КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulus (Cu)],

шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным верт. развіццём (выш. да 5 км і больш). Верхнія часткі падобны да купалаў або вежаў з круглаватымі абрысамі. Узнікаюць найчасцей як воблакі канвекцыі ў халодных паветр. масах, а ў цёплы час года таксама ў мясц. паветр. масах над паверхняй сушы, якая праграецца ўдзень. Могуць ператварацца ў кучава-дажджавыя воблакі.

Кучавыя воблакі.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЭС ХО́У,

калідорная грабніца на Аркнейскіх а-вах (Вялікабрытанія). Датуецца 3 — сярэдзінай 2-га тыс. да н.э. Адкрыта ў 1861. Пахаванне разрабавана. Знаходзілася пад круглым каменным курганом, абкружаным кальцавым ровам. Падквадратная пахавальная камера мела 3 дадатковыя прамавугольныя памяшканні, уваходы ў якія былі падняты на 0,9 м над узроўнем падлогі. На сценах захаваліся рунічныя надпісы і графіці 12 ст., якія сведчаць аб разрабаванні М.Х. вікінгамі.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ ЭР (15.2.1912, прав. Юньнань, Кітай — 17.7.1935),

кітайскі кампазітар. Самастойна авалодаў мастацтвам ігры на кіт. нар. інструментах і скрыпцы. З 1929 вывучаў еўрап. тэорыю музыкі. Яго творчасць паводле характару і муз. мовы народная, адзначана рысамі наватарства. Аўтар папулярных масавых песень, у т. л. «Марш добраахвотнікаў» (з 1949 Дзярж. гімн КНР), лірычных і інш. Сярод інш. твораў опера «Ураган над Янцзы», музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗІ́НА, нізінная раўніна,

участак сушы значнай працягласці, размешчаны не вышэй за 200 м над узроўнем мора з раўніннай, часам узгорыстай паверхняй. Існуюць у раўнінных і горных абласцях; некаторыя размешчаны ніжэй узроўню мора (Прыкаспійская Н.). Фарміруюцца пераважна ў выніку тэктанічных апусканняў і запаўнення ўпадзін рыхлымі марскімі або кантынентальнымі адкладамі. Найб. значная Н. зямнога шара — Амазонская. На Беларусі Н. займаюць ​3/4 тэрыторыі. Найб. Н.: Палеская, Нёманская, Полацкая.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,

паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с​2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с​2.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАТРИО́Т РО́ДИНЫ»,

газета Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Выдавалася са студз. да жн. 1942 групай А.​А.​Маркевіча на бел. і рус. мовах. Друкавалася на шапірографе на кватэры кіраўніка групы. Выйшла 8 нумароў (захаваліся 3), тыраж 80—100 экз. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах, жыццё сав. тылу, заклікала мінчан байкатаваць мерапрыемствы акупац. улад, змагацца з захопнікамі, надавала ўпэўненасці ў перамозе над ворагам.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,

слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ФСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Рэспубліка Рыф,

дзяржава ў Марока ў 1921—26, створаная ў выніку паўстання берберскіх плямён вобласці Рыф супраць ісп. панавання і абвяшчэння імі незалежнасці. Р.Р. ўзначаліў прэзідэнт (эмір) Абд аль-Керым. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы нанеслі шэраг паражэнняў ісп. войскам і да 1925 усталявалі кантроль над б.ч. тэр. т.зв. Ісп. Марока. Пад аб’яднаным націскам ісп. і франц. армій у маі 1926 спыніла існаванне.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)