нале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. налез, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Улезці, залезці куды‑н. у нейкай колькасці. Налезла мурашак у торбу з хлебам. // Разм. Найсці, набіцца ў вялікай колькасці. Адразу ў клуб дзяцей налезла, Як на зіму ў калоду пчол. Калачынскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Надзецца (пра адзежу, абутак і пад.). Боты не палезлі на ногі.

3. Разм. Насунуцца, наваліцца на каго‑, што‑н. Не налазь! // Ідучы, натрапіць, наткнуцца на каго‑, што‑н. Патруль затрымаўся толькі з-за.. [Данусі], інакш праз нейкі час ён абавязкова налез бы на нас. Карпюк.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Звісаючы, апусціцца ўніз, закрыць сабою. Шапка палезла на вочы. □ Паправіла .. Наталля мяккія кудзеркі, што палезлі на лоб. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нялёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па вазе, даволі цяжкі. Воз нялёгкі Па гразі Па калодкі грузне. Крапіва.

2. Які патрабуе шмат энергіі, сіл; цяжкі. Праца была нялёгкая. Хто не ведае працы балагола?.. Гартны. Паход цэлым атрадам быў нялёгкім, асабліва таму, што пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. // Такі, якога можна дасягнуць шляхам вялікіх намаганняў, з вялікай цяжкасцю. Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло; Скласці песню на той мове І на той зямлі, Над якой у час суровы Буры прагулі; Пакідаючы краіну з сонцам веснавым, Сад квітнеючы пакінуць Па шляху сваім. Танк. // Які звязаны з цяжкасцямі. Рая з наіўнасцю пераймае ўсё, што робіць гэтая спрактыкаваная жанчына, — вучыцца нескладаным, але і нялёгкім абавязкам маці. Шамякін. Усё жыццё — нялёгкая вандроўка. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папалі́ць 1, ‑палю́, ‑па́ліш, ‑па́ліць; пр. папалі́ў, ‑палі́ла; зак., каго-што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, спёкай і пад. усё, многае. У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе.. — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. [Янка:] — Ты, вось, паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Колас.

2. і без дап. Паліць некаторы час.

папалі́ць 2, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. папалі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; зак., што і чаго.

Разм. Ліць доўга, неаднаразова; выліць у вялікай колькасці. Папаліць вады на грады. □ [Карызна:] — Каб мне столькі радасці, колькі кожная слёз папаліла за свой век. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Дзейнічаючы з вялікай сілай, разваліць, разбурыць, раскідаць. З акна віднелася крыло вакзальчыка, цэлае крыло, другое развярнула бомба. Пестрак. / у безас. ужыв. [Бокуць:] — Бомбы разарваліся недалёка ад палатна чыгункі. Як развярнула зямлю, аж дрэвы з карэннямі павыварочвала. Гурскі. // Прывесці ў беспарадак, разварушыць; растрыбушыць. Бандыты развярнулі пасцелі, шаблямі рэзалі падушкі і высыпалі пух. Чарнышэвіч.

2. Рассунуўшы, раскруціўшы, зрабіць, пашырыць (дзірку, адтуліну і пад.). — Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу. Маўр.

3. Павярнуўшы, змяніць становішча прадмета або напрамак яго руху. Піліп развярнуў машыну і, абмінуўшы вагончык, падкаціў пад паветку. Даніленка. Сакалоўскі развярнуў кулямёт і паслаў у бок фашыстаў доўгую чаргу. Хомчанка.

4. Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту. Развярнуць войскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ка, ‑і, ДМ ра́цы, ж.

У хрысціянскай царкве — грабніца, у якой захоўваюцца мошчы святых.

рака́, і́, ДМ рацэ́; мн. рэ́кі, рэк; ж.

1. Прыродны вадаём, які пастаянна цячэ па пракладзеным вадой рэчышчы ад вытоку ўніз да вусця. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. // перан.; каго-чаго або якая. Вялікая колькасць, няспынны паток чаго‑н. Па .. [вуліцы] плыла людская рака, павольная, але шумная. Шамякін. Людское шчасце палілося бурнаю ракой радасці. Кавалёў.

2. у знач. прысл. рако́й (рако́ю). Няспынным патокам, у вялікай колькасці. Паліліся слёзы ракою. □ І калі пахучыя зярняты У засекі хлынулі ракою, З радасцю ажыўшы элеватар Убачыў на акраіне лясной, як па рэйках да яго ізно[ў] Груз патрэбны везлі цягнікі. Танк.

•••

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі — прывольнае, забяспечанае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саве́т, ‑а, М ‑веце, м.

1. (з вялікай літары). Орган дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе дыктатуру рабочага класа і з’яўляецца формай палітычнай арганізацыі сацыялістычнага грамадства. Вярхоўны Савет СССР. Савет Саюза. Савет Нацыянальнасцей. Вярхоўны Савет БССР. Раённыя Саветы народных дэпутатаў. // толькі мн. (Саве́ты, ‑аў). Пра Савецкую ўладу. Мацней сціскаючы вінтоўкі, Саветы пойдзем бараніць. Глебка.

2. Назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб і маюць кіраўнічае значэнне ў жыцці дзяржавы, у дзейнасці якой‑н. галіны гаспадаркі. Савет Міністраў СССР. Рэспубліканскі Савет прафесійных саюзаў.

3. Распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой‑н. установе, арганізацыі, таварыстве і пад. Савет Бяспекі ААН. Вучоны савет інстытута. Педагагічны савет школы. Савет атрада. Мастацкі савет тэатра. Камандзірскі савет. Трэнерскі савет спартыўнага таварыства.

•••

Савет старэйшыя — орган сесіі Вярхоўнага Савета СССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́фны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлеграфа; прызначаны для тэлеграфа. Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы. Брыль. На стале аператыўнага дзяжурнага цікаў самалёты гадзіннік, а з суседняга пакоя ўрываўся нервовы, з частымі перапынкамі, стук тэлеграфнага ключа. Алешка. Новікаву часта даводзілася адносіць Леніну па кватэру тэлеграфныя стужкі парагавораў. Мяжэвіч. // Які займаецца перадачай паведамленняў на тэлеграфе. Тэлеграфная служба.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлеграфа; перададзены па талеграфе. Аднойчы на вялікай глыбіні акіяна адбылася аварыя — пашкоджанне кабеля тэлеграфнай сувязі. Матрунёнак. Гэта дні, калі .. [Рыгорка], па асабістаму тэлеграфнаму распараджэнню начальніка метэаралагічнай станцыі інжынера Пятра Захаравіча Лося, зусім самастойна выконваў важную навуковую работу. Краўчанка.

3. перан. Вельмі сціслы, падобны па паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Тэлеграфны стыль пісьма.

•••

Тэлеграфнае агенцтва гл. агенцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рум, ‑а і ‑у. м.

1. ‑а. У Старажытным Рыме — плошча, рынак, дзе збіраўся народ, адбываліся сходы, суды і пад. // ‑у. Народны сход, суд на гэтай плошчы. Гувернёр стаяў .. у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Караткевіч.

2. ‑а; перан.; каго-чаго або які. Месца вялікіх сходаў, грамадскіх выступленняў, чыёй‑н. дзейнасці.

3. ‑у. Шырокі прадстаўнічы сход, з’езд. Сусветны форум моладзі. □ Па вялікіх пісьменніцкіх форумах у Маскве нацыянальныя літаратуры выступаюць як роўныя, аднолькава правамоцныя ў вырашэнні творчых праблем. Гіст. бел. сав. літ. / у перан. ужыв. Сёння птушак, Гоман бору, Далячынь зямлі вялікай На ўрачысты майскі форум Небасхіл вясны паклікаў. Матэвушаў. І там, дзе над грэчкаю белай Пчолы сабралі свой форум, Неба, як шкло, зазвінела — Лайнер шугнуў метэорам. Непачаловіч.

[Лац. forum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які ходзіць пехатой. Хадзячыя прадаўцы. // Такі, які можа рухацца, перамяшчацца на сваіх нагах. — А ў першы дзень [вайны] выпісалі ўсіх хадзячых хворых. Грахоўскі. Потым.. [Серада] паклікаў хадзячага параненага, і яны пачалі чытаць запісы ўдвух. Лупсякоў.

2. Шырокавядомы, агульнапрыняты. Хадзячыя фразы.

3. Разм. Які з’яўляецца жывым увасабленнем якіх‑н. якасцей. — Ды ты, таварыш, відаць, на апошніх жылах трымаешся, — з цёплай спагадай заўважыў кубанец. — Такі малады і дужы на выгляд, а выматаўся да апошняга. Давай памагу табе, гора хадзячае. Машара.

•••

Хадзячае сумленне — чалавек вялікай дабраты, чэснасці і справядлівасці.

Хадзячая энцыклапедыя гл. энцыклапедыя.

Хадзячы анекдот — пра чалавека, дзеянні, учынкі якога выходзяць за рамкі нормы, здаюцца дзівацкімі.

Хадзячы тэлеграф — той, хто распаўсюджвае якія‑н. чуткі, разносіць плёткі.

Хадзячыя мошчы — знясілены хваробай, схуднелы чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)