СПАРТЫ́ЎНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ,

сістэма прысваення спартыўных званняў і разрадаў на падставе вынікаў, паказаных спартсменамі ў афіц. спаборніцтвах. Ажыццяўляецца адпаведнымі нац. і міжнар. спарт. федэрацыямі і арг-цыямі. Аб’ядноўвае нормы і патрабаванні па ўсіх відах спорту, у т. л. і для спарт. суддзяў. Разрадныя нормы вызначаюцца часам, даўжынёй, масай і інш. паказчыкамі, або спартсмен павінен заняць пэўнае месца на спаборніцтвах ці атрымаць перамогу над сапернікам, які мае пэўны спарт. разрад або званне. З 1935 да пач. 1990-х г. у СССР дзейнічала Адзіная ўсесаюзная спарт. класіфікацыя.

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЦЫЯНА́РНЫ СТАН у фізіцы,

стан фіз. сістэмы, пры якім значэнні асн. яе характарыстык (параметраў стану) не мяняюцца з цягам часу. Напр., вагальная сістэма знаходзіцца ў С.с., калі амплітуда і частата ваганняў застаюцца пастаяннымі. С.с. квантавамеханічнай сістэмы характарызуецца пастаянным значэннем яе энергіі, адкрытай тэрмадынамічнай сістэмы — пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі. Стан сістэмы наз. квазістацыянарным, калі велічыні, пры пастаянстве якіх ён быў бы стацыянарным, павольна мяняюцца; пры гэтым суадносіны паміж рознымі параметрамі сістэмы застаюцца прыблізна такімі ж, як і ў С.с.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́КУС (ад лац. focus ачаг, агонь) у оптыцы, пункт, у якім пасля праходжання паралельным пучком прамянёў аптычнай сістэмы перасякаюцца прамяні пучка (ці іх прадаўжэнні, калі сістэма ператварае паралельны пучок у разыходны). У 1-м выпадку Ф. — сапраўдны, у 2-м — уяўны. Калі прамяні праходзяць паралельна аптычнай восі сістэмы, Ф. знаходзіцца на гэтай восі і наз. галоўным. У ідэальнай аптычнай сістэме ўсе Ф. размешчаны на плоскасці, перпендыкулярнай восі сістэмы, — факальнай плоскасці. У рэальнай сістэме Ф. знаходзяцца на факальнай паверхні, форма якой залежыць, у прыватнасці. ад аберацый аптычнай сістэмы.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РА ў Савецкай Расіі ў 1918—21,

сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУКО́ЦКАЕ НАГО́Р’Е.

На Чукоцкім п-ве ў Чукоцкай аўт. акрузе Расіі, паміж Чаўнскай губой і Берынгавым пралівам. Даўж. каля 450 км, пераважаюць выш. да 500—700 м, макс. 1843 м (г. Ісходная). Сістэма моцна расчлянёных нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў і масіваў. Паўн. хрыбты складзены пераважна з пясчанікаў і сланцаў, прарваных гранітамі; на Пд пераважаюць вулканагенныя адклады. Радовішчы волава, ртуці, каменнага вугалю. Клімат суровы. Водападзел рэк бас. Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. На ніжняй ч. схілаў пераважна горныя тундры, на вяршынях арктычная горная пустыня. Ледавікі, снежнікі.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РЫ (Erie),

возера ў Паўн. Амерыцы, у сістэме Вялікіх азёр; паўн. бераг належыць Канадзе, паўд. — ЗША. Пл. 25,7 тыс. км². Глыб. да 64 м. Выш. ўзроўню 174 м. У Э. ўпадае р. Дэтройт, выцякае р. Ніягара. Злучана р. Сент-Клэр з воз. Гурон, Ніягарай і каналам Уэленд (у абход Ніягарскага вадаспада) з воз. Антарыо; сістэма Эры-канала злучае Э. з р. Гудзон. Суднаходства. Гал. парты: Таліда, Кліўленд, Буфала, Эры (ЗША), Порт-Колбарн (Канада). На паўн. беразе нац. парк Пойнт-Пілі, правінцыяльны парк Ронда (Канада).

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гні́сці і гніць, гнію, гніеш, гніе; пр. гніў, ‑ла, ‑ло; незак.

1. Разбурацца, станавіцца гнілым ад дзеяння мікраарганізмаў. Гніць у зямлі. □ На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі. [Леўчык] ніколі добра не з’еў, не знасіў добрай адзежыны, а ў самога свіран дабра гніе. Чарнышэвіч. // перан. Занепадаць, разлагацца. Сацыялістычная сістэма развіваецца, капіталістычная — гніе.

2. перан. Цярпець гора, мукі; гібець. Гніць у турме. Гніць у акопах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каранці́н, ‑у, м.

1. Часовая ізаляцыя заразна хворых і асоб, якія сутыкаліся з імі, з мэтай прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Тэрмін каранціну. Накласці каранцін. // Сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю інфекцыі (сярод насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і пад.). Інспекцыя па каранціну.

2. Санітарны пункт для агляду асоб, суднаў і тавараў, якія прыбываюць з заражанай мясцовасці. — Я ўжо хадзіў, распытваў. Тут, у каранціне, нас могуць пратрымаць яшчэ доўгі час. Лынькоў.

[Фр. quarantaine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ната́цыя ​1, ‑і, ж.

Настаўленне, павучанне. Ваўчок лаяў сябе ў думках: «Зноў даў магчымасць чытаць сабе натацыю, як хлапчуку якому, замест таго, каб рашуча спыніць усё гэта». Хадкевіч. І [бацька] пачаў натацыю: «Не будзе толку!.. Не выйдзе з цябе чалавека!.. Не хочаш мяне слухаць, ідзі куды хочаш!» Грамовіч.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

ната́цыя ​2, ‑і, ж.

Спец. Сістэма ўмоўных пісьмовых знакаў, памет, якія прыняты ў якой‑н. галіне дзейнасці. Шахматная натацыя.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанаты́зм, ‑у, м.

1. Склад думак і дзеянняў фанатыка (у 1 знач.); сляпая адданасць сваёй веры і нецярпімасць да іншых вераванняў, да іншаверцаў. Уся сістэма навучання была накіравана на тое, каб прывіць выхаванцам рэлігійны фанатызм. Каваленка.

2. перан. Моцная адданасць чаму‑н., якім‑н. ідэям і перакананням. І сёння старыя, недабітыя генералы Гітлера, начыненыя яшчэ кайзераўскай мярцвячынай, гавораць пра наш незразумелы для іх «фанатызм». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)