КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),

род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.

Каўлінія малая.

т. 8, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЖНО́.

Княжное возера, у Віцебскім р-не, у бас. р. Шэвінка, за 20 км на ПнЗ ад Віцебска. Пл. 0,66 км², даўж. 1,5 м, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 53,2 км³. Схілы катлавіны на Пн і У выш. да 15 м, на Пд і З—5—8 м, на Пд і Пн разараныя, астатнія пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, участкамі на Пн узвышаюцца да 0,6 м, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. У цэнтры 4 астравы агульнай пл. 1 га. Дно выслана ілам і сапрапелем. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадаюць 2 ручаі і р. Гаражанская, выцякае ручай у воз. Заронава.

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНА,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 17 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 1,18 км², даўж. каля 3,9 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі каля 9 км. Пл. вадазбору 40 км². Паўн. ўсх. схілы катлавіны выш. 25—30 м (паўд.-зах. — 10—20 м), тэрасаваныя, парэзаныя ярамі глыб. 4—6 м, пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, у канцавых частках возера выш. іх да 0,2 м, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. 4 астравы агульнай пл. 2,9 га, у паўн. ч. возера мелі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 30 м. На ПнЗ выцякае ручай у воз. Ходцы, на схілах адзначаны крыніцы.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр на ПнУ Польшчы ў межах Мазурскага Паазер’я. Утвараюць сістэму, злучаную пратокамі і каналамі (19 ст.) з агульнай пл. 302 км², Найб. азёры: Снярдвы (пл. 113,8 км²), Мамры (104,9 км²), Нягоцін (26 км²), Нідскае (17,3 км²). Сцёк у бас. рэк Вісла і Прэголя. Азёры ледавіковага паходжання. Размешчаны ў паніжэннях паміж канцова-марэннымі градамі. Берагі моцна парэзаны, нізкія багністыя, высокія (да 4 м) залесеныя, са шматлікімі затокамі, астравамі і пляжамі. Суднаходства, рыбалоўства, турызм, зоны адпачынку, санаторыі. Шмат геал. (Фуледа), арніталагічных (Лукнайна) і расл. запаведнікаў. На воз. Снярдвы н.-д. станцыя Польскай АН. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 у раёне М.а. адбываліся кровапралітныя баі паміж рас. і герм. войскамі.

Т.​Каліцкі.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́НЕРГЕЙМА ЛІ́НІЯ»,

сістэма фінл. доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў і загарод на Карэльскім перашыйку ўздоўж граніцы з СССР. Пабудавана ў 1927—39 пры ўдзеле ням., англ., франц. і бельг. спецыялістаў, завершана пад кіраўніцгвам бельг. ген. Баду — удзельніка стварэння «Мажыно лініі». Названа імем К.Г.Э.Манергейма. Агульная працягласць «М.л.» 135 км (ад Фінскага заліва да Ладажскага воз.), глыбіня да 90 км; уключала паласу забеспячэння, гал. паласу абароны, 2-ю і тылавую палосы. Мела больш за 2 тыс. доўгатэрміновых і гранітна-дрэваземляных агнявых збудаванняў. Чырв. Арміі двойчы давялося з баямі і пры значных стратах у жывой сіле і тэхніцы пераадольваць «М.л.» ў час савецка-фінляндскай вайны 1939—40 і ў ходзе Выбаргскай аперацыі 1944. Пасля вайны ўсе збудаванні «Мл.» разбураны.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВА́,

рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс. км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз. М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).

А.​А.​Воінаў.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)