кадзі́ць, каджу, кадзіш, кадзіць; незак.

Раскалыхваючы ў руцэ кадзіла, курыць ладанам або іншымі пахучымі рэчывамі ў час набажэнства. Кадзіць сваім кадзілам дзяк Паперадзе працэсіі. Куляшоў. Вось не забыцца мне ніколі, Як раз угодніку Міколе Служыў малебен поп адзін. Як шчыра ён кадзіў. Крапіва. // перан. Незаслужана, празмерна хваліць каго‑н. Сяджу і думаю: які ж я дзівак быў учора. Часам з некім грымеў, часах некаму ў вочы кадзіў. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́снік, ‑а, м.

Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н. запаснога або таго, што не выкарыстоўваецца. / у перан. ужыв. Ішоў час, была другая работа, і гісторыя Міхаліны Казіміраўны, хоць я не раз успамінаў яе, ляжала ў маім творчым запасніку. Шамякін. // Сховішча для музейных экспанатаў, не ўключаных у экспазіцыю.

запасні́к, а́, м.

Разм. Ваеннаабавязаны запасу. На Садовай ля знаёмага кожнаму запасніку двухпавярховага дома — натоўп людзей. Сабаленка. // Салдат запасной воінскай часці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

Разм. Сунуцца, паказацца куды‑н. Жанкі з дзецьмі былі на агародах, баючыся паткнуцца ў вуліцу. Чорны. — Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны. Грахоўскі. — Ой, Волька, як жа на вуліцу выйсці, — бядуе Уля. — Людзі пальцамі паказваць будуць... — І раптам крык: — Ну, няхай яшчэ раз паткнецца ў нашу хату — кіпнем аблію! Паўлаў. // перан. Паспрабаваць што‑н. зрабіць, памкнуцца. Паткнуцца сказаць сваё слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак.

1. каго-што. Падкаваць нанава, іначай, яшчэ раз. Перакаваць каню пярэднія ногі.

2. каго. Падкаваць усіх, многіх. Перакаваць усіх коней.

3. што. Перарабіць каваннем у што‑н. іншае. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко.

4. перан.; каго. Змяніць карэнным чынам, перавыхаваць. [З’явілася] думка, што чалавек сам можа выхавацца ў працы. Яна, маўляў, перакуе чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Трасучы, абіваючы, акалаціць усё, многае. Дзеці перакалацілі ўсе яблыкі ў садзе.

2. што. Абмалаціць нанава, яшчэ раз; перамалаціць, перабіць. Перакалаціць снапы аўса.

3. што. Абмалаціць усё, многае.

4. што. Трасучы, пераварочваючы, перабраць, перагледзець у пошуках каго‑, чаго‑н. Паліцыянты перакалацілі, перавярнулі ўсё дагары нагамі, але нічога і нікога не знайшлі. Сабаленка.

5. безас. каго. Перастаць, скончыць калаціць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустадо́мак, ‑мка, м.

Разм. Чалавек, які не мае гаспадаркі; дрэнны, нядбайны гаспадар. Разгарнуў свае нататкі.. Слова «пустадомкі» не раз і не два паўтараецца.. У маіх запісах гэта слова сустракаецца з рознымі значэннямі, паўтараецца — з адным: абыякавы, безгаспадарны (пра чалавека). Янкоўскі. Самотна і цяжка Ганне без сыноў. Быццам пустадомкі яны якія, і ў бацькавай хаце месца ім не хапала... Гроднеў. [Апанас:] — Жывеш як пустадомак: ні калёс, ні атос, і кабылу чорт панёс. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Уст. Паесці першы раз скаромнага пасля посту. — Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка. // Разм. З’есці што‑н. смачнае ўпершыню пасля доўгага перапынку. [Міхал:] Як ты думаеш, маці, можа, сёлета дажынкі справіць? Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.

Разм.

1. Размачыць, зрабіць гразкім. Вада заліла лагчыны, расквасіла нізіны, а праз іх і да ўзгоркаў не дабрацца. Бялевіч. / у безас. ужыв. Ісці цяжка: дарогу расквасіла, да чаравікаў прыліпаюць камякі гразі. Навуменка.

2. Разбіць да крыві (нос, твар і пад.). Расквасіць нос. □ — Што было... Што было, — адказваючы на роспыты, сказаў Цімох, — ды расквасіў плешкаю галаву аднаму, другі раз, мо, не палезе. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім. Вочы расшырыліся. □ І круг расшырыўся, адступілі людзі, прыціснуліся да сцен. Шамякін. [Багдан] пацягнуў яшчэ раз з усёй сілы — шчыліна крыху расшырылася, а далей вароты не ішлі, былі за нешта прывязаны. Кулакоўскі. // Спец. Павялічыцца ў аб’ёме. Газ ад награвання расшырыўся.

2. Павялічыцца колькасна, у аб’ёме; стаць больш моцным, буйным. Завод расшырыўся. Вытворчасць расшырылася.

3. Стаць больш поўным, больш рознабаковым; паглыбіцца. Расшырылася тэматыка газеты. Кругагляд расшырыўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выходзіць з разумення і ўліку рэальных абставін; практычны. Рэалістычны падыход да жыцця. □ З гэтага боку, з боку тонкай чуласці і лёгкага містыцызму, .. [Лабановіч] бачыў яго [Турсевіча] першы раз, дасюль лічачы яго чалавекам пераважна рэалістычнага складу. Колас.

2. Які кіруецца прынцыпамі рэалізму (у 1 знач.), заснаваны на прынцыпах рэалізму. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ «Ваўкалак» [А. Абуховіча] — твор рэалістычны, у ім яскрава выявіліся вольналюбівыя настроі і імкненні працоўнага люду. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)