраваны: ням. армія «Нарвегія» (ген.-палк. Н.​Фалькенхорст) і 2 фін. арміі (маршал К.​Манергейм). Ням. армія напярэдадні вайны была поўнасцю адмабілізавана, аснашчана сучаснай тэхнікай, мела двухгадовы вопыт вайны. Зах. граніцы СССР прыкрывалі ваен. акругі: Ленінградская (ген.-лейт. М.​М.​Папоў); асобыя Прыбалт. (ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў), Зах. (ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў, гл. Заходняя Асобая ваенная акруга) і Кіеўская (ген.-палк. М.​П.​Кірпанос); Адэская (ген.-лейт. Я.​Ц.​Чаравічэнка). У першыя дні вайны на іх базе ўтвораны франты: Паўн., Паўн.-Зах., Зах. (гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. і Паўднёвы. Марскія рубяжы на З ахоўвалі флаты: Паўн. (контр-адм. А.​Р.​Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі); ваен. флатыліі: Пінская (контр-адм. Дз.​Дз.​Рагачоў, гл. Пінская ваенная флатылія) і Дунайская (контр-адм. М.​В.​Абрамаў). У войсках гэтых акруг, флатоў і флатылій было 170 дывізій і 2 брыгады (2,9 млн. чал.), 1540 баявых самалётаў новых канструкцый, 37,5 тыс. гармат і мінамётаў; 1800 цяжкіх і сярэдніх танкаў, у т. л. 1475 новых тыпаў і значная колькасць лёгкіх танкаў устарэлых канструкцый.

На Беларусь наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск, якая наносіла гал. стратэгічны ўдар на Маскву — група армій «Цэнтр» у складзе 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.​В.​Гудэрыян, ген.-палк. Г.​Гот), 4-й і 9-й палявых армій (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге, ген.-палк. А.​Штраус); усяго 50 дывізій, у т. л. 15 танк. і матарызаваных, 2 матарызаваныя брыгады. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот (1,6 тыс. баявых самалётаў). Праз тыдзень сілы ворага на Зах. фронце павялічыліся да 60 дывізій. Уздоўж зах. граніцы (яе працягласць 470 км) ім процістаялі 3-я (ген.-лейт. В.​І.​Кузняцоў), 10-я (ген.-м. К.​Дз.​Голубеў) і 4-я (ген.-м. А.​А.​Карабкоў) арміі; усяго 11 стралк., 2 танк. і 1 кав. дывізіі. У іх тыле размяшчалася 13-я армія (ген.-лейт. П.​М.​Філатаў). Усяго ў Зах. Асобай ваен. акрузе было каля 50 дывізій, разгрупаваных на глыбіню 400—600 км. 22.6.1941 акруга ператворана ў Зах. фронт: 24 стралк., 12 танк., 6 матарызаваных, 2 кав., 6 авіяц. дывізій, 3 артыл.-супрацьтанк. брыгады, 2 брыгады супрацьтанк. абароны, 8 умацаваных раёнаў, значная колькасць асобных часцей і падраздзяленняў, усяго 671,9 тыс. чал. асабовага складу, 2202 танкі, 10087 гармат і мінамётаў, 1789 баявых самалётаў.

Баявая гатоўнасць войск акругі была на нізкім узроўні. Тэхніка, як правіла, знаходзілася ў парках на кансервацыі. Дывізіі і палкі мелі толькі 1 камплект боепрыпасаў і 1 запраўку паліва. Артылерыя дывізій і карпусоў, зенітныя часці злучэнняў акругі незадоўга да вайны былі накіраваны на палігоны, дзе праводзіліся вучэбныя стрэльбы. Лётныя экіпажы авіяпалкоў, якія атрымалі на ўзбраенне самалёты новых канструкцый, былі камандзіраваны для перавучвання ў спец. навуч. цэнтры, што размяшчаліся далёка ад раёнаў пастаяннага базіравання.

22.6.1941 у 4 гадз раніцы ням. войскі адкрылі масіраваны артыл. агонь па пагран. заставах, вайск. штабах, вузлах сувязі і раёнах размяшчэння часцей і злучэнняў Чырв. Арміі. Адначасова ням. самалёты ўварваліся ў паветр. прастору СССР на глыбіню 250—300 км і пачалі варварскія бамбардзіроўкі гарадоў Беларусі, Украіны, прыбалт. рэспублік і Малдавіі, ваен. аб’ектаў у пагран. зоне. На Зах. фронце варожая авіяцыя нанесла масіраваныя бомбавыя ўдары па аэрадромах і гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш. За 5—10 мін да артпадрыхтоўкі спец. ням. каманды захапілі 6 мастоў цераз р. Буг, у т. л. 2 чыгуначныя. Ваен.-паветр. сілы Зах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не змаглі даць належны адпор ворагу і адбіць паветр. налёты. У 1-ы дзень вайны яны страцілі 738 самалётаў (47% іх баявога складу), у т. л. 528 самалётаў на аэрадромах. Войскі Зах. фронту з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе і ліквідаваць яго глыбокія прарывы. Да канца 4-га дня вайны ням. танк. злучэнні групы армій «Цэнтр» прасунуліся да 200 км. У выніку больш за 60 акруговых (франтавых) складоў і баз з забеспячэннем і ўзбраеннем былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час паліва, боепрыпасаў, аўтабранятанк. маёмасці, харчавання і інш.

З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войск прыкрыцця. З усіх 485 пагран. застаў не было ніводнай, якая б здалася ворагу ці пакінула свой участак без загаду. Самаахвярна змагаліся пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага, 17-га Брэсцкага атрадаў, гарнізон Брэсцкай крэпасці (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). У першыя дні вайны лётчыкі Л.​Г.​Бутэлін, С.​М.​Гудзімаў, А.​С.​Данілаў, І.​І.​Іваноў, Дз.​В.​Кокараў, А.​І.​Макляк, Я.​М.​Панфілаў ажыццявілі таран варожых самалётаў; экіпажы капітана М.Ф.Гастэлы, капітана А.С.Маслава, капітан А.​М.​Аўдзееў, старшы лейт. І.​З.​Прэсайзен, лейт. П.​П.​Страленка свае падбітыя самалёты накіравалі на скопішчы варожых салдат і тэхнікі. Асабліва цяжкае становішча склалася на Зах. фронце. Перадавыя злучэнні 3, 10, 4-й армій, якія не паспелі заняць прадугледжаныя планам абарончыя рубяжы, вымушаны былі ўступаць у сустрэчныя баі з ходу, разрознена, весці абарончыя баі на непадрыхтаваных пазіцыях. На правым флангу часці 3-й арміі, якія панеслі вял. страты, вымушаны былі раніцай 23 чэрв. пакінуць Гродна. На левым флангу часці 4-й арміі 23 чэрв. пакінулі Кобрын, Бярозу, Пружаны, адышлі да Баранавіч і працягвалі адступаць у напрамку Мінска. 10-я армія, якая размяшчалася на беластоцкім выступе і знаходзілася ў цэнтры Зах. фронту, апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: пасля няўдалай спробы камандуючага Зах. фронтам Дз.​Р.​Паўлава арганізаваць контрудар сіламі 6-га і 11-га механіз. і 6-га кав. карпусоў вымушана была адступаць. Ударным групоўкам ворага ўдалося адсекчы асн. сілы 3-й і 10-й армій і адрэзаць шляхі іх адступлення. 17 дывізій, што апынуліся ў акружэнні, працягвалі мужна змагацца ў раёнах Беластока і Навагрудка (гл. Навагрудскі «кацёл»). Практычна да 26 чэрв. ўсе тры арміі Зах. фронту апынуліся ў «катле» паміж Беластокам і Мінскам. Іх разрозненыя падраздзяленні вялі цяжкія баі па прарыве акружэння, скоўваючы значныя сілы ворага на гал. стратэг. напрамку. Упарта супраціўляліся сав. воіны на подступах да Мінска. Абарона Мінска была ўскладзена на войскі 44-га стралк. корпуса (камдыў В.​А.​Юшкевіч) 13-й арміі. Для прыкрыцця подступаў да горада 25 чэрв. перакінуты 2-і стралк. корпус (ген.-м. А.​М.​Ермакоў). Абарончая бітва пад Мінскам працягвалася 4 дні. Асабліва напружаныя баі ішлі ў раёнах Дзяржынска, Старога Сяла і Заслаўя (гл. Мінска абарона 1941). 26—27 чэрв. перадавыя атрады 2-й і 3-й ням. танк. груп, якія наносілі ўдары па сыходных напрамках, прарваліся ў прадмесце горада. 28 чэрв. яны захапілі Мінск і адрэзалі шляхі адступлення 11 сав. дывізіям. 29 чэрв. ням. войскі замкнулі чарговы «кацёл» вакол дывізій Зах. фронту, што абаранялі Мінск. Жорсткія баі разгарнуліся каля Барысава, дзе 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія (ген.-м. Я.Р.Крэйзер) разам з курсантамі Барысаўскага танк. вучылішча і зводнай дывізіяй з воінаў, што адышлі з раёна Мінска, на 2 сутак затрымалі ворага і нанеслі контрудар у раёнах Барысава і Чарняўкі. 7-ы і 5-ы мех. карпусы, якія мелі каля 1 тыс. танкаў пераважна ўстарэлых канструкцый, нанеслі контрудар з раёна на ПнЗ ад Оршы па флангу 3-й танк. групы ворага, што наступала з Лепеля на Віцебск. Гэта была адна з буйнейшых танк. бітваў пачатку вайны. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала каля 1,5 тыс. танкаў (гл. Лепельскі контрудар 1941). Але гэты контрудар не даў магчымасці развіць наступленне.

Не менш жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Полацка, дзе дзейнічала 22-я армія (гл. Полацка абарона 1941), і ў раёне Віцебска, які абараняла 19-я армія (гл. Віцебска абарона 1941). 11 ліп. вораг захапіў Віцебск і плацдарм на Зах. Дзвіне. Пад Оршай сав. войскі ўпершыню выкарысталі магутную зброю — рэактыўныя мінамёты «кацюша». На Дняпры і Зах. Дзвіне вораг сустрэў арганізаванае супраціўленне войск 2-га стратэг. эшалона Чырв. Арміі, куды ўваходзілі 20-я (ген.-лейт. П.​А.​Курачкін), 21-я (ген.-лейт. В.​П.​Герасіменка), 22-я (ген.-лейт. П.​А.​Ершакоў) арміі. За імі, на У ад Віцебска і ў раёне Смаленска, былі сканцэнтраваны 19-я (ген.-лейт. І.С.Конеў) і 16-я (ген.-лейт. М.​Ф.​Лукін) арміі. У 1-м эшалоне знаходзілася 13-я армія (ген.-лейт. Ф.​М.​Рэмезаў). Асаблівае месца ў летніх бітвах 1941 займала Магілёва абарона 1941. Тут упартыя баі 3—15 ліп. вялі на подступах, а 15—26 ліп. ў асаджаным Магілёве воіны 61-га стралк. корпуса і 12-тысячная армія апалчэнцаў (гл. Магілёўскае народнае апалчэнне, Буйніцкае поле). 13 ліп. на Бабруйскім напрамку ў наступленне перайшла 21-я армія; 63-і стралк. корпус (ген.-лейт. Л.​Р.​Пятроўскі) вызваліў Рагачоў і Жлобін (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). У канцы ліп. праціўнік адбіў удары сав. войск на Бабруйск і прымусіў іх адысці за Дняпро. 10—11 ліп. 2-я танк. група ворага фарсіравала Дняпро, 16 ліп. захапіла Смаленск. Намаганнямі войск Зах. фронту наступленне гітлераўцаў тут было спынена на 2,5 месяца (гл. Смаленская бітва 1941), што мела вял. значэнне ў зрыве плана «маланкавай вайны», прымусіла гітлераўскае камандаванне прыняць новае рашэнне, не прадугледжанае першапачатковым планам (паварот часткі сіл правага крыла фаш. групы армій «Цэнтр» на Пд, у тыл гал. сілам Паўд.-Зах. фронту, якія ўтрымлівалі рубеж на Дняпры). У агні баёў на Смаленшчыне нарадзілася савецкая гвардыя. 18 вер. 4 праслаўленыя дывізіі Зах. фронту — 100, 127, 153 і 161-я — першыя атрымалі найменне гвардзейскіх. У 2-й пал. ліп. на цэнтр. напрамку сав.-герм. фронту вызначыліся 2 стратэгічна важныя ачагі ў раёнах Смаленска і Рагачова — Жлобіна. Рашэннем Стаўкі Вярх. камандавання Рагачоўска-Жлобінскі ўчастак быў вылучаны ў Цэнтральны фронт (ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў), якому былі перададзены 13-я і 21-я арміі. У пач. жн. з акружэння ў Калінкавічах выйшаў штаб 3-й арміі. Каля 2 месяцаў ішлі абарончыя баі на Гомельскім напрамку, куды вораг вымушаны быў перакінуць значныя сілы з-пад Смаленска. Разам з чырвонаармейцамі гераічна змагаліся больш за 6700 апалчэнцаў Гомельшчыны (гл. Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 19 жн. Гомель пакінуты сав. войскамі. Рэшткі 13, 21 і 3-й армій перададзены ў падпарадкаванне Бранскаму фронту. Абарончыя баі на тэр. БССР, якія працягваліся больш за 2 месяцы, закончыліся цяжкім паражэннем. Нягледзячы на мужнасць і гераізм, войскі Зах. фронту не здолелі затрымаць ворага, і ўся тэр. Беларусі да пач. вер. была акупіравана. Толькі на працягу першых 18 дзён баёў войскі Зах. фронту страцілі больш за 417 тыс. чал. забітымі, параненымі, палоннымі і тых, што прапалі без вестак. З 44 дывізій (без авіяцыйных), якія на пач. вайны ўваходзілі ў склад Зах. фронту, 24 былі разгромлены, астатнія 20 дывізій страцілі ад 30 да 70% сваіх сіл і сродкаў. Фронт страціў 9427 гармат і мінамётаў, больш за 4700 танкаў і 1797 самалётаў. Але і ворагу былі прычынены вял. страты ў людзях і баявой тэхніцы. Тэмпы яго наступлення з кожным днём зніжаліся. Хоць група армій «Цэнтр» дамаглася значных поспехаў, яна не здолела канчаткова зламаць супраціўленне войск Зах. фронту і прарвацца да Масквы. За адвагу і самаадданасць 18 воінам Зах. фронту прысвоена ганаровае званне Героя Сав. Саюза, сотні воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Жорсткія прыгранічныя баі адбываліся і на інш. напрамках — у раёнах Лібавы (Ліепаі), Перамышля, Луцка, Бродаў, Роўна, Дубна і інш. Да сярэдзіны ліп. 1941 фаш. войскі прасунуліся ў глыбіню сав. тэрыторыі на 350—600 км, разграмілі да 100 дывізій з 170, якія знаходзіліся ў зах. прыгранічных акругах на пач. вайны. Чырв. Армія страціла не менш як 850 тыс. чал., каля 6 тыс. танкаў, 3,5 тыс. самалётаў, 9,5 тыс. гармат.

Трагедыя пач. перыяду вайны і паражэнне Чырв. Арміі былі абумоўлены не толькі аператыўнымі і тактычнымі памылкамі камандавання, але і паліт. і стратэг. пралікамі Сталіна і яго акружэння. Агульнай памылкай паліт. і ваен. кіраўніцтва была няправільная ацэнка стану Чырв. Арміі, якая заключалася ў перабольшванні яе магчымасцей. У выніку масавых рэпрэсій у перадваен. гады быў нанесены сур’ёзны ўдар па камандных кадрах. Сталін не паверыў данясенням разведчыкаў, якія называлі дакладную дату нападу Германіі на СССР. Усю віну за няўдачы ў першыя дні вайны Сталін усклаў на камандаванне франтоў і армій. Былі расстраляны камандуючы Зах. фронтам ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў, нач. штаба фронту ген.-м. У.​Я.​Клімаўскіх, камандуючы артылерыяй Зах. фронту ген.-лейт. М.​А.​Кліч, камандуючы 4-й арміяй ген.-м. А.​А.​Карабкоў і інш.

22 чэрв. Прэзідыум Вярх. Савета СССР выдаў указ аб мабілізацыі ваеннаабавязаных і ўвядзенні ваен. становішча ў шэрагу рэспублік і абласцей, у т. л. на Беларусі. 29 чэрв. СНК СССР і ЦК ВКП(б) прынялі дырэктыву парт. і сав. арг-цыям прыфрантавых абласцей, якая стала праграмай барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў. Да 1.7.1941 было мабілізавана 5,3 млн. чал. Намер ням. камандавання разграміць Чырв. Армію да заканчэння мабілізацыі не меў поспеху. Да 1.12.1941 Чырв. Армія папоўнілася 291 дывізіяй і 94 брыгадамі, з іх нанава сфарміраваны 194 дывізіі і 94 брыгады. Ствараліся нар. апалчэнні (гл. Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайну). 30.6.1941 створаны Дзярж. к-т абароны (ДКА), які аб’ядноўваў кіраўніцтва паліт., ваен. і эканам. жыццём СССР для арганізацыі перамогі над ворагам. 24 чэрв. створаны Савет па эвакуацыі. Да ліст. 1941 з зах. раёнаў на У эвакуіравана больш за 1500 з-даў пераважна ваен. значэння, у т. л. з Беларусі 124 буйныя прамысл. прадпрыемствы, 1,5 млн. чал. Для кіраўніцтва Узбр. Сіламі 23.6.1941 створана Стаўка Гал. Камандавання пад старшынствам С.​К.​Цімашэнкі, 10 ліп. пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання, а 8.8.1941 — у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале са Сталінам. За лета 1941 у БССР прызвана ў Чырв. Армію больш за 500 тыс. чал., вайск. часцям перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, больш за 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак і інш. Сотні тысяч мужчын, жанчын і падлеткаў былі мабілізаваны для буд-ва абарончых рубяжоў. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі сфарміравана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чал.), створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш за 33 тыс. чал.). Праграма барацьбы ў тыле ворага сфармулявана ў Дырэктывах ЦК КП(б)Б ад 30.6.1941 «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падп. работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі» і ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», а таксама ў Пастанове ЦК ВКП(б) ад 18.7.1941 «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Пры Школе ЦК КП(б)Б быў створаны Аператыўна-вучэбны цэнтр Зах. фронту, які займаўся падрыхтоўкай дыверсійна-разведвальных груп і перакідкай іх за лінію фронту. За ліп.кастр. 1941 у тыл ворага накіравана 317 атрадаў (2605 чал.).

Ням.-фаш. група армій «Поўнач» імкнулася прарвацца да Ленінграда. У жорсткіх баях пад Лугай, каля воз. Ільмень, пад Старой Русай і інш. сав. войскі абаронай і контратакамі нанеслі яму значныя страты. Аднак ворагу ўдалося акупіраваць Эстонію і прарвацца на блізкія подступы да Ленінграда.

На паўд.-зах. напрамку сав. войскі ў ліп.вер. 1941 у жорсткіх баях стрымлівалі націск ням.-фаш. групы армій «Поўдзень». Герм. камандаванне спадзявалася ўдарамі ў фланг і тыл знішчыць асн. сілы Паўд.-Зах. і Паўд. франтоў і прарвацца да гал. прамысл. раёнаў Украіны, а потым — да нафтаносных крыніц Каўказа. Частка сіл 1-й ням. танк. групы прарвалася на подступы да Кіева. Але сав. войскам удалося тут спыніць іх наступленне (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941). Пад націскам ворага да жн. сав. войскі адступілі да Дняпра і вялі абарончыя баі на фронце ад Нікапаля да Херсона. У ходзе гераічнай абароны Адэсы (5 жн.—16 вер.) было скавана больш за 18 рум. і ням. дывізій. Сав. галоўнакамандаванне пераацаніла баявыя магчымасці выматаных цяжкімі баямі войск Паўд.-Зах. фронту і адхіліла просьбу яго камандавання адвесці войскі за Дняпро. У выніку яны былі акружаны ворагам пад Кіевам. 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Пасля цяжкіх і ўпартых баёў у кастр.ліст. 1941 Чырв. Армія пакінула Данбас.

Намаганні сав. знешняй палітыкі летам — восенню 1941 былі накіраваны на з’яднанне антыфаш. краін і стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 12 ліп. падпісана пагадненне паміж Вялікабрытаніяй і СССР аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фаш. Германіі (гл. Савецка-англійскія пагадненні). 18 ліп. ў Лондане падпісана пагадненне паміж СССР і ўрадам Чэхаславакіі, 30 ліп. — з польск. эмігранцкім урадам. У пач. жн. ўстаноўлены кантакты з урадам ЗША, які прыняў рашэнне аказваць СССР эканам. дапамогу ў вайне (гл. Савецка-амерыканскія пагадненні). 8 снеж. ЗША і Англія аб’явілі вайну Японіі, 11 снеж. Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША.

Да восені 1941 ням.-фаш. войскі акупіравалі значную ч. еўрап. тэр. СССР, выйшлі на блізкія подступы да Масквы, блакіравалі Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44). 30.9—2.10.1941 ням. камандаванне пачало аперацыю «Тайфун», каб да зімы авалодаць Масквой. Аслабіўшы ворага ў абарончых баях, на тэрыторыі Беларусі і пад Смаленскам, скрытна сканцэнтраваўшы буйныя рэзервы, 5—6.12.1941 сав. войскі пачалі контрнаступленне — першую ў Вял. Айч. вайне буйную аперацыю стратэг. значэння (гл. Маскоўская бітва 1941—42). Сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі, разграмілі 38 яе дывізій і развеялі міф аб яе непераможнасці. Нямецкі «Бліцкрыг» поўнасцю праваліўся. Разгарнулася агульнае зімовае наступленне на фронце ад Ленінграда да Чорнага м. Паводле задумы Стаўкі, яго мэтай было акружыць і знішчыць асн. сілы груп армій «Поўнач», «Цэнтр», «Поўдзень», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942 г.». Ставячы такія звышзадачы, члены Стаўкі на той час яшчэ не валодалі неабходным ваен. майстэрствам для таго, каб выбраць час пачатку аперацыі, назапасіць сілы і сродкі для нанясення моцнага ўдару на гал. напрамку. У выніку не ўдалося стварыць дастаткова моцных груповак ні на адным стратэг. напрамку. Сав. войскі патрацілі створаныя з вял. цяжкасцямі восенню і ў пач. зімы рэзервы і не змаглі вырашыць пастаўленыя задачы. Неапраўданымі былі і надзеі на тое, што рэзервы Германіі скончацца да вясны 1942. Тым не менш у выніку наступлення Чырв. Армія адкінула ворага на 350—400 км, на Віцебскім напрамку наблізілася да граніцы Беларусі, наладзіла ўзаемадзеянне з партызанамі Віцебскай вобл. (гл. Віцебскія «вароты»).

На акупіраванай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі, ням.-фаш. захопнікі ўстанавілі рэжым тэрору, «новы парадак» (гл. Лагеры смерці, Карныя аперацыі). У раёнах, захопленых фашыстамі, ствараліся партыз. атрады, групы, падп. парт., камсамольскія, антыфаш. арг-цыі. Партыз. рух перарос ва ўсенар. вайну супраць фашыстаў (гл. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі, Абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б, Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Гарадскія падпольныя камітэты ЛКСМБ). На працягу 1941—42 партызаны Беларусі ліквідавалі больш за 500 апорных пунктаў ворага, разграмілі 123 гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, падарвалі каля 850 эшалонаў праціўніка, 115 км рэек, разбурылі 179 мастоў. Партызанскія зоны ў канцы 1942 ахоплівалі каля 30% тэр. Беларусі.

Да ліст. 1942 становішча на сав.-герм. фронце было складанае. Вораг захапіў тэр. СССР, на якой да вайны жыло 42% насельніцтва, здабывалася 63% вугалю, выплаўлялася 71% чыгуну і 58% сталі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у ліп. — Севастопаль (гл. Севастопальская абарона 1941—42). Сур’ёзнай няўдачай скончылася наступальная аперацыя сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. Жорсткія баі вяліся на Каўказскім напрамку (гл. Бітва за Каўказ 1942—43). Вораг падышоў да Варонежа і рваўся да Волгі. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада № 227, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіўныя меры ў адносінах да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі. 23 жн. на Пн ад Сталінграда гітлераўцы прарваліся да Волгі. Пачалася гераічная абарона Сталінграда. Дзякуючы намаганням усіх народаў СССР да канца 1942 у краіне была створана зладжаная ваен. гаспадарка, што дало магчымасць сав. Узбр. Сілам дасягнуць перавагі на напрамках гал. удараў. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне пад Сталінградам, у выніку якога сав. войскі да лют. 1943 акружылі і разбілі 330-тысячную групоўку ням. войск (гл. Сталінградская бітва 1942—43). Гэта была найбуйнейшая перамога, якая стала карэнным пераломам у ходзе вайны. Стратэг. ініцыятыва перайшла да сав. войск. Пачалося масавае выгнанне захопнікаў з тэр. СССР. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка ад Волгі і Церака на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць стратэг. ініцыятыву, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл. Курская бітва 1943), але і тут вораг быў разгромлены. Сав. войскі пачалі шырокае летне-асенняе наступленне на фронце ў 2 тыс. км. У жн.вер. Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю 1943, у выніку якой вызвалілі Смаленск і выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту 17 вер. вызвалілі Бранск і выйшлі да р. Сож. Чырв. Армія ўступіла на бел. зямлю і да пач. 1944 вызваліла ўсх. раёны Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей (гл. Бранская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943). Войскі Цэнтральнага, Варонежскага, Сцяпнога, Паўд. і Паўд.-Зах. франтоў у жн.вер. 1943 прайшлі на З да 300 км, вызвалілі Данбас, выйшлі да Дняпра ў паласе 700 км ад вусця Сажа да Запарожжа (гл. Бітва за Дняпро 1943). Войскі 1-га Укр. Фронту 6 ліст. вызвалілі Кіеў. 26 ліст. войскі Беларускага фронту вызвалілі Гомель. Усяго ад фашыстаў было вызвалена амаль ​2/3 акупіраванай імі тэрыторыі.

Магутны размах набыла ўсенар. барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі. У 1943 тут дзейнічала больш за 153 тыс. партызан. Дзесяткі тысяч патрыётаў былі членамі падп. арг-цый. Барацьбу сав. людзей у тыле ворага накіроўвалі ЦК КП(б), рэспубліканскія, краявыя, абласныя парт. арг-цыі і падп. парт. органы. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэсп. і абл. штабы партыз. руху. 30.6.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, нач. штаба П.К.Панамарэнка), 9.9.1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР, нач. штаба П.З.Калінін). У 1943—44 партызаны правялі вял. аперацыі па разбурэнні камунікацый ворага (гл. «Рэйкавая вайна», «Канцэрт»), У выніку іх толькі бел. партызаны ўзарвалі 211 тыс. рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тыс. эшалонаў, разбурылі каля 300 чыг. мастоў. Ваен. перавозкі ворага па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Паміж партызанамі і гітлераўцамі часта адбываліся жорсткія баі (гл. Плешчаніцкая аперацыя 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943, Бялыніцкія аперацыі 1943, Лепельская аперацыя 1943). Значную дапамогу Чырв. Арміі аказалі партызаны ў час Невельскай, Гарадоцкай, Чарнігаўска-Прыпяцкай і інш. аперацый.

У канцы 1943 ваен.-паліт. і стратэг. становішча карэнным чынам змянілася на карысць СССР. Павялічыўся выпуск ваен. прадукцыі. Абарончая прам-сць у 1944 вырабляла танкаў і самалётаў у 5 разоў больш, чым у 1941. Становішча ж Германіі рэзка пагоршылася. 24.12.1943 Чырв. Армія пачала наступленне на Правабярэжнай Украіне, да крас. 1944 выйшла на дзярж. граніцу СССР і ўступіла на тэр. Румыніі. У студз.сак. 1944 у выніку наступлення Ленінградскага і Волхаўскага франтоў ва ўзаемадзеянні з 2-м Прыбалт. фронтам, Балт. флотам, авіяцыяй і партызанамі вызвалены Ленінградская і частка Калінінскай абласцей. У выніку наступлення 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бел. (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франтоў у студз.—лютым 1944 вызвалена частка Усх. Беларусі (гл. Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). У маі 1944 вызвалены Крым (гл. Крымская аперацыя 1944). 6.6.1944 высадкай дэсанта на Пн Францыі адкрыты другі фронт. Вырас міжнар. аўтарытэт СССР, што яскрава выявілася на Тэгеранскай канферэнцыі 1943, дзе кіраўнікі 3 дзяржаў (СССР, Вялікабрытаніі і ЗША) узгаднілі планы сумесных дзеянняў па разгроме фаш. Германіі.

Летам 1944 гал. ўдар Чырв. Армія нанесла на Беларусі (гл. Беларуская аперацыя 1944). З 23 чэрв. да 29 жн. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на фронце ў 500 км, акружылі і знішчылі яго найбуйнейшыя групоўкі ў раёне Віцебска (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944, Віцебскі «кацёл»), Бабруйска (гл. Бабруйская аперацыя 1944, Бабруйскі «кацёл»), Магілёва (гл. Магілёўская аперацыя 1944); 3.7.1944 вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск (гл. Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»), 8 ліп. — Баранавічы, 10 ліп. — Слонім, 13 ліп. — Вільню, 16 ліп. — Гродна, 28 ліп. — Брэст (гл. Вільнюская аперацыя 1944, Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944). У ходзе Бел. аперацыі разгромлена ням. група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, усх. Польшчы, сав. войскі падышлі да граніцы Усх. Прусіі. Чырв. Арміі актыўна дапамагалі бел. партызаны. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 яны нанеслі масіраваны ўдар па асн. чыг. магістралях, узарвалі 40 тыс. рэек (да 29 чэрв. дадаткова ўзарвана 20 тыс. рэек), што парушыла перавозкі ворага і работу яго аператыўнага тылу. Партызаны перагароджвалі шляхі адступлення варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы, плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, у ліквідацыі акружаных варожых груповак. Усяго на акупіраванай тэр. Беларусі гераічна змагаліся з акупантамі 374 тыс. партызан; створаны і дзейнічалі 1255 партыз. атрадаў, з іх 258 асобна дзеючых, астатнія ў складзе 213 брыгад.

Да канца 1944 Чырв. Армія амаль поўнасцю вызваліла тэр. СССР і аднавіла дзярж. граніцы ад Баранцава да Чорнага м.; ваен. дзеянні перанесены за межы краіны (гл. Яска-Кішынёўская аперацыя 1944, Бялградская аперацыя 1944, Будапешцкая аперацыя 1944—45, Усходне-Пруская аперацыя 1945, Вісла-Одэрская аперацыя 1945, Балатонская абарончая аперацыя 1945, Берлінская аперацыя 1945, Пражская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) ген.-фельдмаршал В.​Кейтэль ад імя герм. вярх. галоўнакамандавання падпісаў акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Вайна ў Еўропе была пераможна закончана.

Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, 8.8.1945 сав. ўрад аб’явіў вайну Японіі (гл. Савецка-японская вайна 1945). У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсх. франтоў ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам і Амурскай ваен. флатыліяй пачалі наступаць на фронце каля 4 тыс. км. У вайне ўдзельнічалі і войскі МНР. За 3 тыдні былі разгромлены гал. сілы Японіі — Квантунская армія, вызвалены Маньчжурыя, Паўд. Сахалін, Курыльскія а-вы, Паўн. Карэя. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. 2-я сусв. вайна была закончана.

Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў Руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але народы СССР і яго Узбр. Сілы адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму, вынеслі на сваіх плячах асн. цяжар вайны. Яны не толькі адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, але і выратавалі ад фаш. прыгнёту многія краіны Еўропы і Азіі, пазбавілі чалавецтва ад фашызму. Гал. фронтам 2-й сусв. вайны быў сав.-германскі. Ён вызначаўся незвычайным прасторавым размахам. У пач. вайны яго працягласць складала каля 4 тыс. км, у 1942 — больш за 6 тыс. км. Глыбіня ваен. дзеянняў дасягала 2 тыс. км. З 1418 дзён існавання сав.-герм. фронту баявыя дзеянні вяліся 1320 дзён. Рашучасць і напружанасць ваен. дзеянняў выявілася і ў вял. беззваротных стратах у людзях з абодвух бакоў. Кожныя суткі толькі забітымі страчвалася каля 14 тыс. салдат і афіцэраў. На сав.-герм. фронце вораг страціў 607 дывізій (у баях супраць саюзнікаў 176 дывізій). Страты ў асабовым складзе, нанесеныя вермахту на сав.-герм. фронце, былі ў 4 разы большыя, чым на зах.-еўрап. і міжземнаморскім тэатрах ваен. дзеянняў, разам узятых, а па колькасці забітых і параненых — у 6 разоў. Тут страты ворага склалі каля 75% танкаў і штурмавых гармат, больш за 75% авіяцыі, 74% артыл. гармат ад агульных страт. Дарагой цаной заплацілі народы СССР за перамогу. Сав. Узбр. Сілы страцілі за час вайны 8,7 млн. чал. забітымі, памерлымі ад раненняў, трапіўшымі ў палон і прапаўшымі без вестак. Колькасць параненых, кантужаных і тых, што захварэлі, склала 18 млн. чал. Прамыя людскія страты СССР у вайне склалі больш за 27 млн. чал. (уключаючы цывільных асоб). На Беларусі загінуў амаль кожны 3-і яе жыхар. Фаш. Германія страціла ў 2-й сусв. вайне 7,4 млн. салдат і афіцэраў (на сав.-герм. фронце больш за 6 млн.), войскі яе саюзнікаў — 1,2 млн. чал. (на сав.-герм. фронце — больш за 1 млн.). Прамыя страты Германіі склалі каля 11 млн. чал. (без уліку мільёнаў скалечаных, інвалідаў). Матэрыяльныя страты СССР склалі 2600 млрд. руб. БССР у вайне страціла больш за палавіну свайго нац. багацця. Сума матэрыяльных страт склала 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак (4 420 995 дамоў), разбурана 100,5 тыс. прадпрыемстваў, 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, знішчаны тысячы ўстаноў асветы, аховы здароўя, навукі, культуры, у т. л. 8825 (з 12 294) школ, усе ВНУ, н.-д. цэнтры, АН БССР, 219 б-к, 5425 музеяў, т-раў і клубаў, 2187 бальніц і амбулаторый, 2651 дзіцячая ўстанова.

Больш за 7 млн. удзельнікаў вайны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, больш за 11 тыс. чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 462 беларусам і ўраджэнцам Беларусі. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена 88 бел. партызанам. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 204 тыс. працаўнікоў тылу, 201 чал. прысвоена званне Героя Сац. Працы. Больш як 16 млн. узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—45 гг.».

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938—1945 гг.). Мн., 1975;

В непокоренном Минске: Документы и материалы о подпольной борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Документы и материалы. Т. 1—3. Мн., 1967—82;

Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;

История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения Об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;

Памяти павших: Великая Отечественная Война, 1941—1945. М., 1995;

Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944: [Документы и материалы]. 2 изд. Мн., 1965;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 гг.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2] Мн., 1980—90.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Каля спаленай хаты. Гомельшчына. 1941.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Салдаты СС рыхтуюць адпраўку насельніцтва ў Германію. Магілёў. Ліпень. 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Клятва салдата-беларуса пры ўступленні на беларускую зямлю. Станцыя Крынкі Лёзненскага раёна. Кастрычнік 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Бой у Лепелі 4.7.1944.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Пераправа савецкіх войск цераз Заходнюю Дзвіну каля Бешанковіч. Чэрвень 1944.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Партызаны разбіраюць чыгунку ў Бабруйскім раёне. 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Гітлераўцы, якіх узялі ў палон у бабруйскім «катле». Чэрвень 1944.

т. 4, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПСавіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.​Р.​Плахотны, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).
Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.
Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).
Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).
Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),

галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв. археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял. франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.​Ю.​Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.​Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.​Я.​Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.​Шліман, А.​Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.​Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.​Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.​С.​Уварава, Д.​Я.​Самаквасава, Л.​К.​Іваноўскага, У.​І.​Сізова, А.​А.​Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.

На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.​Нарбут, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.​П.​Тышкевічы, А.Г.​К.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, В.​А.​Шукевіч, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Г.​Х.​Татур, Л.​Ю.​Лазарэвіч-Шапялевіч, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел. АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.​М.​Ляўданскі, К.​М.​Палікарповіч, С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, І.​А.​Сербаў, С.​С.​Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, З.​Шмід, З.​Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.​Дз.​Будзько, У.​Ф.​Ісаенка, М.​М.​Чарняўскі, У.​П.​Ксяндзоў, А.​Г.​Калечыц, Э.​М.​Зайкоўскі, В.​Ф.​Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, К.​П.​Шут, В.​І.​Шадыра, В.​С.​Вяргей, М.​І.​Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў, Э.​М.​Загарульскі, П.​Ф.​Лысенка, Я.​Г.​Звяруга, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк, Т.​С.​Бубенька, В.​М.​Ляўко, Л.​У.​Калядзінскі, В.​Е.​Собаль, Ю.​А.​Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.​У.​Дучыц, Я.​Р.​Рыер, У.​У.​Багамольнікаў, Т.​М.​Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.​А.​Трусаў, А.​К.​Краўцэвіч, В.​У.​Шаблюк, І.​М.​Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, Ю.​У.​Кухарэнка, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, В.​В.​Сядоў, П.​М.​Траццякоў).

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.
Да арт. Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я (Guinée),

Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс. км². Нас. 6306 тыс. чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).

Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх. ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч. тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.

Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.

Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г. тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц. Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр. дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен. к-та нац. адраджэння на чале з Л.​Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.

У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл. ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн. т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн. т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн. кВтгадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс. км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс. км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн. гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гвінеі.

т. 5, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)