КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.Сянкевіча, апавяданні С.Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.Баса, апавяданні І.Кліма і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),

фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУК (Уладзімір Канстанцінавіч) (н. 25.8.1935, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). Працаваў настаўнікам, з 1960 выкладае ў ВНУ, з 1982 заг. кафедры БДУ. У 1984—94 гал. рэдактар серыі «Весніка БДУ». Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю Беларусі, праблемы грамадскіх рухаў і паліт. партый, гісторыю Вял. Айч. вайны. Адзін з аўтараў навук. дапаможнікаў «Палітычная гісторыя XX ст.» (1990), «З гісторыі палітычных партый» (1993), «Праграмныя дакументы палітычных партый» (1994).

Тв.:

В труде воспитывается человек будущего. Мн., 1963;

На галоўным напрамку. Мн., 1971;

Рост трудовой активности рабочего класса. Мн., 1976.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.

А.М.Кулагін.

Крыкалаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЧА ((Krejča) Атамар) (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Расгана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.Чэхава («Вішнёвы сац», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.

Літ.:

Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТО́ (Яўген Іванавіч) (7.7.1924, в. Рачыборак Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.8.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1949). У 1946—84 працаваў у газетах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1946. Пісаў для дзяцей і юнацтва (першы зб. «На начлезе», 1958). Гераізм школьнікаў у Вял. Айч. вайну, іх сучаснае жыццё — гал. тэмы кніг «Ён быў піянерам» (1960), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Над ярам» (1966), «Лясны ўрок» (1973), «Насустрач жыццю» (1974) і інш. На бел. мову пераклаў некат. творы К.Чапека, Э.Раўда, Ш.Бейшэналіева, Г.Цыруліса, А.Імерманіса і інш.

Тв.:

Дарога бяжыць насустрач. Мн., 1964;

Над ціхай Свідаўкай. Мн., 1972;

Шумеў Нягневіцкі лес. Мн., 1984.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),

рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас. р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл. бас. 265,3 тыс. км². Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м³/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА-МАНШ (франц. La Manche),

Англійскі канал (англ. English Channel), праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак. Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб. глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)