МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

прыкладная геагр. дысцыпліна, якая вывучае прыродна-меліярац. сістэмы і комплексы, іх састаўныя ч. (прыродныя, тэхн., сац.-эканам.) для вызначэння аптымальных варыянтаў іх функцыянавання. Даследуе магчымасці захавання торфу пры меліярацыі зямель, пытанні выкарыстання азёр у меліярац. мэтах, будаўніцтва новых вадасховішчаў і сажалак, проціэразійнай аховы і ўрадлівасці глеб, фарміравання ландшафтна-меліярац. комплексаў і інш. На Беларусі праведзена прыродна-меліярац. раянаванне тэрыторыі, распрацаваны методыкі меліярац. ацэнкі прыродных рэсурсаў і ўмоў аптымізацыі меліяраваных глеб. Пытанні М.г. даследуюцца ў БДУ, БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі, Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Белгіправадгасе. Вынікі меліярацыйна-геагр. даследаванняў выкарыстоўваюцца для найлепшага размеркавання меліярац. комплексаў, а таксама для арганізацыі маніторынгавых назіранняў.

Літ.:

Дьяконов К.Н., Аношко В.С. Мелиоративная география. М., 1995.

В.​С.​Аношка.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

інжынерныя збудаванні, што выконваюць пэўныя функцыі ў вытворчым працэсе ці ўспрымаюць нагрузкі ад тэхнал. абсталявання, трансп. сродкаў і інш.

Да П.з. адносяцца збудаванні камунікацыйнага прызначэння: тунэлі і каналы, у якіх пракладваюць тэхнал. камунікацыі, кабельныя лініі электразабеспячэння і сувязі; трубаправоды для перамяшчэння сыравіны і інш. матэрыялаў; апоры ліній электраперадач, апоры кантактавай сеткі, апоры сістэм асвятлення і інш. П.з. з’яўляюцца таксама сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, ёмістасці для сыпкіх, вадкіх і газападобных матэрыялаў: адстойнікі, ачышчальныя збудаванні, пырскальныя і спартыўныя басейны, бункеры, водазаборныя збудаванні, воданапорныя вежы, газгольдэры, градзірні, нафтасховішчы, сіласасховішчы і інш. Асобную групу складаюць трансп. збудаванні: пуцеправоды, апоры падвесных дарог, кранавыя эстакады, а таксама збудаванні, на якіх размяшчаюць тэхнал. абсталяванне ці ёмістасці — падмуркі, апорныя пляцоўкі, пастаменты і інш. Гл. таксама Прамысловыя будынкі.

А.​Я.​Вакар.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,

вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш. Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.

Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч. цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАСО́Н ((Poisson) Сімеон Дэні) (21.6.1781, г. Пітыўе, Францыя — 25.4.1840),

французскі матэматык, механік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1812). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў (з 1806 праф.). З 1809 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і нябеснай механіцы, матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, тэорыі пругкасці, гідрамеханіцы і інш. Даследаваў праблемы устойлівасці Сонечнай сістэмы і рух планет з улікам узбурэнняў. Устанавіў важныя стат. заканамернасці (гл. Вялікіх лікаў закон, Пуасона размеркаванне). Абагульніў ураўненні тэорыі пругкасці на выпадак анізатропных цел, увёў адну з характарыстык пругкасці матэрыялаў (гл. Пуасона каэфіцыент). Прапанаваў адно з ураўненняў матэм. фізікі (гл. Пуасона ўраўненне) і выкарыстаў яго для рашэння задач па гравітацыі і электрастатыцы.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Д.Пуасон.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

індэкса́цыя

(фр. indexation, ад лац. index = указальнік)

1) абазначэнне чаго-н. з дапамогай сістэмы ўмоўных (лічбавых, літарных або змешаных) знакаў, індэксаў (напр. паштовая і.);

2) характарыстыка якога-н. дасягнутага ўзроўню, якая вызначаецца шляхам разліку велічынь (напр. і. рэальных даходаў);

3) пераразлік велічыні грашовага змяшчэння ўкладаў, каштоўных папер у залежнасці ад узроўню інфляцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

кала́пс

(лац. collapsus = які страціў прытомнасць)

1) мед. раптоўнае моцнае зніжэнне сардэчнай дзейнасці, якое суправаджаецца слабасцю, часам стратай прытомнасці і пагражае смерцю;

2) астр. катастрафічнае сцісканне масіўнай зоркі пад уздзеяннем сіл прыцяжэння (напр. гравітацыйны к.);

3) татальнае разбурэнне важных жыццядзейных сувязей і цэласці якога-н. утварэння або сістэмы, грамадства або дзяржавы; катастрофа.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

саматы́чны

(гр. somatikos)

які мае адносіны да цела, цялесны;

с-ыя клеткі — усе клеткі жывёльнага або расліннага арганізма, за выключэннем палавых;

с-ая нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы чалавека і жывёл, якая ўяўляе сабой сукупнасць чуллівых і рухальных нервовых валокнаў, што інервуюць шкілетныя мышцы, скуру, суставы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

у́нцыя

(лац. uncia)

1) мера вагі ў Стараж. Рыме, а таксама ў сучаснай Англіі (роўная 28,35 г) і некаторых краінах Лац. Амерыкі;

2) адзінка аптэкарскай вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер (роўная 30 г);

3) манета ў Стараж. Рыме, пазней — у Іспаніі, Італіі і некаторых іншых краінах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЫЕНТА́ЦЫЯ [французскае orientation ад лацінскага oriens (orientis) усход] у матэматыцы, абагульненне паняцця напрамку на прамой на геаметрычныя аб’екты больш складанай структуры. Арыентацыя на прамой задаецца выбарам аднаго з двух магчымых напрамкаў. Замкнутую крывую можна арыентаваць па гадзіннікавай стрэлцы ці супраць яе. На плоскасці можна выбраць пэўную арыентацыю для ўсіх замкнутых крывых, якія ёй належаць і самі не перасякаюцца. Калі ўсе такія крывыя арыентаваць супраць або па гадзіннікавай стрэлцы, то ўся плоскасць будзе арыентаваная супраць або па гадзіннікавай стрэлцы. Аналагічна вызначаюць арыентацыю паверхні, якая мае 2 бакі. Аднабаковыя паверхні, напрыклад Мёбіуса ліст, не арыентуюцца. Паверхні, якія абмяжоўваюць частку прасторы, заўсёды належаць да арыентаваных. Арыентацыя прасторы задаецца выбарам Арыентацыі ўсіх замкнутых паверхняў, якія абмяжоўваюць вызначаныя часткі прасторы. Арыентацыя прасторы (плоскасці) задаюць таксама выбарам дэкартавай сістэмы каардынат (правай ці левай). Паняцце Арыентацыі пашыраецца і на мнагамерныя прасторы.

Арыентацыя замкнутай крывой: 1, 2 — па гадзіннікавай стрэлцы; 3 — супраць яе.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)