ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,

перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10​−5 м/с​2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.

Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,

сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.​Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.

С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.

Літ.:

Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;

Социология труда. М., 1993;

Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;

Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;

Ромашов О.В. Социология труда. М., 1999;

Соколова Г.Н. Социология труда. Мн., 2000.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,

прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.​Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 285 км, пл. вадазбору 5,2 тыс. км². Пачынаецца на Мінскім узв. за 1,5 км на ПдУ ад в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл., вусце на паўд.-ўсх. ускраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Цячэ па цэнтр. ч. Мінскага ўзв. і па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прытокі: Вяча (упадае ў Заслаўскае вадасховішча), Волма, Балачанка (злева), Цітаўка, Талька, Сіняя (справа). Даліна ў вытокавай частцы V-падобная і скрынепадобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 400—600 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя, выш. 10—12 м, парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая, радзей аднабаковая, чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, пераважна адкрытая, шыр. 300—500 м у верхнім, 0,8—1 км у ніжнім цячэнні. Рэчышча ад вытоку на працягу 4 км звілістае, месцамі каналізаванае, шыр. 3—4 м. У вярхоўі ад в. Векшыцы Мінскага р-на на працягу амаль 10 км з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У межах г. Мінска рэчышча шыр. 25—30 м, утварае 8 лукавін, каналізавана на 7 участках агульнай працягласцю 7,9 км (да в. Каралішчавічы Мінскага р-на). У цэнтры горада берагі забетанаваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шыр. 25—50 м; берагі выш. 2—3 м, месцамі 6—8 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Да буд-ва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы веснавое разводдзе пачыналася ў 2-й пал. сак., доўжылася 50 сут, найвыш. ўзроўні ўсталёўваліся ў сярэдзіне мая, найніжэйшыя — у ліп. і жн.; замярзала ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 45—50 мус. Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасх. (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк С. ўплывае таксама перакідка вады з р. Вілія па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. 3 вадасх. Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму. У Мінску і ніжэй рака моцна забруджана прамысл. і быт. сцёкамі. На С. — Асіповіцкая ГЭС, гарады Мінск, Заслаўе.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬХА́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1911—13,

падзеі ў Кітаі, у выніку якіх скінута ўлада іншаземнай (маньчжурскай) дынастыі Цын і ўсталявана рэспубліка. Пачалася паводле традыц. кіт. календара ў год «сіньхай» (адсюль назва). Створаная Сунь Ятсенам арг-цыя Тунмэнхой напярэдадні С.р. рыхтавала антыманьчжурскае паўстанне. Аднак рэпрэсіі супраць яе членаў выклікалі 10.10.1911 стыхійнае паўстанне ў гарнізоне г. Учан (прав. Хубэй). Неўзабаве пад кантроль паўстанцаў перайшла ўся прав. Хубэй, а ў кастр.-лістападзе 1911 да паўстання далучыліся яшчэ 14 правінцый, якія адмовіліся прызнаваць уладу Цынаў. У выніку Цынскі двор быў вымушаны прызначыць 2.11.1911 прэм’ер-міністрам ліберальнага ген. Юань Шыкая, які ў снеж. 1911 пачаў у г. Нанкін перагаворы з дэлегатамі ад паўстаўшых правінцый. Сход дэлегатаў абраў часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі Сунь Ятсена (уступіў на пасаду 1.1.1912), прыняў шэраг законаў, якія скасавалі найб. адыёзныя перажыткі кіт. грамадства (рабства і г.д.) і дэкларавалі дэмакр. свабоды. Ва ўмовах супрацьстаяння Поўдня і Поўначы Кітая рэвалюцыянеры пайшлі на кампраміс: Юань Шыкай прымусіў рэгента пры малалетнім імператару Пу I падпісаць 12.2.1912 адрачэнне Цынаў ад прастола, а Сунь Ятсен падаў у адстаўку. Часовым прэзідэнтам Кіт. рэспублікі 15.12.1912 абраны Юань Шыкай. 10.3.1912 прынята канстытуцыя Кіт Рэспублікі, у крас. створаны часовы парламент. У жн. 1912 Сунь Ятсен стварыў Нац. партыю (Гаміньдан), якая на парламенцкіх выбарах у канцы 1912 атрымала большасць галасоў. Канфлікт паміж прэзідэнтам Юань Шыкаем, які дамагаўся поўнай улады, і парламентам абвастрыўся забойствам некалькіх выдатных рэв. дзеячаў, справакаваў прыхільнікаў Сунь Ятсена ў ліп. 1913 на ўзбр. паўстанне. У жн. 1913 паўстанне задушана, Сунь Ятсен пакінуў Кітай. Юань Шыкай прымусіў парламент абраць сябе пастаянным прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, ён забараніў Гаміндан, у студз. 1914 распусціў парламент, 1.4.1914 выдаў новую канстытуцыю, якая дала яму амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Аднак падзеі 1911—13 спрыялі ў наступныя гады хуткаму развіццю Кітая, а ў выніку — моцнаму культ. і інтэлектуальнаму ўздыму, які падрыхтаваў Рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі.

Літ.:

Белов Е.А. Учанское восстание в Китае (1911 г.). М., 1971;

Ефимов Г.В. Буржуазная революция в Китае и Сунь Ят-Сен (1911—1913 гг.). М., 1974;

Синьхайская революция, 1911—1913 гг.: Сб. док. и материалов. М., 1968;

Синьхайская революция (1911—1913 гг.) в современной историографии КНР. М., 1988.

У.​У.​Куніцкі.

т. 14, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́Р,

большая частка азіяцкай тэр. ў Расійскай Федэрацыі, якая распасціраецца ад Урала на З да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу на У і ад Паўн. Ледавітага ак. на Пн да стэпаў Казахстана і мяжы з Цэнтр. Азіяй на Пд. Працягласць з З на У больш за 7 тыс. км, з Пн на Пд да 3,5 тыс. км. Пл. з прылеглымі астравамі каля 10 млн. км². У межах С. знаходзіцца 21 суб’ект Расійскай Федэрацыі: рэспублікі — Алтай, Бурація, Саха (Якуція), Тыва, Хакасія; краі — Алтайскі і Краснаярскі; вобласці — Іркуцкая, Кемераўская, Курганская, Новасібірская, Омская, Томская, Цюменская, Чыцінская; аўт. акругі — Агінская Бурацкая, Таймырская, Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (гл. адпаведныя арт.). Уключае фізіка-геагр. вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўд. Сібіры (Алтай, Зах. Саян, Усх. Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на ПнУ Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е. У геал. будове С. вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на Пн і З абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на Пд — пратэразойскай, на ПнУ і ПдУ — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на Пн С. і ў гарах было зледзяненне. Вял. паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўд.-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жал. і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш. С. размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат б. часткі С. суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на Пн арктычны. Сярэднегадавыя т-ры паветра амаль усюды ніжэй за 0 °C. На Пн сярэдняя т-ра ліп. 0—2 °C, студз. -48 °C, -50 °C, («полюс холаду» Паўн. паўшар’я ў Верхаянску і Аймяконе да -71 °C). На Пд і ПдЗ клімат больш цёплы з т-рай ліп. 22—23 °C, студз. -16 °C, -20 °C. Ападкаў на ПнУ 150—250 мм, на З да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год. Акрамя цэнтр. і паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на выш. 2000—2500 м. Рэкі С. належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найб. рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На ПдУ вытокі р. Амур (бас. Ціхага ак.). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны. На Пн мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На Пд ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На Пд Заходняй С. лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усх. С. лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўд. С. вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі. Запаведнікі, нац. паркі.

Гісторыя. Як гіст. раён С. уключае таксама Д. Усход. Чалавек насяліў гэтую тэр. ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У 1-м тыс. н.э. паўд. раёны С. былі ў складзе Цюркскага каганата, Бахай і інш. дзяржаў. У 13 ст. паўд. С. заваявана манголамі. Частка тэр. С. ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. Паходы рас. ваявод (з канца 15 ст.) і Ермака (гл. Ярмак) у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню С. да Рас. дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне 19 ст. Вял. ролю ў асваенні і вывучэнні С. і Д. Усходу адыгралі рас. землепраходцы 17 ст., камчацкія экспедыцыі В.​Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г.​І.​Невяльскога, даследаванні І.​Дз.​Чэрскага і інш. У 18 ст. ўзнікла горная прам-сць, у 19 ст. золатаздабыўная, каменнавугальная, харчовая. Адбывалася каланізацыя С. сялянамі з Еўрап. Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Сав. улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22. З канца 17 ст. С. была месцам паліт. катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых рэпрэсій палітычных 1930—50-х г. у С. і на Д. Усходзе знаходзілася сетка папраўча-працоўных лагераў сістэмы ГУЛАГ Пра беларусаў у С. гл. ў арт. Расія (раздзел «Беларусы ў Расіі») і Новасібірская вобласць (раздзел «Беларусы ў Новасібірскай вобласці»).

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Михайлов Н.И. Физическая география СССР: Азиатская часть. 4 изд. М., 1987;

История Сибири с древнейших времен и до наших дней. Т. 1—5. Л., 1968—69;

Миллер Г.Ф. История Сибири: Пер. с нем. Т. 1—2. 2 изд. М., 1999—2000;

Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;

Галуза У. Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. 1998. №10/11.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода 10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́га 1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га 2 ‘венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,

частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад ​1/6 да амаль ​1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.

У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.​Скарына, П.​Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.​Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.​Каменскі, Л.​Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст. нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.​Касцюшка, В.​Урублеўскі, М.​Судзілоўскі, З.​Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.​Дамейка, Г.​Дмахоўскі, Н.​Орда, А.​Рыпінскі, К.​Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.​Чэрскі, Э.​Пякарскі, А.​Янушкевіч, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.​Ермакова, У.​Брайцава, А.​Садоўскага, Ж.​Урублеўскага, У.​Урублеўскага, У.​Кавалеўскага, А.​Кавалеўскага.

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс. чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв. арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт. арг-цыя бел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.

1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс. чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс. чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс. чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс. чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс. чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел. правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел. нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ. т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.​Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел. гіст. т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.​Сапегі, фундацыя імя П.​Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел. т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел. т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;

Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;

Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;

Туга па Радзіме. Мн., 1992;

Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)