НЯМЧЫ́НАЎ (Васіль Сяргеевіч) (15.1.1894, с. Грабава Пензенскай вобл., Расія — 5.11.1964),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1940), АН СССР (1946), УАСГНІЛ (1948). Д-р эканам. н. (1935). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1928—48 у Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.​А.​Ціміразева (праф., заг. кафедры, адначасова з 1940 дырэктар). У 1949—63 старшыня Савета АН СССР па вывучэнні прадукц. сіл. З 1953 акад.-сакратар Аддзялення эканам., філас. і прававых навук АН СССР, у 1958—62 чл. прэзідыума АН СССР. Асн. працы па праблемах тэорыі і практыкі статыстыкі, развіцця прадукц. сіл і структуры грамадскай вытв-сці, распрацоўцы мадэлей планавай гаспадаркі. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—6. М., 1967—69.

Літ.:

В.​С.​Немчинов. М., 1964.

В.С.Нямчынаў.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.​Б.​Ламарка, Ч.Дарвіна, У.​А.​Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РКІН (Навум Саламонавіч) (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед, ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.​С.​Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Абсягі думкі. Мн., 1980.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),

бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Каханоўскі Г.​А.​Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, душэўныя хваробы,

расстройствы псіхічнай дзейнасці галаўнога мозга чалавека, пры якіх парушаюцца адлюстраванне навакольнага асяроддзя і самасвядомасць. Падзяляюцца на псіхозы і пагранічныя расстройствы. Пры псіхозах — неадэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці з адпаведнай дэзарганізацыяй мэтанакіраваных паводзін, фарміраванне асаблівых псіхапаталаг. утварэнняў (галюцынацый, маній і інш.). Асн. віды псіхозаў: белая гарачка, маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія, эпілепсія, дэменцыя (набытая прыдуркаватасць, якая выклікаецца пашкоджаннем галаўнога мозга, часцей як вынік прагрэсіруючага атрафічнага працэсу ў мозгу або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга). Пры пагранічных расстройствах (напр., неўрозы) адзначаюцца якасныя адхіленні ад нармальнага псіхічнага развіцця пры адэкватнасці паводзін і ўспрымання. П.х. могуць развівацца бесперапынна і прыступападобна, з паглыбленнем дэфекту асобы або без яго. Вывучае П.х. псіхіятрыя.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НА,

механічнае пашкоджанне тканак і органаў цела з парушэннем цэласці іх покрыва. Паводле ўмоў узнікнення адрозніваюць Р. аперацыйныя, выпадковыя, баявыя; паводле механізма ранення і характару пашкоджання — рэзаныя, колатыя, рубленыя, ад укусаў, ірваныя, скальпаваныя (пры адслойцы або адрыве значных участкаў скуры), агнястрэльныя і інш. Адрозніваюць таксама датычныя, сляпыя і навылётныя, пранікальныя (пры раненнях жывата, чэрапа, суставаў) і непранікальныя, з пашкоджаннем унутр. органаў (або без); адзінкавыя, множныя, спалучаныя, камбінаваныя. Паводле асаблівасцей мікробнай флоры Р. бываюць стэрыльныя і інфіцыраваныя. Пасля ранення адбываецца першаснае ачышчэнне Р. ў выніку траўматычнага ацёку, сціскання Р. і выціскання наверх амярцвелых і прамочаных крывёй тканак; другаснае ачышчэнне — у выніку развіцця запалення і дзейнасці мікраарганізмаў. Зажывае Р. з утварэннем рубца. Прыкметы Р.: боль, мясц. запаленне, крывацёк, кровазліццё і інш. Лячэнне: хірург. апрацоўка, антыбіётыкі і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖЫН (Мікалай Васілевіч) (29.11.1926, в. Цёмнае Валагодскай вобл., Расія — 12.3.1993),

бел. філосаф. Д-р філас. н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1958). З 1973 у Сакратарыяце ААН (Нью-Йорк, з 1979 Вена). З 1981 у БДУ (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі грамадска-паліт., філас. і эстэт. думкі на Беларусі, еўрап. і амер. філасофіі і этыкі, праблемах развіцця навукі і аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у філас. канцэпцыях Новага і Навейшага часу. Аўтар прац «Праблемы эпістымалогіі навуковых ведаў (Крытычны аналіз сучасных англа-амерыканскіх канцэпцый)» (1992), «Праблемы аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у еўрапейскай філасофіі. Ад Дэкарта да сучаснасці» (1993) і інш.

Тв.:

Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;

Неопозитивистская модель анализа научных теорий: принципы и противоречия // Весн. БДУ. Сер. 3. 1988. №2.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

правізо́рны

(ням. provisorisch, ад лац. provisor = які прадбачыць)

1) папярэдні, не канчатковы (напр. п-ае рашэнне);

2) часовы (напр. п-ыя меры);

п-ыя органы — органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця, напр. жабры лічынак насякомых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фенаменало́гія

(ад гр. phainomenon = тое, што з’яўляецца + -логія)

1) суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі, паводле якога свядомасць мае свой незалежны ад рэчаіснасці змест, а прадметы аб’ектыўнай рэальнасці (феномены) з’яўляюцца толькі сімваламі гэтага зместу;

2) ідэалістычнае вучэнне пра феномены свядомасці і формы развіцця духу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)