якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),
гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр.перыяд.сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.
Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (C=C) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі C—X (X — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв.сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш.сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),
металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).
К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).
Літ.:
Специальные способы литья: Справ. М., 1991.
Л.Р.Дудзецкая.
Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст.Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТА́Н (лац. Lanthanum),
La, хімічны элемент III групы перыяд.сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў 139La (99,911%) і радыеактыўнага 138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 1011 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10−3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.
Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м³. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).