ГАЛУБІ́НСКІ (сапр. Пяскоў) Яўген Еўсцігнеевіч

(12.3.1834, г. Кастрама, Расія — 20.1.1912),

гісторык рус. правасл. царквы. Д-р багаслоўя (1880), праф. (1881), акад. Пецярбургскай АН (1903; чл.-кар. 1882). Скончыў Кастрамскую семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію (1858), дзе з 1861 выкладаў гісторыю рус. царквы. У гал. працы «Гісторыя рускай царквы» (т. 1—2, 1880—1900; ахоплівае перыяд з 10 да сярэдзіны 16 ст.) змешчаны вял. фактычны матэрыял, у т. л. па гісторыі правасл. царквы ў ВКЛ. Быў лібералам-заходнікам, падзяляў гісторыю рус. царквы на перыяд «пісьменнасці» (дапятроўскі) і «асветы» (пасляпятроўскі), абверг верагоднасць шэрагу царк. легенд.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),

бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.​Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.​Колас у творчасці мастакоў» і «Я.​Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.​Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ВАНС ((Jevons) Уільям Стэнлі) (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),

англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСК,

горад на Украіне, цэнтр Днепрапятроўскай вобл. Засн. ў 1776, у 1796—1812 Новарасійск, да 1926 Екацярынаслаў. 1190 тыс. ж. (1993). Порт на р. Дняпро. Чыг. вузел. Буйны прамысл. цэнтр Украіны. Гал. галіны: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім. (азотныя ўгнаенні, сінт. смолы, пластмасы, шыны, фарбы), лёгкая (трыкат., швейная), харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Днепрапятроўскі цэнтр АН Украіны. 9 ВНУ (у т. л. 2 ун-ты), 5 т-раў, 3 музеі. Палац Пацёмкіна (канец 18 ст., цяпер Палац студэнтаў), Праабражэнскі кафедральны сабор (19 ст.).

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РТМУНД (Dortmund),

горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Рэзідэнцыя Карла Вялікага, гар. прав. з 13 ст. 602 тыс. ж. (1994). Буйны трансп. вузел — усходнія «вароты» Рура. Порт на р. Эмшэр (прыток р. Рэйн); звязаны з Паўночным м. каналам Д.-Эмс. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Гал. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне (пераважна металургічнае, пад’ёмна-трансп. абсталяванне, станка- і лакаматывабудаванне, эл.-тэхн.), тэкст., хім. (вытв-сць угнаенняў і пластмас), харчасмакавая (найбуйнейшы ў Еўропе цэнтр вытв-сці піва). Ун-т. Музеі, у т. л. сярэдневяковага мастацтва ў замку Капенберг. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЭ́РА (Duero),

партуг. Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЖО́Н (Dijon),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Кот-д’Ор і гал. горад гіст. вобл. Бургундыя. Гар. правы з 1182. 151,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Бургундскім канале. Прам-сць: маш.-буд., хім., абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Цэнтр вытв-сці бургундскіх він. Ун-т (з 1722). Арх. помнікі: сабор Сен-Бенінь (10—14 ст.), цэрквы — раманская Сен-Філібер (12 ст.), гатычная Нотр-Дам (13 ст.), палац Бургундскіх герцагаў (14—18 ст., у ім Музей прыгожых мастацтваў), руіны манастыра Шанмоль (1383—88), рэнесансавая царква Сен-Мішэль (1499—1530) і інш.

т. 6, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБІДУ́Р ((Debidour) Антанен) (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),

французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў (Hudson Bay),

заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),

бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)