сва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад. Слова за слова — сварка разгаралася, як лясны пажар. Лынькоў. Свёкар не папускае.. [Любу] ў крыўду, але і яму абрыдне слухаць кожны дзень сварку і грызню. Васілевіч. // Абразлівыя словы, выразы; лаянка. Пайшлі праверкі і прамеры, Каб больш мець пэўнасці і веры І каб не выйшла перакосу І не зайсці ў чыю палосу, Во будзе крыку, будзе сваркі, — Няхай лепш цэлы будуць каркі. Колас. Не спрэчку трэба гнаць за дзверы, А, мабыць, сварку і разлад. Кусянкоў.

•••

Вязацца ў сварку гл. вязацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́к, а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

світа́ць, ‑ае; незак.

1. безас. Пачынаць развіднівацца (аб прыбліжэнні ўсходу сонца). Як толькі пачало світаць, хлопец і папоўз да.. [разведчыкаў] на наглядальны пункт. Няхай. Позна світала і рана змяркалася. Можа таму і настрой у некаторых [будаўнікоў] быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні. Грахоўскі. [Палажка:] — Не рана. Месяц ужо зайшоў, пачынае світаць. Лобан.

2. Пачынацца, наступаць (пра дзень). [Наталля Пятроўна:] Глядзі, і новы дзень світае, А ты [муж] не можаш разагнаць тугу... Бачыла. І ноч прайшла, світае дзень. Колас. // перан. Праясняцца, станавіцца зразумелым. Світаць у думках пачало: Нашчадкі ўдзячныя ацэняць І шчодра лаўрамі аценяць Яго халоднае чало. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сена́т, а, М ‑наце, м.

1. Савет старэйшыя, вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў Старажытным Рыме.

2. Вышэйшая судова-адміністрацыйная ўстанова ў царскай Расіі. Аксён Каль выступаў ад грамады, як давераная асоба. Хадзіў па судах, пачынаючы з акружнога, і давёў справу да сената, дзе яна і захлынулася, бо ўсюды пан цягне за пана. Колас.

3. Верхняя палата парламента ў ЗША, Францыі і некаторых іншых капіталістычных краінах. Адзін з удзельнікаў нашай экскурсіі, які часта бывае тут і ведае ўсе парадкі Кангрэса, паказаў нам залы пасяджэнняў палаты прадстаўнікоў і сената, пакой для прэсы. Новікаў.

[Лац. senatus ад senex — стары.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ні, ‑яя, ‑яе.

Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра — сярэдняга даміж блакітным і фіялетавым. Сіняе неба ўсе сонцам заліта. Колас. Сіні змрок пасоўваўся з паплавоў. Чорны. Сіняя маланка ўзрэзала дажджавую муць. Самуйлёнак. Паплылі Дняпровы хвалі Ажно ў сіне мора. Купала. Сінія вочкі на месяц глядзяць. Грамыка. // Які мае адценне гэтага колеру (пра твар і скуру чалавека). Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Тварык яго быў сіні, жаўтлявы. Шамякін. Губы ў нас былі сінія, а зубы дробненька ляскалі — гэта ад вады і холаду. Адамчык.

•••

Сіні камень гл. камень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да саха (у 1 знач.). Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся, Як сошку часта ён спыняе, І пырнік дзікі вытрасае. Колас.

2. Жэрдка, падпорка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры збудаванні палаткі і пад. Пад дрэвам стаяла нязграбная палатна: на чатыры сошкі былі напяты посцілкі і дзяругі. М. Ткачоў.

3. Падстаўка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры стральбе з упору, а таксама прыстасаванне для ўпору ствала ручнога кулямёта, мінамёта. Кулямётныя сошкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які рухаецца ў адным кірунку з чым‑н. Якраз дзьмуў вецер спадарожны. Аўрамчык. Ад бліжэйшай да МТС чыгуначнай станцыі юнак дабіраўся на спадарожнай машыне. Даніленка. / у знач. наз. спадаро́жны, ‑ага, м. Спадарожныя стаялі на беразе і казалі: «Глядзі ты, які .. наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць». Колас.

2. Які сустракаецца на шляху, на дарозе. Спадарожная станцыя. Спадарожная вёска.

3. Які існуе поруч, разам з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. асноўнаму. Спадарожныя газы. □ У каментарыях .. не прыводзяцца спадарожныя элементы бытавання і расказвання казак, запісаных у пасляваенны час. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спецца.

2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.

3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.

4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.

Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш.-ласк. да страха. Стары хлявец без падваротні, Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні. Колас.

2. Невялікая страха. [Дзед:] — Я ж учора тупаў каля гэтага вулля. Думаў адчыніць нават стрэшку, праверыць, ці няма там якіх навін. Якімовіч.

3. Навес (у калодзежы і пад.). Блізка ад вуліцы проці першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Пташнікаў. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)