нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.

2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.

3. Грымець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.

2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.

3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.

4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.

5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.

2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.

•••

Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.

Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.

Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.

У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.

У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.

1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.

2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыго́да ’нечаканы выпадак; цікавае, незвычайнае або рызыкоўнае здарэнне’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Гарб., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Ян., ТС), ’падстава, прычына’ (Мік., Гарэц.); з працягам семантыкі прыго́д ’хваравіты стан, перапуду выніку нечаканага здарэння, выпадку’ (Нар. Гом.) і вытворны прыметнік прыго́длівы ’нешчаслівы, непаспяховы’ (Шпіл.). Сюды ж дэсемантызаванае прыго́да, якое ўжываецца ў значэнні неазначальнага займенніка: — Де ваш аграном? — Прыгода его знае, не знаю (Ян.), ст.-бел. пригода ’выпадак; нечаканы выпадак, у выніку якога што-небудзь здарылася; абставіны’. Узыходзіць да прасл. *prigoda < *prigoditi (гл. прыгадзі́ць), прэфіксальнае да *goditi. Магчымае развіццё семантыкі можа выглядаць наступным чынам: ’дапамагчы, спатрэбіцца і пад.’ → ’дапамагчы пры выпадку’ → ’выпадак’. Укр. приго́да ’патрэба, карысць; прыгода, здарэнне; няшчасце, няшчасны выпадак’, рус. зах.-бранск. приго́да ’прыгода’, смал. ’бяда, нягода, няшчасце’, ст.-рус. пригода ’выпадак; непрыемнасць, няшчасце; пярэчанне’, польск. przygoda, каш. prëgoda, чэш. příhoda ’здарэнне, выпадак’, славац. prihoda, в.-луж. příhoda, н.-луж. pśigoda ’тс’, серб.-харв. при̋года ’(зручны) выпадак’, балг. прѝго̀да ’выпадак; зручнасць’. Таксама сюды ж утварэнні з захаваннем першаснай семантыкі прасл. *prigoditi (): прыго́да ’дапамога; выгада’ (Нас., Мал.), прыго́да ’патрэба’ (мін., Шн. 2; ваўк., Арх. Федар.; Нар. Гом.) у выразе: быць (стаць) у прыгодзе ’згадзіцца, спатрэбіцца’ (ТСБМ, Нар. Гом.), стаць у (вялікай) прыгодзе ’спатрэбіцца пры выпадку, спатрэбіцца ў цяжкім становішчы, пры незвычайным здарэнні’ (Янк. БФ), прыго́дны ’такі, які падыходзіць да чаго-небудзь, які можа спатрэбіцца, здатны, які прыносіць карысць; прыдатны для выкарыстання’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыго́длівы ’статны, прыгожы’ (Нар. Гом.). Гл. Копечны, Zákl. zásoba, 290–291; БЕР, 5, 706.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)