«ТАЛАКУ́ХА»,
старажытны бел. нар. танец; называлі таксама «Талака» (ад звычаю «граць талаку» — весяліцца, спяваць і танцаваць пасля заканчэння талакі). Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Асн. рух танца «талачэнне» — таптанне на месцы з рознымі рытмічнымі прытупамі і драбушкамі. Дзяўчаты ўтваралі паўкруг, тупалі нагамі і падскоквалі, не сыходзячы з месца, размахвалі хусткамі. Саліравала дзяўчына, што стаяла спераду; па ходу танца яна трапляла ў цэнтр круга і запявала. Выконваўся на дажынках. Імітаваў талаку. Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст.
Л.К.Алексютовіч.
т. 15, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛАША́ ДЗЕ́ДА ДОМ-МУЗЕ́Й Адкрыты ў 1989 у в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Размешчаны ў хаце В.І.Талаша, пабудаванай ім пасля грамадз. вайны 1918—20. Пл. экспазіцыі 63 м², 163 экспанаты асн. фонду (2002). У экспазіцыі матэрыялы пра сям’ю героя, аднавяскоўцаў, фотаздымкі пра жыццё і дзейнасць Талаша, землякоў-партызан, матэрыялы пра дзейнасць 130-й партыз. брыгады, успаміны, лісты з фронту. Адноўлена таксама хата канца 19 ст., дзе жыў Талаш, са стараж. прыладамі працы, рэчамі хатняга ўжытку, хлеў, склеп, студня.
А.А.Мароз.
т. 15, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕР (Tanner) Бернгард Леапольд Францішак, чэшскі падарожнік 2-й пал. 17 ст., езуіт. У 1676 прыехаў з Прагі на службу да валынскага ваяводы М.Е.Чартарыйскага. Разам з ім у 1678 удзельнічаў у пасольстве ў Маскву. Вёў запісы падарожжа, апісаў бел. землі, дарогі, гарады (Брэст, Нясвіж, Мінск, Барысаў, Оршу і інш.). Запісы выдадзены ў Нюрнбергу ў 1689.
Тв.:
Рус. пер. — Описание путешествия польского посольства в Москву в 1678 г. // Чтения в О-ве истории и древностей российских. 1891. Кн. 3.
т. 15, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ЙСКАЯ ПАРО́ДА,
парода цяжказапражных коней. Выведзена ў 1-й пал. 20 ст. на Тарыйскім конным заводзе (Эстонія) з помесей мясц. эст. коней (клепер), арабскай, англ. чыстакроўнай, арлоўскай, тракененскай пародай; помесі скрыжоўвалі з жарабцамі парод нарфолк-родстэр і пасцье-брэтон. Разводзяць у Прыбалтыйскіх краінах, Расіі, Беларусі. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы, конным спорце, як транспарт.
Жывёлы сярэднебуйныя. шыракацелыя, мускулістыя. Выш. ў карку 153—163 см. Maca жарабцоў 580—700, кабыл 500—650 кг. Масць пераважна рудая ці бурая. з белымі метамі на нагах.
т. 15, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Трэці чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й арміі. Існаваў у 1920 на тэр. Беларусі. Выступаў на Зах. фронце. Створаны з вандроўнай чырвонаармейскай трупы. Кіраўнік — мастак К.Елісееў. Праводзіў агітацыйна-прапагандысцкую і культ.-асв. работу ў часцях Чырв. Арміі. У рэпертуары — агітац. спектаклі, класічныя творы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Да перамогі» Г.Бранікоўскага, «Беспрацоўныя» С.Белай, «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні, «Мадам Сен-Жэн» В.Сарду.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 31, 34—35.
т. 16, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЯ ВЕ́ЖА,
помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 13 — пач. 19 ст. Размяшчалася на дзядзінцы стараж. г. Тураў (цяпер гар. пасёлак у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.) і была гал. абарончым збудаваннем Тураўскага замка. Адносіцца да тыпу валынскіх вежаў. Пабудавана з цэглы на вапнавым растворы. Паводле планаў 18—19 ст. мела форму круга дыям. 11 м. Унутры была падзелена на некалькі баявых ярусаў. Разбурана ў 1830-я г.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
т. 16, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРГАНА́,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі. Уключае раён Ферганскай даліны [Ферганскі, Наманганскі і Андыжанскі вілаеты Узбекістана, ч. Ошскай і Джалал-Абадскай абласцей Кыргызстана і Сагдыйскай (б. Ленінабадскай) вобл. Таджыкістана]. Адзін са стараж. раёнаў земляробства. У 8 ст. заваявана арабамі, пасля распаду Араб. халіфата ў складзе розных феад. дзяржаў. У 2-й пал. 18 ст. вылучылася з Бухарскага эмірата і стала цэнтр. ч. Какандскага ханства (гл. Каканд), пасля ліквідацыі якога ў 1876 уключана ў склад Рас. імперыі. Найбуйнейшы раён вырошчвання бавоўніку.
т. 16, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ЦІ,
цэнтральныя дзярж. ўстановы Расіі 2-й пал. 16—17 ст. з фінансавай і адм.-суд. функцыямі ў адносінах да цяглага насельніцтва асобнай тэр. (напр., Наўгародская Ч., Уладзімірская Ч., Кастрамская Ч.). Узніклі пасля скасавання «кармленняў»; упершыню ўпамінаюцца ў 1561—62. Збіралі з падатковага насельніцтва «чацвяртныя падаткі», частку якіх перадавалі ў прыказы, з другой ч. выплачвалася жалаванне вышэйшым разрадам служылых людзей. Скасаваны ў выніку дзярж.-адм. пераўтварэнняў пач. 18 ст.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.
т. 17, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШУРА́-І-ІСЛА́М»
(араб. — савет ісламу),
рэлігійна-паліт. арганізацыя джадзідаў (гл. Джадзідызм) у Туркестанскім краі ў 1917—18. Створана ў сак. 1917 у г. Ташкент з прадстаўнікоў інтэлігенцыі, буржуазіі, землеўладальнікаў карэнных нацыянальнасцей і мусульм. духавенства, выступала за нац.-рэліг. аўтаномію Туркестана ў складзе Расіі, падтрымлівала Часовы ўрад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 абвясціла Какандскую аўтаномію. У канцы 1917—1-й пал. 1918 «Ш.-і-І.» і яе мясц. аддзяленні распушчаны органамі сав. улады. У падполлі ўдзельнікі «Ш.-і-І.» выступалі як арганізатары басмацтва.
т. 17, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́НКЕР (ад ням. Junker літар. — малады дваранін),
1) дваранін-землеўладальнік у Прусіі, у шырокім сэнсе буйны дваранін-землеўладальнік у Германіі (гл. Юнкерства).
2) У арміі Рас. імперыі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. унтэр-афіцэр з дваран, які меў права на льготны тэрмін выслугі (2 гады і менш) для атрымання 1-га афіцэрскага чыну ў кавалерыі, егерскіх і карабінерных палках; з 1804 выхаванцы (курсанты) юнкерскіх і інш. ваен. вучылішчаў. У рас. ВМФ існаваў таксама чын Ю. флоту.
т. 18, кн. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)